01.06.2017
01.06.2017

Адкуль у міфаў ногі растуць. Ці пра мікрахвалёўкі – начыстую

logo
Хатні быт
0 176
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У чым толькі ні абвінавачваюць мікрахвалёўку: і ў знешніх выпраменьваннях, і ў насычэнні ежы канцэрагенамі, і ў разбурэнні вітамінаў... Тым не менш, печ ЗВЧ ёсць практычна на кожнай кухні — нацыя ў небяспецы? Або інфармацыя пра шкоду мікрахвалёўкі крыху перабольшаная?

Давайце дастанем шкілеты з усіх шафаў і зразумеем, адкуль растуць ногі ў міфаў пра ЗВЧ. Наш эксперт: урач-гігіеніст, старшы выкладчык кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі БелМАПА Алеся Сідукова.

Цікавыя факты пра мікрахвалёўку (ЗВЧ)

Гатуем у ЗВЧ - Прынцып працы мікрахвалевай печы

Прынцып працы мікрахвалевай печы

Пабачым на прыкладзе, як працуе мікрахвалёвая печ і ці шкодная яна для здароўя.

Перад вамі курыная ножка. Яна складаецца з мільёнаў малекул, але нас цікавяць малекулы тлушчу, цукру і асабліва — вады. Гэтыя малекулы дыпольныя: у адной частцы зараджаныя станоўча, у іншай адмоўна. Зараз яны размешчаны хаатычна.

Пакладзём ножку ў мікрахвалёўку і пабачым яе далейшы лёс.

Пасля націску кнопкі «Пуск» унутры печкі актывізуюцца электрамагнітныя хвалі даўжынёй ад 1 міліметра да 1 метра (выпраменьванне звышвысокай частаты — ЗВЧ, або мікрахвалёвае). Крыніцай мікрахваляў з'яўляецца магнетрон — высакавольтны вакуумны прыбор.

Пад уздзеяннем хваляў ЗВЧ дыпольныя малекулы ў курцы адразу ж паварочваюцца адмоўным зарадам ў адзін бок, станоўчым — у іншы.

А электрычнае поле — раз! — і памяняла палярнасць. Малекулы зноў рухаюцца, паварочваюцца на 180 градусаў. І яшчэ раз, і яшчэ. У мікрахвалеўках змена палярнасці адбываецца з частатой 2450 Мгц (такая частата не замінае працы іншых прыбораў). Пры частаце 1 Мгц адбываецца адно ваганне ў секунду (за адно ваганне палярнасць змяняецца двойчы). Значыць, за 1 секунду малекулы змяняюць становішча 4 млрд 900 млн разоў!

Падчас гэтага працэсу малекулы труцца адна аб адну, выпраменьваючы цяпло, за кошт чаго наша курачка і награецца.

Папулярныя пытанні аб мікрахвалевых печах

Папулярныя пытанні аб мікрахвалевых печах

Чаму ежа з мікрахвалёўкі часта не разаграваецца ў сярэдзіне?

Справа ў тым, што мікрахвалі не могуць пранікнуць у прадукт далей за тры сантыметры (як немагчыма трэннем прадметаў адзін аб адзін нагрэць іх на вялікую глыбіню). Далейшае павышэнне тэмпературы адбываецца за кошт перадачы цяпла ад знешніх да ўнутраных слаёў. Таму пры хуткім разагрэве на вялікай магутнасці ежа нярэдка становіцца гарачай звонку, але застаецца халоднай знутры.

Улічвайце цеплаправоднасць стравы: змясціўшы ў мікрахвалёўку вялікі кавалак, трэба выставіць сярэднюю магутнасць і даць дастаткова часу для ўнутранага прагрэву. А вадкасці ў працэсе пажадана памешваць.

Ці праўда, што мікрахвалеўка, змяняючы малекулярную структуру прадукту, робіць яго небяспечным для здароўя?

Гэта міф з барадой, беспадстаўная выдумка. На самай справе выпраменьванне ў мікрахвалеўцы не з'яўляецца іанізуючым і прыводзіць толькі да награвання стравы. Каб змяніць структуру малекул, патрэбна крыніца іанізуючага выпраменьвання (такія ёсць у рэнтгенаўскіх устаноўках) і значна больш энергіі.

Так што чуткі пра шкоду мікрахвалёўкі ў працэсе разагрэву ежы беспадстаўныя і не знаходзяць навуковага абгрунтавання.

Што гавораць эксперты?

 
Алеся Сідукова
 Урач-гігіеніст, старшы выкладчык кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі БелМАПА
Міф пра тое, што мікрахвалевая печ можа зрабіць прыгатаваны ў ёй прадукт небяспечным для здароўя, ствараецца ад неразумення прынцыпаў працы гэтага бытавога прыбора. Нярэдка радыёхвалі, што генеруюцца мікрахвалёўкай, успрымаюцца як радыёактыўнае выпраменьванне, але гэта далёка не так. ЗВЧ-печ працуе ў дыяпазоне частот 3*109 - 3*1010 Гц пры дыяпазоне хвалі 10-2-10-3 м, гэта значыць, з'яўляецца крыніцай электрамагнітных палёў высокачастотнага дыяпазону, не здольных выклікаць іанізацыю атамаў і малекул.

Усе крыніцы ЭМП высокачастотнага дыяпазону па прыродзе паходжання падзяляюцца на:

  • ЭМП прыроднага характару;
  • ЭМП тэхнагенна-мадыфікаваныя.

Крыніцай ЭМП прыроднага паходжання з'яўляецца Сонца, у спектры выпраменьванняў якога прысутныя практычна ўсе дыяпазоны і паддыяпазоны выпраменьванняў. Усе аб'екты прыроды на Зямлі (жывыя і нежывыя) знаходзіліся і знаходзяцца пад складаным уплывам электрамагнітных фактараў — неад'емных складнікаў клімату і надвор'я на планеце, ва ўмовах якіх адбывалася і адбываецца эвалюцыя.

А вось эра тэхнагенна-мадыфікаваных ЭМП пачалася з вынаходніцтва А.С.Паповым радыё, калі ўпершыню стала відавочна, што ЭМП можна вывучаць і з поспехам прымяняць для бесправадной сувязі. За адносна кароткі гістарычны перыяд дасягненні радыётэхнікі і радыёэлектронікі так уражваюць, што цяжка сабе ўявіць навукова-тэхнічны прагрэс без інтэнсіўнага і шырокага выкарыстання тэхналагічна-мадыфікаваных ЭМП у тым ліку радыёчастотнага дыяпазону.

ЭМП радыёчастот сёння прымяняюцца ў:

  • радыёвяшчанні і тэлебачанні;
  • сотавай сувязі;
  • радыёлакацыі рознага прызначэння;
  • далёкай касмічнай сувязі;
  • прыборах, якія палягчаюць працу і побыт (кампутары, ЗВЧ-печы);
  • і многіх іншых сферах.

Што да рэнтгенаўскага і гама-выпраменьвання (іанізуючага выпраменьвання), то яно знаходзіцца ў іншай частцы спектру і мае частату ад 3*1016 да 6*1019 Гц і даўжынёй хвалі 0,005-10 нм. Схематычна сфера выкарыстання ўсяго дыяпазону электрамагнітных палёў у дзейнасці чалавека прадстаўлена на малюнку.

Прынцып працы ЗВЧ

Ці праўда, што хвалі ЗВЧ разбураюць вітаміны ў ежы і насычаюць яе канцэрагенамі?

Частка вітамінаў, вядома, губляецца — прадукт награваецца. Але не больш, чым пры іншым спосабе тэрмаапрацоўкі. ККД магнетрона даходзіць да 80%, з-за чаго прадукты награваюцца хутка, не паспяваючы страціць шмат карысных рэчываў.

Што да канцэрагенаў, то яны вылучаюцца пры абсмажванні на алеі. А паколькі алей тут не выкарыстоўваецца, то ў ежы з мікрахвалевай печы для арганізма больш карысці, чым шкоды. Канцэрагенных рэчываў у ёй не болей як пасля параваркі.

Дарэчы, алей практычна не награваецца ад мікрахваляў, бо ў яго малекул значна менш выяўленая палярнасць, чым у вады.

Чаму ў печ нельга змяшчаць сырое яйка цалкам?

Таму што пры награванні ўнутры герметычных пасудзінаў ствараецца ціск, які прывядзе да выбуху гэтай пасудзіны (яйка).

Гэта датычыцца і варанага яйка ў непашкоджанай шкарлупіне, і іншых шчыльна зачыненых ёмістасцяў — слоікаў, бутэлек, а таксама памідораў са скуркай, сасісак у абалонцы (скурку і абалонку перад разаграваннем лепш пракалоць).

Чаму нельга ўключаць пустую мікрахвалёўку?

Калі ўнутры ўключанай мікрахвалёўкі няма таго, што будзе паглынаць хвалі ЗВЧ, то, адбіваючыся ад унутраных сценак, хвалі вернуцца ў магнетрон. Печ можа хутка сапсавацца, гэта праўда, але наўрад ці выбухне — гэта любімы міф тых, хто распавядае пра шкоду мікрахвалёвак.

Чаму нельга выкарыстоўваць металічны посуд?

Таму што, адбіваючыся ад сценак металічнага посуду, мікрахвалі, як і ў пустой печы, могуць сапсаваць магнетрон. Пранікнуць скрозь метал яны не здольныя (так што бессэнсоўна спрабаваць што-небудзь разагрэць у металічнай тары або ў фользе), а вось іскрыць будзе дужа.

Дарэчы, і пластмасавы посуд пасуе далёка не кожны — толькі са спецыяльнай маркіроўкай:

Неадпаведны пластык дэфармуецца або плавіцца ў мікрахвалевай печы, вылучаючы пры гэтым у ежу небяспечныя для здароўя рэчывы — вось вам і шкода для здароўя.

Па той жа прычыне з асцярогай стаўцеся і да поліэтылену.

Ці бяспечна знаходзіцца побач з уключанай мікрахвалёўкай?

Увогуле так, калі яна спраўная і зачыненая. Сценкі корпуса не прапускаюць выпраменьванне вонкі, а на шкле дзверцаў нездарма спецыяльная сетачка.

Калі дзверца адчыняецца, магнетрон аўтаматычна адключаецца. Гэта моцная крыніца выпраменьвання, ад яго ўздзеяння тканкі чалавечага цела награваюцца, што можа прывесці нават да апёкаў унутраных органаў. Зрэшты, для гэтага трэба 8 гадзін знаходзіцца перад адчыненай печкай, якая працуе.

Эксперыменты з пацукамі, якіх апраменьвалі на працягу месяца 5 разоў на тыдзень па 7 гадзін, пацвердзілі выяўленае негатыўнае ўздзеянне прамых ЗВЧ-прамянёў на цяжарную пацучыху і на развіццё плоду. Больш за ўсё аказаліся пашкоджанымі клеткі крыві, палавыя залозы, мозг, пацярпеў імунітэт...

Увогуле, адчыняйце дзверцы мікрахвалевай печы акуратна — ахоўны механізм, вядома, кожны раз адключае магнетрон, але і пра пацукоў мы распавялі не проста так...

Тым больш не карыстайцеся мікрахвалеўкай з пашкоджаным корпусам і асабліва — калі ў вас стаіць кардыёстымулятар!

А ў цэлым, кажучы пра шкоду або карысць мікрахвалёвак, меркаванні экспертаў і лекараў разыходзяцца. Але большасць схіляецца да таго, што гэта карысная вынаходка.

Хто прыдумаў гэтую геніяльную вынаходку?

Хто прыдумаў ЗВЧ

Як і многія важныя адкрыцці, гэтае было зроблена выпадкова. У 1942 годзе амерыканскі фізік Персі Спенсер, які вывучаў хвалі звышвысокай частаты, заўважыў, што шакалад ў яго кішэні растаў. А магчыма, гэта быў бутэрброд, які нагрэўся ў хвалях ЗВЧ. У любым выпадку, вучонага натхніла.

Праз тры гады Спенсер аформіў патэнт на выкарыстанне мікрахвалевай энергіі для разагрэву і прыгатавання ежы, а яшчэ праз 2 гады першыя мікрахвалёўкі вышынёй у чалавечы рост з'явіліся ў ваенных сталовых і шпіталях. У той час яны важылі 340 кг і каштавалі каля 3 тысяч даляраў кожная.

Кампанія «Raytheon», у якой тады працаваў Спенсер, выплаціўшы вынаходніку вельмі сціплы ганарар, стала поўным праваўласнікам мікрахвалёўкі.

Першая серыйная печ ЗВЧ з'явілася ў продажы ў 1962 годзе, яе вырабіла японская кампанія «Sharp». Ажыятажу навінка не выклікала. Але пасля канструкцыя была ўдасканалена, і мільёны гаспадынь па ўсім свеце з яе дапамогай спрасцілі сабе жыццё.

У 1999 годзе выпушчана першая мікрахвалёўка з выхадам у інтэрнэт.

Тыпы сучасных мікрахвалёвак:

  • сола (толькі для разагрэву);
  • з грылем (кварцавым або тэнавым);
  • з канвекцыяй (гарачае паветра ад вентылятара спрыяе раўнамернаму прапяканню стравы як у духавой шафе).

Сёння мікрахвалевыя печы выкарыстоўваюцца для прамысловай сушкі, размарожвання матэрыялаў, абпалу керамічных вырабаў, з іх дапамогай плавяць пластмасу і разаграваюць клей.

Электрамагнітныя хвалі выкарыстоўваюцца таксама для мабільнай сувязі, ТБ-трансляцыі, забяспечваюць працу сеткі інтэрнэт праз спадарожнік па ўсёй планеце.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 176

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.