05.08.2020
05.08.2020

Неўралгія трайчастага нерва. Частка 1. Калі патрэбны нейрахірург

logo
Хваробы ад А да Я
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Звычайная герпетычная інфекцыя ці няўдалы паход да стаматолага могуць стаць прычынай развіцця неўралгіі (у народзе кажуць – «запаленне») трайчастага нерва.

Па дадзеных СААЗ, больш за мільён чалавек ва ўсім свеце пакутуюць ад гэтай паталогіі. У Беларусі штогод з'яўляюцца 3-5 новых выпадкаў на 100 000 насельніцтва. Характэрна, што боль пры неўралгіі трайчастага нерва лічаць адным з самых моцных і невыносных для чалавека. Ён стаіць на другім месцы пасля болю ад укусу ядавітай змяі. Бывае, што чалавек настолькі пакутліва перажывае гэты стан, што лічыць за лепшае... скончыць жыццё самагубствам. Аднак у сучасных умовах паталогія даволі добра вывучаная і паддаецца лячэнню.

У РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі штогод аперыруюць ад 60 да 100 пацыентаў з дыягназам «неўралгія трайчастага нерва». Пра тое, чым небяспечная паталогія, як яе выявіць і ў якіх выпадках патрабуецца хірургічнае ўмяшанне, распавёў нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Віталь Баярчык.

У чым небяспека праблемы?

Нещралгия трайчастага нерва. Боль.

Неўралгія трайчастага нерва – хранічная хвароба, якая праяўляецца болем у зонах інервацыі трайчастага нерва: вочнай, верхнясківічнай, ніжнясківічнай. Прыступы інтэнсіўныя, боль звычайна аднабаковы. Ён можа быць з левага ці правага боку твару: ад унутранай кропкі броваў, праз скронь, уздоўж вуха ўніз, па тыльным баку шыі. Балець можа таксама вуха, вока, зубы, сківіцы, ажно да ўказальнага пальца. Чалавек аказваецца выбітым з нармальнага жыцця.

 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Боль пры неўралгіі бывае вельмі інтэнсіўным, прыносіць выяўленыя пакуты пры звычайных бытавых дзеяннях. Жаванне, глытанне, размова, самы нязначны рух сківіцай, ротам, дотык да твару могуць выклікаць узмацненне болевага сіндрому альбо прыступ. Параўнаць гэта можна з вельмі моцным зубным болем. Часам не дапамагаюць ні ўколы, ні таблеткі. Ёсць пацыенты, якія заканчваюць жыццё самагубствам з-за таго, што не ў сілах вытрымаць вельмі інтэнсіўны боль. Абвастрэнні часцей сустракаюцца ўвосень-увесну.

Хварэюць у асноўным людзі з узроставай групы, старэйшай за 50 гадоў (пераважна жанчыны), аднак турбаваць боль можа і больш маладых.

Прычыны неўралгіі трайчастага нерва

Нещралгія трайчастага нерва.

  • Сасудзісты канфлікт
 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
У большасці выпадкаў неўралгія трайчастага нерва выкліканая сасудзістым канфліктам, калі карэньчык трайчастага нерва ў месцы выхаду са ствала галаўнога мозгу ахутаны сасудам, часцей артэрыяй альбо венай. Пры пульсацыі сасуда адбываецца сцісканне нерва, узнікае выяўлены болевы сіндром. Звычайна такая праблема з'яўляецца ў больш старэйшым узросце, пасля 50 гадоў.
  • Атыпічныя неўралгіі
 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Ёсць група пацыентаў усіх узростаў з атыпічнымі неўралгіямі. Напрыклад, паслягерпетычная неўралгія трайчастага нерва, якая ўзнікае пасля герпесу. Востры герпес можа выклікаць выражаны бесперапынны болевы сіндром. На жаль, такая праблема вельмі дрэнна лечыцца кансерватыўна, а хірургічна і зусім з ёй справіцца амаль немагчыма.
  • Пашкоджанне трайчастага нерва

Неўралгія трайчастага нерва. Пашкоджанні трайчастага нерва.

 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Траўма можа здарыцца, напрыклад, падчас правядзення стаматалагічных працэдур. Нават пасля ін'екцыі анестэтыку лакальна ўрач можа выпадкова трапіць іголкай у сам нерв і яго пашкодзіць. Пасля гэтага часам развіваецца неўралгія трайчастага нерва. Такія пацыенты ў нас былі.
  • Рассеяны склероз
 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
4% ад усіх пацыентаў з рассеяным склерозам пакутуюць ад неўралгіі.

Неўралгія трайчастага нерва можа быць выкліканая таксама наяўнасцю пухлінаў галавы, захворваннямі зубоў, прастудай, наяўнасцю глаўкомы ды іншымі прычынамі, у тым ліку псіхагеннымі.

Як выявіць неўралгію трайчастага нерва?

 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Дыягназ выстаўляецца на падставе клінічнай карціны, анамнэзу і МРТ. Абавязкова выкананне МРТ для выключэння пухліны галаўнога мозгу альбо твару і рассеянага склерозу. Патрабуецца і прызначэнне праграмы МРТ FIESTA для вызначэння наяўнасці сасудзіста-неўральнага канфлікту. Акрамя таго, трэба выключыць стаматалагічную паталогію, мігрэнь, псіхіятрычныя захворванні.

Лячэнне неўралгіі трайчастага нерва

Неўралгія трайчастага нерва.

У першую чаргу справіцца з праблемай імкнуцца кансерватыўнымі метадамі:

  • лекавая тэрапія;
  • блакады галінаў трайчастага нерва;
  • фізіятэрапія;
  • ігларэфлексатэрапія.

Пра тое, якія кансерватыўныя метады лячэння прымяняюцца ў кожным канкрэтным выпадку і якая іх эфектыўнасць, чытайце ў другой частцы матэрыялу.

Калі без нейрахірурга не абысціся?

Калі кансерватыўная тэрапія не дапамагае больш за месяц, назіраецца пагаршэнне (узмацненне болю, неабходнасць у павелічэнні дазіроўкі прэпаратаў альбо іх неэфектыўнасць), узнікае пытанне аб хірургічным лячэнні. У сярэднім у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі праводзіцца каля 100 аперацый у год з гэтай нагоды.

Існуюць два асноўныя накірункі хірургічнага лячэння:

1. Вялікая аперацыя (мікраваскулярная дэкампрэсія трайчастага нерва).

Неўралгія трайчастага нерва.

 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
У 90% выпадкаў тыповая неўралгія трайчастага нерва выкліканая сасудзістым канфліктам. Калі ён пацверджаны, мы выконваем мікраваскулярную дэкампрэсію трайчастага нерва. Гэта аперацыя, якая выконваецца разам з трэпанацыяй чэрапа. Пры гэтым мы вызваляем карэньчык трайчастага нерва ад сціскання сасудам, укладваем на нерв які-небудзь пратэктар (матэрыял), каб прадухіліць адваротнае прыпайванне сасуда рубцамі да трайчастага нерва. Гэта стандартная аперацыя, якая выконваецца ва ўсім свеце.

 Плюсы

Захаванне адчувальнасці твару. Меншая верагоднасць рэцыдываў.

 

 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Калі малады ўзрост пацыента дазваляе перанесці вялікую аперацыю, дык яна можа быць больш пераважнай. У 90% выпадкаў дапамагае справіцца з праблемай пры тыповай неўралгіі, пры гэтым захоўваецца адчувальнасць твару. Для маладых людзей, якія вядуць актыўны лад жыцця, гэта важна.

Мінусы

Нейрахірургічнае ўмяшанне пад агульным наркозам і з правядзеннем трэпанацыі чэрапа. Сталы ўзрост, спадарожная сардэчная паталогія ды іншыя прычыны могуць быць супрацьпаказаннем.

2. Мініінвазіўная аперацыя (радыёчастотная абляцыя – РЧА).

Калі вялікую аперацыю выканаць немагчыма ў сувязі з супрацьпаказаннямі або неўралгія атыповая, метадам выбару робяцца мініінвазіўныя аперацыі.

Неўралгія трайчастага нерва.

 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Метадам РЧА мы разбураем вузел трайчастага нерва (Гасераў вузел). Гэта тое месца, дзе трайчасты нерв падзяляецца на тры галіны. Праз авальнае акно пунктуем аснову чэрапа доўгай іголкай 150 мм, праз іголку з ізаляванай канюляй падводзім электрод, які разаграваецца да тэмпературы 70 градусаў. Дзякуючы гэтаму дасягаецца кантралюемая зона дэструкцыі дыяметрам некалькі міліметраў з выразным пазіцыянаваннем тэмпературы, часу яе вытрымкі, з-за чаго вузел трайчастага нерва разбураецца. Лічыцца, што пры гэтай працэдуры «паміраюць» адчувальныя валокны. Адпаведна адчувальнасць па нерве знікае, але разам з ёй сыходзіць і боль. Гэта дапамагае практычна ва ўсіх выпадках, у тым ліку пры рассеяным склерозе. Выключэнне – паслягерпетычная неўралгія, калі прычына болю знаходзіцца не ў трайчастым нерве, а ў яго ядры, у ствале мозгу, дзе знаходзіцца сам вірус герпесу.

 Плюсы

Мініінвазіўная аперацыя, якая не патрабуе агульнага наркозу і трэпанацыі чэрапа. Можа быць метадам выбару пры рассеяным склерозе. Захаванне рухальных валокнаў, жавальная мускулатура не церпіць.

 Мінусы.

Асноўны недахоп – выпадзенне адчувальнасці. Здранцвенне развіваецца па галінах трайчастага нерва. Часцей за ўсё гэта практычна палова твару. Боль можа рэцыдываваць у прамежак часу ад 1 да 5 гадоў.

 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Узнікненне рэцыдыву звязанае з тым, што трайчасты нерв схільны да аднаўлення. Мы разбураем Гасераў вузел, але нерв можа рэгенераваць, прарастаць, і боль вяртаецца. Пры гэтым паўторныя малаінвазіўныя аперацыі ўжо менш эфектыўныя. Аднак РЧА мы выконваем ужо звыш 10 гадоў, вопыт вялікі. З кожным годам рэцыдываў усё меней.

Больш складаныя хірургічныя метады:

  • Аперацыя на ствале мозгу.
 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
У самых складаных выпадках можа прымяняцца аперацыя на ствале мозгу – разбурэнне ядра трайчастага нерва. У нашым РНПЦ такія аперацыі рабілі. З-за высокай рызыкі ўскладненняў (парэзы, паралічы паловы цела) яны выконваюцца рэдка, з дакладным вызначэннем паказанняў.
  • Метады нейрамадуляцыі (імплантацыя электродаў на трайчасты нерв).
 
Віталь Баярчык
Нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Гэтыя метады дарагія, існуюць на ўзроўні эксперыментаў. Няма дастатковай доказнай базы, каб гаварыць пра іх высокую эфектыўнасць.

Неўралгія (запаленне) трайчастага нерва – даволі распаўсюджаная паталогія, якая значна зніжае якасць жыцця. На шчасце, урачы маюць у арсенале мноства методык (як кансерватыўных, так і хірургічных), якія дазваляюць спраўляцца з хваробай.

Пра тое, што можа стацца прафілактыкай неўралгіі трайчастага нерва, чытайце ў наступным матэрыяле.

Неўралгія трайчастага нерва. Частка 2. Таблетка ад болю

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама