13 Лютага
13.02.2019

Асновы харчавання пры цукровым дыябеце 2 тыпу: думаем пра каларыйнасць і разнастайнасць, памяншаем памер порцый

logo
Кантралюй здароўе
4 0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Арганізм чалавека ўсе неабходныя рэчывы атрымлівае з ежы. Яна з'яўляецца крыніцай энергіі, макра- і мікранутрыентаў. Склад харчовых прадуктаў аказвае ўплыў на самаадчуванне чалавека, яго эмацыянальны стан, фізічнае развіццё, працягласць жыцця. Багацце нездаровай ежы, пераяданне і парушэнні харчовых паводзінаў нязменна прыводзяць да развіцця розных захворванняў, у тым ліку атлусцення і цукровага дыябету 2 тыпу, сардэчна-сасудзістых і анкалагічных

Як харчавацца правільна, калі пастаўлены дыягназ «цукровы дыябет 2 тыпу»? Аб гэтым і ў цэлым аб прынцыпах здаровага харчавання журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч.

да зместу

Ежа патрэбна нам для нармальнага функцыянавання арганізма. Любыя абмежаванні ў рацыёне наўрад ці можна назваць карыснымі. Арганізм чалавека – складаная сістэма, а харчаванне і фізічны стан цесна ўзаемазвязаны. З ежай чалавек павінен атрымліваць дастатковую колькасць энергіі, бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, вітамінаў і мікраэлементаў. Калі гэтага не адбываецца, асабліва на працягу доўгага перыяду часу, могуць узнікнуць сур'ёзныя праблемы са здароўем.

Ежа – гэта яшчэ і крыніца задавальнення. Падчас ежы ў нашым арганізме выпрацоўваюцца гармоны радасці і задавальнення (эндарфіны, сератанін і дафамін). З аднаго боку, яны аказваюць сур'ёзны ўплыў на наш эмацыянальны стан, з другога – збой у іх працы прыводзіць да парушэння харчовых паводзінаў (булімія, начная ежа або пераяданне).

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
У людзей з атлусценнем, як правіла, вялікае значэнне ў жыцці займае ежа як крыніца задавальнення. Такі чалавек канцэнтруецца на ежы, усе астатнія бакі жыцця адыходзяць на другі план. І пры атлусценні, і пры цукровым дыябеце 2 тыпу адзначаецца высокая распаўсюджанасць парушэнняў харчовых паводзінаў.

Па словах эксперта, 95% людзей з цукровым дыябетам 2 тыпу маюць лішнюю масу цела або атлусценне. Калі казаць аб эфектыўным падыходзе да лячэння такіх пацыентаў, дык асноўны метад карэкцыі – гэта змена ладу жыцця і, у першую чаргу, зніжэнне масы цела на 7-10% за 3-6 месяцаў.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Калі гэта атрымліваецца, прыкладна 50% людзей вяртаюцца ў стан умоўнага здароўя. Гэта тычыцца такіх захворванняў, як цукровы дыябет 2 тыпу, артэрыяльная гіпертэнзія і дысліпідэмія.
да зместу

Два базавыя прынцыпы харчавання

Любая ежа павінна адпавядаць пэўным колькасным (сутачны калараж, суадносіны вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, рэжым харчавання) і якасным (склад прадуктаў і спосаб іх падрыхтоўкі) характарыстыкам.

Каларыйнасць

Паводле рэкамендацый экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пры нізкай або сярэдняй фізічнай актыўнасці сутачная каларыйнасць рацыёну для жанчын складае прыкладна 1800-2000 ккал, для мужчын – 2000-2200 ккал.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Каб ацаніць сутачную каларыйнасць рацыёну харчавання пацыентаў з цукровым дыябетам 2 тыпу і атлусценнем, мы просім іх на працягу тыдня весці дзённік харчавання. У многіх спажыванне калорый у суткі дасягае 5,5 тыс.ккал! Гэта катастрафічная лічба. Напрыклад, некаторыя ўпэўнены, што звычайны глазураваны сырок – гэта лёгкі перакус. Але ён змяшчае 200 ккал. А калі з'есці 4 такія сыркі, а яшчэ 3-4 асноўныя прыёмы ежы? Вось непрыкметна і атрымліваецца такая вялізная лічба. На жаль, часта нашы пацыенты проста не задумваюцца аб колькасным баку нармальнага спажывання ежы.

Рэзка памяншаць сутачнае спажыванне калорый не варта, бо гэта можа негатыўна адбіцца на эмацыянальным стане чалавека і з'яўляецца адной з памылак пры лячэнні пацыента з атлусценнем. Каларыйнасць рацыёну дастаткова зніжаць на 500 ккал на тыдзень.

да зместу

Парцыённасць

Другі сакрэт правільнага харчавання – аптымальны памер порцыі, якую чалавек з'ядае за адзін раз. Ён не павінен перавышаць 150-200 г. Некаторыя выкарыстоўваюць прынцып шклянкі: за адзін раз ежы можна з'ядаць столькі, колькі змесціцца ў адну шклянку.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Калі мэта чалавека зніжэнне масы цела, дык падчас трапезы, якая прадугледжвае змену страў, варта выбіраць толькі адну. Напрыклад, у абед з'есці толькі суп або другую страву.

Чалавечы арганізм так уладкаваны, што пачуццё сытасці спазняецца. Таму ўставаць з-за стала варта трохі галодным, каб не пераесці. Калі вельмі хочацца есці, можна выпіць шклянку вады. Часта пачуццё смагі маскіруецца пад голад.

да зместу

Рэжым харчавання

Ідэальны варыянт: сняданак у раёне 8-10 гадзін, абед у перыяд 12-15 гадзін, вячэра не пазней, чым за тры гадзіны да сну.

Усе прадукты, якія паступаюць у арганізм у першай палове дня, засвойваюцца значна хутчэй, бо метабалічныя працэсы праходзяць больш актыўна. Менавіта ў гэты перыяд можна дазволіць сабе трохі расслабіцца (паесці крыху больш каларыйнай ежы).

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Для таго, каб дапамагчы «ачыстцы» страўніка і кішэчніка, запусціць ферментатыўную актыўнасць, за 20-30 хвілін да сняданку карысна выпіць шклянку цёплай вады. А вось пераядаць на ноч не варта. Менавіта ў гэты час сутак у арганізме ў вялікай колькасці выпрацоўваюцца ліпапратэіды нізкай шчыльнасці (дрэнны халестэрын), які адкладаецца на сценках сасудаў, спрыяючы развіццю атэрасклерозу. Гэта адна з важных прычын, чаму вячэраць варта не пазней, чым за тры гадзіны да сну.
да зместу

Баланс вугляводаў, бялкоў і тлушчаў

Нармальныя суадносіны вугляводаў, бялкоў і тлушчаў – паказчык гнуткі, можа вар'іраваць да 25%, таму не патрабуе штодзённага стараннага разліку. У ідэале яны павінна выглядаць такім чынам: бялкі – 10-34%; тлушчы – 19-34%; вугляводы – 46-66%.

Вугляводы даюць энергію, бялкі – будаўнічы матэрыял для арганізма, без тлушчаў не могуць сінтэзавацца некаторыя гармоны (у прыватнасці, палавыя).

Аснова правільнага рацыёну харчавання – складаныя вугляводы. У першую чаргу да іх адносіцца гародніна. Яны, акрамя насычэння арганізма энергіяй, утрымліваюць вялікую колькасць клятчаткі, якая рэгулюе страваванне. Да бульбы асаблівае стаўленне: яе рэкамендуюць есці не часцей за два-тры разы на тыдзень і адзін раз на дзень. Астатнюю гародніну можна ўжываць практычна без абмежаванняў. Карыснай крыніцай вугляводаў з'яўляюцца таксама суцэльназерневыя кашы (аўсянка, грэчка, пярлоўка).

Папоўніць запас бялку дапамогуць рыба, белыя гатункі мяса, малочныя прадукты, а таксама прадукты расліннага паходжання (бабовыя, арэхі, семачкі).

А вось да садавіны варта ставіцца з асцярогай. Яна ўтрымлівае шмат кароткіх вугляводаў, насычаных цукрозай і фруктозай. Напрыклад, найбольш карысныя і любімыя яблыкі могуць утрымліваць да 100 ккал у адным фрукце.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Даказана, што рызыка развіцця цукровага дыябету 2 тыпу павялічваецца пры частым ужыванні ў ежу мяса чырвоных гатункаў, салодкіх напояў (асабліва газаваных і пакетаваных сокаў), прадуктаў, якія змяшчаюць рафініраваныя вугляводы.

У рыбе змяшчаюцца i Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты, якія трансфармуюцца ў арганізме ў ліпапратэіды высокай шчыльнасці (добры халестэрын), стабілізуюць мембраны клетак, удзельнічаюць у сінтэзе гармонаў.

да зместу

Калі хочацца салодкага…

У людзей, хворых на цукровы дыябет 2 тыпу, падстраўнікавая залоза працуе не на поўную моц і пры паступленні вялікай колькасці глюкозы яна проста не можа выпрацаваць неабходную колькасць інсуліну. Таму, адзначыла спецыяліст, калі хочацца салодкага, дык папесціць смачным сябе можна, але толькі ў першай палове дня і зусім няшмат.

Цукар лепш замяніць на мёд. Не варта захапляцца фруктозай і іншымі цукразаменнікамі.

да зместу

Разнастайнасць

Аднастайнасць у ежы – гэта не здаровы прынцып. Ад гэтага пакутуе не толькі фізічны стан арганізма, які недаатрымлівае карысныя макра- і мікранутрыенты, але і эмацыянальны.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Некалькі гадоў таму прайшло цікавае даследаванне. Людзей падзялілі на дзве групы. Удзельнікі адной групы прытрымліваліся строгай дыеты, другой раз у 10 дзён маглі дазволіць сабе істотныя паслабленні – «харчовыя вакацыі». У выніку рэспандэнты з другой групы схуднелі ў сярэднім на 3 кг больш, чым з першай групы. Больш за тое, частата рэцыдываў (зрыву) у першай групе была на 30% вышэй.
да зместу

Спосаб прыгатавання

Першая ўмова: прадукты павінны быць свежымі, а свежымі яны лічацца на працягу 5-6 гадзін. Іх можна тушыць і варыць, рыхтаваць на пару, запякаць у духоўцы або мультыварцы. Ад смажання і вэнджання трэба адмовіцца, бо гэта самыя неспрыяльныя спосабы апрацоўкі ежы.

да зместу

Чытаем этыкетку

Перад тым, як купляць прадукт, Ала Шапялькевіч раіць уважліва прачытаць этыкетку. Тут утрымліваюцца звесткі аб каларыйнасці прадуктаў (можна разлічыць сутачны калараж), тэрміне прыдатнасці (свежасць), колькасным складзе (баланс вугляводаў, тлушчаў і бялкоў). Перавагу лепш аддаваць тавару з найменшым утрыманнем розных дабавак, стабілізатараў і кансервантаў.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

4 0 32

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама