1 Верасня
01.09.2020

Няма пераліку хваробаў, пры якіх людзі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі

logo
Выхоўвай дзяцей
0 0 190
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Дыягназ – не падстава абмяжоўваць людзей у бацькоўскіх правах і адбіраць у іх дзяцей. Гэта аксіёма і афіцыйная пазіцыя Міністэрства аховы здароўя Беларусі і псіхіятраў. Аднак на практыцы ўсё яшчэ адбываюцца жахлівыя гісторыі, калі з-за псіхічнага захворвання, інваліднасці бацькоў раздзяляюць з дзецьмі, нібыта ў іх інтарэсах. Разбіраемся, што рабіць, каб гэтага не адбывалася.

Бацькоўскія абавязкі. Бацькі-інваліды.

Няправільнае тлумачэнне

У асветніцкую праваабарончую ўстанову «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» такія звароты паступаюць перыядычна. Юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі прыводзіць нядаўнюю гісторыю з практыкі:

Алег Граблеўскі

– Год таму да нас звярнулася жанчына Вольга з Давыд-Гарадка (прозвішча не называем па этычных меркаваннях). У яе дыягназ – лёгкая разумовая адсталасць, інвалід дзяцінства 2-й групы. Яна жыла з маці і сваім сынам. З мужам, як толькі ён стаў злоўжываць алкаголем, развялася, каб засцерагчы дзіця ад скандалаў і, кажучы юрыдычнай мовай, вывесці сям'ю з «сацыяльна небяспечнага становішча». Яна не працавала, а жыла на пенсію па інваліднасці. 6 гадоў спакойна выхоўвала свайго сына, да яе не было прэтэнзій, скаргаў. Аднак пасля смерці яе маці органы апекі палічылі, што ў сілу дыягназу жанчына не зможа адна выхоўваць дзіця і забралі яго – без пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Хлопчык быў аддадзены прыёмным бацькам. Апека і першы суд абапіраліся ў сваіх доказах на рашэнне ўрачэбна-кансультатыўнай камісіі Столінскай ЦРБ, у якім гаварылася, што Вольга не можа выконваць бацькоўскія абавязкі па стане здароўя, згодна з Пералікам захворванняў, зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя РБ ад 30 сакавіка 2010 г. №36.

Гэта зусім няправільнае тлумачэнне заканадаўства. Пералік захворванняў, пры якіх бацькі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі, існуе не для таго, каб вызначаць, хто можа, а хто не можа быць бацькам. Ён патрэбны толькі для вырашэння пытання аб вызваленні ад кампенсацыі расходаў тых, у каго дзяцей забралі і аддалі на дзяржзабеспячэнне не па іх віне. Але на практыцы Пералік часцяком памылкова выкарыстоўваюць менавіта як падставу для забрання.

Забранне дзяцей толькі на аснове дыягназу – дыскрымінацыя

Бацькоўскія абавязкі. Забранне дзяцей.

Гісторыя Вольгі скончылася добра, суд вярнуў хлопчыка маме. Але на гэта спатрэбіліся год часу, упартасць маці і яе блізкіх, вялікая праца праваабаронцаў, якія дапамагалі жанчыне адстойваць свае правы, знайсці працу. Валанцёр арганізацыі звазіў Вольгу на экспертызу ў Агульнарасійскую грамадскую арганізацыю «Незалежная псіхіятрычная асацыяцыя Расіі». 4 псіхіятры і юрыст гэтай арганізацыі зрабілі дакладнае заключэнне: «Само па сабе псіхічнае расстройства, тым больш такое, як у Вольгі (лёгкая ступень адсталасці без адхіленняў паводзінаў), не можа перашкаджаць ажыццяўленню бацькоўскіх абавязкаў, з'яўляцца небяспечным для фізічнага і духоўнага развіцця дзіцяці. Рашэнне аб забраннi дзяцей толькі на аснове псіхіятрычнага дыягназу з'яўляецца дыскрымінацыяй. Вольга валодае ўсімі навыкамі самаабслугоўвання, здольная да самастойнага жыцця і догляду дзіцяці. Яе індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці – не перашкода для належнага выканання бацькоўскіх абавязкаў і не могуць ствараць небяспеку для пражывання сумесна з ёй сына».

Беларускія эксперты Дзяржкамітэта судовых экспертызаў у рамках комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, даследаваўшы дакументацыю і асабіста Вольгу, таксама зрабілі выснову, што яна здольная да належнага выхавання дзіцяці. У дадзенай экспертызе былі прыведзеныя цікавыя навуковыя дадзеныя, якія варта агучыць у кантэксце праблемы.

Бацькоўскія абавязкі. Калі маці – інвалід...

«Цячэнне разумовай адсталасці такое, што большасць хворых з узростам усё больш правільна ацэньваюць сітуацыю, якая складваецца, лепей кантралююць свае ўчынкі, з улікам назапашанага жыццёвага вопыту могуць адэкватна змяняць свае паводзіны. Яны досыць добра адаптуюцца да паўсядзённых патрабаванняў, выбіраюць пасільныя для сябе віды дзейнасці, самастойна арганізуюць свой побыт, не маюць патрэбы ў дапамозе псіхіятра, раствараюцца ў грамадстве, робячыся цалкам канкурэнтаздольнымі».

Працуючы з такімі выпадкамі, праваабаронцы сабралі адказы дзяржорганаў, у якіх выразна прадстаўленая пазіцыя. Так, Міністэрства аховы здароўя лічыць: «Факт захворвання не можа быць падставай для надання непаўналетнім статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пераліку захворванняў, пры якіх бацькі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі, не існуе. Пералік прымяняецца выключна пры вырашэнні пытання аб кампенсацыі бацькамі расходаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. У выпадку, калі ў арганізацыю аховы здароўя паступае запыт з упраўленняў адукацыi выканкамаў, заключэнне УКК можа быць выдадзенае на падставе комплекснай ацэнкі стану здароўя аднаго з бацькоў (без прымянення Пераліку!)».

Такой жа пазіцыі прытрымліваецца РНПЦ псіхічнага здароўя.

Бацькоўскія абавязкі. Комплекснае абследаванне маці.

Што рабіць: алгарытм

– Органы апекі, паколькі адсутнічаюць законныя падставы, не павінны запытваць ва ўстановах аховы здароўя інфармацыю пра наяўнасць або адсутнасць захворвання па-за межамі разгляду пытання аб кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, – тлумачыць Алег Граблеўскі. – А ўстановы аховы здароўя ў асобе УКК не павінны выдаваць даведкі пра наяўнасць альбо адсутнасць захворванняў па запытах органаў апекі, калі гэтая даведка неабходная ў якасці адной з прававых падстаў для забрання дзіцяці альбо іншага абмежавання ў бацькоўскіх правах.

Суды, вырашаючы пытанне аб абмежаванні бацькоўскіх правоў, павінны прызначаць комплексную судовую медыка-псіхалагічную экспертызу з мэтай аб'ектыўнай ацэнкі стану чалавека.

Бацькі, у якіх органы апекі незаконна забралі дзяцей, павінны неадкладна абскардзіць іх дзеянні ў вышэйстаячых дзяржаўных органах (выканкамах), а яшчэ лепей – звярнуцца да юрыстаў, паколькі кваліфікаваная юрыдычная дапамога дапаможа правільна сфарміраваць прававую пазіцыю.

Дапамога замест абмежавання правоў

Бацькоўскія абавязкі. Дапамога няні.

– Артыкул 23 Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь у 2016 г., абвяшчае: «Ні пры якіх абставінах дзіця не можа быць разлучанае з бацькамі па прычыне інваліднасці альбо самога дзіцяці, альбо аднаго ці абодвух бацькоў. Дзяржава аказвае людзям з інваліднасцю належную дапамогу ў выкананні імі сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей». Гэта значыць, што пры ўзнікненні падобных сітуацый органы апекі абавязаныя дзейнічаць выключна з пазіцыі аказання дапамогі сям'і праз сацыяльныя службы, – падкрэслівае Алег Граблеўскі і прыводзіць прыклад, як гэта павінна быць на практыцы.

– У 2015 годзе ў нас быў падобны выпадак з сям'ёй, дзе абодва бацькі былі з інваліднасцю і на падставе гэтага ў іх забралі дзіця. У выніку пасля ўмяшання трох міністэрстваў, пасяджэння цэнтральнай абласной УКК дзіця ім вярнулі і прадаставілі паслугі няні для дапамогі. Так і трэба дзейнічаць – не абмяжоўваць у правах, а прадастаўляць дапамогу, каб дзіця засталося ў роднай сям'і.

– Вырашаючы такія пытанні, трэба ўлічваць інтарэсы і бацькоў, і дзіцяці, гэта значыць падыход павінен быць комплексным, – лічыць Алена Станіслаўчык, выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў.

Алена Станіслаўчык.

Яна прыводзіць у якасці прыкладу замежны вопыт, дзе вялікую ролю ў дапамозе такім сем'ям аказвае грамадскі сектар, прапаноўваючы розныя паслугі і абараняючы іх правы.

– Праца такіх арганізацый накіраваная на:

  • навучанне бацькоў з захворваннем або інваліднасцю: розныя курсы па бацькоўству;
  • прававая асвета сем'яў: як узаемадзейнічаць з апекай, урачамі, ведаць базавыя правы;
  • аказанне юрыдычнай дапамогі ў выпадку забрання дзяцей;
  • навучанне супрацоўнікаў сацыяльных службаў працы з дадзенай катэгорыяй;
  • інфармаванне суддзяў пра стан развіцця псіхіятрыі і медыцынскай навукі ў галіне псіхічнага здароўя, да прыкладу, пра тое, што сучаснае лячэнне і медыкаменты дазваляюць чалавеку быць у доўгай рэмісіі ды інш.;
  • развіццё вялікага спектру сацыяльных паслуг: няні, асістэнты-памочнікі, групы ўзаемадапамогі;
  • праграмы для дзяцей, чые бацькі хварэюць, да прыкладу, выданне дзіцячых кніг, дзе простай мовай дзіцяці распавядаюць, што адбываецца з бацькамі, як сябе паводзіць, як гэта прымаць.

Аднак у нашай краіне такіх грамадскіх ініцыятыў яшчэ вельмі мала. Іх развіццё стрымліваецца з-за недаацэнкі разумення важнасці праблемы людзей з псіхічнымі захворваннямі, хаця колькасць іх расце з кожным годам; недасканаласці заканадаўства аб спонсарскай дапамозе і сацзаказе.

У дзяржсектары пералік паслуг для дадзенай катэгорыі таксама пакуль невялікі. Да таго ж, у сацслужбаў павінны быць навучаныя спецыялісты, якія маглі б працаваць з такімі сем'ямі комплексна, ведаючы ўсе асаблівасці.

На дадзены момант у нашай краіне няма эфектыўных індывідуальных планаў па выхадзе сям'і са складанай сітуацыі. У міжнароднай практыцы гэта называецца план аднаўлення (recovery plan), калі каманда спецыялістаў дапамагае сям'і скласці маршрут выхаду з праблемаў, ад дапамогі ў пошуку працы да дакладных медыцынскіх рэкамендацый.

У планах БАСР запоўніць гэтыя прабелы.

– Мы плануем арганізаваць у верасні адукацыйныя семінары для спецыялістаў пра тое, як складваюцца і рэалізуюцца такія планы аднаўлення. На сайце mhcenter.by (Цэнтр падтрымкі ініцыятыў у галіне псіхічнага здароўя) плануем размясціць карту паслуг для людзей з псіхічнымі захворваннямі і базу прафесіяналаў у гэтай сферы для ўзаемадзеяння, – удакладніла эксперт.

Чаму гэта важна:

  • Каб не было дыскрымінацыі.
  • Каб не парушаць базавыя правы бацькоў на выхаванне, а дзяцей на сям'ю.
  • Каб не пагаршаць стан здароўя людзей. Калі ў бацькоў з псіхічным і іншым захворваннем адбіраюць дзяцей, у выніку траўмы вельмі высокі шанц пагаршэння захворвання.
  • Каб не траўмаваць дзіця. Забранне ў бацькоў – велізарная траўма на ўсё жыццё.
  • Каб людзі не пераставалі хадзіць да псіхіятраў і ўрачоў з-за страху забрання, што можа прывесці да пагаршэння здароўя.

Ад першай асобы

Мы папрасілі Вольгу, чый выпадак апісалі ў матэрыяле, пракаментаваць, што яна адчувала, калі забралі сына, і як спраўлялася з гэтай сітуацыяй.

– Што адчувала? Быццам кавалак сэрца адарвалі, кавалак душы. Шмат слёз выплакала. Прасіла дапамогі ва ўсіх і ўсюды. Такі крык душы быў, што яго пачулі добрыя людзі і дапамаглі. Без іх не справілася б. Што магу сказаць бацькам у такой сітуацыі? Трэба верыць, што ўсё атрымацца, патрэбная сіла волі, трэба прасіць дапамогі і не падаць духам.

Усе фотаздымкі, апрача фота экспертаў, носяць ілюстрацыйны характар і ўзятыя з вольных інтэрнэт-крыніц.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 190

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).