26.05.2019
26.05.2019

Не прапусціць меланому. Эксперты пра фактары рызыкі і прафілактыку

logo
Здароўе дарослых
0 52
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адным з самых агрэсіўных відаў раку скуры з'яўляецца меланома. Яна можа развіцца ў любым узросце і схільная да з'яўлення метастазаў. Зрэшты, папярэдзіць развіццё меланомы цалкам магчыма. Для гэтага трэба ўважліва сачыць за радзімкамі і пігментнымі плямамі на скуры, ведаць, па якіх сімптомах можна западозрыць меланому.

Як часта трэба аглядаць сваё скурнае покрыва, каб не прапусціць захворванне? Хто знаходзіцца ў групе рызыкі? Ці дапамагаюць сонцаахоўныя крэмы? Што з'яўляецца галоўным правакацыйным фактарам развіцця меланомы?

На гэтыя і іншыя пытанні адказалі журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры:

  • галоўны дэрматавенеролаг Міністэрства аховы здароўя, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Аляксандр Лук'янаў;
  • загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н., дацэнт Аляксандр Жукавец;
  • загадчык онкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага онкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Аляксандр Гладышаў.

Што такое меланома?

Меланома развіваецца з клетак скуры, якія сінтэзуюць пігмент, што дае колер нашаму загару і афарбоўвае радзімкі, радзімыя плямы або вяснушкі. Гэтыя клеткі называюць меланацытамі, адкуль і паходзіць назва такога злаякаснага новаўтварэння, як меланома.

Стадыі меланомы

Колькасць выпадкаў меланомы і важнасць ранняй дыягностыкі

Па словах Аляксандра Жукаўца, у 2017 годзе ў нашай краіне было выяўлена 922 выпадкі меланомы. У 2018, паводле папярэдніх звестак, колькасць такіх пацыентаў прагназуецца бліжэй да 1 тыс. Нягледзячы на тое, што за 10 гадоў колькасць выпадкаў меланомы ў Беларусі вырасла прыкладна ў 1,5 раза, гэта захворванне не ўваходзіць у дзясятку найбольш рэгіструемых злаякасных пухлінаў. Меланома на ранняй стадыі добра лечыцца, але можа працякаць вельмі агрэсіўна.

 
Аляксандр Жукавец
Загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н., дацэнт
Ва ўсіх краінах свету большую частку меланомаў выяўляюць самі пацыенты. І гэта нармальна. У адрозненне ад іншых пухлінаў, дзе паказчыкі горш і часцяком для дыягностыкі неабходнае спецыяльнае абсталяванне, у выпадку з меланомай часам досыць мець пэўныя веды.

Часцей за ўсё, прыкладна ў 80% выпадкаў, меланома дыягнастуецца на 1 і 2 стадыях. Зрэшты, прагноз захворвання залежыць не столькі ад памеру пухліны (якога яна дыяметра), колькі ад таўшчыні ўтварэння. Як растлумачыў Аляксандр Жукавец, пухліна можа быць маленькай, літаральна з гарошыну, але міліметры 4 таўшчынёй, і яна дасць метастазы. У той жа час вялікую пухліну, але тонкую і плоскую, можна прааперыраваць. Разам з тым, падкрэсліў эксперт, чакаць, калі пухліна вырасце ў памерах, не варта. Патрэбна звяртаць увагу нават на невялікія ўтварэнні.

Аляксандр Гладышаў дадаў, што на пачатковых стадыях меланомы пяцігадовая выжывальнасць пацыентаў – 90%. Дарэчы, дыягностыка меланомы ў шэрагу выпадкаў ажыццяўляецца ўжо на першасным этапе, г.зн. у паліклінічных установах падчас дыспансэрнага агляду.

дыягностыка меланомы

 
Аляксандр Гладышаў
Загадчык онкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага онкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н.
У стандарты медыцынскіх маніпуляцый і працэдур пры дыспансерызацыі ўваходзіць так званы паралельны анкалагічны агляд. Ён мяркуе абследаванне слізістых абалонак, пальпацыю перыферычных лімфатычных вузлоў, гінекалагічны агляд, абмацванне малочных залоз і, што датычыць нашай тэмы, агляд скурнага покрыва, валасістай часткі галавы.

Раз у квартал – агляд скурнага покрыва

агляд скурнага покрыва

Каб не прапусціць захворванне, спецыялісты раяць хаця б раз у тры месяцы ўважліва аглядаць сваю скуру, валасістую частку галавы, тулава і канечнасці, не забываючыся на кісці і ступні, а таксама вобласць пахвіны.

 
Аляксандр Жукавец
Загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н., дацэнт
Не трэба ператвараць сваё жыццё ў агляд скурнага покрыва, але раз у квартал ёсць сэнс гэта рабіць. Калі ў пацыента маецца шмат невусаў, якія могуць быць атыповымі або неатыповымі (варта пракансультавацца са спецыялістам), альбо прыроджаныя буйныя радзімкі, такім людзям варта, акрамя самастойнага агляду, мінімум раз у год паказвацца ўрачу, а ў выпадку атыповых невусаў – раз ў паўгода. Пры неабходнасці, па медыцынскіх паказаннях, часам мэтазгодна іх выдаліць.

Як растлумачыў Аляксандр Гладышаў, радзімкі можна падзяліць на дзве групы: меланомабяспечныя і меланоманебяспечныя невусы. Калі першую групу радзімак можна пакінуць пад наглядам і не прапаноўваць хірургічнага лячэння, дык меланоманебяспечныя невусы (так званы памежны невус, блакітны невус, невус Ота і гіганцкі прыроджаны валасяны пігментны невус), як мінімум, павінны быць пад пастаянным наглядам, а ў ідэале з прафілактычнай мэтай іх трэба падвергнуць хірургічнаму лячэнню.

Ультрафіялет, сонечныя апёкі і гарманальныя змены

Як распавялі спецыялісты, ультрафіялетавае выпраменьванне хаця і не з'яўляецца першасным фактарам рызыкі развіцця меланомы, але займае вядучую пазіцыю сярод прычын, якія могуць справакаваць хваробу. І гэтаму ёсць навуковае абгрунтаванне. Так, напрыклад, даследаванні, праведзеныя ў Скандынавіі, паказалі, што сярод асобаў, якія наведваюць салярыі, рызыка развіцця меланомы павышаецца на 70%.

А вось міф, што сонцаахоўныя крэмы могуць выклікаць рак або меланому, урачы абверглі, адзначыўшы, што карыстацца імі можна і трэба, прычым не перыядычна, а сістэматычна. Зрэшты, нават калі вы і нанеслі крэм, гэта зусім не значыць, што можна загараць цэлы дзень.

Сонцаахоўны сродак неабходна абнаўляць раз у 40 хвілін або часцей, калі вы плавалі. І яшчэ. Наносіць такі крэм трэба за 20 хвілін да выхаду на сонца. Не варта загараць апоўдні. Самыя аптымальныя гадзіны для знаходжання на сонцы – з 9 да 11 і з 16 да 18.

 
Аляксандр Жукавец
Загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н., дацэнт
Знаходзячыся на сонцы, вы павінны пастаянна карыстацца крэмам альбо мець нейкую іншую фотаабарону, тую ж вопратку. Пры выкарыстанні сонцаахоўных крэмаў ёсць адзін нюанс. Некаторыя думаюць, што калі нанеслі крэм, дык на сонцы можна знаходзіцца цэлы дзень, апёку не будзе. Яго можа і не быць, але ўсё роўна развіваецца фотапашкоджанне скуры, якое напрамую залежыць ад часу знаходжання пад сонечнымі промнямі.

Звярнулі ўвагу спецыялісты і на тое, што ад агрэсіўнага ўздзеяння ўльтрафіялету абавязкова трэба абараняць дзіцячую скуру.

 
Аляксандр Лук’янаў
Галоўны дэрматавенеролаг Міністэрства аховы здароўя, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Абсалютна даказаны факт, што рызыка развіцця меланомы ў тых, хто меў хаця б аднакратны апёк ва ўзросце да 14-15 гадоў, значна вышэйшая. Што тычыцца дарослых, дык апёкі і празмернае знаходжанне на сонцы пагражае развіццём меланомаў, няхай і не ў такой колькасці, як у дзяцей, але таксама цягне за сабой узнікненне іншых ракаў скуры. Майце на ўвазе, што генетыка запускаецца правакацыйнымі фактарамі. І фотавыпраменьванне з'яўляецца адным з асноўных.
 
Аляксандр Гладышаў
Загадчык онкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага онкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н.
Падчас гарманальных змяненняў арганізма (пубертантнае палавое выспяванне, цяжарнасць, лактацыя, клімактэрычны перыяд з'яўляюцца значнымі ў з'яўленні ў тым ліку меланомы скуры) сонечная інсаляцыя, адпачынак пад пякучым сонцам супрацьпаказаныя.

Спецыяліст дадаў таксама, што ў 70% выпадкаў меланома развіваецца на фоне нейкага дабраякаснага ўтварэння на скуры, асабліва пры яго траўматызацыі. Таму фактарам рызыкі развіцця захворвання з'яўляецца наяўнасць пігментных утварэнняў альбо радзімак у месцы, якое можа ўвесь час траўмавацца.

Напрыклад, у зоне каўнеру, або папругі, або ступні. Акрамя гэтага, калі ў вашай сям'і былі выпадкі раку скуры альбо меланомы, варта паведаміць пра гэта свайму доктару.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 52

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».