23 Лістапада
23.11.2018

Новы год… у лістападзе???

logo
Думкі ўслых
86 0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
А вось ніяк не прывыкну да таго, што цяпер упрыгожваць гарады, ды і вёскі, пачынаюць задоўга да Новага года. Яшчэ ў лістападзе з’яўляюцца многія атрыбуты свята: ёлкі, сняжынкі, гірлянды, агеньчыкі… Будынкі і дрэвы раптам пачынаюць так завабліва свяціцца рознакаляровым… І нават не ведаю, як ставіцца да такога “зараней”?!

З аднаго боку, усё лагічна. Нам ствараюць навагодні настрой, настройваюць на святочны лад… І снежань мы хутка і бадзёра праскокваем на такім уздыме… Да таго ж, ёсць магчымасць, не спяшаючыся, выбраць дахаты альбо ў працоўны кабінет упрыгажэнні, набыць падарункі. Толькі… А калі гэта большасць з нас рабіла гэта зараней??? Неее-е-ее!!! Самае ж цікавае – у натоўпе. У апошнія дні, ліхаманкава прабягаючыся па гандлёвых кропках… Навагодняя рамантыка, ці не так?!

А з другога боку… Асабіста ў мяне апошнім часам той навагодні настрой штосьці так і не з’яўляецца. Ці ў даросласці справа, ці ў праблемах ды турботах жыццёвых. І ад многіх знаёмых чую роўна тое ж, і не першы год. А вось калі непасрэдна  напярэдадні святаў тыя ёлкі і ўпрыгажэнні будуць з’яўляцца… Каб – раз! – і ўзрадаваўся! Магчыма, па-іншаму буду ўспрымаць.

Памятаю, як аднойчы ў дзяцінстве, калі ёлкі яшчэ не трэба было выпісваць ў лясніцтвах і за іх плаціць, тата і брат накіравалася па вечназялёнае дрэўца… акурат напярэдадні Новага года! Мы тады толькі нядаўна пераехалі ў горад, наваколля добра не ведалі. І трэба ж было такому здарыцца… Яны заблукалі! Але, на шчасце, усё скончыла добра. Выйсці з лесу атрымалася, і свята адбылося!

Зразумела, што рашэнне пра навагодняе ўпрыгажэнне населеных пунктаў у лістападзе ніхто ўжо не адменіць. Так што… будзем радавацца, сябры! Зараней! Я дык пачала ўжо… Яшчэ на мінулым тыдні. Калі спачатку згледзела навагоднія атрыбуты ля мінскага ЦУМа, а тады – ля “МОМА”.

…Выбягаю з метро, каб прайсці на аўтастанцыю, – і не веру сваім вачам! Ёлка!!! Стаіць такая, стромкая, агеньчыкамі бліскае-пераліваецца. А над уваходам у будынак свецяцца ёлачкі, сняжынкі, алені… Ну прыгажосць!

На шчасце, пакуль стаіць марознае, хаця і бясснежнае ўсё яшчэ надвор’е, мозг успрымае навагоднія сімвалы адэкватна. Па схеме: ага – халодна – штосьці пераліваецца – хутка Новы год – ур-р-р-р-рра! Ужо нават учора ўвечары, шпацыруючы па Мінску, падумала: а чаму гэта нешта нічога больш у зоне маёй бачнасці не дадаецца… з навагодняга?! Смяюся!

Дарэчы, самае цікавае, што ўжо некалькі гадоў запар навагодні настрой наведвае мяне ў адзін з дзён снежня. Абсалютна безадносна да даты, дня тыдня, часу сутак, настрою, наяўнасці ці адсутнасці снегу… Проста ў пэўны момант накрывае такім абсалютным адчуваннем шчасця, бо хутка Новы год! Яно кароткае, тое імгненне. А памятаецца доўга.

А ў вас такое бывае?

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

86 0 35

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.