25.10.2019
25.10.2019

Няхай жа як мага даўжэй не згасаюць нашы зоркі…

logo
Беларускі код
0 209
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А сёння ў нас па народным календары – Андрон Астролаг. І ў традыцыях, зразумела, назіранні за зорным небам. А вы любіце гэтым займацца?! Я дык – вельмі! Яшчэ з дзяцінства. Таму і мае любімыя кадры з папулярнага фільма «Сірата казанская» – як яны на канапе рухаюцца… па зорным небе! 🙂 А мой колішні аднакласнік Алег Навіцкі назіраў-назіраў за зоркамі ды і… паляцеў да іх!

Зоркі здаўна прыцягвалі нашых продкаў сваёй таямнічасцю і загадкавасцю. Думаю, кожны з нас заўважаў няхай сабе і слабае, але відавочнае святло, якое распаўсюджваецца ўночы нават ад неба без зорак і месяца на ім. А ведаеце, што палова свячэння – гэта і ёсць рассеянае святло зорак?! Нават калі іх за хмарамі і не бачна. Астраномы высветлілі…

А вучоныя сцвярджаюць, што неба бачаць яшчэ жывёлы і нават… расліны, толькі ўсе па-рознаму. Даведаўшыся пра гэта, чамусьці адразу прыгадала загадку, змешчаную як загаловак матэрыялу: «Па зямлі ходзіць, а неба не бачыць». І гэта… пра свінню! Бо ў яе, аказваецца такое ўладкаванне мышцаў і пазваночніка, што стоячы – ну ніяк галаву ў неба не задраць! 🙂

Андрон Астраном

Але вяртаемся да Андрона Астранома. Якраз у гэты дзень людзі маліліся, каб зоркі жыцця іх і блізкіх не згасалі, не знікалі з небасхілу. Бо памятаеце?!

Андрон Астраном

Лічыцца, што калі запальваецца новая зорка… Гэта не толькі камусьці трэба, а значыць, што чалавек нарадзіўся на Зямлі! А калі знікае… Ну, зразумела.

Але, тым не менш, калі падае зорка мы… што робім?! Правільна, загадваем жаданне! Вы калі-небудзь паспявалі гэта зрабіць?! Я дык не… І як?! Спраўджвалася?!

Наконт памаліцца – можа і не для ўсіх. А вось звярнуцца ў думках да Андрона Астранома, дзе б вы ні знаходзіліся, і папрасіць яго пра тое… Думаю, рэальна. Пры жаданні.

Зоркі на небе: народныя прыкметы, уяўленні і прымхі

А што датычыцца народных традыцый, абрадаў ды ўяўленняў у гэты дзень… Некаторыя асабіста мне падаюцца… м-м-м-м… надуманымі ці што. Вось, напрыклад, гэтае. Калі на Андрона Астранома пастукалі ў дзверы, нельга пытацца: «Хто там?» Бо, маўляў, у доме паселіцца бяда, а ўсе сямейнікі будуць пакутаваць.

Ну адкуль, адкуль гэта ўзялося?! І што трэба адказваць тады на стук?! А мне адной зараз прыгадаўся паштальён Печкін з вядомага мульціка?! 🙂 Альбо гэтае. Жанчыны стараліся (!!!) 25 кастрычніка не нараджаць, бо лічылася, што дзіця зведае шмат гора ў жыцці.

Калі зорак многа, дык у будучым годзе чакаем добрага ўраджаю гароху!

Можа, ёсць сярод нашых чытачоў сённяшнія імяніннікі? А падзяліцеся, калі ласка, досведам: заўважалі калі такое ці не. Ну і, вядома ж, зацікавіла гэтае: стараліся не нараджаць. І як яны стрымлівалі гэты натуральны працэс?! Ды яшчэ ў даўніну?!

А вось тое, што на Андрона Астранома забаранялася сварыцца, мне падаецца добрай такой традыцыяй. І каб яшчэ не толькі ў гэты дзень – ва ўсе яе ўзяць за звычку! Нашы продкі ў гэты дзень стараліся гучна не смяяцца, не мылі бялізну, не выбівалі пярыны, не варажылі па картах… І, мабыць, у іх на тое мелася пэўнае тлумачэнне?! На ўсялякі выпадак – запамінаем, чаго сёння «НЕ»…

Па даўніх назіраннях, калі ўночы 25 кастрычніка на небе шмат яркіх зорак, дык гэта да хуткага марозу. А калі яны цьмяныя, чакай дажджоў. Калі зоркі падаюць, дык хутка пачнецца вецер. Ой, а як гэта паспець жаданне загадаць?! 🙂 Калі зорак многа, дык у будучым годзе чакаем добрага ўраджаю гароху!

І як гэта не забыцца праверыць у будучым сезоне гэтую прыкмету?! Бо мы гарох на сваім дачным участку вырошчваем! І наша яшчэ савецкае «Аліўе» – гэта ж класіка ў святы!

А цяпер яшчэ – і ў будні. Бо гарох ужо нават не закручваем у слоікі, а змяшчаем у лядоўню. І салата атрымліваецца з новым прачытаннем, асабліва, калі з мяснога дадаць туды адварную курыцу. А ў сезон гародніны – свежы агурок!

…Цямнее зараз усё раней і раней. Так што ў кожнага з нас сёння ўвечары ёсць шанц падзівіцца на зорнае неба. Калі, вядома, яно не будзе зацягнутае хмарамі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 209

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама