03.02.2021
03.02.2021

Не лютуй занадта, Люты! Мы апрануты-абуты! :)

logo
Беларускі код
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Народны каляндар

Спадзяюся, вы памятаеце, сябры, якое галоўнае пытанне апошняга зімовага месяца з такой красамоўнай назвай? У сэнсе, пра што любіць у людзей пытацца Люты?

Нашыя мудрыя продкі зазначалі: «Пытаецца люты, ці добра абуты». Альбо: «Прыйдзе люты – спытае, як абуты». І сёлета, па ўсім відаць, ён не проста так пытаецца, а з сэнсам. Бо на бліжэйшыя выходныя нам зноў абяцаюць маразы за 20°С. Вось і не вер пасля гэтага ў прыкметы…

Люты. «Пытаецца люты, ці добра абуты». Валёнкі.

А наконт таго, ці абутыя… Падчас студзеньскіх маразоў ужо не аднаго чалавека бачыла ў валёнках вытворчасці нашай Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі… Прадаўцы на Чэрвеньскім базары калі не спрэс у іх, дык праз аднаго – дакладна. А я радуюся, што парупілася пра цёплы абутак у мінулым сезоне. І гэта не валёнкі! 🙂

Тады ён і не спатрэбіўся. Так і праляжаў да гэтай зімы. А тут – як знайшла! 🙂 І гэта вельмі добра. Бо халодныя ногі, наколькі б загартаваным ні быў чалавек, – так бы мовіць, крыніца многіх хваробаў, асабліва ў жанчын. Так што апранаемся і абуваемся па надвор’і!

І стараемся доўга не стаяць нерухома на холадзе, у вялікі мароз. Напрыклад, у чаканні маршруткі… Рухаемся, прытопваем на месцы, перамінаемся з нагі на нагу… Грэемся! І не спадзяемся дужа на цеплыню ў самім транспарце. Я таксама думала ўчора: «Ну, зараз у маршрутцы адагрэюся!»

Люты. Холад у маршрутцы.

Ага, ужо! 🙁 За 55 хвілін руху практычна адмерзлі не толькі ногі, але і перадплеччы чамусьці! І гэта ў вельмі цёплай вопратцы і абутку… Сядзела ўсю дарогу ў пальчатках. Так што маршрутка, бывае, ад холаду зусім не выратоўвае, хутчэй, наадварот.

А паколькі ўчора дужа з раніцы мароз адчуваўся… Ды плюс вецер… Так і пайшла ад метро ў офіс, не здымаючы маскі. І то халоднае паветра крыху трапляла акурат на гланды… І ўсё ж было цяплей…

Што яшчэ вядома нам з народнай мудрасці пра люты?! «Люты раніцай таргуе, а вечарам гаруе», «Як у лютым адгукнецца, так у жніўні адзавецца», «Завірухі і мяцелі ў лютым прыляцелі», «Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі», «Люты наробіць плюты», «У лютым востры мароз, кароткая зіма».

Люты. У Максімаў дзень назіраем за надвор'ем.

Сёння па народным календары – Максімаў дзень. І ён жа фактычна – чарговы дзень добрых спраў. Бо ў традыцыях – прыгадаць добрым словам усіх, хто калі-небудзь дапамагаў вам. А яшчэ лепей – аддзячыць іх, і не слоўна, а добрымі справамі.

У гэты дзень у нашых продкаў было прынята маліцца пра дабрабыт сям’і. Існавала і такая цікавая традыцыя. Муж і жонка браліся за рукі і выходзілі ў двор. А там страсалі з дрэваў ці кустоў шэрань, кажучы пры гэтым: «Што Бог злучыў, тое чалавеку раз’яднаць не пад сілу». Ну што ж, засталося толькі шэрані дачакацца… Але мне падаецца, што калі яе не будзе, дык можна стрэсці з галінак снег… Калі толькі і ён там яшчэ будзе ляжаць, ветрам не паздзіманы…

На Максімаў дзень назіраем таксама за надвор’ем. Калі яно яснае, дык вясна будзе ранняй. А калі дзень халодны і сухі, гэта значыць, што будзе гарачым жнівень…

Люты Надвор'е ў Максімаў дзень.

А яшчэ цікава, што калі сёння не атрымалася якая справа ці не адбылася сустрэча, не варта засмучацца! Значыць, так і трэба было. Бог ад дрэннага адвёў, верылі нашыя продкі.

Сёння ў некаторых краінах адзначаецца таксама Дзень жанчыны-ўрача! І хаця гэтае свята неафіцыйнае, хочацца, каб яно атрымлівала ўсё большае распаўсюджванне. Бо не сакрэт, што гістарычна жанчынам вельмі цяжка было адваяваць сваё месца пад сонцам у многіх сферах, у тым ліку і ў медыцыне.

Недарэмна сёння згадваюць першую жанчыну-ўрача з ЗША – Элізабет Блэкуэл, якая нарадзілася акурат трэцяга лютага 1821 года. І гэта яна зрабілася завадатаркай адмысловага руху, які і дапамог жанчынам атрымаць магчымасць працаваць у медыцыне нароўні з мужчынамі. Ну, а ў самога свята невялічкая адметная дата – усяго… 5 гадоў!

Люты. Дзень жанчыны-ўрача.

Таму каманда інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сёння шчыра віншуе ўсіх жанчын-урачоў са святам! І асабіста – нашага кіраўніка, анестэзіёлага-рэаніматолага, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА Вольгу Іванаўну Святліцкую!

Здаецца, нагода і невялікая. Але ж, як вядома, святаў зашмат не бывае. Асабліва ў нашай нялёгкай паўсядзённасці. Дык чаму б і ні зрабіць сёння прыемнасць знаёмым жанчынам-урачам?!

А заадно можна крыху паправіць сваё здароўе (і фізічнае таксама, бо ўсё ўзаемазвязанае!), адмовіўшыся хаця б на сёння, але лепей – на працяглы час альбо назаўсёды ад ужывання…брыдкіх слоў! Бо сёння, да ўсяго, – Сусветны дзень барацьбы з ненарматыўнай лексікай!

Люты. Сусветны дзень барацьбы з ненарматыўнай лексікай.

Ну што ж, дадаем у свой план на трэцяга лютага яшчэ некалькі спраў. Улічваючы прачытанае. Усім – удачы!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама