14.02.2021
14.02.2021

Ці трэба адзначаць Дзень святога Валянціна і як перажыць 14 лютага, калі вы адзінокія? (+відэа)

logo
Адносiны
0 171
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ за некалькі дзён да гэтага свята мы пачынаем адчуваць нездаровы ажыятаж і хваляванне. «Зніжкі на трускалкі і вяршкі» – ненавязліва намякае нам пра сцэнар гэтага дня рэклама. «Сёння кажы толькі«так» – скандзіруюць ювелірныя крамы... 14 лютага ператвараецца ў клубок вялікіх чаканняў і непазбежных расчараванняў.

Ці варта адзначаць Дзень святога Валянціна і як перажыць гэтае свята, калі вы адзінокія? Разважаем на партале Слушна.

Каханне жыве 3 гады?

Гэтая фраза Фрэдэрыка Бегбедэра не дае спакою, а кніга на гэтую тэму зрабілася бестсэлерам. І хаця потым французскі публіцыст спрабаваў абвергнуць самім жа сабой прапанаваную тэорыю і казаў пра тое, што каханне жыве столькі, колькі абое хочуць, каб яно жыло, думка пра тры гады трывала засела ў нашых галовах. Няўжо гэта праўда? Мы спыталіся ў Юліі Калягі.

 
Юлія Каляга
Псіхолаг, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка
Сапраўды, шмат размоў пра тое, што каханне існуе ўсяго толькі 3 гады. Але залежыць ад таго, якое каханне. Калі мы будзем казаць пра жарсці, захапленне, дык так, яны могуць праходзіць досыць хутка. Але ж ёсць і іншыя віды – рамантычнае, таварыскае. І адзін від пераходзіць у іншы. Каханне – па вялікім рахунку псіхічны стан. Яно не можа быць нязменным на працягу ўсяго жыцця. Псіхічныя станы маюць пэўную дынаміку. Калісьці надыходзіць пік эмоцый, калісьці спад. Гэта не значыць, што яны знікаюць назаўжды. Яны могуць зноў у нас з'яўляцца. Людзі здольныя быць разам доўгі час, любіць, цаніць адзін аднаго. Існуюць эмпірычныя даследаванні, што кожная пара праходзіць крызіс 3 і 7 гадоў сумеснага жыцця. Ён звязаны з тым, што якраз пасля 3 гадоў сумеснага пражывання ў людзей адбываецца разбурэнне казачнай гісторыі. Мы пачынаем бачыць адзін аднаго звычайнымі людзьмі. Каханне не прайшло, як здаецца часам. Людзі зрабіліся больш сталымі ў адносінах, і адбылася іх рэальная, сапраўдная сустрэча.

14 лютага – пастка маркетолагаў

«Любіць трэба штодня, усе гэтыя святы – на руку толькі прадаўцам паштовак і кветак, яны нажываюцца на нас», – кажам мы. Стомлена адмахваемся: «Якая такая закаханасць, мы даўно ўжо ў пары і не маем патрэбы ў такім сюсюканні». «Дзяжурная кветка не ўратуе, калі цэлы год не было цеплыні». У гэтых словах, вядома, ёсць доля праўды. Але ці не прыкрываем мы імі сваю ўласную душэўную ляноту?

Памятаю словы сваіх знаёмых пра тое, што мы, маўляў, даўно жанатыя, а свята гэтае для тых, хто толькі пачаў сустракацца. У нас ужо сталае каханне, а не закаханасць. Навошта адзначаць? Дзіўна, але паступова ў гэтай сям'і знікла традыцыя спраўляць дні вяселля, а потым і любыя асабістыя святы. Разам з гэтымі простымі рэчамі знікла і... інтымнасць.

Дзень Святога Валянціна.

Не блытаць з інтымам. Інтымнасць – глыбокае паняцце. Акрамя сэксуальнага кантакту, яно змяшчае агульныя інтарэсы, здольнасць размаўляць і ствараць свет толькі для дваіх. Успаміны, прысмак ад якіх менавіта ваш, уласныя традыцыі, мілыя слоўцы. Ці кожны можа пахваліцца, што атрымалася захаваць гэтыя дробязі? Але на іх, як вядома, усё і будуецца.

Вельмі часта чалавек паступова становіцца для нас чужым, бо наша эмацыянальная скарбонка, якую мы з самага пачатку сустрэчаў напаўнялі пазітыўнымі эмоцыямі, спусташаецца. А новых манетак мы ў яе не падкідваем. Можа, сам па сабе Дзень святога Валянціна – не зусім свята. Але гэта лішняя нагода прыгадаць, якая прыгажуня яна была ў той сукенцы і як хацелася абняць гэтыя мужныя плечы... Гэта наш шанц зрабіць эмацыянальны ўклад і напоўніць цяплом свае адносіны.

А хітрыкі маркетолагаў? Пяшчота і любоў не абавязкова патрабуюць вялізных затратаў. Шчырыя словы і сняданак, прыгатаваны ад душы, могуць стаць аднымі з самых прыемных сумесных успамінаў.

 
Юлія Каляга
Псіхолаг, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка
Перыяды закаханасці могуць вяртацца. І вельмі многае залежыць ад саміх людзей. Ці прыкладаюць яны намаганні, ці гатовыя адзін аднаму не толькі ў святочныя дні, але і ў іншыя рабіць маленькія сюрпрызы, падарункі, заўважаць у сваім партнёры не толькі сумнага звычайнага чалавека, які перад вачыма штодня. Важна здолець зноўку ўбачыць таго партнёра, з якім вы першапачаткова пазнаёміліся.

У кнізе «7 навыкаў высокаэфектыўных сем'яў» амерыканскі кансультант па пытаннях кіравання жыццём Стывен Кові прыводзіць такі прыклад. Пасля аднаго з семінараў да яго падышоў мужчына і паведаміў, што больш не кахае сваю жонку.

– Што мне рабіць? – спытаўся ён.

– Кахайце яе, – адказаў Стывен.

– Вы, напэўна, мяне не зразумелі – я ўжо не кахаю яе.

– Тым больш, вам трэба пачаць кахаць яе. Кахаць – гэта дзеяслоў. Значыць, гэта дзеянні. Турбуйцеся пра яе, слухайце яе, спрабуйце яе зразумець. Вучыцеся кахаць яе.

Дзень Святога Валянціна. Закаханыя.

Як перажыць Дзень закаханых, калі вы адзінокія?

Ну, а калі пары няма і сузіранне шчаслівых парачак, якія цалуюцца, прымушае толькі мацней сціснуць зубы? Калі вы адзінокія, у вас ёсць некалькі спосабаў правесці 14 лютага.

  • Праігнараваць.
 
Юлія Каляга
Псіхолаг, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка
Самы просты спосаб – схавацца. Зачыніцца ў кватэры, не ўключаць тэлевізар, не лазіць у сацсеткі, не глядзець на ўсіх гэтых шчаслівых людзей. Але што гэта вырашыць? Праз год сітуацыя паўторыцца. І зноўку давядзецца хавацца ад жыцця. Гэта пазіцыя маленькага дзіцяці, які чакае, што з'явіцца хтосьці (Фея-хросная, чараўнік, Дзед Мароз альбо іншыя казачныя персанажы) і вырашыць усё за вас. Але так бывае толькі ў дзяцінстве. І тое не заўсёды. Ці варта спадзявацца на цуд?

  • Зрабіце сабе падарунак самі.
 
Юлія Каляга
Псіхолаг, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка
Любоў да іншага пачынаецца з любові да сябе. Папесціце сябе проста так. Купіце букет, схадзіце на масаж, у кіно ці тэатр. Пацешце сябе тым, што прыносіць вам задавальненне. Калі вы ўмееце любіць сябе, вас кахаюць і любяць навакольныя.
  • Пачніце аддаваць.
 
Юлія Каляга
Псіхолаг, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка
Падарыце кветку, валянцінку, сваю любоў, добрыя словы людзям, якія побач. Жыццё так пабудаванае: калі вы нікому нічога не даяце, дык і самі ні ад каго нічога не атрымліваеце. Памятаеце, як у дзіцячай песні: «Падзяліся ўсмешкаю сваёй, і яна да цябе неаднойчы яшчэ вернецца».

  • Час падумаць.
 
Юлія Каляга
Псіхолаг, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка
Прааналізуйце сваё жыццё. Чаму ў вас няма адносінаў? Што вы зрабілі для таго, каб яны былі? Якія памылкі вы робіце раз за разам? Ці сапраўды вам цяпер патрэбны чалавек побач альбо проста важна паказаць астатнім, што вам дораць падарункі і вы запатрабаваныя?
  • Дзейнічайце.
 
Юлія Каляга
Псіхолаг, старшы выкладчык кафедры андрагогікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка
Калі вы сапраўды хочаце штосьці змяніць, для гэтага трэба прыкласці намаганні. Проста сядзець і чакаць – не спрацуе. Падумайце, які першы крок вы гатовыя зрабіць ужо сёння. Зарэгіструйцеся на сайце знаёмстваў, усміхніцеся прывабнаму для вас чалавеку... У рэшце рэшт, проста выйдзіце з хаты ці кватэры і адарвіце вочы ад гаджэта.

Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 171

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.