05.04.2022
05.04.2022

Не мог аддзяліць жыццё ад фільмаў. Якім быў Андрэй Таркоўскі

logo
Асобы i лёсы
0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яго называлі рэжысёрам са складаным характарам, але паважалі за моцны розум, цікавую логіку і ўменне прадумваць кожную дэталь да апошняй кропкі. Андрэй Таркоўскі зняў усяго толькі 8 фільмаў, аднак змог пакарыць імі кінаманаў усяго свету. Сёлета 4 красавіка кінарэжысёру споўнілася б 90 год.

Вытокі

У фільмах Андрэй Таркоўскага вы не зойдзеце простых сюжэтаў. Маруднасць, складаныя формы, эстэтыка святла — складнікі, якія адрозніваюць прафесійны падыход рэжысёра.

Андрэй Таркоўскі нарадзіўся ў адукаванай сям’і . Бацька скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут: Арсеній Таркоўскі — стаў вядомым паэтам, перакладчыкам з усходніх моў. Маці — Марыя Вішнякова належала да старажытнага дваранскага роду Дубасавых.

Андрэй Таркощски на здымках

Калі хлопчыку было ўсяго тры гады, бацька сышоў з сям'і – пакахаў іншую жанчыну. Сын адчуваў сябе забытым і пакінутым. Па меркаванні крытыкаў, гэтая траўма паўплывала на ўсю творчасць рэжысёра.

Кінастужкі

У дзённіках рэжысёр пісаў: «У сваім жыцці ўсім, чым валодаю, я абавязаны маці». Марыя Іванаўна не пакладаючы рук выхоўвала дваіх дзяцей. Асабліва цяжка прыйшлося падчас вайны. Нават абутку не было. Летам дзеці хадзілі босыя, а ўзімку па чарзе абувалі валёнкі маці. Беднасць была паўсюль.

Гэтыя моманты так глыбока заселі ў душы рэжысёра, што не давалі спакою ўсё жыццё. Яго фільмы — люстэрка ў розныя і загадкавыя лёсы. Давайце прыгадаем самыя моцныя і ўражлівыя карціны: .

1 Знаёмства з творчасцю Андрэя Таркоўскага лепш пачынаць з фільма «Салярыс» (1972) па матывах аднайменнага рамана Станіслава Лема. Рэжысёру не падабалася забаўляльнае, так званае жанравае кіно, але менавіта ў гэтым фільме ён, мабыць, бліжэй за ўсё падышоў да жанравага канону.

Папрацаваў не толькі з элементамі навуковай фантастыкі, але і вывеў сваё кіно на філасофскі, экзістэнцыальны ўзровень.

Салярыс

Усе фірмовыя рысы яго стылю тут выяўлены ў поўнай меры: цягучае апавяданне і доўгія кадры, метафізічныя матывы і этычныя праблемы, выявы прыроды.

Для Таркоўскага навукова-фантастычны сюжэт становіцца падставай да размовы аб прыродзе чалавека, універсальных катэгорыях чалавечай свядомасці — пакутах сумлення, уцёках ад сябе, ганебных успамінах і спробах выправіць тое, што выправіць ужо немагчыма.

2 Пасля фантастычнага «Салярыса» можна вярнуцца на дзесяць гадоў таму і паглядзець два гістарычныя фільмы. «Іванава дзяцінства» (1962) — паўнаметражны дэбют рэжысёра, прысвечаны вайне і ўдастоены «Залатога льва Святога Марка», галоўнай узнагароды Венецыянскага кінафестывалю. І карціну «Андрэй Рублёў» (1966), якая атрымала прыз Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы ФІПРЭСІ ў Канах.

Яна прысвечана жыццю знакамітага рускага іканапісца, яе працоўная назва была «Страсці па Андрэю». Нягледзячы на крытыку, «Андрэй Рублёў» сёння лічыцца адным з найлепшых фільмаў Таркоўскага.

Кадр з фільма "Андрэй Рублёў"

Фільм сабраў найцікавейшых савецкіх акцёраў — Анатоля Саланіцына, Мікалая Бурляева, Івана Лапікава, Юрыя Нікуліна, Мікалая Грынько, Ралана Быкава, Міхася Конанава... Гэта няпростая філасофская кінастужка са шматлікімі адсылкамі да гісторыі праваслаўя.

3 Адной з самых інтрыгуючых карцін Таркоўскага можна назваць аўтабіяграфічную кінастужку «Люстэрка». Як здымаць і якія рэжысёрскія прыёмы выкарыстоўваць, вырашалася доўга. Спачатку творца хацеў уставіць у фільм размовы з мамай. Аднак у выніку за кадрам гучаць вершы бацькі — Арсенія Таркоўскага.

У «Люстэрку» закладзена некалькі важных тэм: унутрысямейныя адносіны; псіхалагічныя асаблівасці чалавека; палітычны падтэкст (які і перашкодзіў выйсці кінастужцы вялікім тыражом).

Кадр з фільма Зеркала

Таркоўскі гаварыў, што гэтым фільмам ён «расправіўся з сабой» — вывярнуў душу навыварат. Няхай адкрыццё аўтара не ўсім спадабалася, але (цытуючы яго словы) творчасць – гэта ўчынак. А значыць, дзеянне, якое прымушае гледача задумацца і ўважліва прыгледзецца ў «люстэрка» свайго жыцця.

4 Нельга не ўзгадаць кінакарціну «Сталкер», напісаную па аповесці братоў Стругацкіх «Пікнік на ўзбоччыне».

Месца і час выдуманыя. Героі не маюць імён, іх адрозніваюць толькі па мянушках. Асноўны персанаж кінастужкі – мужчына – «Сталкер», які нядаўна пакінуў сцены турмы. Герой змушаны зводзіць канцы з канцамі, яго сям'я знаходзіцца за рысай беднасці. Разам з ім жывуць яго жонка і хворая дачка. Адзіны даход галоўнага героя — арганізацыя нелегальных экспедыцый у таямнічую Зону.

Кадр з фільма "Сталкер"

У кінастужцы «Сталкер» мінімум дзеянняў і спецэфектаў. Акцэнт зроблены менавіта на чалавечыя зносіны, героі размаўляюць адзін з адным. Хто такі Сталкер? Крыміналіст, які, рызыкуючы жыццём, арганізуе паходы ў Зону. Ён ужо не ўяўляе свайго існавання без гэтай сакрэтнай мясцовасці. Яна прыцягвае героя таямніцамі і загадкамі.

«Сталкер» аказаў значна большае ўражанне на прафесіяналаў, чым на звычайных гледачоў. Гэты фільм стварыў новую візуальную кінамову — маркотныя пейзажы, шэрыя тоны, разваленыя хаты і «сталкерская» атмасфера пасля выхаду карціны сталі часта выкарыстоўвацца айчыннымі кінематаграфістамі.

5 Нельга забыць пра апошні фільм рэжысёра – «Ахвярапрынашэнне». Здымаючы карціну, Андрэй Таркоўскі яшчэ не ведаў, што ў канцы 1986 года не стане яго самога. Не ведаў ён і аб надыходзячай чарнобыльскай катастрофе, але, узіраючыся ў кадры яго апошняй кінастужкі, здаецца, што ён ведаў абсалютна ўсё. Таркоўскі зняў настолькі глыбокае і пранізлівае кіно, што складана ўвогуле падабраць словы, каб апісаць сюжэт.

Кадр з фільма "Ахвярапрынашэнне"

Кожны герой фільма ахвяруе чымсьці для захавання таго самага «нармальнага» жыцця, якое мы не шануем і не заўважаем кожны дзень, але марым выратаваць падчас страху смерці.

Абсалютна кожны кадр карціны прадуманы да драбнюткіх дэталяў. Назіраць за выбранымі планамі, заўважаць няўлоўныя паралелі кадраў мірнага і апакаліптычнага жыцця — сапраўднае задавальненне для знатакоў кіно. У якасці простага прыкладу — адна і тая ж сцэна ўцёкаў галоўнага героя Аляксандра з дому ноччу і днём.

Непадзельнае

Андрэй Таркоўскі ніколі не мог аддзяліць сваё жыццё ад сваіх жа фільмаў. Ён быў цалкам чалавекам кіно. Умеў прадчуваць, умеў слухаць і паказваць думкі ў кадрах як ніхто.

Андрэй Таркоўскі за работай

На прэм’еры сваіх фільмаў Таркоўскій хадзіць не любіў, казаў, што падчас здымак занадта насыціўся імі. А вось аматары кіно наадварот з вялікай цікавасцю шлі ў кінатэатры, каб убачыць якія на гэты раз «замудроныя» думкі экранізаваў рэжысёр.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 25

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама