14.01.2020
14.01.2020

Дыягностыка і лячэнне дзіцячых неўралагічных захворванняў і парушэнняў

logo
Адказваюць спецыялісты
0 73
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як заўважыць неўралагічныя парушэнні ў малышоў да года і своечасова звярнуцца да ўрача? Калі нованароджаны ўвесь час крычыць і дрэнна спіць – ці трэба гэта лячыць? Якія новыя метады з'явіліся ў лячэнні дзяцей і падлеткаў з эпілепсіяй і дзіцячым цэрэбральным паралічам? 

На пытанні адказвае Леанід Шалькевіч, галоўны пазаштатны дзіцячы неўролаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА, дацэнт, к.м.н.

Кансультацыя дзіцячага неўролага

Леанід Шалькевіч, галоўны пазаштатны дзіцячы неўролаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА, дацэнт, к.м.н.

У дачкі пры поўным секвеніраванні геному выявілі неўралагічнае генетычнае захворванне «сіндром лопес-марсэль-радэн». Ці ведаеце вы такое захворванне і як гэта лячыць? Вольга

Гэта рэдкае генетычнае захворванне, праяўляецца парушэннем псіхічнага і маторнага развіцця ў дзяцей. Лячэнне носіць сімптаматычны характар, і такіх дзяцей назіраюць псіхіятры, педыятры, неўролагі і рэабілітолагі.

Дзіцяці 1,7, ДЦП, сіндром Дэндзі-Уокера і мікрацэфалія. Дзіця ўвесь час уздрыгвае пасля моцнага сну. Энцэфалаграма дзённая і начная без эпі. Што гэта можа быць? Ці патрэбная супрацьсутаргавая тэрапія? Святлана

Уздрыгванні пасля моцнага сну могуць адносіцца да неэпілептычных міякланіяў, пры адсутнасці сутараг і нармальнай электраэнцэфалаграме лячэння не патрабуюць.

Хлопчыку 3 гады, кратае палавыя органы. Пакуль адцягваем увагу, пераключаем. Ці трэба звярнуцца да ўрача і калі? Анастасія

У гэтым узросце адбываецца пік цікавасці да ўласнага цела, таму малыш даследуе сябе. Калі гэта не носіць навязлівага характару, лячэнне не патрабуецца. Калі ён робіць гэта ўвесь свой вольны час, мае сэнс звярнуцца да дзіцячага псіхолага ў першую чаргу.

Дзіцяці 4,5 года. У год быў выстаўлены дыягназ «эпілепсія генералізаваная крыптагенная з міякланічнымі прыпадкамі». Прыступы пачаліся прыкладна ў 10 мес. Да гэтага моманту нараканняў на здароўе дзіцяці не было. Да года выконвалі ўсе планавыя прышчэпкі (з года прышчэпкі не робім). На сёння рэмісія 3 гады 4 мес. (прэпараты не прымаем 7 мес.) Ці можа дадзенае захворванне быць выкліканае дзеяннем прышчэпак (АКДС)? Як бяспечна пачаць рабіць прышчэпкі з такім дыягназам? Вера

Эпілепсія адносіцца да шматфактарных захворванняў з генетычнай схільнасцю пры правакацыйных уздзеяннях знешняга асяроддзя. Прышчэпкі самі па сабе не з'яўляюцца прычынай захворвання, але могуць справакаваць хваробу, як і любы іншы фактар. Калі ў дзіцяці рэмісія па прыступах, дык прышчэпкі яму не супрацьпаказаныя.

Дзяўчынцы 2 гады 10 месяцаў. Не хоча апранаць калготы, шкарпэткі, кофты, гольфы. Выйсці пагуляць – цэлая праблема. Апранаем куртку на майку, боцікі на голую ножку і штаны без калготаў. Рукавіцы таксама не апрануць. Перарасце ці трэба звяртацца да спецыялістаў? Павел

Гэта могуць быць узроставыя асаблівасці дзіцяці. Але таксама гэта можа казаць пра пачатковыя праявы захворванняў, звязаных з парушэннем псіхікі і паводзінаў. Таму для ўдакладнення гэтых асаблівасцяў мае сэнс паказацца дзіцячаму псіхіятру, псіхатэрапеўту або псіхолагу.

Дзіцяці 4 гады. З нараджэння робіць вярчальныя рухі кісцямі рук і часта скача. Што гэта можа быць? Неўролаг аўтызму не выявіў, у плане навучання ў яго ўсё нармальна. Рухі паўтарае часта, асабліва калі рады чамусьці. Калі гэтым паводзінам ёсць навуковае тлумачэнне,  можа, ёсць пэўныя метады іх перамагчы?

У дзяцей пры павышанай узбудлівасці нервовай сістэмы многія эмацыянальныя рэакцыі суправаджаюцца павышанай рухальнай актыўнасцю. Гэтыя дадатковыя рухі дапамагаюць дзіцяці справіцца з лішкам эмоцый, асабліва станоўчых. Таму пры нармальным псіхічным развіцці лячэння гэта не патрабуе.

Хлопчыку 1 год 10 мес. З нараджэння нармалёва не паспаў ніводнай ночы. Кожныя 40 хвілін крык, плач, істэрыка. Спачатку спісвалі на колікі, зубы, якія рэжуцца. Спрабавалі ўкладваць пазней/раней, калыхаць/не калыхаць, ванны/душ перад сном, актыўнае/спакойнае баўленне часу... Дзённы сон зараз 1,5-2 гадзіны, таксама з перапынкамі. ЭЭГ у норме, УГД галаўнога мозгу без паталогіі, аналізы ў норме. Неўролагі выпісвалі наафен, магній В6, дармікінд. Нічога не дапамагае! Што з ім не так? Аляксандр

Парушэнне сну ў дзяцей можа паказваць на шэраг сур'ёзных неўралагічных захворванняў. Аднак калі развіццё дзіцяці адпавядае ўзроставым нормам, дрэнны сон у большай ступені дастаўляе дыскамфорт бацькам, а не дзіцяці. Парушэнне сну, як правіла, звязанае з пераўзбуджэннем нервовай сістэмы і празмернасцю інфармацыі. Неспакойны сон часта дапамагае малышу справіцца з лішняй інфармацыяй, якую ён атрымаў удзень. Раптоўны плач падчас начнога сну, калі малыш крычыць і не можа супакоіцца, можа быць этапам сталення дзіцяці. Начныя кашмары характэрныя для нармальнага развіцця. Лячэнне патрабуецца толькі тады, калі яны носяць пастаянны, стэрэатыпны характар і суправаджаюцца парушэннем самаадчування дзіцяці на наступны дзень.

Кансультацыя дзіцячага неўролага.

Нашаму сыну 2 месяцы. Ён спіць усяго 1 раз у дзень на працягу 2 гадзін. І то толькі на вуліцы ў калясцы, дома ў дзённы час не атрымліваецца пакласці. Ён засынае, спіць каля 30 хвілін і прачынаецца. Падчас сну актыўна махае ручкамі і ножкамі. Сон атрымліваецца падоўжыць, калі мама ляжыць побач і дае яму грудзі адразу, як ён прачнуўся. Ці варта нам непакоіцца? Ірына

Шмат у каго з дзяцей рухальная актыўнасць (уздрыгванне, паторгванне ножкамі, ручкамі) часта суправаджае сон. І гэта нармальная з'ява. Гэтаксама, як і крык, і плач. Турбавацца не варта.

Дзіця нарадзілася ў 38 тыдняў, роды былі цяжкімі. У тры месяцы УГД паказала наяўнасць арханаідальнай кісты, пашырэнне жалудачкаў. Да двух гадоў развіваўся ў межах нормы з невялікім адставаннем (праходзіў курсы лячэння наатропамі), а бліжэй да двух пачаў прачынацца ноччу і крычаць з выгінаннем у дугу. Пачалі выяўляцца аўтычныя рысы. Затым крыкі пачалі пачашчацца, і паводніцкіх парушэнняў стала больш. Зараз яму 5 гадоў, і ўрачы не ведаюць, што з намі рабіць: ён не размаўляе і працягвае прачынацца па начах, крычаць, выгінацца. На фінебут, картэксін, наафен, пантакальцын, рэсперэдон, валяр'янку рэагуе ўзрушанасцю, з'яўляюцца праблемы з прыбіральняй. Таксама прызначалі карбамазепін для выключэння эпілепсіі (ЭЭГ не фіксуе эпі, рабілі начны маніторынг). Мы яго вельмі любім і не ведаем, як дапамагчы пазбавіцца ад начных абуджэнняў. Што рабіць? Анастасія

Сітуацыя сур'ёзная. Начныя абуджэнні – не асноўная праблема. Неабходная кансультацыя ў псіхіятра.

Маёй дачушцы 11,5 месяца. Перыядамі дрэнна спіць па начах, часта прачынаецца з плачам. Апошні прыём ежы а 10-й вечара, а засынае ў лепшым выпадку апоўначы. Падобна на тое, што яна не дасыпае, і я не магу зразумець прычыну. Можа, ёсць пэўныя неўралагічныя парушэнні? Ці гэта проста зубкі і трэба пачакаць?

Парушэнні сну бываюць розныя. Самыя небяспечныя – тыя, якія звязаныя з парушэннем развіцця дзіцяці. Пры гэтым яно можа спаць без раптоўных абуджэнняў. Дыягназ у гэтай сітуацыі ставіцца па факце клінічных парушэнняў (затрымка развіцця) і запісе ЭЭГ падчас сну. Калі ж дзіця часта прачынаецца і крычыць ноччу, але пры гэтым удзень адчувае сябе добра і яго развіццё адпавядае норме, лячэнне не патрабуецца. Гэта нармальна. Калі ж дзіця спрабуе ўдзень даспаць, гэта можа быць выклікана не неўралагічнымі прычынамі. І мае сэнс звярнуцца да педыятра ці гастраэнтэролага.

Дзіцяці 9 гадоў, з 6-ці баліць галава (скронь), часам суправаджаецца ванітамі, МРТ з сасудамі, энцэфалаграма – у норме. Па прызначэнні ўрача прымалі наафен і вітаміны групы В – паляпшэнняў няма. З лістапада галава баліць раз на тыдзень. Што рабіць? Ірына

Галаўны боль дзеліцца на першасны і другасны. Да першаснага адносіцца галаўны боль напружання і мігрэнь. Галаўны боль напружання часта звязаны з завышанымі патрабаваннямі бацькоў да поспехаў дзіцяці і павышанай нагрузкай на яго. Тут часта патрабуецца прыцягненне псіхатэрапеўта і перагляд стаўлення бацькоў да свайго дзіцяці. Мігрэнь больш адносіцца да спадчынна абумоўленых захворванняў. Для яе характэрныя млоснасць, ваніты і сон, якія прыносяць палёгку. Падбор медыкаментознай тэрапіі ажыццяўляе неўролаг, і гэта не заўсёды лёгка. ЭЭГ, МРТ галаўнога мозгу, ацэнка вочнага дна праводзяцца для выключэння другаснага галаўнога болю, які можа быць выкліканы шматлікімі прычынамі: аб'ёмныя працэсы, анеўрызмы, павышаны артэрыяльны ціск і інш. У выпадку выяўлення другаснага галаўнога болю лячэнне накіраванае на ліквідацыю асноўнай прычыны.

Ці існуе якая статыстыка па колькасці дзяцей, якія перанеслі гіпаксію падчас родаў і маюць з-за гэтага затрымку развіцця маўлення? Якія метады дыягностыкі праводзяць неўролагі і педыятры пры дыягностыцы затрымкі маўлення ў дзяцей 2-х гадоў? Як распазнаць дадзеную затрымку? Дзіця ў 2 гады вымаўляе толькі простыя словы з двух складоў, не злучаючы іх у простыя сказы.

Колькасць дзяцей, якія пераносяць гіпаксію, вельмі невялікая. Калі гіпаксія з'яўляецца прычынай затрымкі маўлення, дык пры гэтым яна выклікае і іншыя выяўленыя неўралагічныя парушэнні ў дзіцяці. Дыягностыка праводзіцца лагапедам, псіхолагам, дзіцячым псіхіятрам. Метадаў дыягностыкі шмат. Імі карыстаюцца ўсе гэтыя спецыялісты. Цяпер дзеці пазней пачынаюць размаўляць, але пры гэтым разуменне маўлення знаходзіцца ў іх на дастатковым узроўні. Адсутнасць актыўнага маўлення ў першую чаргу павінна прымусіць звярнуцца да спецыяліста, калі пры гэтым парушанае разуменне маўлення. У вашай сітуацыі мае сэнс звярнуцца напачатку да лагапеда.

Дзіцяці 1 год 11 мес., вельмі капрызлівае, частыя істэрыкі. Жыве ўдваіх з мамай. Калі застаецца з бабуляй, паводзіць сябе значна спакайней. Боязь новых памяшканняў, новых людзей. У 1 год 8 месяцаў казаў каля 10 слоў, але потым адвучалі ад соскі на ноч, перастаў гаварыць наогул. Праз 1,5 месяца зноў з'явіліся словы МАМА, БАХ, БІ-БІ, АМ. Любіць чытаць кніжкі, але не паказвае пальчыкам, дзе сабачка, напрыклад. Колеры, лічбы, літары яго не цікавяць зусім, а вось ляпіць і маляваць можа нядоўга. Хаця, відавочна, разумее, што ад яго хочуць. У развіццёвым цэнтры групавыя дзіцячыя заняткі ігнаруе. Ноччу прачынаецца каля 10-15 разоў, просіць піць. Неўролаг у паліклініцы прызначала курс наафену 1,5 мес., падчас яго прыёму спаў лепей. Збірае пірамідку, вежы з кубікаў, цацкі галоўным чынам раскідвае, але можа пагуляць з імі 5 хвілін. Умее сам есці лыжкай, але не хоча. Ці могуць вышэйпералічаныя сімптомы быць прыкметамі аўтызму? Якія будуць рэкамендацыі па карэкцыі паводзінаў дзіцяці?

У дадзенай сітуацыі мае сэнс звярнуцца ў Цэнтр ранняга ўмяшання, каб дзіця паглядзелі дзіцячы псіхіятр, псіхолаг і лагапед. Альбо ў цэнтр карэкцыйнага развіцця.

Хлопчыку 6 гадоў, вельмі актыўны, на месцы не сядзіць. Перыядычна здараюцца цікі (мірганне), спакойна пастаяць не можа ні хвілінкі, рукі, ногі – усё ў руху. Гэта дрэнна ці проста ён у такім узросце? Ці можна абысціся без заспакаяльных альбо трэба прапіць курс?

Часта цікі дапамагаюць дзіцяці справіцца з пераўзбуджэннем нервовай сістэмы, гэтак жа, як і актыўныя рухі. Калі гэта не парушае сацыялізацыі дзіцяці і яму не перашкаджае, спробы лячэння цікаў малаэфектыўныя і часта бескарысныя. Да падлеткавага ўзросту каля 70% цікаў праходзяць без лячэння.

Дзіцяці 10 месяцаў. З 5 месяцаў рэгулярна матляе галавой направа-налева, калі засынае, і часам удзень, лежачы на спіне (верагодна, калі хоча спаць або сумна). Ці ёсць падстава для турботаў? Таццяна

Матлянне галавой налева-направа валодае лёгкім заспакаяльным дзеяннем, у шэрагу выпадкаў дапамагае дзіцяці заснуць. Гэта нармальна, турбавацца не трэба.

Кансультацыя дзіцячага неўролага.

Двайняткі пасля ЭКА, планавае кесарава, 38 тыдняў, цяжарнасць без ускладненняў. Да 1,9 года праблемаў не было. Потым у дзяўчынкі з'явіўся плоска-вальгус ступняў, затым – каленак, знізіўся тонус ног. Да гэтага бегалі, прысядалі, падымаліся па прыступках. Усё адбылося за 3 месяцы. Леглі на абследаванне ў дзіцячую абласную бальніцу. МРТ спіны, КТ галаўнога мозгу ў норме, выключылі хваробу Шарко-Мары, спадчынныя парушэнні абмену рэчываў. КФК-168, адхіленні ёсць па ЭЭМГ (электранейраміяграфія), інтэлект і маўленне – у норме. Больш за год не можам вызначыць дыягназ, ездзім кожныя 2,5 месяца ў дзіцячую абласную бальніцу, праходзім курсы лячэння. Падкажыце, куды звярнуцца далей? Можа, можна трапіць да вас на кансультацыю? Ганна

У дадзенай сітуацыі мае сэнс звярнуцца ў Рэспубліканскі цэнтр спадчынных нервова-мышачных захворванняў. Запісацца на прыём можна па тэлефоне: 327 55 06 (Мінск). Там будзе праведзеная паглыбленая дыягностыка.

У дзіцяці (8 месяцаў) пры засынанні трохі ўздрыгваюць пальчыкі, ручкі, ножкі. У таты назіраецца дакладна такая ж рэакцыя. Што гэта такое і ці звязана гэта генетычна? Хрысціна

Гэта міякланія падчас сну, якая не суправаджаецца неўралагічнымі парушэннямі, не патрабуе лячэння і часта носіць спадчынны характар.

Кансультацыя дзіцячага неўролага.

У дзіцяці з ранняга ўзросту рух рук (быццам кацяня масіруе котку) пры выглядзе чагосьці цікавага і захапляльнага. Калі сядзіць, дык можа паторгваць нагамі, быццам бяжыць. Калі стаіць, дык падскоквае, скача. Зараз дзіцяці амаль пяць гадоў. Неўролагі, псіхолаг кажуць, што ўсё ў парадку. Дзіця разумненькае, рухомае. Але мы не можам адвучыць яго ад гэтых рухаў. А можа, і не трэба адвучваць? Людміла

Гэта можа назірацца ў дзяцей з павышанай узбудлівасцю нервовай сістэмы. Адносіцца да сіндрому дакучлівых рухаў. Адвучаць не трэба. Але ў выпадку з'яўлення новых дакучлівых рухаў або павелічэння гэтых мае сэнс яшчэ раз паказацца спецыялісту.

Ці трэба лячыць нованароджанага з дыягназам «павышаная ўзбудлівасць»? Наколькі бяспечныя для дзіцяці наафен і пантакальцын?

Павышаная ўзбудлівасць нервовай сістэмы ў нованароджанага часта з'яўляецца ўмовай нармальнага развіцця і ў выпадку адсутнасці адставання ў развіцці лячэння не патрабуе. Наатропныя прэпараты нованароджаным, з майго пункту гледжання, у любым выпадку не паказаныя.

Дзіцячы неўролаг – пра нормы развіцця, начныя крыкі і наатропы. Працяг анлайн-канферэнцыі

Фота – Яўген Крэч.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 73

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама