09.08.2022
09.08.2022

Падарунак ад праменьчыка (казка)+аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Прачнуўся Сінявочак раней звычайнага. Расплюшчыў вялізныя сінія вочы і азірнуўся: маці-Сонца і браты-промні яшчэ спалі. Ён ціхенька выслізнуў на ганак  палаца, памыў ясны тварык цёплай вадзіцай, якую лінула яму якраз ў падстаўленыя прыгаршчы бліжэйшая хмарка, расчасаў грабеньчыкам мяккія, як лён, кудзеркі. Праменьчык ужо хацеў бегчы гуляць – гушкацца на аблоках, але пабачыў на парозе маці.

– Ты ўжо на нагах, гарэза,  – усміхнулася яна сыну.

Сінявочак узгадаў, як увечары яго старэйшыя браты-праменьчыкі раіліся, што падараваць матулі на свята летняга сонцастаяння. Адны вырашылі зладзіць для маці Вялікі Душ, які Сонца з-за неверагоднай занятасці дазваляла сабе толькі напярэдадні вялікіх свят.

Другія прапанавалі станчыць вакол Сонца асаблівы карагод сонечных промняў, які называецца Гало. Танчыць яго трэба з ледзянымі крышталікамі, не дазваляючы ім растаяць ад гарачага дотыку промняў. Трэція абяцалі так пашчыраваць на Зямлі ў бліжэйшыя дні, каб Сонца на цэлы тыдзень магло ўзяць  адпачынак і наведаць сваіх знаёмых па Галактыцы.

Праўда, гэтая ідэя не атрымала падтрымкі большасці і была скасавана як небяспечная і шкодная для здароўя маці ды і ўсёй Сонечнай сістэмы. Але ніводная з прапаноў братоў не падабалася Сінявочаку.

сонца 2

Сеўшы на аблачынку непадалёк ад сонечнага палаца, ён задумліва аглядаў наваколле. Адзін за адным на парозе з’явіліся некалькі старэйшых братоў-промняў, што звычайна разам з маці распачыналі новы дзень. Потым імгненна, як з меха, сыпанула цэлая процьма промняў. Яны хуценька скакалі з ганка на Зямлю, і кожны адразу ж хапаўся за сваю справу: наталіць і абагрэць кожную жывую істоту сонечным святлом. Сінявочак праводзіў поглядам апошні прамень, што якраз сігануў долу, і раптам заўважыў на Зямлі кветкі дзівоснай прыгажосці.

“Я падару мамачцы букет з гэтых кветак”, – вырашыў Сінявочак і пабег да Сонца.

– Матуля, – папрасіў праменьчык, – дазволь і мне скокнуць на Зямлю. – Я хуценька вярнуся.

– Ты не даскочыш, сынок. Зямля не так блізка, як табе здаецца. Каб ты трошкі раней папрасіўся, я адпусціла б цябе разам са старэйшымі братамі. А цяпер давядзецца чакаць наступнага дня.

Маці казала праўду, быў ён яшчэ малаваты, а дакладней кажучы, караткаваты, і ніяк не мог даскочыць да лугу. Праменьчык ад роспачы ледзь не заплакаў. Як жа чакаць наступнага дня, калі ўжо праз некалькі гадзін пачнецца запланаваны сюрпрыз – Вялікі Душ?

– Але мне патрэбна сёння! Выклікай каго-небудзь з брацікаў, –заўпарціўся малы.

– Ах ты, блазан, – дакорліва зірнула на яго Сонейка. – І я, і твае браты працуем, нам няма калі сваволіць.

лучік солнца

Зажурыўся Сінявочак. Карцела як мага хутчэй сабраць букет. А кветкі так зманліва і прыветна ківалі з Зямлі сваімі галоўкамі, што праменьчык вырашыў неадкладна пабываць на дзівосным лузе. Сінявочак, як і ўсе праменьчыкі, насіў незвычайны паясок-вясёлку. Паяскі служылі палачкай-ратавальнічкай для тых промняў, якія адсталі ад сонца і не маглі разам з астатнімі вярнуцца ў сонечны палац. Зробленыя з вясёлкі, яны былі такімі ж зіхоткімі і такімі ж далікатнымі.

Адбегся Сінявочак як мага далей ад палаца, зняў свой рознакаляровы паясок і кінуў  яго на Зямлю. У тое ж імгенне паясок ператварыўся ў вясёлку. Гэтым мастком праменьчык спусціўся на луг і кінуўся збіраць кветкі. Спачатку крыху высцерагаўся – хаця б браты-промні не заўважылі!

Але ўсе былі занятыя сваёй справай і ніхто на яго ўвагі не звяртаў. Вось ужо букет для матулі гатовы. Ды які прыгожы! Сінявочак аж заспяваў ад радасці. Ён падбег да свайго вясёлкавага мастка, каб ім вярнуцца дадому, але… Вельмі ж хутка праменьчык скокнуў на масток, той хіснуўся раз-другі, абрынуўся і разбіўся. Аскепачкі, увачавідкі губляючы сваё ззянне, імгненна рассыпаліся ў розныя бакі і зніклі ў траве.

Букет для сонейка

Яно б і не страшна, каб сонца па-ранейшаму свяціла, а вакол у траве і кветках скакалі яго браты-праменьчыкі. Можна было б вярнуцца на неба разам з імі. Але сонца знікла за вялікай хмарай. А праменьчык, заняты кветкамі, нават не заўважыў гэтага. Падобна было да таго, што Вялікі Душ вось-вось пачнецца. Бывае, канечне, што сонечныя промні застаюцца на зямлі нават падчас дажду. Людзі такі дождж называюць сляпым. Маўляў, дождж не бачыць, што сонца свеціць. Але адна справа, калі браты-промні застаюцца пад дажджом вялікай кампаніяй. І зусім іншая, калі пад дажджом апынуўся адзіны маленькі праменьчык, які ўпершыню прабраўся на Зямлю і не можа вярнуцца ў свой сонечны палац.

– Як жа я вярнуся дадому? Чаму не паслухаў маці? – бедаваў Сінявочак, ратуючыся ад даждавых кропляў, якія хлынулі з вялікай цёмнай хмары.

Але праменьчык не ўмеў сумаваць доўга, бо паводле сваёй сонечнай прыроды быў  бадзёрай і вясёлай істотай.

– Я збяру свой масток і вярнуся ім дадому, – вырашыў Сінявочак і рушыў шукаць згубленыя аскепачкі між лугавых травінак.  Ён заглядваў пад кожны лісток, узіраўся ў кожную расінку. Але да вечара сабраў толькі некалькі кавалачкаў.

– Нічога, – падбадзёрваў сябе праменьчык, уладкоўваючыся нанач ў галоўцы званочка, – заўтра раней устану і збяру ўсё.

Але і назаўтра яго справа не была скончаная… Праменьчык не меў ні хвіліны спакою. Ён так стамляўся, што ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць. Кузуркі, якія жылі на лузе, спачувальна паглядалі на праменьчыка, але нічым не маглі яму дапамагчы.

– Нам небяспечна гуляць пад дажджом, – казалі яны ў адзін голас.

Адно цешыла праменьчыка: куча сабраных вясёлкавых аскепачкаў паціху расла. І вось ужо да вясёлкавага мастка не стае толькі некалькі кавалачкаў.

Дождж аціх, але хмары не спяшаліся адпаўзаць за небасхіл. Колькі не бегаў Сінявочак лугам, колькі не шукаў, больш нічога не мог знайсці. І тут праменьчыку пашчасціла. Проста да яго з густой травы скокнуў прыгожы зялёны конік. Ён прапанаваў сваю дапамогу.

– Я магу вельмі далёка скакаць, – сказаў конік. – Да сонца дакладна не даскочу, але затое магу падкінуць цябе да рэчкі, што цячэ непадалёк ад лугу. Вада у рэчцы такая зіхоткая! Магчыма, там ты знойдзеш кавалачкі сваёй вясёлкі.

Праменьчык

Сінявочак зарадаваўся і палез на спіну коніку. Той войкнуў:

– Які ж ты гарачы! Пячэш, як маленькае сонейка.

Праменьчык папрасіў прабачэння, сарваў пялёстак кветкі і захінуўся ў яго, каб не апячы крылы коніку. А пасля яны я-я-яяя-к скокнулі. І яшчэ раз! І яшчэ! Апамятаўся Сінявочак на беразе рэчкі. І сапраўды пабачыў на яе дне кавалачак свайго паяска-ратавальнічка, які зачапіўся за сцяблінку белай лілеі.

Сінявочку давялося лезці ў ваду, каб адкрапаць кавалачак. А пасля конік прыпыніўся на падваконні адчыненага акна невялікага дамка. Цікаўны Праменьчык зазірнуў у пакойчык і не змог стрымаць радасці:

– Вось яна!

На ложку сядзеў маленькі хлопчык і гуляў з канцом паяска Сінявочка. Яны скокнулі амаль да хлопчыка ў рукі. Праменьчык выхапіў у малога згублены кавалачак вясёлкі.

Вясёлка

– Дзякуй! – ледзь паспеў выгукнуць Сінявочак, і яны разам з конікам паскакалі на луг. Хлопчык напачатку зароў ад крыўды – шкада было прыгожай цацкі, якую ён знайшоў заўчора, гуляючы з татам на лузе. Але раптам перадумаў раўці і заняўся іншымі цацкамі.

Цяпер вясёлка была цалкам сабрана. Яна зноў паднялася зіхоткім масточкам да неба.

– Дзякуй, – узбіраючыся на неба з новым букетам лугавых кветак для маці, крыкнуў коніку Сінявочак. – Як падрасту, я часта буду навадвацца на гэты луг.

Сонца, вымытае Вялікім Душам, ззяла на ўсё наба. А вакол яго браты-праменьчыкі вадзілі надзвычай прыгожы карагод – Гало. Пачалося свята летняга сонцастаяння. Тры найдаўжэйшыя сонечныя дні за ўвесь год! Разам з усімі весяліўся і віншаваў сваю маці-Сонца маленькі сінявокі праменьчык.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 30

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама