11.05.2021
11.05.2021

Топ-5 непатрэбных дзіцячых рэчаў

logo
Адукацыя і выхаванне
0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Усе мамы малышоў перыядычна хочуць адпачыць. І паесці спакойна. І яшчэ шмат чаго, на што звычайна не хапае часу. Вытворцы дзіцячых тавараў завабліваюць прыгожымі малюначкамі, дзе шчаслівая і дагледжаная, прыгожа апранутая мама спакойна гуляе з малым у ідэальна прыбранай кватэры. Яе не хвалюе, што ў ракавіне гара нямытага посуду, а ў ванным пакоі ўжо дзве гадзіны як скончыла мыццё машынка. Бо ў яе няма бруднага посуду, і бялізна развешаная своечасова. Яе сакрэт – супер-пупер-прыстасаванне, якое зрабіла  жыццё лёгкім і бесклапотным (у гэтым месцы кожны вытворца ўстаўляе назву свайго тавару).

Ніхто не адмаўляе, што жыццё бацькоў моцна спрасцілася са з'яўленнем аднаразовых падгузнікаў і пральных машынак. Але сярод дзіцячых тавараў сустракаюцца і вельмі незвычайныя. Ці сапраўды без іх ніяк не абысціся? Мы склалі топ-5 самых, на наш погляд, непатрэбных тавараў для малышоў.

1.Назапашвальнік для падгузнікаў

Для чаго? Прызначаны для захоўвання выкарыстаных дзіцячых падгузнікаў, пазбаўляючы ад неабходнасці выносіць смецце некалькі разоў на дзень. Вытворцы абяцаюць, што непрыемныя пахі будуць надзейна зачыненыя ўнутры назапашвальніка на працягу ўсяго тэрміну захоўвання.

Што сабой уяўляе? Гэта пластыкавае вядро са здымнай накрыўкай. Да яго прадаюцца адмысловыя касеты з запраўленым у іх доўгім-доўгім пакетам.

Які прынцып дзеяння? Трэба адчыніць накрыўку, пакласці ўнутр брудны падгузнік і злёгку ўтапіць. Затым павярнуць рычаг, закручваючы верхнюю частку пакета над змесцівам, і зачыніць накрыўку. Калі дзіця запэцкае наступны падгузнік, робім гэтак жа, пакуль не напоўніцца вядро. Затым дастаем змесціва (гэтакія сардэлькі з падгузнікаў) і выкідваем.

Непатрэбныя дзіцячыя рэчы. Назапашвальнік для падгузнікаў.

Трэба адзначыць, што паміж сабой падгузнікі ў пакеце не запаяныя, іх падзяляе перакручаная частка пакета. І калі гэтую чараду дастаем, каб выкінуць, усё раскручваецца, але гэта ўжо не важна, бо ўсё роўна застаецца ўнутры.

Водгукі. Карыстальнікі пішуць у водгуках, што картрыджу хапае на 2-4 тыдні – чым меншае дзіця, тым большы расход падгузнікаў. І многія адзначаюць, што на заяўленую вытворцам колькасць падгузнікаў касеты ўсё роўна не хапае, плёнка заканчваецца значна раней.

Істотны мінус – высокі кошт зменных картрыджаў.

Чым можна замяніць? Тыя, каму агідная сама думка збіраць у дзіцячай брудныя падгузнікі, кладуць іх у простыя харчовыя пакеты і шчыльна завязваюць, каб «замкнуць» пах. Выкідваюць жа ў звычайнае смеццевае вядро з накрыўкай.

Альбо, калі заканчваецца касета, запраўляюць у назапашвальнік падыходны па памеры пакет для смецця – шчыльная накрыўка не дазваляе паху распаўсюджвацца па пакоі.

Непатрэбныя дзіцячыя рэчы.

А калі вы хочаце падарыць камусьці такі агрэгат, падумайце спачатку, ці ў стане чалавек купляць дарагія картрыджы. У адваротным выпадку дарыце і іх.

2.Балдахін на дзіцячы ложак

Для чаго? Першапачаткова балдахін прыдумалі як абарону спячага малыша ад насякомых і благога вока. Трыста гадоў таму гэта было актуальна. У багатых дамах калысачку ахутвалі аксамітнымі, атласнымі і шаўковымі заслонамі, а бяднота здавольвалася бавоўнай.

Сучасныя балдахіны – з арганзы альбо тонкіх натуральных тканінаў – выконваюць хутчэй дэкаратыўную функцыю. Акрамя ўпрыгожвання інтэр'еру, закліканы, па словах вытворцаў, забяспечыць утульнасць і ізаляванасць для малыша, сфарміраваць у яго ўяўленне пра рэжым дня, а таксама абараніць ад укусаў насякомых, пылу і скразнякоў... У апошняе, праўда, верыцца з цяжкасцю.

Што сабой уяўляе?

Гэта шторкі, якія абкружваюць спальнае месца дзіцяці. Мацуюцца рознымі спосабамі:

  • На апоры, устаноўленыя на вуглах ложка.
  • На карніз, прыкручаны да сцяны альбо столі.
  • На драўляную альбо металічную канструкцыю, якая паўтарае форму ложка.
  • На колца, замацаванае зверху.

Непатрэбныя дзіцячыя рэчы. Балдахін на ложак.

Балдахін можа завешваць ложак цалкам альбо часткова.

Водгукі. Карыстальнікі пакідаюць памежна розныя меркаванні на форумах. Адны захапляюцца прыгажосцю і ўтульнасцю, іншыя наракаюць на тое, што балдахін закрывае агляд, замінаючы бачыць малое з розных кропак пакоя, а таксама збірае пыл. А раптам дзіця пацягне за тканіну – і ўся канструкцыя абрынецца на яго?

Як правіла, насякомых і скразнякоў у сучасных кватэрах і дамах бацькі не дапускаюць, так што абараняць ад іх дзіцячы ложак няма патрэбы. Там жа, дзе чысціня і мікраклімат жылля пакідаюць жадаць лепшага, як правіла, не да балдахінаў...

Чым можна замяніць? Складана сказаць. Хутчэй, трэба ставіць пытанне пра неабходнасць такога прыстасавання ў прынцыпе.

3.Камбайн для прыгатавання дзіцячай сумесі

Для чаго? Гэта машына, прызначаная для аўтаматычнага змешвання сухой малочнай сумесі з вадой. На выхадзе атрымліваем гатовае дзіцячае харчаванне патрэбнай кансістэнцыі і тэмпературы.

Непатрэбныя дзіцячыя рэчы. Камбайн для прыгатавання дзіцячай сумесі.

Што сабой уяўляе? Прыбор тыпу кававаркі, працуе ад электрасеткі. Ёсць адсекі для сухой сумесі і вады, месца для бутэлечкі.

Які прынцып дзеяння? Уключаем у сетку, настройваем параметры сумесі на корпусе ўручную альбо праз мабільны дадатак (для гэтага трэба адсканаваць штрых-код на пачку). Засыпаем сумесь у адзін адсек, наліваем ваду ў другі, ставім бутэлечку. Націскаем кнопку «пуск». Працэс падрыхтоўкі займае не больш за паўхвіліны, і можна карміць дзіця.

Водгукі. З пазітыўных – хуткасць прыгатавання, аптымальная кансістэнцыя і тэмпература, зручнае кіраванне са смартфона.

З негатыўных – высокі кошт прыбора, займае месца на кухні, не ўсе бутэлечкі падыходзяць і трэба часта мыць усе здымныя дэталі. Адтуліна можа забівацца, з-за чаго сумесь паступае камякамі. Нямала нараканняў і на недакладную дазіроўку: камбайн можа недасыпаць сухі інгрэдыент, а праверыць гэта немагчыма, хіба толькі на смак... А размова, між тым, пра здароўе немаўляці.

Не пераканаліся, што вады альбо сумесі ў кантэйнеры дастаткова, – камбайн прыгатуе порцыю з тым, што ёсць.

Чым можна замяніць? Любімая бутэлечка малыша з мернай шкалой, плюс мерная лыжачка (ёсць у кожным пачку сухога дзіцячага харчавання) ды маміна ўважлівасць – вось і ўсе неабходныя складнікі. Размешваць уручную да аднастайнасці сучасныя сумесі не так складана, як раней. Тэмпературу можна вымераць адмысловым тэрмометрам альбо капнуўшы на запясце, як большасць і робіць.

4.Абарона ад падзення

Для чаго? Прыстасаванне прызначанае для абароны галавы і спіны малыша ад падзенняў назад у перыяд, калі малое вучыцца хадзіць.

Што сабой уяўляе? Часцей за ўсё абарона ад падзення сустракаецца двух відаў:

  1. Падушка спецыяльнай формы, якая мацуецца як заплечнік да спіны дзіцяці. Складаецца з дзвюх частак, змацаваных паміж сабой: ніжняя затуляе спіну, а верхняя – патыліцу. Бывае ў форме якой-небудзь казюлькі, анёльскіх крылцаў з німбам і г.д.
  2. Мяккі супрацьударны шлем.

Непатрэбныя дзіцячыя рэчы. Абарона ад падзення.

Водгукі. Падушка-заплечнік патрэбная, у асноўным, дзецям, якія часта падаюць на спіну, ад іншых падзенняў яна не ратуе. Акрамя таго, малыш можа не захацець насіць гэтае прыстасаванне, як і шлем (у сеціве шмат нараканняў на тое, што ў паралонавым шлеме дзіцячая галава пацее, дзіцяці нязручна). Але нават прымяненне ўсіх сродкаў абароны не адмяняе неабходнасці пастаянна сачыць за малым вельмі ўважліва.

Чым можна замяніць? Нічым. Патурбуйцеся пра тое, каб малое ні на хвіліну не заставалася адно там, адкуль можна зваліцца, купіце спецыяльныя накладкі на вострыя вуглы мэблі. Некаторыя бацькі пішуць, што без абароны дзіця хутка вучыцца групавацца і меней удараецца. Але заўсёды лепей падстрахавацца

5.Соска-тэрмометр

Для чаго? Для кантролю тэмпературы цела немаўляці.

Што сабой уяўляе? Гэта пустышка з сілікону альбо латэксу з уманціраваным у яе градуснікам. Бывае разборная (у гэтым выпадку мяккую частку можна стэрылізаваць, кіпяціць) і неразборная.

Непатрэбныя дзіцячыя рэчы. Соска-тэрмометр.

Які прынцып дзеяння? Працуе ад батарэйкі. Дарослы націскае на пустышцы кнопку ўключэння і дае дзіцяці. Соску-тэрмометр трэба трымаць у роце да гукавога сігналу (1-5 хвілін). Лічбы на экране могуць падсвечвацца, а могуць мяняць колер (залежыць ад мадэлі): зялёныя – тэмпература нармальная, чырвоныя – павышаная. Пасля сігналу соску трэба забраць.

Водгукі. Частка карыстальнікаў піша, што прыбор зручны, бяспечны. Падсветка дапамагае, калі трэба ноччу вымераць тэмпературу ў дзіцяці. Убудаваная памяць пакажа апошні замер, можна параўнаць.

Большасць жа сыходзяцца ў меркаванні, што мінусаў значна больш. Прыбор досыць дарагі. Не факт, што малому ён спадабаецца – соска-тэрмометр важыць больш, чым звычайная пустышка, ды і форму, як правіла, дзіця не кожную возьме.

Няма гарантыі, што пратрымае бесперапынна ў роце неабходную колькасць часу і не выплюне ці не заплача (тады вынік будзе недакладным). І нават калі возьме, дык відавочна будзе незадаволеным, што соску забралі праз некалькі хвілін.

Непатрэбныя дзіцячыя рэчы.

У неразборных мадэлях сіліконавую частку можна толькі праціраць дэзінфікуючымі растворамі (як жа пасля гэтага даваць яе малому?), кіпяціць нельга. Пажадана мець дома запасную батарэйку, каб старая не скончылася ў непадыходны момант. І трэба памятаць, што прыбор не любіць перападу тэмператураў, сонечнага святла і павышанай вільготнасці.

Чым можна замяніць? Любым іншым градуснікам.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 24

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.
Глядзіце таксама