5 Красавіка
05.04.2020

Не пакiнуць адных. Эксперты распавялі, як дапамагчы сталым

logo
Навiны
318 024
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
COVID-19 зрабіўся прычынай вымушанага, але неабходнага абмежавання сацыяльных кантактаў сталых людзей. Таму цяпер ім, як ніколі, патрэбная падтрымка. Узяць удзел у аказанні дапамогі сталым людзям, а іх у Беларусі амаль 2 млн, можа любы неабыякавы чалавек.

Дапамога з дастаўкай дахаты

Дапамога ў дастаўцы дахаты прадуктаў харчавання і лекаў, якая прапануецца сталым людзям, з кожным днём усё больш запатрабаваная, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак.

Каранавірус. Дапамога сталым. Прэс-канферэнцыя.

 
Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
Праводзіцца актыўная тлумачальная праца для таго, каб сталыя людзі зразумелі, што для іх бяспечна знаходзіцца дома і скарыстацца дапамогай сацыяльных службаў. І з кожным днём расце колькасць зваротаў тых, хто хоча атрымаць такую дапамогу.
Па словах Аляксандра Румака, праца арганізаваная праз цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія выступаюць каардынуючай арганізацыяй, каб аб’яднаць намаганні Чырвонага Крыжа, БРСМ і ўсіх неабыякавых грамадзян. Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання збіраюць таксама інфармацыю і заяўкі ад сталых людзей аб неабходнай дапамозе.
 
Аляксандр Румак
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
Наша сацыяльная служба прымае тэлефанаванні ад усіх сталых людзей. І мы не дзелім, адзінока пражывае чалавек ці не. Стараемся высвятляць, можа, ёсць суседзі або хтосьці блізкі, хто гатовы аказаць дапамогу, прынесці прадукты, акрамя валанцёраў і сацработнікаў. Напрыклад, тыя, хто жыве па суседстве, самі ходзяць у краму і могуць набыць што-небудзь знаёмаму сталаму чалавеку. Мы таксама павінны перагарадзіць шлях ашуканцам, якія карыстаюцца даверам сталых. Менавіта таму стараемся максімальна ўзгадняць, хто і калі прыйдзе ў якасці памочніка, ажно да наяўнасці дакумента, які сведчыць асобу. Чырвоны Крыж для сваіх валанцёраў робіць спецыяльныя бэйджы з пячаткай.
Каранавірус. Дапамога сталым. Валанцёры.

Аляксандр Румак растлумачыў, што дадому да сталага чалавека прыйдуць валанцёры, высвятляць, што неабходна набыць, возьмуць патрэбную суму грошай, а затым аддадуць усе чэкі на набытыя тавары. Асаблівая ўвага, паведаміў намеснік міністра, будзе нададзеная мерам бяспекі ўсіх удзельнікаў працэсу. Сацыяльныя работнікі і валанцёры павінны памятаць, што яны могуць быць патэнцыяльнымі носьбітамі віруса, і прымаць усе меры (выкарыстанне маскі і пальчатак) для прадухілення заражэння сталага чалавека, якому яны аказваюць дапамогу, дадаў намеснік міністра.

Гарачая лінія псіхалагічнай дапамогі па нумары 201

Як паведаміла раней на брыфінгу ў Міністэрстве аховы здароўя генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, арганізаваная гарачая лінія псіхалагічнай дапамогі па нумары 201. Набраўшы гэты нумар, сталыя людзі атрымаюць пры неабходнасці псіхалагічную падтрымку. Іх выслухаюць, супакояць або параяць, куды можна звярнуцца для вырашэння той ці іншай праблемы. Акрамя гэтага, валанцёры, якія будуць працаваць на гарачай лініі, нацэленыя на збор інфармацыі пра тое, якая дапамога яшчэ патрэбная насельніцтву.

Каранавірус. Дапамога сталым. Гарачая лінія.

Гарачая лінія 201 ужо працуе ў тэставым рэжыме з 9.00 да 18.00. Званкі ажыццяўляюцца з мабільных аператараў.

Яшчэ раз пра важнасць самаізаляцыі

У людзей сталага і старэчага ўзросту рызыка развіцця сур’ёзных ускладненняў у выніку COVID-19 асабліва высокая. Прычыны такой уразлівасці – зніжэнне фізіялагічных магчымасцяў, імунітэту, а таксама наяўнасць спадарожнай паталогіі і сіндрому старэчай астэніі.

Па словах пастаяннага эксперта інфармацыйнага партала Здаровыя людзі, галоўнага пазаштатнага спецыяліста па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчыка кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнта Вадзіма Сушынскага, каранавірус сапраўды найбольш небяспечны для сталых людзей. І гэтаму ёсць сваё тлумачэнне.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Па-першае, з узростам зніжаюцца ахоўныя сілы арганізма і імуннай сістэме складаней спраўляцца з інфекцыямі. Па-другое, у старэчым узросце, як правіла, ужо ёсць свой «багаж» хранічных захворванняў, якія ў значнай ступені могуць абцяжарваць цячэнне віруснай інфекцыі або прывесці да сур'ёзных ускладненняў, ажно да смяротнага зыходу.
Каранавірус. Дапамога сталым. Небяспечныя сімптомы прастуды.

Для таго, каб прадухіліць магчымы кантакт сталага чалавека з вірусам, вельмі важна выконваць пэўныя ўмовы: сацыяльную дыстанцыю і строгія гігіенічныя меры. Вадзім Сушынскі назваў самыя важныя:

  • варта ўстрымацца без пільнай неабходнасці ад выхаду на вуліцу, не трэба наведваць грамадскія месцы і выкарыстоўваць транспарт;
  • калі ўсё ж такі трэба выйсці з хаты або наведаць грамадскае месца, неабходна захоўваць дыстанцыю не менш за 1 метр ад іншых людзей;
  • да мінімуму трэба звесці кантакты са сваякамі і сябрамі, бо нават калі ў іх няма відавочных прыкметаў захворвання і іх самаадчуванне не выклікае сумненняў, яны могуць быць пераносчыкам інфекцыі;
  • пасля вяртання з вуліцы не варта забывацца на дбайнае мыццё рук з мылам, можна таксама выкарыстоўваць спецыяльныя антысептыкі для рук;
  • пры з’яўленні сімптомаў (тэмпература, сухі кашаль, абцяжаранае дыханне) варта выклікаць урача на дом, але не ісці самастойна на прыём у паліклініку;
  • калі ёсць патрэба ў прадуктах харчавання або леках, а магчымасці папрасіць каго-небудзь няма, трэба звярнуцца па дапамогу ў сацыяльную службу.

Каранавірсу. Дапмаога сталым. Валанцёры.

 
Вадзім Сушынскі
Галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт
Не забывайцеся, што вымушаная ізаляцыя можа адмоўна адбіцца на псіхаэмацыянальным статусе сталага чалавека. Часцей тэлефануйце сваім сталым бацькам, бабулям і дзядулям. Майце стасункі з імі, не дайце адчуць сябе адзінокімі. Бо ім зараз патрэбныя вашыя падтрымка і клопат. На жаль, сталыя людзі не заўсёды могуць выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы, быць у курсе самых апошніх навінаў і падзей. Я звяртаюся да маладога пакалення. Патэлефануйце свайму блізкаму сталаму чалавеку, раскажыце яму пра меры, якія трэба захоўваць з-за каранавіруса, чаму гэта важна. Знайдзіце і паведаміце тэлефоны сацыяльных службаў, Чырвонага Крыжа і г.д., каб вашыя бабуля ці дзядуля, сталыя бацькі маглі звярнуцца туды ў выпадку неабходнасці.
Фота з прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

318 0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».