Дата публікацыі: 11.10.2018

Абноўлена: 11.10.2018

11.10.2018

Бацькоўскі адпачынак і сямейны капітал. Эксперты распавялі пра падтрымку мацярынства і дзяцінства

logo
Навiны
54 012
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод у сярэдзіне восені, 14 кастрычніка, у нашай краіне адзначаецца адно з самых цёплых святаў – Дзень маці. У гэты дзень прынята віншаваць жанчын, якія ўжо сталі мамамі, а таксама тых, хто яшчэ адчуе радасць мацярынства.

У нашай краіне клопат пра мацярынства і дзяцінства - у ліку значных прыярытэтаў. Дзяржаўная падтрымка сем'яў выступае адным з ключавых напрамкаў сацыяльнай палітыкі і дэмаграфічнай бяспекі. Пра гэта ішла гаворка напярэдадні свята ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Спікерамі выступілі:

– намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў;

– галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Юлія Савачкіна;

– галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай працы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова.

Сацыяльная абарона

Па словах Валерыя Кавалькова, у рэспубліцы рэалізуецца шэраг мер, накіраваных на падтрымку маці, павышэнне прэстыжу і каштоўнасці сям'і. Напрыклад, пастаянна ўдасканальваецца сістэма дзяржаўных сацыяльных дапамог. Іх у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей прадугледжана 11 відаў. Сёння дзяржаўныя выплаты атрымліваюць больш за 530 тыс. чалавек.

З 2015 года, расказаў намеснік міністра, у рэспубліцы дзейнічае мера доўгатэрміновай падтрымкі сем'яў - сямейны капітал (10 тыс. долараў ЗША). Ён прызначаецца пры нараджэнні (усынаўленні або ўдачарэннi) трэцяга і наступных дзяцей. Па дадзеных на кастрычнік гэтага года, грамадзянамі нашай краіны адкрыта амаль 59 тыс. дэпазітных рахункаў сямейнага капіталу. Сума грашовых сродкаў на іх – 590 млн. долараў ЗША.

Малазабяспечаным сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей да 2 гадоў, аказваецца падтрымка бясплатнымі прадуктамі харчавання. Калі ў сям'і нарадзіліся двайняты або трайняты, такія прадуктовыя наборы атрымлівае кожнае дзіця незалежна ад узроўню даходаў бацькоў.

 У Беларусі дзейнічае больш за 140 рэгіянальных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. У іх створаны банкі даных розных катэгорый сем'яў з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамогі. Тут назапашваецца інфармацыя пра умовы пражывання сем'яў, занятасці бацькоў, а таксама ўстаноўленыя факты сацыяльнай небяспекі.

 
Валерый Кавалькоў
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Цяпер міністэрства працуе над стварэннем рэспубліканскай міжведамаснай базы дадзеных шматдзетных сем'яў. Зараз стварэнне баз шматдзетных сем'яў вядзецца ў цэнтрах тэрытарыяльнага абслугоўвання, але на кожным рэгіянальным узроўні асобна. У нас няма кансалідаванага рэсурсу і мы толькі пачынаем яго стварэнне. База павінна быць сфарміравана да 1 студзеня 2020 года. Ключавыя міністэрствы, што будуць прымаць удзел у стварэнні гэтага інфармацыйнага рэсурсу – унутраных спраў, аховы здароўя і адукацыі.

Самая запатрабаваная сем'ямі паслуга ў тэрытарыяльных цэнтрах – гэта дапамога няні. Яна прадастаўляецца сем'ям, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, якія нарадзіліся адначасова, а таксама сем'ям з дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў. Толькі за 6 месяцаў гэтага года паслугамі няні скарысталіся амаль 2 тыс. сем'яў. З іх больш за 1 тыс. 700 сем'яў, у якіх выхоўваецца двойня. З 2018 года права на дапамогу няні атрымалі сем'і, у якіх бацька і маці альбо хтосьці адзін у няпоўнай сям'і з'яўляецца інвалідам 1 або 2 групы.

Сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на базе дамоў-інтэрнатаў прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі. Ёю можна скарыстацца тэрмінам не больш чым на 28 дзён. У гэты час у сям'і з'яўляецца магчымасць вырашыць свае бытавыя пытанні ці проста адпачыць і набрацца сіл. У гэты перыяд, адзначыў намеснік міністра, нягледзячы на тое, што дзіця знаходзіцца ў стацыянары, за ім захоўваецца права на ўсе сацыяльныя выплаты. У першым паўгоддзі 2018 гады такая паслуга была прадастаўлена 20 сем'ям. За 2017 год такіх сем'яў было больш за 80.

Пастаянна працуюць над удасканаленнем заканадаўства. Напрыклад, у першым чытанні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняты праект Працоўнага кодэкса РБ. У дакуменце прадугледжана ўвядзенне адпачынку для бацькоў пры нараджэнні дзіцяці. Акрамя гэтага, у праекце дакумента ўтрымліваецца норма, што тычыцца развіцця такой формы занятасці, як дыстанцыйная праца.

 
Валерый Кавалькоў
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны
Змены накіраваны на палягчэнне мацярынства і догляду дзіцяці. У праекце кодэкса мы прапісалі нормы, што дазволяць жанчыне лягчэй сумяшчаць догляд дзіцяці і сваю працоўную дзейнасць, у прыватнасці, магчымасць працаваць аддалена.

Медыцынская дапамога

Як адзначыла Юлія Савачкіна, у 2017 годзе ў Беларусі нарадзілася больш чым 101 тыс. дзяцей.

 
Юлія Савачкіна
Галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя
Важным аспектам бяспечнага мацярынства з'яўляецца зварот цяжарных да ўрача на ранніх тэрмінах да 12 тыдняў (99,2% цяжарных). Гэта дазваляе забяспечыць жанчыну на працягу ўсёй цяжарнасці аптымальнай медыцынскай дапамогай, своечасова правесці прафілактыку ўскладненняў цяжарнасці, лячэнне наяўных захворванняў. Правядзенне УГД дазваляе выявіць штогод больш за 1 тыс. прыроджаных парокаў развіцця плода.

У апошнія гады адзначаецца пазітыўная тэндэнцыя да павелічэння родаў, якія працякаюць без ускладненняў. Іх працэнт у 2017 годзе склаў больш за 40%. Памяншаецца і трымаецца на мінімальным узроўні колькасць выпадкаў заўчасных родаў. Актыўна праводзіцца прафілактыка абортаў.

 
Юлія Савачкіна
Галоўны спецыяліст аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя
У краіне ўведзена абавязковае перадабортнае кансультаванне. Жанчына, якая па сваім жаданні вырашыла перапыніць цяжарнасць, павінна прайсці кансультацыю псіхолага. Гэта дазволіла дасягнуць пэўных поспехаў. Так, калі ў 2000 годзе ўзровень абортаў на 1 тыс. жанчын фертыльнага ўзросту складаў 23,5, то ў 2017 знізіўся да 9,2.

У рэспубліцы аказваецца ўвесь спектр складаных і высокатэхналагічных медыцынскіх умяшанняў як жанчыне, так і плоду. Напрыклад, распавяла эксперт, у РНПЦ «Маці і дзіця» выкарыстоўваюць фетальную хірургію. Гэта цэлы комплекс аператыўных умяшанняў, які праводзіцца ўнутрычэраўна, калі яшчэ дзіця не нарадзілася, што дазваляе захаваць малышам жыццё. Гадоў 15 таму ў такіх дзяцей не было нават шанцу на нараджэнне.

Сёлета ў краіне прайшоў першы форум «МамаPRO». Як паказала практыка, падобныя мерапрыемствы выклікаюць вялікую цікавасць у маладых бацькоў. Форум наведалі больш за 2 тыс. цяжарных жанчын і членаў іх сем'яў, якія змаглі атрымаць адказы на свае пытанні ад урачоў самых розных спецыялізацый: псіхолагаў, акушэраў-гінеколагаў, педыятраў і іншых. Наступны форум, адзначыла Юлія Савачкіна, запланаваны на лістапад.

Адукацыя і права на сям'ю

Велізарнае значэнне для дзіцяці мае сям'я. Матчына і бацькава выхаванне не заменіць ні адзін навучальны курс або факультатыў, упэўнена Алена Сімакова.

 
Алена Сімакова
Галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай працы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Акцэнт у нашай краіне робіцца на сям'ю поўную, якая выхоўвае некалькіх дзяцей, паколькі менавіта ў такой атмасферы дзіця расце паўнавартасным членам грамадства, вучыцца жыць і ўзаемадзейнічаць. Гэта дае яму магчымасць у будучыні стварыць шчаслівую сям'ю.

Адной з задач органаў адукацыі з'яўляецца абарона права дзіцяці на выхаванне ў сям'і, у тым ліку дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі па розных прычынах.

 
Алена Сімакова
Галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай працы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Прэрагатыва па-ранейшаму аддаецца ўсынаўленню. Разам з тым, развіваюцца і іншыя формы ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў: роднасная апека, прыёмныя і замяшчальныя сем'і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

Зрэшты, падкрэсліла спецыяліст, за апошнія восем гадоў амаль у два разы зменшылася колькасць дзяцей, бацькі якіх пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Калі ў 2010 годзе такіх дзяцей было 2 тыс. 683, то па выніках 2017 года – каля 1 тыс. 400.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

54 0 12

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».