18.08.2020
18.08.2020

Небяспечныя сімптомы пераломаў. Што рабіць і да каго звяртацца па дапамогу

logo
Неадкладная дапамога
0 64
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Рэзкі інтэнсіўны боль, які не праходзіць, ацёк і гематома, дэфармацыя і ненатуральная рухомасць у вобласці ўдару характэрныя для ўсіх відаў пераломаў.

Але некаторыя сітуацыі патрабуюць асаблівай насцярожанасці і дадатковых мераў да аказання кваліфікаванай урачэбнай дапамогі. Якіх, запыталіся ў нашага пастаяннага эксперта, загадчыка траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска Віктара Комара.

Пералом рэбраў

Небяспечныя пераломы. Пералом рэбраў.

Такая траўма нярэдка ўяўляе небяспеку з-за ўнутраных крывацёкаў і пашкоджанняў лёгкіх (пнеўматоракс). Пры гэтым назіраецца выяўленая дыхальная недастатковасць, задышка, кашаль. Прычым кашаль можа прывесці да зашчымлення нервовых канчаткаў і справакаваць міжрэберную неўралгію з характэрным рэзкім і інтэнсіўным болем у вобласці грудной клеткі.

 
Віктар Комар
Загадчык траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска
Пры пераломе рэбраў грудную клетку да аказання кваліфікаванай медыцынскай дапамогі не туга фіксуюць падручнымі сродкамі: прасціной, шырокім ручніком, вялікім кавалкам тканіны. Пры кашлявым рефлексе рэкамендуецца прыціскаць да тулава сагнутыя ў локцях рукі і імкнуцца кашляць павярхоўна (не ў поўную сілу), каб не правакаваць інтэнсіўны боль і зрушэнне пашкоджаных участкаў рэбраў.

Пералом рабра без ускладненняў зрастаецца на працягу 3-4 тыдняў. На працягу гэтага перыяду фізічная нагрузка пацярпеламу строга абмежаваная. Варта пазбягаць рэзкіх паваротаў, нахілаў (пры неабходнасці рабіць гэта са становішча паўпрыседу). У спакоі рэкамендаванае становішча напаўлежачы.Калі пацярпелы – курэц са стажам, спробу адмовіцца ад згубнай звычкі лепей адкласці да поўнага зрастання пералому рабра (з-за рэзкага ўзмацнення кашлявога рэфлексу ў першыя тыдні пасля адмовы ад цыгарэтаў).

Пералом носа

Небяспечныя пераломы. Пералом носа.

Частая траўма пры ўдары ў вобласць твару. Косці носа зрастаюцца вельмі хутка. Таму прынцыпова важна звярнуцца па медыцынскую дапамогу не пазней за трое сутак з моманту траўмы. У адваротным выпадку можа спатрэбіцца хірургічнае ўмяшанне для аднаўлення касцей носа.

Важна: класічная сімптаматыка пры пераломе носа (храбусценне, рэзкі боль, дэфармацыя) дапаўняецца парушэннем насавога дыхання.

Пры аказанні першай даўрачэбнай дапамогі неабходна прыкласці холад да месца ўдару, калі ёсць крывацёк – затампанаваць. Выклікаць брыгаду хуткай дапамогі альбо непасрэдна звярнуцца да атарыналарынголага.

Пералом сківіцы

Небяспечныя пераломы. Пералом сківіцы.

Парушэнне жавання і маўлення, немагчымасць сціснуць зубы – дадатковыя сімптомы пры пераломе сківіцаў. Пры цяжкіх траўмах не выключанае западанне языка і парушэнне дыхання. Пры аказанні першай дапамогі неабходна пераканацца, што не адбылося западання языка. Інакш яго неабходна выцягнуць і зафіксаваць бінтам, кавалкам тканіны, насоўкай.

Затым астудзіць пашкоджаную вобласць даступнымі сродкамі і накласці прашчападобную павязку (падыдзе бінт, хусціна, прадметы адзення, якія дазваляюць падвязаць пашкоджаную сківіцу).

Медыцынскую дапамогу пры пераломах сківіцы аказваюць спецыялісты сківічна-тварнай хірургіі.

Пералом касцей чэрапа і асновы чэрапа

Адносяцца да вельмі сур'ёзных траўмаў і акрамя асноўных прыкметаў пералому касцей могуць быць абцяжараныя неўралагічнай сімптаматыкай:

Небяспечныя пераломы. Пералом касцей чэрапа.

  • пастаянны інтэнсіўны галаўны боль;
  • млоснасць, ваніты;
  • галавакружэнне, «мушкі» ў вачах;
  • шум у вушах;
  • раптоўная слабасць, санлівасць;
  • парушэнне каардынацыі рухаў;
  • халодны пот;
  • выдзяленне празрыстай вадкасці з носа і/або вушэй;
  • страта свядомасці;
  • дэзарыентацыя;
  • страта памяці;
  • страта прытомнасці.

Гематома ў выглядзе акуляраў нават без непасрэднага ўдару ў вобласць вачэй, якая з'яўляецца праз некалькі дзён пасля траўмы, з'яўляецца адметнай прыкметай пералому асновы чэрапа.

 
Віктар Комар
Загадчык траўматалагічнага аддзялення 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна г.Мінска
Пераломы касцей чэрапа ў некаторых выпадках працякаюць без выяўленай неўралагічнай сімптаматыкі. У маёй практыцы былі выпадкі, калі чалавек на працягу некалькіх тыдняў на нагах перахаджваў траўму. Пры гэтым увесь час захоўвалася рызыка пашкоджання галаўнога мозгу – гэта самае небяспечнае пры пераломах касцей чэрапа.

Пры траўматызацыі галаўнога мозгу абломкамі зламанай косці ўтвараецца ўнутрычарапная гематома (або некалькі), якая сціскае мозг і прыводзіць да страты прытомнасці.Эксперт падкрэслівае: пры пераломе касцей чэрапа альбо асновы чэрапа правілы аказання даўрачэбнай дапамогі вельмі абмежаваныя. З-за высокай рызыкі цяжкіх ускладненняў патрабуецца забяспечыць пацярпеламу поўны спакой і неадкладна выклікаць «хуткую».

Лячэнне падобных траўмаў павінна праходзіць пад пастаянным наглядам неўролагаў.

Пералом пазваночніка

Небяспечныя пераломы. Пералом пазваночніка.

Адзін з самых небяспечных відаў траўмаў, здольных прывесці да глыбокай інваліднасці і нават смяротнага зыходу. Шмат што залежыць ад вобласці пералому пазваночніка. Але ёсць шэраг трывожных прыкметаў (акрамя асноўных), якія паказваюць на зашчымленне або пашкоджанне спіннога мозгу. Да іх ліку адносяцца:

  • неўралагічная сімптаматыка, апісаная вышэй;
  • страта адчувальнасці ў вобласці ўдару, у пальцах рук і ног;
  • немагчымасць сесці, устаць;
  • адсутнасць рухальнасці ў нагах і руках (пераважна пры пераломе шыйных і паяснічных пазванкоў, радзей – пазванкоў груднога аддзела пазваночніка);
  • страта свядомасці.

Першая дапамога пры пераломе пазваночніка

Па словах Віктара Комара, даўрачэбная дапамога пры пераломе пазваночніка, хутчэй, зводзіцца да таго, каб не нашкодзіць, не дапусціць зрушэння абломкаў пашкоджаных пазванкоў і траўмавання спіннога мозгу. Перш за ўсё, неабходна праверыць адчувальнасць рук і ног, рухомасць пальцаў, здольнасць рухаць канечнасцямі. Пры іх адсутнасці катэгарычна супрацьпаказана:

  • тармасіць пацярпелага;
  • спрабаваць падняць на ногі ці пасадзіць;
  • паварочваць на бок альбо перамяшчаць (перацягваць) аднаму на іншае месца.

Усё, што можна зрабіць у падобнай сітуацыі:

  • забяспечыць поўны спакой пацярпеламу;
  • пры магчымасці вельмі асцярожна і ў адзін прыём з удзелам некалькіх чалавек, падтрымліваючы на адной вышыні, перакласці на цвёрды шчыт (фанеру, кавалак дошкі). Нельга ўкладваць чалавека на мяккія насілкі альбо сядзенні машыны (!);
  • пры падазрэнні на пералом шыйнага аддзела пазваночніка пакласці пад вобласць лапатак шчыльны валік, скручаны з адзення, коўдры, ручнікоў, вобласць шыі абкласці мяккімі прадметамі;
  • тэрмінова выклікаць брыгаду хуткай дапамогі.

Асноўныя агульныя сімптомы і правілы першай дапамогі пры пераломах чытайце ў гэтым матэрыяле >>>

https://bel.24health.by/pershaya-dapamoga-pry-peralomax-shto-treba-rabic-shto-nelga/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 64

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама