22.12.2018
22.12.2018

Не ператварыцца ў айсберг…

logo
Думкі ўслых
104 023
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
У пакоі – плюс 14. Вопраткі на мне – як на капусце лісця. І цёплы плед яшчэ зверху. На падлозе пад камп’ютарным сталом – старая шуба. На ёй – гарачая грэлка. На грэлцы – мае ногі. Няблага. Побач з мышшу кубачак кавы, якая завабліва «дыміцца». Кубачкі перыядычна мяняюцца, як і іх змесціва.

Гэта – наша сумная рэальнасць. Шматпавярхоўка ў раёне Барыкіна горада Чэрвеня. У нас ці то парыў, ці то рамонт ацяплення, ці то ўсё разам. Тры дні запар былі такія адключэнні (і я не ўпэўнена, што на гэтым усё)… Але толькі дні. Дзесьці позна ўначы і раніцай гадзін да дзевяці-дзесяці батарэі нагрэтыя. Але гэтага так мала, каб не мерзнуць удзень… Асабліва калі не так ужо і цёпла было штодня да гэтага.

«І як не ператварыцца ў айсберг?!» – малаточкам стукала ў галаве думка. Давялося ўключаць фантазію, каб вынаходзіць усё новыя і новыя сродкі для «сугрэву». Не скажу, каб дужа арыгінальныя. Усё вядомае. Толькі ўсё разам. Нават духоўку на кухні давялося «паліць» даволі доўга. Шкада, што цяпло ад яе практычна не даходзіць да пакояў. Затое на кухні можна жыць!

«Вось такая крыятэрапія паняволі», – падумалася. Зрэшты, была надзея на тое, што арганізм усё ж мабілізуецца ў такіх умовах і ўключыць усе свае ахоўныя сродкі. І здароўе грунтоўна не пацерпіць. Спадзяюся яшчэ і зараз. Прыслухоўваюся чуйна…

А вось што датычыцца мазгоў, дык яны ў холадзе заўсёды лепей працуюць! Прынамсі, у мяне. Самыя лепшыя матэрыялы, самыя цікавыя вершы з’яўляліся менавіта ўзімку. Спадзяюся, што і гэтая зіма не станецца выключэннем з правілаў. А прыклады таму ўжо ёсць.

І вось калі спатрэбіліся парады медыкаў з нашага сайта Здаровыя людзі, якія занатоўваюць журналісты! Найперш, прыехаўшы дахаты і прабегшыся па марозным паветры, прыгадвала, што трэба паесці, бо ежа сагравае. А замерзлыя рукі напачатку лепей пагрэць аб пэўныя часткі цела. Спрацоўвае бездакорна! І – так! Фізічныя практыкаванні яшчэ ніхто не адмяняў. Разаграваешся момантам!

Але пры адсутнасці сталай крыніцы цяпла ў пакоі, зразумела, усё гэта часовыя меры. Як і абагравальнік. Калі працуе – грэешся, адключыш  – зноўку паветра астывае… Добра яшчэ, што ёсць уласны бойлер! Рэгулярна трымаць рукі пад гарачай вадой – таксама дзейсны сродак для сагравання.

А ўвогуле, калі разумееш, што ўсё гэта часова… І што пройдзе і гэта… Робіцца крыху лягчэй. Але ўсё ж хацелася б выбіраць працэдуру крыятэрапіі па ўласным жаданні, а не прымусова. І лепей назіраць за айсбергам здалёк, чым імкнуцца не ператварыцца ў яго.

Шчыра зычу ўсім сапраўднага цяпла напярэдадні каталіцкіх Калядаў і падчас іх!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

104 0 23

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.