23.08.2019
23.08.2019

Навучыцца жыць з анкалогіяй…

logo
Думкі ўслых
146 031
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гэта зусім няпроста. Але вельмі трэба. Усім нам. І тым, хто сутыкнуўся з гэтай хваробай, і іх блізкім, і проста навакольным. Бо напачатку нават выгаварыць гэтыя словы страшна: «анкалогія», «рак»... І быццам сорамна, і… Сапраўды, нікому не хочацца казаць пра такі дыягназ. Ну няма ў нас яшчэ культуры паводзінаў. Нягледзячы на тое, што колькасць хворых на рак расце з кожным днём. Калі, раптоўна даведаўшыся пра захворванне кагосьці, і не тыцкаюць услед пальцам, дык плётак-абгавораў сапраўды не абрацца! Асабліва ў невялікім населеным пункце…

Але штосьці ўсё ж зрушваецца з месца, штосьці мяняецца ў апошні час. І, хочацца верыць, будзе мяняцца яшчэ больш і актыўней – на карысць пацыентаў, вядома ж.

Думаю пра гэта даволі часта, а дзесьці і выказваюся ўслых, пішу… І вельмі паважаю тых людзей, якія наважыліся падзяліцца сваімі адчуваннямі, досведам, каб хаця б крыху дапамагчы іншым. Каб хтосьці змог прайсці праз непрыманне да разумення больш лёгкім шляхам, калі такі сапраўды існуе…

Ну, а падставай для гэтага роздуму стала сапраўды грандыёзнае мерапрыемства, якое пройдзе заўтра, 24 жніўня, у Мінску, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Хаця справа, на мой погляд, зусім не ў маштабнасці, а ў тым, што ці не ўпершыню пра анкалогію гавораць і пішуць так адкрыта ды шмат. І не проста, каб штосьці сказаць, адзначыцца, а каб (што неацэнна!) даць карысныя парады, усім разам выпрацаваць пэўныя крокі, падзяліцца досведам, падтрымаць іншых і адчуць іх падтрымку…

На нашым інфармацыйным партале Здаровыя людзі, яго беларускай і рускай версіі, таксама ёсць шэраг публікацый – уласных і ў партнёрстве з сацыяльна-асветніцкай установай «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця», якая і ладзіць гэтае мерапрыемства.

Да нядзелі, 25 жніўня, на галоўнай старонцы нашага партала вы можаце бачыць гэты банер:

Ён клікабельны, пры націсканні адкрываецца ўся падборка матэрыялаў па тэгу «У імя жыцця». Калі хтосьці патрапіў на наш партал упершыню альбо проста з-за занятасці не чытаў гэтых публікацый у дзень іх размяшчэння, можаце зрабіць гэта зараз. А ўвогуле, яны нікуды з партала не знікнуць і пасля правядзення акцыі для анкапацыентаў і іх блізкіх.

Асабліва раю прачытаць інтэрв’ю нашага журналіста Валянціны Мохар з анестэзіёлагам-рэаніматолагам, кандыдатам медыцынскіх навук, дацэнтам кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА, членам Прэзідыума Беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, Беларускай асацыяцыі ўрачоў і Еўрапейскай асацыяцыі клінічнага харчавання і метабалізму, кіраўніком партала Здаровыя людзі Вольгай Святліцкай.

І зусім не таму раю, што гэта наш кіраўнік. А таму, што Вольга Іванаўна прадстаўляе зусім іншы ўрачэбны (!!!) погляд на сітуацыю з анкахворымі. І тыя стасункі, тое стаўленне да працыентаў, якога, прабачце, практычна ні разу я не сустракала нават у спецыялізаваных цэнтрах.

Казала ўжо пра гэта не раз і яшчэ паўтаруся: усе разумеюць, што на прыёме – канвеер. І што нельга ўсім спачуваць, усё прапускаць праз сябе – адбудзецца тое самае прафесійнае выгаранне, пра якое таксама столькі кажуць апошнім часам.

І ўсё ж… Усё ж кожны з пацыентаў – чалавек, са сваімі эмоцыямі і пачуццямі, са сваім уласным (і найчасцей вялікім!!!) страхам. Падбадзёрыць, супакоіць падчас нават 5-10 хвіліннага прыёму – хіба гэта непад’ёмна цяжка для ўрача?!

А вось Дэпартамент аховы здароўя Цюменскай вобласці, між іншым, распрацаваў пэўныя камунікатыўныя стандарты для медыкаў (чытайце ў №34 газеты «Медыцынскі веснік»). І там рэкамендавана, што і як павінен гаварыць урач падчас знаёмства альбо чарговай сустрэчы з наведвальнікам установы, як мець стасункі па тэлефоне і нават як адмаўляць у просьбе. Слушны вопыт, які сапраўды варты пераймання… Даўно ўжо ў нас наспела неабходнасць у гэтым.

Хаця б крыху больш чалавечнасці адзін да аднаго ў стасунках – і наколькі лягчэй будзе ўсім! Здаецца, аксіёма… Але ж… Ніяк пакуль.

Дык давайце зробім першыя крокі насустрач адно аднаму заўтра, падчас эстафеты «У імя жыцця»! Пачатак – у 11.40 з танца «Раніца новага дня».

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

146 0 31

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.