21 Жніўня
21.08.2020

Няхай дзьме вецер на Мірона… А мы – ямо ажыну!

logo
Думкі ўслых
0 0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пераймаючы традыцыі продкаў, знаёмячыся з іх вераваннямі і ўяўленнямі, мы ўзбагачаемся духоўна, яднаемся са сваім родам. У жыцці нашых прашчураў нічога не адбывалася і не рабілася проста так. Нават звыклыя дзеянні часцяком былі напоўненыя сакральным сэнсам. Так, 21-га жніўня ў народным календары – Мірон Ветрагон. Дзень, калі вятры могуць узнікаць практычна ніадкуль, мяняць напрамкі, ствараць віхуры…

А тым часам афіцыйны прагноз Белгідрамету яшчэ ўчора паказаў вецер (прынамсі, у нашым Чэрвені) у межах 3-5 м/с. Паглядзім, ці праявяцца тыя нечаканасці, якія шмат дзесяцігоддзяў, а можа нават і стагоддзяў назіралі беларусы.

Па народных прыкметах, калі 21-га жніўня вецер слабы і цёплы, дык да сонечнай восені. А да прыходу гэтай рыжавалосай спадарыні зусім мала часу засталося, калі меркаваць па календары. Лета-лета… А хіба ж ты сёлета было???

Што тычыцца той самай віхуры, дык яе з’яўленне прадказвае непагодны верасень. Паўночны вецер паказваў на пахаладанне і добры ўраджай жыта.

Тыя, хто верыў у варажбу, магічныя дзеянні, звычайна на Мірона Ветрагона чыталі разнастайныя замовы. Лічылася, што яны могуць ажыццявіць мару, прыцягнуць каханне і нават умацаваць здароўе!

Зрэшты, па здароўе нашыя продкі 21-га жніўня звычайна накіроўваліся ў лес. Навошта? Ды збіраць ажыну, якая здаўна лічыцца вельмі карыснай ягадай.

І традыцыйна крыху адхінуся ва ўласныя ўспаміны. Колькі гадоў таму ў нас той ажыны на мяжы дачнага ўчастка было ну вельмі шмат! Але не заўсёды атрымлівалася сабраць ураджай. Бо ў засушлівыя гады ягадкі высыхалі, не паспеўшы зачарніцца, а ў дажджлівыя – раскісяляліся, калі доўга не атрымлівалася патрапіць на ўчастак.

Але ў абсалютнай большасці гадоў мы ўсё ж былі з добрым ураджаем. І, азіраючыся назад, сведчу: яшчэ гадоў 10 таму прыроду так не «калбасіла». І хіба мы маглі падумаць, што ў рэшце рэшт застанемся без ураджаю і фактычна без самога ўчастка?!

Але ажына знікла раней. Дакладней, яе мы вырылі самі падчас добраўпарадкавання ўчастка. Бо доўгія пруты з калючкамі добра-такі заміналі. Была мара набыць гатункі без калючак… Так і не сабраліся. А тыя некалькі штук, якія пакінулі на развод, проста вымерзлі-вымаклі за зіму-вясну. Але смак ажыны я памятаю і дагэтуль. І гэтую ягаду таксама люблю пяшчотна!

Памятаю, якой радасцю было выпадкова адшукаць пруткі ажыны ў лесе, калі хадзілі грыбы збіраць. Во дзе смаката – ажына лясная! А ці любіце вы ажыну так, як люблю яе я?! 🙂

Спецыялісты кажуць, што нават у 100 грамах ажыны (а ў дзень раяць з’ядаць 250) утрымліваецца 35% ад сутачнай нормы вітаміну С. Ёсць у ажыне вітаміны А, К, Е, В9, калій, магній, кальцый, жалеза… І антыаксіданты ў ёй таксама маюцца.

А паколькі ў ягадах столькі вітаміну С, значыць яны спрыяюць чаму? Правільна, умацаванню імунітэту! А яшчэ ажына ўмацоўвае косці, зніжае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, паляпшае працу галаўнога мозгу…

Вось чытаеш гэты пералік і думаеш: і пра тое ўжо так пісалі, і пра тое, і пра тое… Але ж гэта і добра! Бо спажываеш і думаеш, што не толькі смачнае ясі, але і вельмі карыснае! Толькі, вядома ж, аднаго правільнага харчавання для падтрымання здароўя недастаткова… Інакш усе вакол ужо даўно былі б здаровымі, праўда?!

Дарэчы, для тых, хто верыць у народную медыцыну, у сілу зёлак нашыя продкі данеслі і яшчэ адно свята – Дзень збору дзікіх траў. Праўда, штосьці не дужа мілагучнае слова «дзікія», праўда? Ды яшчэ ў гэтым кантэксце. Можна замяніць на «дзікарослыя». Але лепей на традыцыйнае – «лекавыя». Бо размова ідзе, зразумела ж, пра іх.

Прычым збіраюць часцей за ўсё не кветкі і нават не лісце са сцяблінамі, бо многае да гэтага часу ўжо адцвіло, а карэнні. Памятаю, як мая любімая мамачка заўсёды карысталася кнігамі пра лекавыя расліны, каб паглядзець на спрыяльны час збору для той ці іншай зёлкі.

Так, у жніўні яшчэ можна назапасіць, напрыклад, кветкі календулы. У нас яе столькі заўсёды рассявалася на дачным кветніку! І мамачка рэгулярна збірала і сушыла гэтыя ярка-аранжавыя альбо жоўтыя кветачкі. Вельмі добра іх запарваць і паласкаць адварам горла пры прастудзе. Вядома ж, у аптэцы прадаецца для гэтых мэтаў спіртавая настойка… Але ж тут – сваё… І прыгатаванае без спірту…

Так што робім сёння тое, што найбольш блізкае. Назіраем за ветрам, ямо ажыну ці збіраем лекавыя травы. Галоўнае, каб усё – на карысць, на здароўе!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 43

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.