29.01.2020
29.01.2020

Не ешце… цыкламены! :)

logo
Хатні быт
0 75
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Увогуле, я люблю кветкі. Адназначна. Розныя. На кветніку, у агародзе, на дачы, у вазонах, у букетах… І люблю даглядаць – любыя. Зрэзаныя ў мяне стаяць доўга, дзівячы навакольных. Вазонныя растуць, цвітуць і пахнуць! На дачныя, бывае, прыходзяць палюбавацца. Калі год удалы і ў мяне часу на іх стае.

Але найбольш, вядома ж, радуюць пакаёвыя. І не толькі сваім выглядам, але і карыснымі ўласцівасцямі. У тым ліку – і ўплывам на здароўе, добрае самаадчуванне. Праўда, спецыяльна для ачышчэння паветра і яго ўвільгатнення пэўныя віды не заводзіла. Так атрымлівалася. А цяпер, калі вырашыла пацікавіцца яшчэ і карысцю кветак, дык сталася зразумелым, чаму я люблю і разводжу многія з іх. Падсвядома!

Пакаёвыя (хатнія) кветкі

Цыкламен

Кветкі. Цыкламен еўрапейскі.

Пачну са сваіх любімых цыкламенаў. Ужо і не памятаю, як з’явілася першая кветка, бо было гэта дастаткова даўно. Ці тое падаравалі, ці тое сама набыла… Прычым гэта быў цыкламен еўрапейскі. Кветканосы ў яго скручаныя ў пружынкі, а самі кветачкі, як падавалася тады, пахлі французскімі духамі.

Аднойчы сяброўка, якая таксама хацела мець цыкламен, угаварыла мяне разрэзаць яго корань і аддаць частку ёй. Быццам і ўсё правільна рабілі, і зрэз тоўчаным вугалем прысыпалі… Знік і ў мяне, і ў яе. Эх! Шкада. Да гэта часу мару дзесьці набыць, але пакуль – ніяк.

Іншая справа – цыкламен персідскі, з прамымі кветканосамі. Іх і прадаюць усюды, і з насення яны вырошчваюцца лёгка. Прынамсі, у мяне. А калі штучна апыляла кветкі, дык яшчэ і сваё насенне мела, не куплёнае.

Дык вось цыкламен, па сцвярджэнні спецыялістаў, мае даволі моцную энергетыку. Дапамагае сваім уладальнікам пазбавіцца ад дрэнных сноў, страхаў і дэпрэсіі. Але, заўважаюць даследчыкі, клубні цыкламенаў ядавітыя. Але ж мы іх есці не будзем, праўда?! J Нягледзячы на тое, што цыкламен быццам бы прызнаны народнай медыцынай. Лепей проста любавацца на кветкі, што нагадваюць матылькоў!

Хларафітум

Кветкі. Цыкламен персідскі.

Калісьці на адным з месцаў працы ў кабінеце ў мяне рос хларафітум. Абсалютна без прэтэнзій да догляду! Рос у вазонах на сцяне. Затым парачка «прыехала» да мяне на кухню. Але штосьці пачалі замінаць…

Цяпер іх дома няма, але думаю, што трэба завесці зноў. І менавіта для кухні. Бо даўно ўжо ведаю, што хларафітум ачышчае паветра нават ад фармальдэгіду! Прычым за адзін дзень здольны зрабіць гэта цалкам! А калі яшчэ дадаць у вазон актываванага вугалю… Па іншых даследаваннях, адзін хларафітум ачышчае паветра на плошчы ў два квадратныя метры. Значыць, чым больш вазонаў, тым лепей! 🙂 А яшчэ яны прыносяць у дом спакой і ўтульнасць! Ды і кветачкі – белыя зорачкі – глядзяцца даволі міла…

Васковы плюшч

Кветкі. Хларафітум.

А вось васковы плюшч, па шчырасці, не параю трымаць дома. Асабліва той від, што калісьці быў у мяне. Як аказалася, кветкі яго, такія прыгожыя, – з сюрпрызам! Яны пачынаюць бліжэй да ночы… пахнуць! Не, не так… ПАХНУЦЬ – задушліва! А раніцай пах знікае, бы яго і не было… Не ведаю, што ён там ачышчае ў паветры, але ў перыяд цвіцення васковы плюшч яго, здаецца, атручвае!

Мой шыкоўны экзэмпляр з доўгімі ліянамі быў выстаўлены за тэрыторыю… У працоўны кабінет. І ўсе калегі дакладна ведалі, калі ён зацвітае! 🙂 Бо прыходзіш раніцай, толькі адчыняеш дзверы на паверх… ПАХ!!!!! Задушлівы…

Гіпеаструм

Кветкі. Васковы плюшч.

Таксама вельмі даўно ў нас у кватэры водзяцца гіпеаструмы, якія мы напачатку па няведанні называлі амарылісамі. Аказалася, няправільна. Хаця яны сапраўды з аднаго сямейства.

У мяне вазоны па колькасці фактычна не саступаюць цыкламенам. Праўда, усё рукі не даходзяць да перасадкі. Але вось ужо ўвесну… Абавязкова! Бо і цвіценне ўжо значна радзейшым зрабілася. А калісьці і па дзве стрэлкі выпускалі, а на кожнай – па чатыры вялікія кветкі! Барвовыя, белыя, аранжавыя… Хаця мая мара – займець гіпеаструм любімага жоўтага колеру! 🙂

Кветкі. Гіпеаструм.

А чаму я іх так люблю?! Падсвядома? Аказваецца, гіпеаструмы добра трымаць на стале пісьменнікам і паэтам (чытай – журналістам і блогерам таксама!), бо стымулююць палёт творчай думкі і фантазіі! Калі ж гіпеаструм знаходзіцца ў спальні, дык дапамагае добраму сну. Хм… Трэба забраць сабе з паўночнага акна пару экзэмпляраў…

А яшчэ вялікае здзіўленне выклікала інфа, што калі нюхаць кавалачкі лісточкаў (новыя вырастаюць актыўна, так што можна не баяцца праверыць), дык адчуеш… карыснае ўздзеянне фітанцыдаў! Паху практычна не чуваць, але сок працуе, фітанцыды выпускае. А вынік?! Антыбактэрыяльны і антывірусны эфект! Таксама трэба будзе праверыць пры выпадку.

Герань

Кветкі. Герань.

Калісьці ў любым доме, а асабліва –  у вясковай хаце, не ўяўлялі сабе падваконне без… герані, альбо пеларгоніі. Асабліва, калі не было такога велізарнага выбару пакаёвых кветак, як зараз. І раскашавала тая герань, і пахла. Асабліва пры дакрананні… Не скажу, каб вельмі непрыемна… Толькі дакладна не мой любімы пах! 🙂

Але нашыя продкі таксама ведалі, што разводзіць! Бо герань адмысловым чынам ачышчае паветра ў памяшканні, нават чадны (угарны) газ нейтралізуе! А яшчэ дапамагае пазбавіцца ад сырасці ў пакоі. Плюс таксама нармалізуе сон, пазбаўляе ад раздражняльнасці і дапамагае спраўляцца са стрэсам. А той самы водар дзіўнаваты, аказваецца, дапамагае пры галаўным болю.

Так што зараз у мяне задача-мінімум: вярнуць герань у кватэру! Тым больш, што цяпер такія прыгожыя махровыя віды выведзеныя! І гэта ўжо не тая прасцячка, якая калісьці расла ў вясковых хатах, а каралева!

Аксаліс

Кветкі. Аксаліс.

Доўга думала: вось навошта мне аксаліс?! Просценькая раслінка… Чымсьці лясную заечую капусту нагадвае. Хаця лісточкі прыкольныя… І кветачкі пяшчотныя. А цяпер прачытала, што лісточкі можна таксама дадаваць у салату, бо нагадваюць па смаку шчаўе. Ну, не ведаю, як хто, а я пакаёвыя расліны ні разу не ела! 🙂 Таксама аксаліс паляпшае інтуіцыю! А вось гэта мне падыходзіць.

… Раслінаў яшчэ – мора! І іх карысных уласцівасцяў – таксама. А якія вашыя любімыя пакаёвыя кветкі, сябры? І якія іх лекавыя ўласцівасці вас здзіўляюць?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 75

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".