09.06.2019
09.06.2019

Адкуль бяруцца «зорачкі» на нагах. Сімптомы, лячэнне і прафілактыка варыкознай хваробы

logo
Хваробы ад А да Я
0 56
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Паводле статыстычных дадзеных, ад варыкознай хваробы пакутуюць каля паловы жыхароў зямнога шара. Варыкознае пашырэнне венаў ніжніх канечнасцяў з'яўляецца самым распаўсюджаным захворваннем перыферычных сасудаў. І гэта зусім не касметычны дэфект, а сур'ёзная паталогія, якая ў некаторых выпадках патрабуе хірургічнага ўмяшання. А калі яе не лячыць, можа прывесці да цяжкіх наступстваў.   

Аб прычынах і сімптомах варыкознай хваробы, сучасных метадах яе лячэння і прафілактыцы Слушна распавёў Іван Клімчук, галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н..

Што такое варыкозная хвароба?

Пры варыкознай хваробе сценкі венаў, па якіх кроў цячэ да сэрца, дэфармуюцца і робяцца шырэйшымі. З-за гэтага ім складаней выконваць сваю функцыю. У норме кроў цячэ па венах ніжніх канечнасцяў уверх, і дапамагаюць ёй у гэтым мышачныя скарачэнні і вянозныя клапаны, якія адкрываюцца па кірунку току крыві і затым зачыняюцца, каб не пусціць яе назад. Калі клапаны пашкоджаныя і не могуць цалкам зачыніцца, дык кроў вяртаецца ўніз. Узнікае залішні ціск на вянозную сценку, і яна дэфармуецца – расцягваецца. Вынік – набракшыя, з вузламі, звілістыя вены на нагах.

Не варта блытаць варыкозную хваробу са здаровай венай, якая можа быць бачная праз скуру. Часам гэта проста асаблівасць арганізма.

Хто ў групе рызыкі?

У 70-80% выпадкаў з'яўлення варыкознай хваробы – спадчынная схільнасць. Генетычны фактар – не адзіная, але адна з асноўных прычынаў развіцця захворвання.

Высокая рызыка развіцця варыкознай хваробы ў тых асобаў, чыя прафесійная дзейнасць звязаная з працяглай статычнай нагрузкай. Напрыклад, у цырульнікаў, хірургаў, прадаўцоў і повараў.

Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
У групу рызыкі ўваходзяць, у тым ліку, офісныя работнікі. Доўгае сядзенне таксама можа стаць прычынай узнікнення і развіцця варыкознай хваробы. Акрамя гэтага, можна вылучыць групу пацыентаў, правакуючым фактарам развіцця варыкознай хваробы ў якіх з'яўляецца неабходнасць часта здзяйсняць працяглыя пералёты. Гэта звязана з двума момантамі: перападамі атмасфернага ціску і доўгім статычным становішчам. Да катэгорыі людзей, у якіх высокая верагоднасць з'яўлення захворвання, адносяцца таксама спартсмены (сілавыя віды спорту) і кіроўцы-дальнабойнікі.

Павышаная рызыка гэтага захворвання венаў у жанчын. Часам першыя яе праявы ўзнікаюць падчас цяжарнасці і з цягам часу могуць прагрэсаваць. Прыём гарманальных кантрацэптываў таксама робіць свой унёсак у развіццё варыкознай хваробы.

Часцяком варыкознае пашырэнне венаў, развіццё хваробы і прагрэсаванне, – прамое следства гіпадынаміі. Асабліва, калі чалавек пакутуе ад лішняй вагі.

Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
З узростам назапашваецца дзеянне правакацыйных фактараў, зніжаюцца кампенсатарныя магчымасці арганізма, прыстасавальныя рэакцыі, адказ на знешнія раздражняльнікі робіцца не такім адэкватным. Усё гэта ў сукупнасці са спадчыннай схільнасцю ўплывае на развіццё варыкознай хваробы.

Першыя прыкметы варыкозу

Пра пачатак варыкознай хваробы можа сведчыць наяўнасць на ніжніх канечнасцях сасудзістых зорачак, сетачак, з'яўленне няроўнасцяў па ходзе венаў.

Акрамя чыста касметычнага дэфекту, з часам з'яўляецца пачуццё цяжару ў нагах, стамляльнасць, магчымыя курчы ікраножных мышцаў.

Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
Часцей за ўсё пацыенты адзначаюць, што гэтыя прыкметы развіваюцца бліжэй да вечара. Уранку ногі не турбуюць і выглядаюць звычайна, а да вечара ўжо адчуваецца цяжар, ногі робяцца «свінцовымі». Пры прагрэсаванні захворвання з'яўляюцца ацёкі ў галіне шчыкалатак (напрыклад, застаюцца сляды ад рызінкі на шкарпэтках). Першапачаткова ацёк за ноч сыходзіць.

Пасля ацёку пачынаецца наступная стадыя прагрэсавання захворвання. Змяняецца колер скуры, прычым не абавязкова ў вобласці вены. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў вобласці ўнутранай шчыкалаткі. Скура цямнее, робіцца шчыльнай, у гэтай зоне з'яўляецца хваравітасць. Фінальная стадыя варыкознай хваробы – гэта з'яўленне трафічных язваў, якія працяглы час не гояцца, а таксама часта рэцыдывуюць.

Лячэнне варыкозу

 варыкоз

Для дыягностыкі захворвання выконваецца ўльтрагукавое даследаванне. З яго дапамогай можна вызначыць будову сценкі вены, вымераць яе дыяметр, памер, ацаніць функцыю вянознага клапана. Улічваюцца таксама скаргі пацыента. І толькі пасля гэтага вызначаецца тактыка лячэння.

Кампрэсійная тэрапія – універсальны метад, які добра сябе зарэкамендаваў. Звязаны з выкарыстаннем спецыяльнага кампрэсійнага трыкатажу (шкарпэткі, гольфы, панчохі і г.д.). Ён бывае рознай ступені кампрэсіі, якую пацыенту падбярэ ўрач. Варта ўлічваць, што такі трыкатаж з часам можа расцягвацца. Таму яго неабходна перыядычна мяняць.

Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
Гэты метад практычна не мае пабочных эфектаў. Ён з'яўляецца як прафілактычным, так і ў пэўнай меры лячэбным. Выкарыстанне кампрэсійнага трыкатажу змененыя вены не прыбярэ, але значна палегчыць сімптомы захворвання: сыдзе пачуццё цяжару, паменшыцца дыскамфорт у ніжніх канечнасцях, а таксама ацёк і яго праявы.

Фармакатэрапія заключаецца ў прыёме спецыяльных лекавых прэпаратаў, якія ўплываюць на вянозную сістэму: павышаюць тонус венаў, паляпшаюць функцыянаванне вянознага клапана, валодаюць пэўным супрацьзапаленчым дзеяннем. Зрэшты, такія лекі дазваляюць паменшыць праяву сімптомаў хваробы, але не вылечыць яе.

Хірургічнае лячэнне дазваляе выдаліць паталагічна змененую вену. Такі метад пазбаўляе чалавека як ад праяў хваробы, а менавіта ад пашыраных венаў, так і ад сімптомаў захворвання.

Сёння існуе розны спектр аператыўных умяшанняў для лячэння варыкознай хваробы. Сярод іх – традыцыйная хірургія і малаінвазіўныя (малатраўматычныя) метады лячэння. У пэўных выпадках для аднаго пацыента даводзіцца камбінаваць розныя методыкі, напрыклад, хірургію ў класічным разуменні і малаінвазіўную лазерную хірургію.

Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
Традыцыйная хірургія – добра вывучаны і зарэкамендаваны метад лячэння варыкознай хваробы. І хаця сёння яна выкарыстоўваецца радзей, чым, скажам, 10 гадоў таму, а перавага аддаецца менш траўматычным метадам лячэння, яе не варта спісваць з рахункаў. Яна заўсёды будзе актуальная, бо ёсць пэўныя клінічныя выпадкі, калі магчыма выкарыстанне толькі хірургічнага метаду лячэння варыкознай хваробы.

З дапамогай малаінвазіўнай хірургіі няма патрэбы выконваць разрэзы і выдаляць «хворую» вену, прымяняць сур'ёзную анестэзію. Напрыклад, пры выкарыстанні эндавянознай лазернай каагуляцыі ў вену праз пракол уводзіцца лазерны святлавод і пад кантролем УГД вена запайваецца. Лячэнне праходзіць пад мясцовай анестэзіяй.

 
Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
Там, дзе лазер не можа дапамагчы, мы выконваем мініфлебатамію: традыцыйныя разрэзы замяняем на праколы і з дапамогай спецыяльных інструментаў выдаляем паталагічна змененую частку вены.

Акрамя таго, існуе методыка механіка-хімічнай аблітэрацыі: з дапамогай спецыяльных прыбораў сценка вены знутры раздражняецца, яна пачынае звужацца, і ў гэты момант у яе ўводзіцца хімічны прэпарат (склеразант), які запайвае сценкі вены. У гэтым выпадку анестэзіі не трэба зусім.

Склератэрапія ў чыстым выглядзе, калі выкарыстоўваецца толькі склеразант, які ўводзіцца ў вену, праводзіцца рэдка. Як правіла, на ранніх стадыях развіцця варыкознай хваробы або ў выпадках, калі іншы метад лячэння з-за тых ці іншых абставінаў немагчымы.

На жаль, пасля лячэння незалежна ад абранай методыкі ў 10-15% выпадках здараюцца рэцыдывы – варыкозныя вены з'яўляюцца зноў.

Прафілактыка варыкознай хваробы

Частка фактараў, якія могуць спрыяць развіццю захворвання, можна змяніць, тым самым значна паменшыць рызыку з'яўлення варыкознай хваробы венаў.

Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
Мы не можа паўплываць на пол, узрост, спадчыннасць. Але ёсць фактары, якія можна мадыфікаваць: лад жыцця, нашы звычкі, фізічную актыўнасць, падтрыманне нармальнай масы цела, прыём гарманальных кантрацэптываў.

Чаго не любяць вены? Вены не любяць высокіх тэмператур, таму тым, у каго ёсць схільнасць да развіцця захворвання, не варта злоўжываць наведваннямі лазняў, саунаў або прымаць гарачыя ванны.

Жанчынам непажадана часта насіць абутак на высокіх абцасах. Перавагу лепей аддаваць туфлям на абцасе, не вышэйшым за 5 см.

Іван Клімчук
Галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска, к.м.н.
Пры нашэнні абутку на высокіх абцасах няправільна працуе звод ступні. Яна прымае нефізіялагічнае становішча, у выніку гэтага дрэнна працуе мышцавая помпа. Правільная ж работа мышцаў галёнкі спрыяе адваротнаму вяртанню крыві па венах.

Дарэчы, з усіх відаў спорту, якія дапамогуць пазбегнуць развіцця варыкознай хваробы, найлепшы – плаванне. Яно умацоўвае мышцы і мякка ўздзейнічае на чалавечы арганізм: нармалізуе тонус венаў і спрыяе дрэнажаванню вянознай крыві.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 56

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама