30.05.2023
30.05.2023

І палечыць, і вецер адверне: доктар у народным светаўспрыманні беларусаў

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Недавер, які межаваў з варожасцю, дэманстравала насельніцтва Расійскай імперыі да лекараў. Гэта было шмат у чым абумоўлена тым, што асноўная яго частка, у адрозненне ад нашых сучаснікаў, практычна не сутыкалася з прафесійнай медыцынай.

Рэформа аховы здароўя 1864 года ўнесла шэраг карысных змен, але на ахоп насельніцтва ўрачэбнай дапамогай паўплывала не вельмі значна. Медычная дапамога існавала толькі ў гарадах. У сельскай мясцовасці не было не толькі сваіх бальніц, але і пастаянных дактароў.

У канцы 19 стагоддзя  ў сельскай мясцовасці сталі з’яўляцца медыцынскія пункты, куды накіроўвалі на працу дыпламаваных урачоў. Але сяляне недаверліва паставіліся да прысланых дактароў і працягвалі звяртацца да знахараў, якія былі выхадцамі з іх асяроддзя. Доктар жа – прадстаўнік паноў, чалавек іншага сацыяльнага кола, іншага інтэлектуальнага ўзроўню, успрымаўся як варожы элемент. Ён быў для простага народа чалавекам з іншага свету, «людарэзам». Асаблівы недавер выклікала тое, што доктар выпісваў лекі. У сялянскім асяроддзі многія хваробы лічылі «божай карай» ці тлумачылі вынікам псавання. Зняць псоту мог толькі той чалавек, які наслаў яе.

Фальковіцкая ікона Божай маці

Праблема заключалася яшчэ ў тым, што вясковыя жыхары не верылі ў карысць лекаў ці няправільна іх ужывалі. Часта сяляне атрымлівалі тыднёвую колькасць медыкаментаў, але выпівалі яе за дзень, каб хутчэй паправіцца. Іншыя везлі лекі дадому і там па дабрыні душэўнай дзяліліся імі з блізкімі і сябрамі. Таблеткі ад мігрэні прыкладалі да галавы, гарчычнікі ляпілі паверх адзення.

Па старадаўняй звычцы сяляне выбирали змагацца з хваробамі з дапамогай лазні – верылі, што яна пазбавіць ад любой хворасці. Іншым сродкам былі малітвы перад цудатворнымі іконамі і мошчамі святых. У кожнай хаце захоўваўся вялікі малітоўны спіс з указаннем хвароб. Самыя адчайныя наважваліся на лячэнне небяспечнымі рэчывамі – да прыкладу, ртуццю, але дастаць яе было няпроста. Вось чаму прафесийным дактарам апроч сваёй асноўнай працы даводзілася займацца яшчэ і асветай сялян.

Продаж амулетаў, якія выратоўваюць ад халеры

Асабліва вострыя канфлікты паміж простымі людзьмі і прадстаўнікамі «панскай» медыцыны ўзнікалі ў перыяды масавых інфекцыйных захворванняў, у прыватнасці, эпідэмій халеры. У свядомасці народа страшная хвароба і лекары былі непадзельныя. Людзі не задумваліся над тым, што з гэтых двух складнікаў прычына, а што  наступства. Не разумеючы сутнасці санітарных мерапрыемстваў, яны ўспрымалі дзеянні медыкаў як нешта шкоднае і нават небяспечнае.

Так, у 1892–1893 гг. у Рэчыцкім павеце Мінскай губерніі надарылася моцная эпідэмія халеры. Барацьбу з гэтай пошасцю апісаў мінскі  санітарны ўрач С. Балкавец у часопісе “Минские врачебные известия” ў 1910 г. (№ 7). Сяляне што толькі не рабілі ад эпідэміі паводле старадаўніх звычаяў – дзяўчаты-падлеткі аголенымі ноччу абворвалі вёскі, абводзілі вёскі ніткай, спрадзенай у адну ноч. Стары з крыжам на плячах абыходзіў усе задворкі, дзе каля кожнага гумна яго сустракалі гаспадыні і частавалі гарэлкай.

Уасцёл Святога Роха

Улады паслалі дактароў, але сяляне іх асцерагаліся і прыпісвалі ім наўмыснае атручванне хворых. Парашкі, якія раздавалі дактары, лічылі сімвалам смерці.

Пайшлі размовы, што за кожнага памерлага гэтыя дактары атрымліваюць па 100 рублёў з-за мяжы. Казалі таксама, што «японскі цар даў дактурам 15 тыс. рублёў, каб яны травілі народ». Сяляне прасілі ў лекараў спірт і былі ўпэўненыя, што тыя атрымоўваюць яго па шэсць вёдраў у тыдзень.

Негатыўнае стаўленне да доктара адлюстравалася і ў спектаклях народнага лялечнага тэатра – батлейкі, якія ставілі камедыйна-сатырычныя сцэны з народнага жыцця. Такія пастаноўкі ў асноўным адбываліся ўзімку, пачынаючы з першага дня свята Нараджэння Хрыстова. Напрыклад, у батлеечным тэатры ў наваколлі Нясвіжа доктар выглядаў так – чорны фрак, белы гальштук і ў руках булава, а ў ваколіцах Мінска доктар быў у сурдуце. Папулярнымі былі такія пастаноўкі, як «Мацей і доктар», «Доктар і паненка», «Дзед і доктар». Доктара ў падобных спектаклях амаль заўсёды паказвалі як шалбера, які булавой б’е мужыка, а потым уцякае. У такіх пастаноўках адлюстроўваліся недаверлівыя адносіны простых беларусаў да вучонай медыцыны.

 

Персанажам народнага тэатра з’яўляўся яшчэ і венгерац або алейкар – вандруючы гандляр алеем і лекавымі травамі. Назву алейкары атрымалі ад таго, што разносілі алей – лекі ад зубоў і страўніка. Венгерцамі іх называлі таму, што яны паходзілі з вобласці Турэц у цэнтральнай Славакіі, якая з 18 стагоддзя славілася вырошчваннем лекавых траў і ў тыя часы ўваходзіла ў склад Венгерскага каралеўства.

Аднак з цягам часу сяляне пакрыху пачыналі звяртацца і да дактароў. Нягледзячы на падазронае стаўленне да іх, дактары ў некаторых выпадках паступова дабіліся прыхільнасці сялян і знайшлі з імі агульную мову. Калі селянін бачыў, што доктар дапамог хвораму пераадолець хваробу, то ён надзяляўся ў яго вачах магічнымі здольнасцямі і ўспрымаўся як казачны герой. Пасля такога “цудоўнага лекавання” да дактароў пачыналі звяртацца і з іншымі просьбамі. У літаратуры ёсць апісанне такіх выпадкаў у адной з вёсак на Палтаўшчыне. У паселішчы здарыўся пажар, і жыхары сталі прасіць фельдшара адвярнуць магічным чынам вецер, каб не загарэліся іншыя пабудовы. А адзін селянін нават стаў прасіць лекара ўказаць яму шчаслівае месца для пабудовы новай хаты.

Палеская вёска

Як міфалагічны персанаж доктар выступае і ў паданні пра з’яўленне тапоніма Залатая Горка ў Мінску. Паводле аднаго з аповедаў, у горадзе лютавала эпідэмія халеры. У капліцы Святога Роха на могілках адпявалі чарговага нябожчыка. Пасля адпявання адзін доктар разаслаў на падлозе свой плашч і паклаў на яго некалькі залатых манет. Услед за ім людзі таксама сталі класці грошы, і ў выніку вырасла цэлая гара з залатых манет. Дзякуючы гэтаму ахвяраванню, з’явілася сучасная назва ўзгорка на сённяшняй вуліцы Казлова/Даўгабродскай, а на месцы капліцы за сабраныя грошы пабудавалі касцёл Святога Роха – абаронцы людзей і жывёлы ад эпідэмічных захворванняў.

«Пацалуй свінню ў лыч…» ды іншыя сродкі змагання з хваробамі ў старадаўняй Беларусі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0