02.12.2019
02.12.2019

Пачуць адзін аднаго. Пацыенты і эндакрынолагі пагутарылі ў новым фармаце

logo
Хваробы ад А да Я
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У апошнюю нядзелю лістапада ў Мінску прайшла медыка-асветніцкая сустрэча «Дзень дыябету-2019: беражы сваю сям'ю». Падтрымка родных людзей – гэта менавіта тая апора, якая дапамагае не зламацца і не апускаць рукі ў цяжкай сітуацыі.

Хвароба так ці інакш накладвае адбітак на ўсіх сямейнікаў і мяняе звыклы ўклад жыцця. Дарэчы, месца для сустрэчы было выбранае з сімвалічнай назвай – «Сямейны клуб». Тут сабраліся эндакрынолагі, а таксама тыя, хто сам хворы на цукровы дыябет, іх родныя і блізкія.

Ініцыятарамі мерапрыемства выступілі грамадскае аб'яднанне «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам» і Беларускае грамадскае медыцынскае аб'яднанне «Эндакрыналогія і метабалізм».

Акцыя была задуманая як жывыя стасункі паміж пацыентамі і спецыялістамі. На думку арганізатараў мерапрыемства, менавіта такі фармат сустрэчы ўрачам і іх падапечным дапаможа пачуць адзін аднаго, удакладніць праблемныя моманты і выпрацаваць агульную лінію ўзаемадзеяння.

Ва ўсіх, хто прыйшоў на сустрэчу, – свая гісторыя. Хтосьці захварэў яшчэ ў дзяцінстве, у кагосьці захворванне дыягнаставалі значна пазней. Але кожны адзначаў важнасць таго, каб у цяжкі момант побач з імі знаходзіўся той чалавек, які працягне руку дапамогі.

У Вольгі дыябет выявілі зусім нядаўна, але жыццё падзялілася на «да» і «пасля». Яна ўпэўненая: будзь побач з ёй той, хто мог бы падказаць і навучыць жыць па новых правілах, ёй было б лягчэй прыняць гэты дыягназ. У Надзеі «стаж» цукровага дыябету ўжо 24 гады. Ёй хваробу дыягнаставалі ў 1996 годзе. Спачатку падтрымка бацькоў, а цяпер і мужа дапамагае жыць паўнавартасным жыццём і атрымліваць асалоду ад кожнага яе моманту. Марыя Алегаўна з дыягназам «цукровы дыябет» жыве ўжо 57 гадоў! Гледзячы на гэтую жыццярадасную і актыўную жанчыну, цяжка ў гэта паверыць. Марыя Алегаўна нават атрымала спецыяльны медаль Джосліна, якім ўзнагароджваюцца тыя, у каго «стаж» цукровага дыябету 50 і больш гадоў.

Актуальнасць праблемы

прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч

Праблема росту захворвання на цукровы дыябет, распавяла Ала Шапялькевіч, прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм», актуальная ва ўсім свеце, і Беларусь – не выключэнне.

Так, напрыклад, у краінах Еўропы, у якіх створаная адна з лепшых сістэмаў дыябеталагічнай дапамогі, у бліжэйшыя 15 гадоў чакаецца павелічэнне колькасці хворых на цукровы дыябет на 15%. Не суцяшальныя і доўгатэрміновыя прагнозы. Па дадзеных міжнародных экспертаў, у свеце праз 20 гадоў колькасць людзей з гэтым дыягназам павялічыцца на больш чым 50%.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Сусветная арганізацыя аховы здароўя і ААН ужо шмат гадоў б'юць трывогу з-за таго, што колькасць выпадкаў захворвання на цукровы дыябет расце ва ўсім свеце і спыніць гэтую тэндэнцыю не атрымліваецца. У нашай краіне штогод колькасць пацыентаў з цукровым дыябетам павялічваецца прыкладна на 20 тысяч, прычым найбольшы «ўнёсак» у лік тых, хто захварэў, уносіць ЦД 2 тыпу (каля 93% ад агульнай колькасці выпадкаў).

У 2016 годзе ў Беларусі прынятая агульнасусветная стратэгія – пацыенты з ЦД 2 тыпу назіраюцца ва ўрача агульнай практыкі. Гэта важна, бо дыягностыка захворвання і выяўленне фактараў рызыкі даступныя на ранняй стадыі менавіта ўрачу першаснага кантакту.

Цукровы дыябет 2 тыпу – гэта шмат у чым захворванне «ладу жыцця». Адным з фактараў рызыкі развіцця хваробы з'яўляецца залішняя маса цела, якую ў нашай краіне мае практычна 61% беларусаў. Прычым у больш чым 25% насельніцтва выяўленае атлусценне, у тым ліку вісцаральная форма – 42% мужчын і 63,5% жанчын (можа правакаваць, апроч усяго, развіццё 11 відаў злаякасных новаўтварэнняў).

 

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Атлусценне – гэта хранічнае захворванне. Яно звязанае не толькі з рызыкай развіцця многіх захворванняў, але і смяротнасці з прычыны сардэчна-сасудзістай і анкалагічнай паталогій. Калі ваш індэкс масы цела перавышае значэнне 30 – сур'ёзная падстава задумацца.

Дарэчы, ёсць даволі просты спосаб вызначыць, ці ёсць у вас вісцаральнае атлусценне. Трэба вымераць акружнасць таліі. Для жанчын яна не павінна перавышаць 80 см, для мужчын – 94 см.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня БГМА «Эндакрыналогія і метабалізм»
Сістэма аховы здароўя толькі на 10% ўплывае на стан здароўя. Усё астатняе – у руках чалавека: як ён клапоціцца пра сваё здароўе, наколькі стрэсаўстойлівы, як яго падтрымлівае сям'я.

Дзеці і цукровы дыябет. «Стаж» хваробы і роля сям'і

Што тычыцца сітуацыі з распаўсюджанасцю цукровага дыябету ў дзяцей, як правіла, гаворка ідзе пра ЦД 1 тыпу. Наша краіна, на жаль, не выпадае з агульнасусветнай тэндэнцыі. У апошнія тры гады адзначаецца абсалютны рост колькасці пацыентаў і амаладжэнне захворвання. Больш за 30% дзяцей захворваюць ва ўзросце 5-9 гадоў, адзначыла Анжаліка Сонцава, прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя .

Паводле рэкамендацый міжнародных экспертаў, неабходны больш строгі кантроль цукровага дыябету ў дзяцей. Гэта значыць, што ўзровень глікіраванага гемаглабіну (паказчык доўгачасовай кампенсацыі вугляводнага абмену) па-за залежнасці ад узросту пацыента не павінен перавышаць 7%.

 

 
Анжаліка Сонцава
Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя
Хачу прывесці дадзеныя аднаго даследавання. Яно праводзілася ў 20 краінах сярод больш чым 6 тысяч дзяцей, падлеткаў і маладых людзей ва ўзросце да 20 гадоў. Толькі ў аднаго з траціны дзяцей атрымліваецца дасягнуць узроўню глікіраванага гемаглабіну менш за 7,5%. Індывідуальных мэтавых значэнняў гэтага паказчыка дасягалі не больш за 16% рэспандэнтаў. У Беларусі толькі 2/3 дзяцей маюць добрую і здавальняючую кампенсацыю па ўзроўні глікіраванага гемаглабіну (дадзеныя 2018 года).

Чаму ж так складана дасягнуць гэтай кампенсацыі вугляводнага абмену? Прычын некалькі, і сярод іх – адсутнасць матывацыі, а таксама ўплыў псіхалагічных і сацыяльных фактараў (роля сям'і), дадала эксперт.

Што ўплывае на ўзровень глікіраванага гемаглабіну?

Перш за ўсё, пол дзіцяці. У дзяўчынак паказчыкі глікіраванага гемаглабіну, як правіла, вышэйшыя, чым у хлопчыкаў. Гэта звязана, у тым ліку, і з тым, што дзяўчынкі больш эмацыянальныя, востра рэагуюць на любыя стрэсавыя сітуацыі. Яшчэ адна прычына – змены, якія адбываюцца ў дзявочым арганізме падчас станаўлення менструальнага цыклу.

Фактар, які таксама працуе на шкоду, – час з моманту пастаноўкі дыягназу. Як ні дзіўна, вялікі «стаж» пацыента часта прыводзіць да зніжэння матывацыі, нежадання рухацца наперад: чым большы «стаж» цукровага дыябету, тым часцей гэтае дзіця знаходзіцца ў стане дэкампенсацыі. Калі яно пражывае толькі з адным з бацькоў, ёсць канфлікты ў сям'і і школе – усё гэта можа спрыяць павышаным значэнням узроўню глікіраванага гемаглабіну.

 
Анжаліка Сонцава
Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя
Чаму я так падрабязна спыняюся на ўзроўні глікіраванага гемаглабіну. Чым меншы гэты паказчык, тым вышэйшая якасць жыцця ў нашых дзяцей. Гэта тое, да чаго мы імкнемся. Ці можам мы штосьці змяніць? Так. Як адзін са шляхоў вырашэння праблемы – дапамога псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, грамадскіх арганізацый. Абавязковыя заняткі спортам, актыўны кантроль харчавання, часты самакантроль па ўзроўні глікеміі і сучасная інсулінатэрапія.

І яшчэ адзін момант. Гэта погляд дзяцей і падлеткаў на цукровы дыябет. Умоўна можна вылучыць тры групы такіх пацыентаў. Першая: нічога не хочуць рабіць, ігнаруюць усе, ядуць і робяць, што хочуць. Інсулін яны ўводзяць толькі для таго, каб не адчуваць сябе дрэнна ў дадзены момант. Другая – тыя, хто «сыходзіць» у хваробу, зацыкліваецца на сваім стане. Часцяком такія пацыенты імкнуцца знізіць паказчык глікеміі практычна любой цаной. Трэцяя група, самая ўдзячная, – падлеткі, якія ўспрымаюць сваё захворванне як натуральную частку жыцця.

 
Анжаліка Сонцава
Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя
У першым выпадку не пашкодзіла б праца з псіхолагам. У другім – магчыма, трэба спыніцца і перагледзець свае погляды на жыццё, расставіць правільныя прыярытэты.

І яшчэ. Бацькі і дзеці, калі дзіця хворае на цукровы дыябет, павінны быць партнёрамі. Кожнаму ўзросту – сваё стаўленне. Не павiнна мама весці дзённік харчавання за свайго 15-гадовага сына, як і не варта цалкам пускаць усё на самацёк, упэўненая прафесар.

Жыць доўга і без таблетак

На якасць жыцця ў сталым узросце ўплывае, у тым ліку, і наяўнасць герыятрычных сіндромаў. Гэта могуць быць хваробы сэрца і сасудаў, парушэнні апорна-рухальнага апарата, праявы дэменцыі і цукровы дыябет 2 тыпу – захворванне, якое аказвае непасрэдны ўплыў на працягласць жыцця і павялічвае рызыку развіцця паталагічнага старэння.

Цукровы дыябет – хвароба, якая пры недастатковым кантролі можа прывесці да развіцця цяжкіх ускладненняў, многія з якіх значна пагаршаюць якасць жыцця і яе працягласць, падкрэсліла Людміла Жылевіч,  галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця).

Людміла Жылевіч,  галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця).

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Могуць быць розныя прычыны ўзнікнення цукровага дыябету 2 тыпу, але шмат што залежыць ад таго, наколькі вы клапоціцеся пра сябе, як выконваеце рэкамендацыі ўрача. Калі прызначаныя, дык абавязкова трэба прымаць прэпараты, якія зніжаюць цукар, рэгулярна кантраляваць глікемію, індэкс масы цела, выконваць фізічныя практыкаванні і правільна харчавацца. Нярэдка, змяніўшы свой лад жыцця, можна кантраляваць цукровы дыябет 2 тыпу без прыёму прэпаратаў.

З тым, што кантраляваць цукровы дыябет 2 тыпу можна без медыкаментознага суправаджэння, згодная і Алена Юрэня, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера. І дамагчыся такіх вынікаў можна, змяніўшы свае звычкі. Пазбавіцца ад шкодных і завесці здаровыя – паўнавартасна харчавацца, калі трэба, схуднець, весці актыўны лад жыцця. Разам з тым, калі вярнуцца да ранейшага жыцця, хвароба не прымусіць сябе чакаць, а ўслед – таблеткі і развіццё ўскладненняў.

Алена Юрэня падзялілася таксама некаторымі сакрэтамі, як эфектыўна кантраляваць цукровы дыябет. Трэба весці дзённік самакантролю, раз у шэсць месяцаў вызначаць глікіраваны гемаглабін (гэта мінімальная колькасць аналізаў). Раз на год, а то і часцей, варта здаваць аналіз крыві на ліпіды, а таксама не радзей за адзін раз у год неабходна наведваць афтальмолага. І яшчэ адна абавязковая ўмова – навучанне ў школах дыябету.

Фота забяспечана грамадскім аб'яднаннем «Падтрымка людзей з цукровым дыябетам».

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».