31.05.2020
31.05.2020

Няма нічога ў гэтай шкоднай звычцы… Ні прыгажосці, ні здароўя

logo
Думкі ўслых
0 70
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Магчыма, калісьці гэта было модным і крутым… Прыгожа зацягвацца цыгарэтай, прыгожа выпускаць дым… І нічога незвычайнага мы не бачылі ў тым, што ў нашых любімых кінафільмах галоўныя героі паляць не проста дома, побач з каханымі жанчынамі і ўласнымі дзецьмі, а нават у ложку… Уяўляеце сабе, колькі парушэнняў адразу ўбачылі б розныя службы ў наш час?!

Супраць курэння. Хаця ў старых любімых фільмах...

Але часы змяняюцца, мода праходзіць… А шкодная звычка, на жаль, застаецца. Да таго ж, нават маленькія дзеці так і цягнуцца да цыгарэты: паспрабаваць. Бо тата ці мама, а то і абое, без цыгарэты, атрымліваецца, жыць не могуць… Як чалавек, далёкі ад практычна любой залежнасці… Вось шчыра: не разумею… Нават не так… НЕ РАЗУМЕЮ!!!!!!!

Не разумею, як можа дзяўчына, жанчына ў невялікім гарадку адкрыта паліць на вуліцы… Фырканне і пагардлівыя позіркі з майго боку забяспечаныя стопрацэнтна. Яшчэ і паўшчуваць магу… Праўда, у адказ таксама «прылятала»… Так што асабліва не выступаю…

А вось міма школьнікаў, якія ўсё ж па-ранейшаму хаваюцца за сценамі школы, міма моўчкі не прайду… Пачнуць агрызацца – яшчэ тон павышу. Навошта мне, спытаецеся. Так, перавыхавання не атрымаецца, на жаль. Ну… Проста не магу прайсці абыякава.

Адзінае, больш-менш прыемнае ў цяперашняй сітуацыі, – гэта тое, што рэдка куды-небудзь выходжу. Толькі калі дужа трэба. Таму ўсё меней шанцаў зрабіцца пасіўным курцом. Але ж усё роўна ў будучым зноў чакаюць натоўпы ў Мінску ля метро… І аматарам шкоднай звычкі ўсё роўна, што на прыпынках курыць забаронена… І ў чаканні маршруткі ў Чэрвені курцы ўсё роўна будуць абдымліваць іншых…

Супраць курэння. Курэнне – зло.

Год таму я пісала, што чакаю, калі ўступіць у сілу антытытунёвы Дэкрэт №2. І мне па-ранейшаму цікава, каго ў нас пакаралі ўжо за курэнне ў забароненым месцы. Ну хоць бы якую статыстыку надрукавалі… Хоць бы як падзейнічала тая забарона…

Цікава, ці будуць сёлета падчас пандэміі каранавіруса  ладзіць разнастайныя акцыі супраць курэння?! Напрыклад, абмяняць цыгарэту на цукерку… З аднаго боку – гульня дзіцячая. Наўрад ці хто пасля гэтага кіне паліць. А з іншага – на адну цыгарэту меней…

І яшчэ я часта думаю: пры якіх умовах можа знікнуць гэтая залежнасць (чытай – шкодная звычка, распуста і г.д.)?! Калі людзі свядома і масава будуць адмаўляцца ад цыгарэт? Выбіраць чыстыя лёгкія і сасуды? Не спрабаваць паліць і нават думкі такой не дапускаць? Як вы мяркуеце? Можа калі-небудзь надысці такі час?!

Як часта мне даводзілася чуць ад тых, з кім сустракалася як журналіст, асабліва ад начальнікаў: «Ну можна я ўжо закуру? Вушы пухнуць…» Але нічога… Не спухлі за гадзіну-другую… Значыць, можна перацярпець?! Можна…

Супраць курэння. Можна і пацярпець...

А колькі даводзілася чуць пра тое, як кідалі курыць… А пасля… «Ай, раззлавалі мяне…» І зноўку – цап за цыгарэту!

Таму, вядома ж, радуюць іншыя гісторыі. І такіх людзей вакол таксама нямала. Якія калісьці кінулі паліць – і ўсё. Дзесяць гадоў прамінула… Дваццаць… І нідзе. Ніколі. Ні разу. Як бы ні злавалі… Вось такім сапраўды – рэспект і ўважуха!

А камусьці ж… Кажы – не кажы… Прасі – не прасі… Марна. Таму і кінула ўжо гэтую справу. Але не-не ды думка ўзнікне: а раптам да чалавека дойдзе? Альбо штосьці перамкне ў галаве – і паліць больш не захочацца? Здараецца ж усялякае…

Эх, хачу тэрыторыю, вольную ад курэння… Толькі… у межах усёй Беларусі!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 70

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".