23.05.2018
23.05.2018

Небяспечны «плюс»: чым пагражае атлусценне пры цяжарнасці?

logo
Цяжарнасць i роды
0 13
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У свеце расце колькасць людзей з атлусценнем, прычым жанчын «у плюсе» больш, чым мужчын. І пераважна гэта жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту.

Журналіст Слушна заканспектавала асноўныя моманты пра атлусценне і цяжарнасць з лекцыі дацэнта кафедры эндакрыналогіі БДМУ, кандыдата медыцынскіх навук Алены Шышко.

Атлусценне і цяжарнасць

Аб'ём тлушчавай тканкі ў здаровай жанчыны большы, чым у мужчыны – 29% супраць 20%. Гэта невыпадкова. Бо жанчыне трэба будзе выношваць дзіця. А для гэтага неабходна наяўнасць тлушчавай тканкі ў малочных залозах, у раёне ягадзіц, сцёгнаў і жывата. Акрамя таго, тлушчавая тканка – самы вялікі эндакрынны орган, які, у тым ліку, уплывае і на рэпрадуктыўную функцыю жанчыны.

Калі тлушч становіцца небяспечным

Праблемы пачынаюцца з павелічэннем колькасці вісцаральнай тлушчавай тканкі. Яна, між іншым, валодае нізкай адчувальнасцю да інсуліну (бялковага гармону, які рэгулюе вугляводны абмен у арганізме), што прыводзіць да метабалічных расстройстваў, павялічвае шанц развіцця цукровага дыябету другога тыпу, а падчас цяжарнасці – рызыку невыношвання.

Атлусценне багата рознымі ўскладненнямі падчас цяжарнасці. Гэта і ранні таксікоз, і схільнасць да інфекцыйных захворванняў, і змены ў розных органах і сістэмах, у прыватнасці, у сардэчна-сасудзістай сістэме. Існуе павышаная рызыка развіцця гестацыйнага дыябету.

Такі стан мамы небяспечны і для малога. Яму ў большай ступені пагражае унутрычэраўная гіпаксія, растуць рызыкі перынатальнай і неанатальнай смяротнасці. Даследаванні таксама пацвярджаюць наяўнасць сувязі паміж атлусценнем маці і аўтызмам у яе дзіцяці.

Усё па плане!

У ідэале любая жанчына, тым больш з атлусценнем, павінна свядома планаваць будучую цяжарнасць. Пажадана нармалізаваць сваю вагу да яе наступлення. Лішняя вага, вядома, не з'яўляецца супрацьпаказаннем для цяжарнасці, аднак жанчына з такім дыягназам павінна знаходзіцца пад кантролем адразу некалькіх урачоў – тэрапеўта, акушэра-гінеколага, эндакрынолага, а ў ідэальным выпадку – таксама дыетолага і псіхатэрапеўта.

Меню будучай мамы

Рацыянальнае харчаванне – ключавы фактар у прафілактыцы і лячэнні атлусцення. Важна ўлічваць сутачную каларыйнасць страў.

Напрыклад, калі індэкс масы цела большы за 35, то каларыйнасць з'едзенага за дзень можа складаць ад 1200 да 1700 ккал. Пры гэтым неабходна ўключыць у рацыён вітамінныя комплексы з мікраэлементамі, каб жанчына не мела ў іх недахопу.

Павелічэнне вагі ў жанчын з атлусценнем не павінна перавышаць 5 кг за ўвесь перыяд цяжарнасці.

Але нельга, каб цяжарная жанчына галадала: у гэтым выпадку можа развіцца радавы кетаацыдоз. Асабліва важна сачыць за вагой у другім-трэцім трыместры, калі павялічваецца рызыка развіцця метабалічных парушэнняў. Гіперкаларыйная ежа ў рацыёне цяжарнай жанчыны небяспечная для малога схільнасцю да атлусцення ў будучым, паколькі ў плода фарміруецца больш тлушчавых клетак.

На долю тлушчаў павінна прыпадаць не больш за 25% рацыёну, складаных вугляводаў – 55%, бялкоў – да 20%. У першыя месяцы цяжарнасці патрэба арганізма жанчыны ў бялку складае 1,2-1,5 грама на кілаграм вагі, а ў другой палове цяжарнасці – 2 г/кг. Колькасць ужытага бялку ў гэты перыяд павінна складаць не менш за 90 г у суткі.

Лепш, калі меню для будучай мамы падбярэ ўрач.

Актыўны дэкрэт

Калі цяжарная жанчына сыходзіць у дэкрэтны адпачынак, яе рухальная актыўнасць, як правіла, зніжаецца. Аднак рэгулярныя фізічныя нагрузкі нармалізуюць вугляводны і тлушчавы абмен. Займацца трэба 4-5 раз у тыдзень, з паступовым павелічэннем інтэнсіўнасці трэніровак. Пачаць можна з простай хады.

Від лячэбнай гімнастыкі падбіраецца ўрачом індывідуальна – у залежнасці ад тэрміну цяжарнасці, ступені атлусцення і ўскладненняў, што ідуць побач.

Асноўная задача цяжарнай жанчыны з лішняй вагой – не знізіць колькасць тлушчавай тканкі, а спыніць з'яўленне новай. Гэта забяспечыць нармальны рост і развіццё дзіцяці.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 13

Глядзіце таксама