02.02.2021
02.02.2021

Нюансы вакцынацыі супраць COVID-19 і новае даследаванне. Эксперты СААЗ адказалі на пытанні

logo
Навiны
92 020
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці эфектыўныя маскі ў плане прафілактыкі заражэння каранавіруснай інфекцыяй? Ці можна рабіць прышчэпку супраць COVID-19 цяжарным? А тым, хто перахварэў? На гэтыя ды іншыя пытанні журналістаў адказалі прадстаўнікі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ падчас вебінара, які прайшоў 29 студзеня ў рамках праекта «Салідарнасць у імя здароўя».

Каранавирус. Вакцынацыя. Меркаванне СААЗ.

Яшчэ раз аб прафілактыцы

Кантраляваць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі можна, выкарыстоўваючы простыя сродкі рэспіраторнай індывідуальнай абароны (масак), распавёў спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ, кіраўнік Краінавага офіса СААЗ у Беларусі Масуд Дара. Ён адзначыў, што на ранніх этапах не было ніякіх доказаў эфектыўнасці масак, але цяпер гэта ўжо навукова даказаны факт. Таму рэкамендацыя захоўваць масачны рэжым застаецца актуальнай.

Масуд Дара

Нагадаў Масуд Дара пра гігіену рук, паколькі мы пастаянна дакранаемся да паверхняў і прадметаў, да твару, што спрыяе распаўсюджванню віруса.

Масуд Дара, спецыяльны прадстаўнік рэгіянальнага дырэктара СААЗ, кіраўнік Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

– Мыла ўплывае на структуру віруса, ён раствараецца і выдаляецца з паверхні. Можна таксама дэзінфікаваць рукі спіртазмяшчальнымі прэпаратамі, але працэнт спірту ў іх саставе павінен быць дастаткова высокім – не менш за 60% (лепей больш за 70%). У адваротным выпадку яны проста не будуць эфектыўныя, бо калі спірту недастаткова ў саставе антысептыку, дык сродак хутка выпараецца і не паспявае паўплываць на вірус.

Акрамя гэтага, лічыць спецыяліст, неабходна прадугледзець магчымасць падаленай працы. Калі такі фармат немагчымы, варта забяспечыць пастаянную цыркуляцыю паветра ў памяшканні, рэгулярнае праветрыванне.

Закранаючы пытанне пра неабходнасць фізічнага дыстанцыявання, Масуд Дара адзначыў, што варта пазбягаць закрытых памяшканняў, вялікага натоўпу людзей і імкнуцца захоўваць дыстанцыю ў метр-паўтара. Гэтая адлегласць дазваляе папярэдзіць перадачу віруса. Калі ж з'явіліся сімптомы інфекцыі альбо тэст паказаў станоўчы вынік, абавязкова трэба абмежаваць свае кантакты і захоўваць самаізаляцыю.

Даследаванне распаўсюджанасці COVID-19 сярод беларусаў

Як распавёў каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі Вячаслаў Гранькоў, у Беларусі пройдзе сераталагічнае эпідэміялагічнае даследаванне па распаўсюджанасці каранавіруснай інфекцыі сярод насельніцтва.

Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

Вчаслаў Гранькоў

– У бліжэйшы час у Беларусі пры падтрымцы СААЗ пройдзе эпідэміялагічнае даследаванне, накіраванае на выяўленне працэнта насельніцтва, якое мае антыцелы ў крыві. Даследаванне будзе праходзіць не за адзін раз, а на працягу некалькіх месяцаў. Мы зможам паглядзець у дынаміцы, як змяняецца распаўсюджанасць інфекцыі сярод насельніцтва.

Выбарка складзе 5 тысяч чалавек. Яна будзе ўключаць як агульнае насельніцтва – больш за 4 тысячы, так і асобна – медыцынскіх работнікаў. Мяркуецца, што даследаванне ахопіць усе рэгіёны краіны.

Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

– Будуць удзельнічаць людзі розных узростаў, бо нам і трэба зрабіць зрэз, найбольш набліжаны да структуры насельніцтва. Гэта будзе добраахвотны ўдзел, кожны чалавек будзе даваць інфармаваную згоду.

Адказнымі за набор удзельнікаў даследавання вызначаныя паліклінікі і ўстановы аховы здароўя па месцы жыхарства. Даследаванне пачнецца ў першым квартале 2021 года. Але чакаць хуткіх вынікаў не варта. Яно будзе дастаткова доўгім, каб высветліць, якая распаўсюджанасць інфекцыі ў пэўны момант і як яна мяняецца з цягам часу, растлумачыў Вячаслаў Гранькоў.

Хутка выявіць – антыгенныя тэсты

Чарговая партыя антыгенных тэстаў для дыягностыкі COVID-19 паступіць у бліжэйшы час у Беларусь. Яны рэкамендаваныя СААЗ і закупляюцца па лініі Глабальнага фонду. Тэсты будуць выкарыстоўвацца ў якасці дадатковых сродкаў выяўлення інфекцыі да ўжо існуючых.

Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

– Напрыклад, у тым выпадку, дзе ПЦР-дыягностыка альбо немагчымая, альбо складана правесці, ці яна недаступная, альбо патрабуецца вельмі хуткае рашэнне пра наяўнасць у чалавека інфекцыі COVID-19.

Каранавірус. Антыгенныя тэсты.

Важна разумець, што «акно» – перыяд часу, калі ПЦР-тэсты і антыгенныя тэсты эфектыўныя для дыягностыкі і дазваляюць выяўляць вірус, рознае. Для ПЦР-тэстаў яно даволі вялікае. Хуткія ж тэсты маюць больш абмежаванае вузкае «акно» і да з'яўлення сімптомаў, як, зрэшты, і праз некалькі дзён пасля таго, як колькасць віруса ў крыві падае, яны могуць паказваць памылкова адмоўны вынік. Аднак яны зручныя ў выкарыстанні ў пэўных сітуацыях, падкрэсліў Вячаслаў Гранькоў.

Ці можна прышчапляцца супраць COVID-19 цяжарным

Цяжарныя жанчыны, згодна з даследаваннямі, схільныя да найбольш цяжкай рызыкі каранавіруснай інфекцыі ў параўнанні з тымі, хто не чакае дзіця. Акрамя таго, COVID-19 можа стаць прычынай заўчасных родаў.

Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

– Наяўных дадзеных пра вакцынацыю цяжарных жанчын, ва ўсякім выпадку, тымі вакцынамі, якія ўхваленыя СААЗ, недастаткова, каб ацаніць эфектыўнасць і рызыкі. У даследаванні вакцынаў цяжарныя жанчыны альбо не ўключаліся, альбо іх колькасць была вельмі невялікая. На бліжэйшы час запланаванае правядзенне дадатковых даследаванняў у дачыненні да цяжарных. Па меры паступлення новай інфармацыі рэкамендацыі СААЗ будуць абнаўляцца.

Каранавірус. Цяжарныя і вакцынацыя.

СААЗ не рэкамендуе прышчапляцца ад COVID-19 цяжарным жанчынам, за выключэннем тых выпадкаў, калі карысць перавышае патэнцыяльную рызыку. Напрыклад, калі ў жанчыны ёсць спадарожныя захворванні, а таксама, калі ў сілу сваіх прафесійных абавязкаў у яе высокая верагоднасць заражэння.

Як адзначыў спецыяліст, калі жанчына жадае прышчапіцца, яе неабходна папярэдзіць пра адсутнасць на дадзены момант пераканаўчых дадзеных, якія тычацца бяспекі і эфектыўнасці.

Што ж тычыцца магчымасці планавання цяжарнасці пасля вакцынацыі, яе не варта адкладваць, запэўніў Вячаслаў Гранькоў.

Ці небяспечнае напластаванне грыпу і COVID-19

Любая мікст-інфекцыя стварае пэўныя складанасці для пацыента як у плане цячэння, так і ў плане лячэння. Менавіта таму СААЗ настойліва рэкамендавала летась вакцынавацца супраць грыпу. Асабліва гэта важна для тых, у каго ёсць высокая рызыка развіцця ўскладненняў, як у выніку грыпу, так і каранавіруса.

Каранавірус. Небяспека ў сукупнасці з грыпам.

Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

– Мы можам меркаваць, што калі напластоўваюцца дзве інфекцыі, дык захворванне праходзіць цяжэй. Сімптомы сапраўды могуць быць падобныя (грып і COVID-19 – рэспіраторныя інфекцыі), тут адзін шлях, каб іх адрозніць, – гэта тэсціраванне.

Разам з тым, высокай захваральнасці на грып у Беларусі, дзякуючы шырокаму ахопу насельніцтва прафілактычнымі прышчэпкамі, не чакаецца, лічыць Вячаслаў Гранькоў.

Ці патрэбная прышчэпка, калі перахварэў

Паводле рэкамендацый СААЗ, нават калі чалавек перанёс ужо каранавірусную інфекцыю, зрабіць прышчэпку супраць COVID-19 усё ж варта. У людзей, якія перахварэлі ў лёгкай форме, ахоўны тытр антыцелаў можа быць нізкім альбо хутка знікаць. Прычым, калі чалавек перанёс захворванне ў больш цяжкай форме, ахоўны тытр антыцелаў таксама зніжаецца праз некалькі месяцаў.

Каранавірус. Ці патрэбная вакцынацыя тым, хто перахварэў.

Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

– Мы маем выпадкі паўторнага заражэння людзей. Размова ідзе пра тое, што вакцынацыя паказаная нават тым, хто раней перанёс COVID-19.

На жаль, пакуль няма канкрэтнай інфармацыі пра час, які павінен прайсці пасля заканчэння хваробы да моманту вакцынацыі. У некаторых краінах рэкамендуюць пачакаць як мінімум месяц з моманту пачатку інфекцыі.

Вызначаць ахоўны тытр антыцелаў перад вакцынацыяй няма неабходнасці. Дадзеных пра тое, што людзі, якія перахварэлі раней, пераносяць вакцынацыю ў больш цяжкай форме альбо маюць ўскладненні, няма.

Разам з тым, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях не выключыў верагоднасці таго, што будуць выпадкі, калі пасля вакцынацыі праз пэўны час у чалавека могуць праявіцца сімптомы рэспіраторнага захворвання.

Каранавірус. Сімптомы рэспіраторнага захворвання пасля прышчэпкі.

Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграмаў СААЗ па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі:

– Гэта не будзе звязана з вакцынай. Гэта значыць, што чалавек заразіўся да таго моманту, калі вакцына змагла падзейнічаць і з'явіліся антыцелы. Такія выпадкі ёсць, яны апісаныя, і да гэтага варта быць гатовым.

Сітуацыя з COVID-19, у тым ліку па пытаннях вакцынацыі, працягвае адсочвацца. І адказы на многія пытанні будуць атрыманыя па меры з'яўлення новых дадзеных, падсумаваў эксперт.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

92 0 20

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».