01.03.2021
01.03.2021

Небулайзерная тэрапія ў посткавідным перыядзе. Магчымасці для эфектыўнага аднаўлення

logo
Здароўе дарослых
0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вывучэнне наступстваў новай каранавіруснай інфекцыі і пошук метадаў эфектыўнага аднаўлення ў посткавідным перыядзе – праблемы, якім сёння надаецца не меншая ўвага, чым самой COVID-19 інфекцыі.

Дакладна вядома, што нават пасля акрыяння, пацверджанага лабараторнымі даследаваннямі, могуць даволі доўга захоўвацца непрыемныя сімптомы: кашаль, дыскамфорт у грудзях, задышка, страта нюху, мышачная слабасць і г.д. Вызначана, што ў кожнага пятага пацыента, які перанёс COVID-19, сімптомы захоўваюцца больш за пяць тыдняў, у кожнага дзясятага – больш за 12 тыдняў. Прычым даволі часта захаванне сімптомаў не залежыць ад ступені цяжару перанесенага захворвання.

Што рабіць, каб дапамагчы арганізму аднавіцца? Ці ёсць эфектыўныя спосабы справіцца з рэшткавымі праявамі віруснай інфекцыі ў самыя кароткія тэрміны? Даведаліся ў пульманолага, дацэнта кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі БелМАПА, к.м.н. Вольгі Харэвіч.

Што рабіць, калі...

Каранавірус. Кашаль – рэшткавая з'ява, даволі частая.

 
Вольга Харэвіч
Пульманолаг, дацэнт кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі БелМАПА, к.м.н.
Калі пасля акрыяння захоўваюцца прыкметы агульнага нядужання, у першую чаргу неабходна працягнуць назіранне ў тэрапеўта. Паколькі асноўнай, хаця і не адзінай, мішэнню каранавіруса робяцца лёгкія, часцей за ўсё пацыенты сутыкаюцца з рознымі цяжкасцямі з боку органаў дыхання. Як правіла, яны скардзяцца на сухі, часам прыступападобны кашаль, задышку пры нагрузцы, прыступы абцяжаранага дыхання, цяжар альбо дыскамфорт у грудзях, немагчымасць зрабіць паўнавартасны ўдых. У залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі ўрач можа накіраваць на кансультацыю да профільнага спецыяліста, прызначыць дадатковыя абследаванні (аналізы крыві, спіраметрыю) і парэкамендуе неабходнае падтрымліваючае лячэнне, у тым ліку інгаляцыйную тэрапію.

Інгаляцыйная тэрапія, у прыватнасці, з'яўляецца адной з эфектыўных і апраўданых мераў пры вырашэнні рэспіраторных праблемаў. На яе карысць кажа і тое, што правядзенне інгаляцый магчымае ў хатніх умовах, дзякуючы небулайзерам – партатыўным апаратам, якія забяспечваюць ператварэнне вадкага лекавага раствору ў аэразоль. Перавагай небулайзернай тэрапіі з'яўляецца дастаўка лекаў непасрэдна ў дыхальныя шляхі.

Выбар лекаў для хатняй інгаляцыі

Небулайзер. Выбіраем мадэль.

Важна памятаць, што выбар лекавых сродкаў для небулайзернай тэрапіі ў кожным канкрэтным выпадку з улікам індывідуальных сімптомаў павінен рабіць урач. Пры прызначэнні прэпарата спецыяліст улічвае ўзрост пацыента, яго індывідуальныя асаблівасці, клінічную сітуацыю, а таксама наяўнасць спадарожнай паталогіі.

Напрыклад, інгаляцыі супрацьпаказаныя людзям з сур'ёзнымі парушэннямі рытму сэрца і сардэчнай недастатковасцю; пры ўзнікненні крывахаркання; пры павелічэнні тэмпературы цела вышэй за 37,5°С. Таксама патрабуе асцярожнасці выкарыстанне бронхалітычных сродкаў, бо некаторыя з іх могуць выклікаць тахікардыю і парушэнне сардэчнага рытму, асабліва ў пацыентаў са спадарожнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Акрамя таго, мае значэнне характар ​​кашлю: сухі альбо вільготны (з макротай) кашаль патрабуе розных падыходаў да прызначэння адэкватнай інгаляцыйнай тэрапіі. Напрыклад, пры сухім пакутлівым кашлі могуць дапамагчы інгаляцыі са звычайным фізіялагічным растворам. А пры наяўнасці вязкай макроты ў дыхальных шляхах, якая цяжка аддзяляецца,  эфектыўныя мукалітычныя лекавыя сродкі (ацэтылцыстэін, амбраксол), якія разрэджваюць макроту і палягчаюць яе адкашліванне.

Небулайзер. Якія лекавыя растворы падыходзяць.

Калі па дадзеных агляду і праведзеных абследаванняў, напрыклад, спіраметрыі будзе вызначаная наяўнасць абструкцыі дыхальных шляхоў, найбольшы эфект дасць выкарыстанне бронхалітычных лекавых сродкаў (фенатэрол, іпратрапія брамід альбо іх камбінацыя). Але забяспечыць выкананне ўсіх пералічаных нюансаў, падкрэслівае Вольга Харэвіч, і прызначыць адэкватнае лячэнне можа толькі ўрач.

 
Вольга Харэвіч
Пульманолаг, дацэнт кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі БелМАПА, к.м.н.
Для выкарыстання ў небулайзеры прызначаныя лекавыя сродкі ў вадкім выглядзе, якія разводзяцца да неабходнага аб'ёму (2-5 мл) фізіялагічным растворам. Рэчывы, якія не прызначаныя для інгаляцыйнай тэрапіі, не будуць эфектыўнымі, паколькі не аказваюць прамога ўздзеяння на слізістую абалонку дыхальных шляхоў. Акрамя таго, для небулайзернай тэрапіі не варта выкарыстоўваць алейныя растворы, эфірныя алеі і вязкія суспензіі, а таксама настоі і адвары траў. Яны ўтрымліваюць буйныя часцінкі, якія могуць пашкодзіць дэталі прыбора.

Які небулайзер лепшы?

Розныя тыпы інгалятараў маюць свае асаблівасці выкарыстання, функцыянальныя характарыстыкі, сумяшчальнасць з рознымі лекавымі сродкамі. Таму цалкам апраўдана абмеркаваць з урачом выбар аптымальнай мадэлі небулайзера (кампрэсарнага, ультрагукавога, мембраннага).

Небулайзер. Выбіраем з урачом.

 
Вольга Харэвіч
Пульманолаг, дацэнт кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі БелМАПА, к.м.н.
Неабходна ўлічыць, што структура некаторых лекавых раствораў разбураецца пад уздзеяннем ультрагукавых ваганняў, якія ляжаць у аснове прынцыпу працы ультрагукавых небулайзераў. Напрыклад, глюкакартыкастэроідныя гармоны, мукалітыкі і некаторыя антыбіётыкі не прызначаныя для выкарыстання ва ультрагукавых небулайзерах. А вось кампрэсарныя і мембранныя інгалятары не маюць такіх абмежаванняў. Іх можна выкарыстоўваць з любымі растворамі, прызначанымі для інгаляцый.

У той жа час ультрагукавыя небулайзеры адрозніваюцца кампактнасцю і бясшумнасцю, кампрэсарныя небулайзеры, наадварот, працуюць дастаткова гучна за кошт кампрэсара. Затое мембранныя небулайзеры валодаюць перавагамі і кампрэсарных, і ультрагукавых прыбораў: у іх няма абмежаванняў па лекавых сродках, яны маюць невялікія габарытныя памеры, не ствараюць шуму, да таго ж, могуць працаваць ад звычайных батарэек.

Яшчэ адзін істотны нюанс, які важны пры выбары інгалятара для хатняга выкарыстання: памер часцінак аэразолю, якія выпрацоўваюцца небулайзерам. Ад гэтага фактару залежыць, як далёка ў дыхальныя шляхі патрапіць лекавы сродак.

Небулайзер. Які выбіраем.

Напрыклад, часцінкі памерам ад 5 да 10 мкм асядаюць у асноўным у поласці рота, у верхніх дыхальных шляхах і трахеі, тлумачыць Вольга Харэвіч. Часцінкі дыяметрам менш за 5 мкм называюцца «рэспірабельная фракцыя» і пры правядзенні інгаляцыі дасягаюць ніжніх дыхальных шляхоў. Як правіла, сучасныя мадэлі небулайзераў маюць магчымасць рэгулявання памеру часцінак пацыентам.

Выкарыстанне небулайзернай тэрапіі, бясспрэчна, пашырае магчымасці лячэння пацыентаў з паталогіяй органаў дыхання. І ў тым ліку паказвае эфектыўнасць пры вырашэнні праблемаў, звязаных з рэспіраторнымі наступствамі перанесенай каранавіруснай інфекцыі, спрыяе больш хуткаму аднаўленню.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 60

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».