29.05.2023
29.05.2023

«Пацалуй свінню ў лыч…» ды іншыя сродкі змагання з хваробамі ў старадаўняй Беларусі

logo
Здароўе
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Даўней людзі не верылі, што чалавек мог захварэць проста так, лічылі, што хваробы насылаюць злыя сілы.

З міфалагічнага гледзішча хвароба выступае як канцэпт культуры, звязаны з адхіленнямі ад нармальнага стану. Прычынамі хваробы ўважалі дзеянні варожых сіл, карай за парушэнне розных забаронаў. Галоўную ролю ў гэтым адыгрываў прадстаўнік ліхой нябачнай сілы — д’ябал або чорт. Яшчэ ў канцы 19 стагоддзя ў валасных праўленнях разбіраліся судовыя справы, калі чалавек скардзіўся на дзеянні мяркуемага варажбіта, які сваімі чарамі нібыта прычыніў яму рэальную фізічную шкоду.

Па павер’ях, перад сваім з’яўленнем хвароба дае пэўныя знакі. Так, ува сне чалавек пачынае бачыць неба, медныя грошы і рэчы, футра нейкай жывёлы, яблыкі, грушы, яйкі, ён робіцца самотным без прычыны.

Карціна мастака Юліуша-Косака

Прыкметамі эпідэмій лічылі каметы на небе, колы вакол сонца і месяца, іх зацьменне, гром узімку, неўраджай, працяглую ўзбуджанасць хатніх жывёл, вой сабак, карканне воранаў, з’яўленне філіна паблізу жытла і іншыя праявы.

Некаторыя хваробы прадстаўлялі ў зааморфным абліччы.

Так, гарлавыя і грудныя захворванні ўяўлялі ў постаці мядзведзя, а хваробы з моцным кашлем мелі выгляд котак, асабліва чорных. У абліччы казла нібыта аб’яўляліся хваробы, пры якіх балела дыхавіца, былі спазмы страўніка, ваніты. Эпідэмія (пошасць, паморак) у народных аповедах уяўлялі ў вобразах ката ці сабакі.

Таму, відаць, звычай трымаць у доме котку і сабаку быў звязаны яшчэ і з такім старадаўнім забабонам, як пераход чалавечай хваробы на гэтых жывёл. Прыкладам, калі прычэпіцца да гаспадара нейкая ліхая немач, то, каб яна пакінула яго, трэба запусціць у хату каго-небудзь з вышэйзгаданых жывёлін.

Але звычайна дэманы хвароб мелі антрапаморфны выгляд прыгожай маладой жанчыны або старой выродлівай бабы з даўгімі рукамі і пазногцямі, жахлівага аднавокага дзеда з калматай барадой і выскаленымі зубамі. Набыўшы чалавечае аблічча, паморак імкнуўся пратачыцца ў незаражанае паселішча. Ён спыняўся на ягонай ускраіне, прасіў каго-небудзь з мінакоў дапамагчы яму пераправіцца праз раку ці канаву. Не падазраючы ніякай бяды, селянін дапамагаў старой нямоглай істоце патрапіць у вёску. Апынуўшыся ў паселішчы пошасць пачынала сеяць там заразу. Дзеля гэтага яна памячала адныя хаты чорнымі літарамі, другія чырвонымі; клікала пад вокнамі па імёнах гаспадароў, а хто адгукаўся, той пачынаў хварэць і неўзабаве паміраў.

Маравая панна. Мастак Юліуш Косак

Калі надыходзіла эпідэмія, людзі ўжывалі розныя прафілактычныя меры: абворвалі паселішчы, запальвалі вялікія вогнішчы па ягоных ускрайках, ставілі ахоўныя крыжы, вешалі на іх абыдзённікі — ручнікі, вытканныя за адну ноч.

Прычынай такой навалы часта лічылі каго-небудзь з мясцовых асоб, якія парушылі тыя ці іншыя табу або тых, хто займаўся ліхім чараўніцтвам. І часам бывала, каб спыніць эпідэмію, такога чалавека забівалі ці закопвалі жывым. Калі гэта быў ужо памерлы і пахававны аднавясковец, то раскопвалі ягоную магілу, адсякалі галаву, клалі паміж ног і зноў засыпалі.

Пры павальных хваробах і эпідэміях у наваколлі жывым закопвалі першага захварэлага ў вёсцы. Калі пошасць не спынялася, а толькі узмацнялася, то адпраўлялі ў магілу старых, смерць якіх магла надарыцца ў найбліжэйшай будычыні.

Па сведчаннях архіўных судовых спраў, у 1831 годзе ў Навагрудскім павеце сяляне нават хацелі закапаць жыўцом свайго святара, але той упрасіў даць яму час, каб падрыхтавацца да смерці. Тады на могілкі завабілі старую жанчыну і спіхнулі яе ў яміну, дзе ўжо былі пакладзены целы памерлых ад хваробы, і засыпалі зямілёй. Часам у такіх выпадках у ахвяру хваробе прыносілі сірату.

Эпідэмія

ХАЛЕРА ва ўяўленні нашых продкаў малявалася то халоднай прыгажуняй, якая махае з-за могільніка на сяло чырвонай ці чорнай хустачкай, то дзяўчынай ва ўсім белым, то жахлівай кабетай з доўгімі светлымі валасамі і бліскучымі вачыма, якая раскідвае зерне хваробы, вымаючы яго з кошыка і прымешваючы да агароднага насення, у выніку чаго тое робіцца заражаным. Таксама халеру ўяўлялі высокай худой сіняй цёткай, апранутай ва ўсё чорнае, ці страшэнна брыдкай бабай, нібыта злепленай з імглы, або жанчынай на каровіных нагах, якая раз’язджае на тройцы вараных коней і нюхае тытунь. Халера часам брала сабе выгляд беднай жанчыны і прасіла, каб яе падвезлі, а даехаўшы да вёскі, пачынала “касіць усіх людзей”. Каб яна не прабралася ў вёску, раскладалі на дарозе ахоўны агонь, які гарэў увесь час. У якасці аховы на абодвух канцах вёскі закопвалі ручнікі-абыдзённікі, ставілі крыжы.

У адной з вёсак былога Бабруйскага павета ў час пошасці халеры 1830-х гадоў памірала шмат людзей, а ў сям’і святара ўсе былі здаровыя. Сяляне тлумачылі гэта тым, што ў бацюшкі былі злосныя сабакі, якія і не пускалі халеру ў дом.

Ліхаманка. Мастак Барыс Заброхін

ЛІХАМАНКА, якую яшчэ ў народзе называлі трасца, трашча, хіндзя або хондзя, шуня, цётка, персаніфікавалася ў жаночым абліччы рознага веку і ў залежнасці ад пары году. Так, рана ўвесну ліхаманак  уяўлялі маладзіцамі з распушчанымі валасамі, а позна ўвосень — пачварнымі старэчамі, якія сядзяць на галінках дрэў і калеюць ад холаду.

Ліхаманку падзялялі на розныя віды: смяротная, нутраная, павярхоўная, сонная, гарачая, сінеючая. Лічылі, што гэта сёстры-ліхаманкі, яны хадзілі па свеце, клікалі людзей па імені, а хто адгукаўся, то да таго адна з сясцёр залазіла пад адзенне і прыносіла страшэнныя пакуты. Выпіўшы з яго сокі, ліхаманка пераходзіла да іншага чалавека. У некаторых месцах лічылі, што існуе 12 сясцёр-ліхаманак, а ў некаторых нават 77.

Страх перад ліхаманкай забараняў чалавеку лаяць гэтую хваробу, а на Дзяды яе нават клікалі на вячэру. Каб не падчапіць такую хваробу, раілі купацца ў ледзяной вадзе, спаць у гаросе, калі той квітнее, прынесці ў ахвяру зваранае яйка на ростань дарог ці ў балота. Адзін са спосабаў такога ахвяравання быў наступны: яйка ад чорнай курыцы дзялілі на 77 частак, паводле колькасці ліхаманак, складалі ў анучу і леваруч кідалі ў ваду, потым не азіраючыся беглі дадому. Таксама ў якасці ахвяры ў ваду кідалі адзенне хворага, грошы ды інш.

Каб у хваробы ўзнікла агіда да свайго абранніка, хвораму раілі пацалаваць свінню ў лыч. Верылі, што пасля гэтага ліхаманка абавязкова пакіне яго.

Пры лячэнні выкарыстоўвалі кола магічных лічбаў. Так, хворага прымушалі аббегчы вакол хаты 13 разоў. Абярэгамі ад ліхаманкі лічылі велікоднае яйка, галаву змяі, пярсцёнак з цвіка ад труны, нітку з 12 вузельчыкамі.

Чума прыйшла ў горад

ЧУМА  або Маравая Панна, мор, мара, чорная немач. Гэтую хваробу уяўлялі ў вобразе чорнай жанчыны, паветранай істоты, якая валодае вогненнымі стрэламі, або вялізнай белай жанчынай з хустачкай у руцэ. І над якой вёскай яна памахае сваёй смяротнай хусткай, у той вёсцы і праявіцца мор. Часам яна махае хусткай, прасунуўшы руку ў акно якой-небудзь хаты, і тады ў гэтай хаце пачынаюць паміраць людзі.

Пры набліжэнні да абранай мясцовасці белая жанчына ператвараецца ў цёмную птушку (пугача ці саву), носіцца ў паветры і шукае сабе ахвяры. Калі яна пераследуе якога-небудзь чалавека і кліча яго па імені, ніколі не трэба азірацца. Трэба з малітваю ісці наперад, а іначай чума праткне сваёй стралою. Тады чорная атрута разальецца па крыві, і неўзабаве смерць напаткае чалавека. Чума не пераносіць крыку пеўня і сабачаго брэху. Таму ўсюды, дзе яна пануе, сабакі перастаюць брахаць, а спеў пеўня робіцца хрыплым.

Воспа. Мастак Валерый Славук

ВОСПА, а таксама воспіца, рабуха ўяўлялася ў вобразе антрапаморфнага стварэння невызначанай знешнасці. Але раптоўна яна магла прыняць выгляд або маладой дзяўчыны ў чорнай даўгой і бліскучай вопратцы, або злоснай і агіднай старой з адным моцным зубам, апранутай у белае адзенне. У намечаную ахвяру яна пырскала слінай, і ў той на твары заставаўся след. Пра перахварэўшых на воспу казалі, што ў яго на твары «чэрці гарох малацілі ці ячменныя крупы дралі».

Дапамагалі камяні, мох і нават перуновыя стрэлы. Як лячылі зубы нашы продкі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0