25.04.2023
25.04.2023

Ода жыццю (апавяданне)

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З кожным днём мацнее пах вясны. Кожны дзень набліжае да лета.

— Пайшоў бярозавік, — сцішана сказаў незнаёмы хлопчык, з выгляду гадоў дванаццаці ці крыху больш, а сам з пласмасавым пяцілітровікам падаўся да ўзлеску.

На першы погляд звычайная, крыху саладкаватая празрыстая і натуральная вадкасць, але ёсць у ёй нешта асаблівае, што робіць нашае сэрца больш вясёлым, а настрой песенным. Нездарма гэты жыватворны напой не толькі падсілкоўвае, але і дапамагае чалавеку ачысціць свой арганізм....

Бярозавы сок

Раптам бачу незнаёмых маладых няголеных хлопцаў у будатрадаўскіх штармоўках з вялізнымі заплечнікамі, якія крочуць праз Даўжані. Пытаюцца ці не збіліся яны з маршруту ў вёску Наўры?

Пытаннем на пытанне кажу: “А што згубілі там, хлопцы?”

Адказваюць сур’ёзна: “Ды вось знайшлі на вашай зямлі многа цікаўнага з далёкіх часоў, а зараз грунтоўнае даследванне старажытнага пасялення будзем праводзіць”.

— Правільны шлях трымаеце, вёска – побач.

Дарэчы, я раней ведаў, што назва Наўры сугучна старажытнаму народу неўрам (неврам – аўт.), пра якія ўспамінаў яшчэ Герадот: некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта неўры, якія жылі ў вярхоўі Днястра і Паўднёвага Буга, і былі продкамі крывічоў. Несумненна адно: старажытныя людзі, парэшткі якіх пахаваны ў наўранскіх курганах, належалі да полацкай галіны крывічоў – яны разам з дрыгавічамі, ра­ дзімічамі і некаторымі балтыйскімі плямёнамі і склалі аснову бела­рускага этнасу. На тэрыторыі, дзе жылі летапісныя крывічы, некаторыя курганныя пахаванні ўдаўжыню маглі дасягаць ста метраў.

Праз колькі дзён я завітаў у лагер маладых беларускіх геолагаў, не церпілася хаця б штосьці паведамілі пра даследванні нашых мясцін. Мая цікаўнасць была задаволена. Я ведаў, што на нашых землях калісці жылі паўднёва­заходнія крывічы, ці палачане. Былі яны высокага росту, з вузкім тварам, выступаючым носам з гарбінкай. Сведкі колішняга існавання тут старадаўняга пасялення – дзясяткі курганоў, што параслі лесам. На гэтай тэрыторыі зроблена нямала архелагічных адкрыццяў унікальнага захаранення летапісных крывічоў ад пачатку першых 1934 года даследванняў. Аднак некропаль крывічоў выклікаў цікавасць не толькі ў спецыялістаў, але і шматлікіх кладашукальнікаў. Тым не менш, ёсць меркаванне навукоўцаў, што тут сканцэнтраваны праявы доўгага працэсу змянення светапогляду нашых продкаў – з язычаскага на хрысціянскае. Курганы гэтыя лічацца адным з буйных пахаванняў крывічоў ва Усходняй Еўропе, і размешчаны так, што ўмоўна ствараюць дзве асобныя групы: у адной крывічы хавалі сваіх сапляменнікаў па абраду крэмацыі, проста спальвалі на язычаскім  рытуальным кастры, а ў другой пераважна па абраду інгумацыі, г.зн. цела проста закопвалі ў зямлю.

Курган у лесе

Другую курганную групу навукоўцы пачалі вывучаць двума гадамі  раней, у 2017­м. Яна аказалася больш старажытнай. Раскопкамі кіравала цэлая дынастыя археолагаў – Аляксандр Плавінскі і два яго сыны Мікалай і Уладзімір. Тады і быў адкрыты невядомы раней для поўначы Беларусі тып пахаванняў. Па знойдзеных ў пахаваннях старажытных металічных крыжыках можна меркаваць, што ў крывічоў былі некаторыя праявы хрысціянства. Але дакапацца да ісціны пакуль не ўдаецца і наўраўская зямля ставіць перад навукай усё новыя пытанні…

Дарэчы Беларусь у суладдзі і згодзе жыве з усімі канфесіямі, якія прадстаўляюць 124 зарэгістраваныя нацыянальныя супольнасці. Прадстаўнікі карэннага этнасу складаюць 81 працэнт ад усяго насельніцтва краіны.

Між тым вясна ўсё яшчэ няўпэўнена крочыць. Чалавек з нейкім асаблівым хваляваннем чакае прылёту буслоў. А іх усё не відаць, хоць шпакі і жаўрукі ўжо абуджаюць наваколле, заліваюцца, увесь свет патапляючы ў веснавых гуках. Раней у вёсках казалі, што “гэтыя птушкі нясуць вясну і праз месяц які ўжо і зямельку можна варушыць”. Гусі ды журавы ўсё яшчэ мітусяцца – днём лятуць на паўднёвы захад, к вечару – назад. І надвор’е незразумела мяняецца па некалькі разоў на дзень.

І вось раніцою з’явіліся буслы – гэтыя белыя істоты, разумныя і даверлівыя птушкі. Яны праляцелі над вёскай, вітаючыся з людзьмі, нібыта нагадваючы аб сваім апякунстве ад жахаў і пагрозаў. І толькі пасля пачалі парадак наводзіць у сваіх гнёздах.

Аісты ў гняздзе

Раптам, адкуль толькі ўзялася, прысунулася з боку возера, кудлатая непрыветлівая хмара і пайшоў... снег. Але буслы не спужаліся такіх зменаў, толькі схавалі пад сябе адну нагу. А снег не сціхнуў і праз гадзіну, і праз дзве. Гэта змусіла разумных птушак адляцець на дзень ­ другі ў суседнюю, больш цёплую, паўднёвую вобласць.

Бусел не толькі ахоўнік жыцця, цяпер да кожнага парога нясе, як некалі дзіця, сваё пяро перасцярогі...

Ажывілася дзятва: бегае ­носіцца па вуліцах з канапушкамі на ўсмешлівых тварыках...

Неяк дзіўна добра чуваць гукі раніцою і ўвечары, здаецца, што не існуе адлегласці і гучыць, пранікаючы ў цябе, навакольная прастора.

Вясна ў вёсцы раніцай

Чапляючыся за апошнія імгненні зімы, пад плотам ляжыць неда­талы камячок збуцьвелага снегу з цукеркавай абгорткаю пасярэдзіне. І, падтрымліваючы яго жыццё, кожную ноч крышку прыціскае адчай­ны марозік, ствараючы на лужынах тонкую скарынку лёду. Як толькі ўзнімаецца сонца, яна, тая скарынка, знікае, кожны дзень усё памян­шаецца і той камячок, пакуль аднойчы не знікне зусім...

Іду пацешыцца ў лес. Ён пачынаецца дыміцца жывымі пахамі. Паўсюль ўсё смялей пачынаюць цвыркаць птушкі. Вось ужо на палянках глебу прабілі маладая траўка і першыя стрэлкі падбелу. А вунь і нарцысы лашчаць вока. Лугавіна шэра­жоўта­зялёная. Падыходжу да ўзлеску. Тут ужо не чуваць густога вясновага ветрыка, а сонейка ўжо няблага прыгравае. А вунь засінелася мора пралесак, сваім колерам спрачаецца з нябёсамі.

Трэснулі пупышкі на дрэвах, і яны ўжо стаяць у зялёнай шэрані, пакуль што нясмелай, але з кожным днём усё больш моцнай.

Павесялела наваколле. Заўсміхаўся чалавек. Як ўсё збалансавана ў прыродзе!

Вясенні лес

І вось, нарэшце, на нашых вуліцах з’яўляюцца апранутыя па-вясноваму чароўныя дзяўчаткі дый маладзіцы з зіхатлівымі і гуллівымі вачыма. І на мужчынскіх тварах чытаецца замілаванне ды ажыўленыя маладыя і няўрымслівыя пачуцці.

І першая лістота, што вось-­вось пырсне на павесялеўшых дрэвах, з пахам маладосці, вясны і кахання.

Якое слаўнае ты, жыццё!

Ах, як хочацца, каб кожная жывая істота радавалася кожнаму дню, кожнаму імгненню! Асабліва мы, людзі. І ніколі не страчвалі памяць, захоўвалі яе, каб ведаць свае гістарычныя карані. Каб жыццё наша было ўсцешным і заможным! І з кожным подыхам вясны яно не страчвала надзеі працягвацца зноў і зноў не гледзячы ні на што ці насуперак усяму.

Сонца свеціць скрозь галінкі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама