10.01.2019
10.01.2019

Небяспечны спуск. Спецыялісты б'юць трывогу з-за колькасці атрыманых траўмаў пры катанні на цюбінгах

logo
Навiны
46 025
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З пачатку зімы больш за 100 дзяцей звярнуліся ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі з-за траўмаў, атрыманых у выніку катання з горак на цюбінгах. Шпіталізавана 35 пацярпелых, з іх трое – з цяжкімі траўмамі. Двое былі прааперыраваны, а адзін перанёс нават дзве аперацыі. Такую статыстыку агучыў на сустрэчы з журналістамі ў Мінску кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Міхаіл Талабаеў.

Паводле яго слоў, гэткае папулярнае сёння захапленне, як катанне на цюбінгах, тоіць мноства небяспекі. Яго высокая хуткасць і некіравальнасць, немагчымасць своечасова затармазіць пры спуску з горкі ў большасці выпадкаў прыводзяць да сур'ёзных траўмаў, а часам і да гібелі людзей.

 
Міхаіл Талабаеў
Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі МАЗ РБ, к.м.н.
І дарослым, і дзецям у гэтым працэсе падабаецца хуткасць і некіравальнасць. У такіх прыемных момантах крыецца і асноўны недахоп: цюбінг немагчыма спыніць, затармазіць і павярнуць. Катанне ў не прызначаных для гэтага месцах прыводзіць да траўматызму. Кожны выхадны, святочны дзень да нас звяртаецца мінімум 10-15 дзяцей, якія атрымалі траўмы.

У сваю чаргу загадчык лабараторыі захворванняў і наступстваў траўмаў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Бабкін адзначыў, што толькі за канікулы ў цэнтр звярнуліся па дапамогу больш за 30 дзяцей з так званымі «цюбінгавымі траўмамі», 9 шпіталізаваны. Літаральна перад пачаткам прэс-канферэнцыі ў РНПЦ у аддзяленне рэанімацыі паступіла яшчэ адна дзяўчынка, дадаў спецыяліст.

Агучаныя на прэс-канферэнцыі лічбы – толькі вяршыня айсберга. Многія пацярпелыя звяртаюцца ў іншыя лячэбныя ўстановы. Ёсць і такія, хто проста саромеецца прызнацца бацькам, што нешта баліць. Траўмы, атрыманыя пры катанні на цюбінгах, непрадказальныя, і не заўсёды іх наступствы праяўляюцца адразу. Напрыклад, кампрэсійны пералом хрыбетніка ў дзіцяці, які часта адбываецца ў дадзенай сітуацыі, пагражае цяжкімі ўскладненнямі ў будучым. Самыя частыя траўмы, якія атрымліваюць аматары пракаціцца на цюбінгах «з ветрыкам», – чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджанні ўнутраных органаў, канечнасцяў і хрыбетніка.

 
Андрэй Бабкін
Загадчык лабараторыі захворванняў і наступстваў траўмаў пазваночніка і спіннога мозгу РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Язду на цюбінгах не забароніш, але яе трэба абмежаваць у спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. Ухіл гары, з якой можна катацца на цюбінгах, не павінен перавышаць 20 градусаў. Не павінна быць ніякіх перашкод пры спуску, аб якія можа стукнуцца цюбінг і яго пасажыр. Дзеці павінны знаходзіцца ў суправаджэнні дарослых, а сама прадукцыя – быць сертыфікавана.

Набыць дзіцяці цюбінг – самы просты спосаб уцягнуць яго ў непрыемнасці, упэўнены траўматолаг-артапед вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч.

 
Андрэй Ярашэвіч
Траўматолаг-артапед вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Цюбінгі прадаюцца цяпер на кожным вугле. Раней яны былі прызначаныя для спартыўных мерапрыемстваў, і каталіся на іх у строга абмежаваных месцах пад наглядам спецыялістаў. Сёння бацькі могуць зрабіць дзіцяці такі падарунак. Разам з тым, дзіця не можа само сябе кантраляваць, як правіла, у яго няма спецыяльных сродкаў абароны, якія прызначаны і рэгламентаваны пры выкарыстанні цюбінгу як спартыўнага снарада. Нават веласіпедысты апранаюць шлем, а дзіця вылятае з цюбінгу ў мяккай вязанай шапачцы. Пра што можна гаварыць? Мала таго, у кожным мікрараёне можна знайсці горку, якая абсалютна не прызначана для такога віду катання.

Урач выказаў меркаванне, што неабходна прыцягнуць увагу камунальных службаў, якія павінны дакладна сачыць за тым, што адбываецца на такіх горках, зрабіць недаступным катанне ў дварах, каля дарогі, ажно да таго, каб пасыпаць небяспечныя горкі пяском. Акрамя гэтага, Андрэй Ярашэвіч прапанаваў рэгламентаваць і абмежаваць продаж цюбінгаў.

Зараз Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь праводзіць праверкі па сямі фактах цяжкага траўмавання і гібелі людзей (аднаго дарослага і аднаго непаўналетняга) пры катанні на цюбінгах. Устаноўлена, што гэтыя факты мелі месца з-за парушэнняў правілаў бяспекі пры катанні на цюбінгах, распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта РБ Сяргей Цішук.

 
Сяргей Цішук
Начальнік Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта РБ
З улікам даследаванняў гэтых абставінаў Старшынёй Следчага камітэта РБ накіраваны ліст у Савет Міністраў з канкрэтнымі прапановамі аб удасканаленні парадку вырабу, рэалізацыі і эксплуатацыі цюбінгаў. Унесены прапановы аб больш падрабязным інфармаванні грамадзян, прававой рэгламентацыі, больш выразных і канкрэтных патрабаваннях аб інфармаванні спажыўцоў пры набыцці цюбінгу.

Акрамя гэтага, мясцовым органам улады і жыллёва-эксплуатацыйным службам прапануецца абсталяваць месцы масавага катання і кантраляваць бяспеку грамадзян. Разам з тым, упэўнены Сяргей Цішук, навучанне дзяцей бяспечным паводзінам – абавязак сям'і.

 
Сяргей Цішук
Начальнік Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта РБ
Усё ж такі ёсць такая забаўка, як цюбінг, але яна вельмі небяспечная і павінна ажыццяўляцца ў кантраляваных месцах. Там, дзе няма перашкод натуральных або штучных, якія і выклікаюць траўмаванне. Купіўшы цюбінг, пацешыўшы дзіця, бацькі фактычна садзяць яго ў машыну без тармазоў. Напэўна, ніхто з нас не хацеў бы апынуцца ў такой машыне на заснежанай дарозе. У параўнанні гэта так. Таму неабходна, каб бацькі больш увагі надавалі бяспецы дзяцей. Калі дарослыя бачаць, што дзеці катаюцца на цюбінгах, падысці і зрабіць заўвагу. Часта ўжо гэтага будзе дастаткова, каб зберагчы дзіця, захаваць яму жыццё і здароўе.

Усе выпадкі траўмавання, пра якія ідзе гаворка, адбыліся ў месцах, зусім непрыдатных для катання на цюбінгах. Усюды былі перашкоды ў выглядзе дрэў або слупоў. Па словах афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта РБ Юліі Ганчаровай, набываючы цюбінг і адпраўляючы сваё дзіця на горку, бацькі нават не здагадваюцца пра небяспеку, што над ім навісла. Апошнія выпадкі траўмавання паказалі, што часцей за ўсё пакутуюць дзеці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Прычым гэта зусім не значыць, што бацькоў у той момант не было побач.

 
Юлія Ганчарова
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта РБ
Усё адбываецца ў рэжыме рэальнага часу. Вось мама прыйшла з двума дзецьмі. Дзіця падымаецца на горку і спускаецца, напрыканцы горкі ёсць перашкода – слуп ці дрэва. Самі разумееце, фізічна дабегчы немагчыма. Сотая доля секунды, можна адвярнуцца, а дзіця стукнулася галавой, яму дрэнна. Часам нават гэтаму, калі няма якіх-небудзь бачных наступстваў, не надаецца значэнне. Дзіця пачынае скардзіцца на галаўны боль ці млоснасць. Яму дома пачынаюць прыкладаць лёд, і наогул няма думкі, што дзіця можа памерці праз некалькі гадзін.

Менавіта таму вельмі важна, падкрэсліла Юлія Ганчарова, каб кожны дарослы патлумачыў дзіцяці, як паводзіць сябе бяспечна. Бо нават спусціўшы трохі цюбінг, ужо можна знізіць хуткасць руху (хуткасць руху добра накачанага цюбінгу можа дасягаць да 100 км/г). Не катацца ў не прадугледжаных для гэтага месцах, паблізу аўтамабільных дарог або чыгуначных шляхоў, замёрзлых вадаёмаў, а таксама там, дзе ёсць дрэвы або слупы.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

46 0 25

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».