21.09.2018
21.09.2018

Не нарадзіся прыгожым. Як шчасце ўплывае на здароўе і наадварот

logo
Здаровы лад жыцця
0 141
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Для таго, каб удала склалася жыццё, большасць з нас жадае мець усяго дзве рэчы: шчасце і здароўе (ну добра, матэрыяльны дастатак таксама, але крыху ніжэй мы і пра гэта пагаворым). На працягу доўгага часу паняцці шчасця і здароўя лічыліся дастаткова незалежнымі адзін ад аднаго.

З аднаго боку, ніхто не стане спрачацца, што слабае здароўе і хваробы значна зніжаюць шанцы на абсалютнае шчасце. З іншага – можна быць глыбока няшчасным (не імгненна або пад уплывам нейкіх трагічных падзей, а наогул), але пры гэтым не адчуваць сур'ёзных праблем са здароўем.

У апошні час узаемасувязь паміж шчасцем і здароўем, уплыў аднаго на другое з'яўляецца аб'ектам шматлікіх навуковых даследаванняў. Асаблівую цікавасць выклікае, скажам так, уплыў эфекту шчасця на арганізм чалавека.

Калі мы адчуваем сябе ў цэлым пазітыўнымі і задаволенымі, ці сапраўды гэта спрыяльна адбіваецца на нашым здароўі? Ці ўплывае адчуванне шчасця на тое, як мы старэем? Ці можа яно прадухіліць хваробу або дапамагчы з ёй справіцца? У рэшце рэшт, ці вызначае шчасце працягласць жыцця?

Шчасце і здароўе

Шчасце і здароўе

Грошы нічога не вырашаюць

Вернемся на хвілінку да матэрыяльнага дастатку. Ёсць даследаванні, якія пацвярджаюць, што грошы сапраўды робяць чалавека больш шчаслівым. Але толькі да пэўнага моманту! Скажам, калі хтосьці доўгі час ледзьве зводзіў канцы з канцамі і аднойчы атрымаў магчымасць абзавесціся ўласным жыллём і крыніцай стабільнага даходу, дык ён, несумненна, адчуе сябе шчаслівым. Да таго часу, пакуль такі лад жыцця не стане звыклым.

Дарэчы, прадстаўнік сярэдняга класа (які нарадзіўся ў сям'і з сярэднім дастаткам і першапачаткова меў нейкія матэрыяльныя даброты) не будзе адчуваць агульнага задавальнення толькі ад таго, што ў яго ёсць сваё жыллё і стабільны заробак.

Акрамя таго, даследаванні сярод людзей, якія жывуць у трушчобах трэцяга свету, паказваюць, што калі гаворка ідзе пра шчасце, дык беднякі шчаслівыя не менш за тых, хто купаецца ў раскошы.

Наогул, рабіць стаўку на матэрыяльны статус як гарант асабістага шчасця – перспектыва так сабе. Асабліва калі не даводзілася бачыць твары брокераў на гандлёвай біржы пасля вялікага падзення курсу валюты або каштоўных папер.

шчаслівыя смацлікі

Шчасце не лечыць, але абараняе

Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае здароўе як стан агульнага фізічнага, псіхічнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі як адсутнасць хвароб. Шчасце вызначаецца як агульная адзнака жыцця чалавека ў сукупнасці фактараў (фізічных, эмацыйных, сацыяльных). Цалкам заканамерна, што шчаслівыя людзі адчуваюць сябе больш здаровымі, а здаровыя – больш шчаслівымі.

Шчасце можа быць такім жа важным фактарам уплыву на здароўе, як і фізічная актыўнасць, правільнае харчаванне, наяўнасць шкодных звычак і г.д. Вось толькі некаторыя высновы, зробленыя падчас шматлікіх даследаванняў:

  • асцерагаецеся сардэчных захворванняў і інсульту? Шчасце зніжае рызыку гэтых паталогій;
  • не жадаеце прастудзіцца ў гэтым годзе? Людзі, якія лічаць сябе шчаслівымі, з меншай верагоднасцю падхопліваюць сезонныя вірусы альбо хварэюць у больш лёгкай форме;
  • адолела дэпрэсія? У дарослых, схільных да дэпрэсіі, на 60% вышэй верагоднасць узнікнення дыябету 2-га тыпу (як варыянт – з-за таго, што гармон стрэсу картызол павышае ўзровень цукру ў крыві).

Нават сярод бедных людзей, чые патрэбы ў ежы і жыллі не задаволеныя належным чынам, існуе сувязь паміж тым, наколькі яны шчаслівыя і наколькі здаровыя. Вынікі сусветнага апытання, праведзенага з удзелам 150 тысяч дарослых са 140 краін свету, паказалі, што на здароўе чалавека больш моцны ўплыў аказваюць станоўчыя эмоцыі, чым задавальненне асноўных патрэбаў (ежа, вада, жыллё).

Агульнапрызнана, што псіхалагічны дабрабыт станоўча ўплывае на фізічнае здароўе, роўна як няшчасце яго падрывае. Але ці можа шчасце «вылечыць» хваробу і стаць залогам доўгага жыцця?

Станоўчы настрой і пазітыўныя эмоцыі сапраўды ўключаюць рэзервовыя сілы арганізма і дапамагаюць змагацца нават з такімі захворваннямі, як рак. Аднак спыніць сур'ёзную хваробу шчасце, на жаль, не ў стане. Гэта як стос кніг, падкладзеных замест зламанай ножкі пад канапу: нейкі час яе можна будзе эксплуатаваць, але ў корані праблему гэта не вырашыць.

Так што, падобна, шчасце – гэта выдатная прафілактыка супраць хвароб, але не лекі.

Што тычыцца ўплыву шчасця на працягласць жыцця, даказана, што пажылыя людзі, якія жывуць самастойна або ў сям'і, а не ў дамах-інтэрнатах для састарэлых, маюць больш станоўчых эмоцый і жывуць даўжэй. Шчаслівыя людзі ў значнай ступені менш схільныя да адыктыўных паводзінаў, таму што ў іх няма неабходнасці сыходзіць ад рэальнасці, якая іх цалкам задавальняе.

Ці можна павысіць узровень уласнага шчасця?

Шчаслівы разам

Вучоныя кажуць, што шчасце можна і трэба «практыкаваць» і ўзмацняць з дапамогай медытацыі. Банальныя на першы погляд рэчы: вучыцца бачыць ва ўсім пазітыўнае і прыгожае, расслабляцца, не зацыклівацца на дробязях і шчыра ўсміхацца. Гэта ў разы павялічвае канцэнтрацыю асабістага шчасця.

Хочаце падоўжыць адчуванне шчасця? Адпраўляйцеся ў падарожжа! Новыя ўражанні і знаёмствы, змена абставінаў дазволяць захаваць у душы пачуццё паўнаты і задавальнення ад жыцця нашмат даўжэй, чым, скажам, купля наварочанага гаджэта або пары дызайнерскіх туфляў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 141

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».