15.12.2017
15.12.2017

Не ўсе пасты аднолькава карысныя. Выбіраем дзіцячую зубную пасту асэнсавана

logo
Здароўе дзяцей
0 22
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Разнастайнасць зубных паст ў продажы – той самы выпадак, калі зрабіць правільны выбар зусім няпроста. Часта даводзіцца спадзявацца на вядомы брэнд і яркую ўпакоўку. Не лепшы варыянт, асабліва калі гаворка ідзе пра дзіцячую зубную пасту.

Якую пасту выбраць для дзіцяці? Ці павінна яна адрознівацца ад «дарослай»? Да якога ўзросту наогул патрэбна «дзіцячая» паста? Чым адна «дзіцячая» зубная паста лепш за іншую?

Знайсці адказы на пытанні Слушна дапамагла кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Жанна Бурак.

Зубная паста: разбор па складзе

Усе зубныя пасты – і дзіцячыя, і дарослыя – не што іншае, як сумесь вельмі дробнага, «далікатнага» ачышчальнага парашка (абразіва), пенных рэчываў і спецыяльных тэрапеўтычных кампанентаў, якія паляпшаюць стан зубоў і/альбо дзёснаў. Плюс дадаткі для прыемнага смаку і колеру. Усё гэта звязана з вадой і рэчывамі, якія надаюць сумесі неабходную кансістэнцыю.

Жанна Бурак:

– Дарослая і дзіцячая зубныя пасты ў асноўным адрозніваюцца абразівамі і тэрапеўтычнымі дадаткамі, што ўваходзяць у іх склад. Напрыклад, у дзяцей часовыя зубы (так званыя "малочныя") і пастаянныя, якія нядаўна прарэзаліся, маюць не настолькі трывалую эмаль, як пастаянныя зубы дарослага чалавека. Таму абразіў у дзіцячых зубных пастах драбнейшы і «далікатнейшы», чым у пастах для дарослых.

Стандартамі для вытворчасці дзіцячых зубных паст прадугледжаны дробнадысперсны абразіў.

Лепш, калі гэта будзе аксід крэмнію (silica) – бясколерныя празрыстыя крышталікі, якія вылучаюцца высокай трываласцю, дазваляюць задаваць неабходны памер часціц і не ўступаюць у рэакцыю з іншымі кампанентамі пасты.

Для дзяцей не выпускаюць зубныя пасты, што адбельваюць, а прапаноўваць ім дарослыя з такой жа ўласцівасцю нельга. Асвятленне эмалі часцей за ўсё дасягаецца альбо за кошт «жорсткіх» абразіваў, альбо за кошт вялікіх памераў часціц аксіду крэмнію. І тое, і іншае можа прывесці да пашкоджання дзіцячых зубоў.

Дзеянне тэрапеўтычных кампанентаў, якія ўваходзяць у склад дзіцячых зубных паст, накіравана на ўмацаванне эмалі зубоў. А вось дабаўкі для паляпшэння стану дзёснаў не прымяняюцца, бо захворванні дзёснаў з'яўляюцца, як правіла, ва ўзросце, калі ўжо выкарыстоўваецца дарослая зубная паста.

Жанна Бурак:

– Да тэрапеўтычных дадаткаў для паляпшэння стану эмалі зубоў адносяцца злучэнні кальцыю і злучэнні фтору. Кальцый з'яўляецца неабходным кампанентам гідраксіяпатыту – асноўнай малекулы зубной эмалі – і пастаянна паступае туды з сьлінай. Ён лёгка пранікае ў эмаль але, на жаль, так жа лёгка адтуль сыходзіць. Каб утрымаць кальцый у эмалі, неабходны фтор. З-за недахопу фтарыдаў (злучэнняў фтору) у ежы і пітной вадзе ў нашай краіне, зубныя пасты з фторам больш пажаданыя.

Найбольш эфектыўным злучэннем фтору, што выкарыстоўваецца ў дзіцячай зубной пасце, лічыцца амінафтарыд (olaflur).

Выбіраем зубную пасту па ўзросце

Зараз непасрэдна пра выбар зубной пасты ў залежнасці ад узросту дзіцяці.

Дзеці да 3 гадоў

дзіцячая зубная паста да 3 гадоў

Здароваму дзіцяці са здаровай эмаллю лепш чысціць зубы без зубной пасты наогул. Уся яна так ці інакш апынецца ў страўніку малога, разам з пеннымі рэчывамі і кансервантамі. Але калі выкарыстоўваць зубную пасту ўсё ж такі хочацца, варта выбраць цюбік, на якім пазначана маркіроўка «0-2 года» альбо «baby». Такія пасты не ўтрымліваюць тэрапеўтычныя дадаткі, у іх мінімум пенных рэчываў і кансервантаў. Але яны рэальна палягчаюць працэс чысткі зубоў, робяць яго больш прыемным і дапамагаюць прызвычаіцца малому да зубной пасты.

Жанна Бурак:

– Калі ў дзіцяці да 3 гадоў ужо ёсць карыес альбо, па словах стаматолага, рызыка развіцця гэтай праблемы вельмі высокі, неабходна выкарыстоўваць зубную пасту з фторам для наступнай узроставай катэгорыі (дашкольнікаў). У гэтым выпадку наносіць пасту на шчотку трэба ў мінімальнай колькасці: прыблізна на пазногцік мезенца дзіцяці, ці досыць правесці шчоткай па адкрытым носіку цюбіка, каб кончыкі шчацінак павыпэцкваліся ў пасце.

Дзеці ад 3 да 6 гадоў

дзіцячая зубная паста ад 3 да 6 гадоў

Для дзяцей гэтага ўзросту варта выбіраць пасту з маркіроўкай «kids» альбо 3-5 гадоў/3-6 гадоў. Канцэнтрацыя фтарыду ў ёй павінна складаць 500 ррm (спецыяльныя адзінкі вымярэння канцэнтрацыі, 1 ррm роўны 0,0001%). Колькасць выкарыстанай пасты пры чыстцы прыкладна адпавядае памеру гарошыны.

Калі вы ніяк не можаце вызначыцца, ці час вашаму дзіцяці (пры ўмове, што ў яго няма праблем з зубамі) выкарыстоўваць зубную пасту ці яшчэ ранавата, звярніце ўвагу на яго ўменне ... плявацца. Як толькі ён навучыцца рабіць гэта мэтанакіравана і з задавальненнем – можна пачынаць чысціць зубы дашкольніка з пастай.

Дзеці пасля 6 гадоў

З моманту з’яўлення першых сталых зубоў можна выкарыстоўваць зубныя пасты з маркіроўкай «teens» або «school». Канцэнтрацыя фтарыду ў іх можа дасягаць 1000 ppm. Колькасць зубной пасты, што наносіцца на шчотку, – крыху больш за памеру гарошыны.

Пачынаючы з 10-гадовага ўзросту, дзіця можа выкарыстоўваць «дарослую» зубную пасту, вядома, без спецыяльных яе разнавіднасцей (адбельвальная, для курыльшчыкаў і г.д.).

Кантралюйце стан зубоў дзіцяці, рэгулярна – не радзей за раз на 6 месяцаў – наведвайце дзіцячага стаматолага!

Пры выбары дзіцячай зубной пасты варта таксама ўлічваць яе смак, пах і колер – так званыя арганалептычныя ўласцівасці. Паста павінна быць настолькі прыгожай, смачнай і мець прыемны пах, каб дзіцяці падабалася ёю карыстацца. Але не настолькі, каб узнікала спакуса яе з’есці. Таму варта абачліва падыходзіць да набыцця зубных паст з цукерачным і фруктовым густамі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 22

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама