27.09.2019
27.09.2019

Не хадзіце сёння ў лес і… не стойце ў садзе!

logo
Думкі ўслых
136 060
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
А ўсё чаму?! Ды таму, што 27 верасня – Уздзвіжанне (Здзвіжанне, Узвіжанне). Не датыкаючыся да тэмы царкоўнай, звернемся да народных вераванняў і ўяўленняў. А паводле іх, сёння ў лясах усе змеі, гадзюкі ды іншыя паўзуны вылазяць са сваіх нораў, збіваюцца ў клубкі, каб пасля накіравацца ўжо на зімоўку: «Дзвіжанне – гадзюкі здвігаюцца ў кучу». І знаходзіцца побач з імі ну вельмі небяспечна!

Праўда гэта ці не, сказаць не бяруся. Бо сама ніколі ў гэты дзень у лес не хадзіла і таго на свае вочы не бачыла. Затое шмат чула ад людзей пра тыя клубкі змей. Маўляў, праўда.

Мне ж у сувязі з гэтым святам больш падабаецца прыгожая легенда. Вось каб спраўдзілася хаця б калі-небудзь і ў каго-небудзь! Усё роўна як з той папараць-кветкай…

Кажуць, што на Узвіжанне ладзіцца сапраўднае змяінае шэсце, ачольвае якое Цар-змей. Яго можна пазнаць па велічыні і, вядома ж, кароне. А яшчэ ў яго луска з залатым і сярэбраным адлівам. Словам, сапраўдны цар.

І калі раптам каму з людзей трапіцца такое шэсце, трэба не разгубіцца, а рассцяліць перад ім абрус з хлебам-соллю і нізка пакланіцца. Тады Цар-змей скідваў залаты ражок з кароны, а то і яе саму.

Той, хто займее гэтае змянінае багацце, зробіцца быццам бы змяіным пабрацімам. Яд на яго не будзе дзейнічаць. А сам чалавек стане надзвычай мудрым, зможа чытаць чужыя думкі, з гонарам выходзіць з самых цяжкіх абставінаў. А калі ў кагосьці ёсць залатая змяіная карона, дык яна быццам бы ламае ўсе замкі і засаўкі.

Але паколькі гэта ўсяго толькі прыгожая легенда, дык не трэба ўсё ж сёння накіроўвацца ў лес.  Думаю, нават адно відовішча змяінага клубка аптымізму не прыдасць…

Чаго ж нельга было рабіць у гэты дзень па ўяўленні нашых продкаў, апроч наведвання лясоў? Як ні дзіўна… стаяць у садзе! Але па той жа прычыне. Бо лічылася, што змеі на Узвіжанне запаўзаюць на дрэвы па яблыкі і могуць адтуль зваліцца на чалавека. Таму і зямлю не капалі, каб адтуль яны не вылезлі.

Як вядома, першыя вясновыя і апошнія восеньскія змяіныя ўкусы лічацца самымі небяспечнымі для чалавека. А самае цікавае, што таго паўзуна, які ўджаліць на Узвіжанне чалавека альбо жывёлу, змеі ў сваю кампанію больш не прымаюць. І застаецца толькі яму замерзнуць дзесьці на адзінокім шляху.

Памятаю, як мама расказвала, што якраз-такі бачыла пасля Узвіжання самотную ніякаватую змейку, якая ляжала зусім без сіл. Мо, гэта і была адна з такіх?!

Да гэтага свята ўсе азімыя і яравыя з палёў павінны быць ужо звезеныя. Што датычыцца надвор’я, дык уяўленні пра яго таксама занатаваныя ў народзе: «На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы». Улічваючы сёлетнія раннія і даволі актыўныя замаразкі, вельмі актуальна. На Узвіжанне мы быццам канчаткова развітваемся з цяплом. Але!!! Усё ж такі штораз – у спадзяванні на бабіна лета ў кастрычніку.

А яшчэ існавала павер’е, што 27 верасня сонца гэтак жа «грае», як на Купалле. Ну, паназіраем сёння. Пакуль быццам бы ў Мінску абяцалі сонечнасць і цеплыню. А што ў вас, сябры?

Яшчэ нашы продкі заўважалі: «На Узвіжанне апошні сноп з поля пайшоў, птушкі ў вырай паляцелі», «Зямля з лета на зіму зварухнулася», «Узвіжанне восень зіме насустрач нясе».

Між іншым, калі набліжаць гэтае свята да нашых дзён, дык чамусьці лічыцца, што 27 верасня лепей не пачынаць нічога новага, не падпісваць дамовы, не жаніцца і (ўвага!!!) не прасіць нічога ў начальства! Так што… адкладаем усё на панядзелак?!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

136 0 60

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.