26.12.2021
26.12.2021

Новы год здаровага чалавека

logo
Здаровы лад жыцця
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Заканчэнне старога і пачатак новага года – для мяне заўсёды чароўны час. З дзяцінства засталося гэтае адчуванне надыходзячых цудаў. А святаў жа – цэлая чарада. Па ўсіх канонах, канфесіях і традыцыях. Божае Нараджэнне і Раство Хрыстова, Новы год і Стары Новы год, вясёлыя Каляды, Вадохрышча...

Ведаеце, я стаўлюся да ўсіх святаў станоўча, паважаю выбар кожнага чалавека. А святкую іх, думаючы пра крохкасць быцця.

Здаровы Новы год

Калі навагоднія святы заканчваюцца, самы час прааналізаваць тое, як ты іх адзначаеш, зрабіць высновы і падзяліцца сваімі адкрыццямі. Можа, камусьці таксама прыдасца, станецца карысным. Бо як у нас прынята ўсё гэтае навагоддзе адзначаць? Правільна, застоллямі з выпіўкай і вялікай колькасцю ежы, у шумных кампаніях. Кожны выбірае для сябе, і я зусім не ханжа. Проста хочацца распавесці, што ёсць і альтэрнатыўны спосаб адсвяткаваць, падсілкаваўшыся здаровай энергіяй на цэлы год.

Здаровы Новы год. Варвара Чаркоўская і Марта.

Адразу хачу сказаць, што і мінулы, 2020-ы год мы з кампаніяй аднадумцаў сустракалі незвычайна. Тады вырашылі забегчы ў Новы год у літаральным сэнсе гэтага слова! Загадзя вызначылі дыстанцыю ў цэнтры горада, адмераўшы 2 кіламетры і 20 метраў (2020). Беглі вакол парка Чатырох Стыхій, а апоўначы аказваліся якраз на Цэнтральнай плошчы каля ёлкі. У мерапрыемстве тады ўзялі ўдзел больш за 10 чалавек, былі і сталыя жанчыны.

Памятаю, як апоўначы нам пачалі тэлефанаваць знаёмыя з віншаваннямі. І было вельмі смешна, калі сын, пачуўшы ад сталай мамы: «Сынок, я бягу!», захваляваўся і пачаў пытацца, ці ўсё з ёй у парадку. Я гэта да чаго? Бо менавіта тады вырашыла, як буду сустракаць 2021-ы год.

Мне патэлефанавала знаёмая, якая распавяла, што запаліла ў ванным пакоі свечкі, слухае музыку і сядзіць у пене. А мне было прахалодна і слізка, таму і вырашыла, што наступны год буду таксама сустракаць з камфортам, у цяпле і пене.

Здаровы Новы год. Ванна з пенай.

Але і здаровы лад жыцця ніхто не адмяняў. Таму напярэдадні свята я зрабіла сабе прыемнае – пайшла на масаж. Ды не на звычайны, а на мнушы. Гэта такі від ёга-масажу, падобны да тайскага. Дзіўна, як пад лёгкую музыку, лежачы з заплюшчанымі вачыма, ты пачынаеш пазнаваць сваё цела, прыслухоўвацца да сябе і сваіх унутраных адчуванняў, цалкам расслабляцца. Тут важная сувязь з масажыстам, пэўнае ўнутранае сугучча. Мне пашанцавала: дзяўчына-масажыст аказалася вельмі далікатнай і ўважлівай. Пасля мнуш я адчула такую ​​лёгкасць у целе! І быццам не ішла, а ляцела.

А вось 31-га снежня я наладзіла сабе сапраўднае свята, наведаўшы басейн. Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную абстаноўку, сеансы там ёсць, людзі прыходзяць, каб паплаваць. Але на дзённым сеансе перад Новым годам я была адна! І ўвесь басейн – мой! Бо ў кагосьці быў працоўны дзень, а хтосьці, верагодна, ужо гатаваў салаты.

Увечары, амаль перад боем курантаў, я правяла ёга-практыку. А на стале ў мяне былі мандарыны і лёгкая веганская салата, падобная да аліўе. І яшчэ некаторыя смачнасці-карыснасці, пра якія паклапацілася загадзя.

Здаровы Новы год. Вегетарыянскія стравы.

Новы год я сустракала цвяроза! Так-так, свядома адзначала без кампаніі, і мне вельмі спадабалася. А роўна апоўначы, як вы зразумелі, я ўзбіла сабе пену ў ванне, уключыла музыку і запаліла свечкі...

1-га студзеня дызель-цягніком я ўжо ехала ў суседні горад – Слуцк, горад майго дзяцінства. Найперш у 2021-ым годзе наведала сваіх бацькоў, якія, вядома ж, прымусілі мяне крыху адысці ад здаровых звычак. Вельмі цяжка адмовіць маме і не пакаштаваць яе стравы. Затое як цудоўна было сустрэцца з бацькамі, сястрой і братам! Такія сустрэчы з гутаркамі, сумеснымі ўспамінамі – бальзам на сэрца і здароўе для душы.

Дзень 2-га студзеня ў мяне атрымаўся таксама са спартыўным ухілам. Раніцай мы з сабакам прабеглі ўздоўж вадасховішча і па лесе больш за 8 кіламетраў.

Здаровы Новы год. Прабежка.

Затым я наведала святочны ёга-занятак з загадваннем жаданняў (не паверыце, але загадала сабе моцнага здароўя!), а ўвечары схадзіла на апошні сеанс у лазню. І гэта тады яшчэ снегу не было. А зараз такая выдатная зіма на вуліцы! Самы час уставаць на лыжы і канькі ці проста шпацыраваць пад снегападам, сузіраць хараство і дыхаць глыбей, насычаючы лёгкія кіслародам.

Нікому нічога не хачу навязваць, але мне падалося, што так адзначаць святы – вельмі крута! Мне падабаецца, маю намер працягваць. Хаця, прызнаюся шчыра, так імкнуся жыць не толькі ў святы, а заўсёды, штодня. Самае галоўнае – не прымушаць сябе і сваё цела, а навучыцца атрымліваць задавальненне ад фізічнай актыўнасці.

Здаровы Новы год. Варвара Чаркоўская.

Усім добрага здаровага года! І пакуль яшчэ не скончыліся Каляды, самы час загадаць таемныя жаданні. Няхай спраўджваюцца самыя смелыя мары!

Фота – з архіва Варвары Чаркоўскай і адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63