25.10.2017
25.10.2017

Артарэксія, альбо калі са здаровым харчаваннем перабор

logo
Правiльнае харчаванне
0 77
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ва ўсім свеце людзі ўсё больш цікавяцца здаровым харчаваннем. Абмяркоўваюць каларыйнасць рацыёну, шкоду і карысць тлушчаў, простых і складаных вугляводаў, выказваюць незадаволенасць фастфудам. Часам дакучлівае імкненне да «здаровага і правільнага харчавання» можа абярнуцца бядой.

Што такое артарэксія

З модай на здаровы лад жыцця ўзрастае колькасць людзей, якія пакутуюць на артарэксію. Часам вера ў сілу біяпрадуктаў настолькі вялікая, што нават здаровы сэнс не можа яе перамагчы. Нялёгка пераканаць таго, хто сілкуецца карыснымі прадуктамі, што ён можа сабе нашкодзіць. Як ні вабіць гэтая мода, здаровае харчаванне, на жаль, далёка не заўсёды карыснае.

Артарэксія – расстройства прыёму ежы, што характарызуецца дакучлівым імкненнем да «здаровага і правільнага харчавання», якое прыводзіць да значных абмежаванняў у выбары прадуктаў.

Артарэксія не лічыцца хваробай. Але некаторыя псіхолагі, у тым ліку і Стывен Братман, урач, які ў 1997 г. упершыню апісаў выпадак гэтага харчовага расстройства, сцвярджаюць, што гэта залежыць ад працягласці.

Чалавек, які пакутуе на артарэксію, надае занадта вялікую ўвагу таму, што есць. Ён жыве ілюзіяй, што можа купіць сабе здароўе і падоўжыць маладосць.

У некаторых людзей залішняя ўвага да якасці прадуктаў выходзіць за межы натуральнай асцярожнасці. Для многіх «закручанасць» на арганічнай ежы - спосаб пазбегнуць кантакту з рэальным жыццём. Пагоня за немадыфікаванымі прадуктамі мадыфікуе жыццё. І не заўсёды ў лепшы бок. Ужо не кажучы пра наступствы для здароўя.

Адмова ад многіх прадуктаў на карысць «здаровага» харчавання дрэнна адбіваецца на псіхіцы. Пазбаўляючы сябе задавальнення смачна есці, людзі з артарэксіяй губляюць яго і ў іншых сферах жыцця. Ежа іграе ў іх жыцці такую вялікую ролю, што ні для чаго іншага месца не застаецца.

Адрозненні паміж артарэксіяй і рацыянальным харчаваннем

Артарэксію ад рацыянальнага харчавання аддзяляе досыць тонкая мяжа.

Асноўнае адрозненне людзей, якія выкарыстоўваюць дыеты, ад артарэксікаў у тым, што апошнія празмерна часу надаюць пытанням свайго харчавання: бесперапынна кажуць пра ежу, шкоду і карысць розных прадуктаў харчавання, «здаровыя» спосабы прыгатавання страў, «экалагічнасць» гародніны і садавіны.

Чалавек становіцца ўзбуджаным, нервовым, часта негатыўна настроеным. Артарэксікі асабліва старанна плануюць свой рацыён: падлічваюць колькасць бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, каларыйнасць страў. Імкнуцца жорстка прытрымлівацца складзенага меню.

Мэта змены харчавання ў звычайнага чалавека – палепшыць стан здароўя, прывесці сябе ў форму, стаць больш энергічным для дасягнення важных мэтаў у жыцці, а ў артарэксіка – кантраляваць сваё жыццё.

Артарэксікі любяць «спальваць» калорыі ў спартзале. Могуць праводзіць там досыць шмат часу. Аднак трэніроўкі практычна не прыносяць вынікаў, бо арганізм не паспявае аднаўляцца на фоне, як яны лічаць, «правільнага» харчавання, паколькі з рацыёну выключаны важныя незаменныя біялагічна актыўныя рэчывы.

Паступленне недастатковай колькасці пажыўных рэчываў з ежай вядзе да страты масы цела, узнікненню хвароб, дэпрэсіі.

Прычыны артарэксіі

Вытворцы жадаюць як мага хутчэй, у максімальным аб'ёме прадаць сваю прадукцыю і пры гэтым, натуральна, зарабіць немалыя грошы. Выкарыстоўваючы моду на «здаровае» харчаванне, яны прыцягваюць да сваіх прадуктаў спажыўца. Але не заўсёды гэты прадукт неабходны менавіта Вам. Часам людзі настолькі захопленыя імкненнем мець ідэальнае цела і апантаныя вечнай маладосцю, што гатовыя спажываць усё з маркіроўкамі «карысна», «без ГМА», «натуральнае», «экалагічнае» і г.д.

Асноўныя прычыны развіцця нервовай артарэксіі могуць быць абумоўленыя павышанай унушальнасцю асобы і/альбо агрэсіўнай рэкламай «здаровых» прадуктаў, сістэмы харчавання, накіраванай альбо на зніжэнне масы цела, альбо на лячэнне хвароб.

Часцей за ўсё на артарэксію пакутуюць няўпэўненыя ў сабе жанчыны, схільныя да самаасуджэння, і перфекцыяністы людзі, якія імкнуцца рабіць усё на выдатна, імкнуцца ва ўсім дасягнуць ідэалу.

Сімптомы артарэксіі

Сімптомы артарэксіі

  • Галоўным крытэрыем выбару прадуктаў харчавання служыць іх карысць для здароўя, пры гэтым абсалютна не ўлічваюцца індывідуальныя перавагі.
  • Забарона ўжывання: алкаголю, тлустай ежы, прысмакаў, а таксама прадуктаў, якія змяшчаюць кансерванты, дрожджы, глютэн; генетычна мадыфікаваных прадуктаў.
  • Захапленне рознымі дыетамі («па Шэлтану», «Крамлёўская», сыраядзенне і г.д.).
  • Страх ужывання «шкодных» прадуктаў. А калі ўсё ж не стрымаўся – адольвае адчуванне віны.
  • Страх узнікнення хвароб, асабліва атлусцення.
  • Выкарыстанне пакарання ў выпадку ўжывання «шкоднага» прадукту. Напрыклад, шматгадзінная трэніроўка ў спартыўнай зале альбо галаданне на працягу 1-2 дзён.
  • Дбайная распрацоўка свайго рацыёну харчавання на дзень, тыдзень, месяц з дакладным падлікам калорый.
  • Павышэнне самаацэнкі ў выпадку «правільнага» харчавання і адсутнасць павагі да «няшчасных», якія «губяць» сябе нездаровай ежай.

Чым больш увагі мы надаем прадуктам, тым больш у нас праблем, у тым ліку і з масай цела. Памятаеце: харчаванне – гэта не толькі калорыі, але і якасць нашага жыцця. Ежа павінна прыносіць задавальненне.

Паклапаціцеся пра радасць у вашым жыцці!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 77

Урач-дыетолаг, кандыдат медыцынскіх навук
Глядзіце таксама