27.03.2021
27.03.2021

Памылкі пры аказанні першай дапамогі. Так рабіць нельга!

logo
Неадкладная дапамога
0 25
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пры няшчасных выпадках часцяком самым важным з'яўляецца правільна аказаць першую даўрачэбную дапамогу. Памылкі пры яе аказанні могуць прывесці да цяжкіх ускладненняў, працяглага і не заўсёды эфектыўнага аднаўлення пасля выздараўлення. У некаторых выпадках няправільныя дзеянні могуць стацца фатальнымі і каштаваць пацярпеламу жыцця.

Што катэгарычна нельга рабіць, аказваючы першую дапамогу да прыезду ўрачэбнай брыгады? Мы падрыхтавалі кароткі лікбез.

Першая дапамога пры вывіху

Першая дапамога. Як правільна аказваць.

Адметнымі асаблівасцямі вывіху з'яўляюцца:

  • Вымушанае становішча канечнасці.
  • Хістальныя рухі ў суставе, пры тым, што сам сустаў застаецца нерухомым.
  • Адсутнасць крэпітацыі (храбусцення) у пашкоджанай вобласці.

Гэта неабходна ведаць, каб не зблытаць вывіх з пераломам і правільна аказаць першую дапамогу.

Самая распаўсюджаная памылка пры аказанні даўрачэбнай дапамогі пры вывіху – спрабаваць яго ўправіць. Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга! Як нельга правяраць свае падазрэнні на вывіх на сімптом шчаўчка (менавіта такі гук чутны пры спробе рухаць пашкоджаны сустаў). Пералічаныя дзеянні могуць толькі пагоршыць стан пацярпелага, паколькі павялічваюць рызыку траўмавання сустава і навакольных мяккіх тканак, звязак і сухажылляў.

Пры вывіху важна зафіксаваць траўмаваную канечнасць у зручным для пацярпелага становішчы, да вобласці сустава прыкласці холад. Падрабязна аб правілах першай дапамогі пры вывіху – тут.

Першая дапамога пры пераломах

Рэзкі болевы сіндром, крэпітацыя, дэфармацыя ў пашкоджанай вобласці, ацёк, гематома і выяўленае абмежаванне руху альбо, наадварот, ненатуральная, празмерная рухомасць месца пашкоджання вылучаюць пераломы з іншых відаў траўмаў.

Першая дапамога пры пераломах. Чаго нельга рабіць.

Калі ў вас ёсць падазрэнні на пералом у пацярпелага (адкрыты пералом бачны па абломках косці, якія тырчаць з ірванай раны), аказваючы першую дапамогу, катэгарычна ўстрымайцеся ад таго, каб паставіць косць на месца. Гэтая памылка, акрамя таго, што прынясе пацярпеламу дзікі боль і пагоршыць пашкоджанні, можа прывесці пасля да вялікіх ускладненняў: абцяжарыць гаенне і зрастанне косці, ажно да развіцця астэаміеліту (гнойна-некратычнага працэсу ў косці) з-за высокай рызыкі інфікавання адкрытай раны.

Правільна будзе абезрухоміць пашкоджаную вобласць, наклаўшы на месца пералому нетугую павязку. Прыкласці холад.

У выпадку, калі ёсць падазрэнне на пералом пазваночніка (пацярпелы скардзіцца на тое, што не можа паварушыць нагамі альбо рукамі), катэгарычна нельга спрабаваць пасадзіць, падняць, паставіць на ногі чалавека, перасоўваць яго з месца на месца. Любое дзеянне ў гэтым выпадку можа прывесці да зрушэння абломкаў пазваночніка, траўмаваць спінны мозг і выклікаць незваротныя наступствы, ажно да глыбокай інваліднасці і нават гібелі пацярпелага.

Першая дапамога. Не чапаць чалавека, калі падазрэнне на пералом пазваночніка.

Правілы аказання першай дапамогі ў гэтым выпадку заключаюцца ў тым, каб забяспечыць чалавеку поўны спакой і дачакацца прыезду брыгады хуткай дапамогі. Поўны алгарытм правілаў аказання першай дапамогі пры пераломах – тут і тут.

Першая дапамога пры ранах і крывацёках

Перад тым, як заляпіць пластырам альбо забінтаваць рану, неабходна яе прадэзінфікаваць, абеззаразіць. Гэта можна зрабіць любым антысептыкам, які ёсць пад рукой: ёдам, зялёнкай, хлоргексідынам, перакісам вадароду, спіртам, адэкалонам і г.д. Калі антысептычных сродкаў пад рукой няма, падыдзе чыстая вада. Аднак важна апрацаваць рану правільна і не дапусціць памылкі.

Прамываць рану ні вадой, ні дэзінфікуючым сродкам самастойна нельга! Але менавіта гэта даволі распаўсюджаная памылка пры аказанні першай дапамогі.

Варта акуратна прамыць краі раны кавалачкам ваты альбо бінта, змочаным у антысептыку. Затым забінтаваць, папярэдне абклаўшы краі чыстай тканінай, калі рана шырокая.

Першая дапамога. Як апрацоўваць раны.

Што яшчэ нельга рабіць, дык гэта даставаць абломкі іншародных прадметаў, калі яны ёсць у ране. Такія памылковыя дзеянні могуць прывесці да яшчэ большай траўматызацыі тканак, інфікавання раны, справакаваць вялікі крывацёк.

Дарэчы, перш чым апрацоўваць рану, варта пераканацца, што крывацёку няма. Інакш, у першую чаргу, давдзецца спыніць яго, а потым ужо апрацоўваць саму рану.

Вiды крывацёкаў

  • Крывацёк з носа. Можа здацца цалкам бяскрыўдным. Але і тут важна правільна аказаць дапамогу, каб яна была эфектыўнай.

Памылкова пры насавым крывацёку закідваць галаву назад: так кроў не спыняецца, яна проста цячэ па насаглотцы ў стрававод і страўнік. Аказваючы першую дапамогу, неабходна, наадварот, ледзь нахіліць галаву пацярпелага ўніз і затампанаваць насавыя хады бінтам, марляй альбо кавалачкамі чыстай баваўнянай тканіны (падыдзе і насоўка).

  • Крывацёк з раны. Што нельга рабіць пры крывацёку, дык гэта аказваць першую дапамогу, не пераканаўшыся ў характары крывацёку. Нездарма ўрачы раяць: часам лепей не рабіць нічога, чым няправільнымі дзеяннямі пагоршыць стан пацярпелага.

Першая дапамога. Крывацёк з раны.

Запомніце!

  • Пры артэрыяльным крывацёку кроў б'е пульсуючым струменем, мае ярка-чырвоны колер. Пры вянозным – выцякае раўчуком, мае цёмна-чырвоны колер.
  • Пры вянозным крывацёку дастаткова накласці на рану павязку, якая сціскае.
  • Пры артэрыяльным крывацёку неабходна накласці жгут.

Жгут абавязкова накладваецца на верхнюю траціну пляча (калі пашкоджаная рука) альбо верхнюю траціну сцягна (калі пашкоджаная нага).

Першая дапамога. Як правільна накласці жгут.

Пры аказанні першай дапамогі пры артэрыяльным крывацёку памылкай будзе накладваць жгут на перадплечча альбо на галёнку, бо ў гэтым выпадку пераціскаюцца толькі вены і рана будзе працягваць сыходзіць крывёй.

Нельга накладваць жгут на голае цела, каб не зашчаміць скуру. Пры крывацёку з шыі і тулава жгут таксама не выкарыстоўваюць, а накладваюць павязку, якая сціскае.

Яшчэ адзін важны нюанс, які трэба памятаць, каб не дапусціць памылкі пры накладанні жгута. Правіла «чым мацней, тым лепей» тут працуе з прама супрацьлеглым эфектам.

Жгут нельга зацягваць занадта туга, гэта можа прывесці да сціскання нервовых канчаткаў з непажаданымі наступствамі, ажно да змярцвення тканак.

Калі вы ўсё зрабілі правільна, крывацёк з раны спыніцца, пульс будзе адсутнічаць, канечнасць ніжэй за жгут збялее. Тут крыху падрабязней аб прыпыненні крывацёку.

Першая дапамога пры апёках

Калі вы хочаце правільна аказаць першую дапамогу пры тэрмічным апёку, не дапускайце наступных памылак:

  • Перш за ўсё не дакранайцеся рукамі да абпаленых участкаў цела, каб не занесці інфекцыю.
  • Ні ў якім разе не спрабуйце адарваць ад раны кавалачкі абгарэлага адзення, калі яны прыліплі.
  • Не змазвайце абпаленыя месцы тлустымі сродкамі (алеем, смятанай, тлустым крэмам) – яны перакрыюць доступ кіслароду да раны і толькі пагоршаць становішча.

Першая дапамога. Руку з апёкам патрымаць пад халоднай вадой.

Больш правільна накласці на абпаленую паверхню цела стэрыльную павязку і чакаць прыезду ўрачоў. Калі вобласць пашкоджання невялікая, рану лепей астудзіць пад струменем халоднай вады на працягу хаця б 10 хвілін – гэта знізіць тэмпературу ў вобласці апёку, спыніць унутраныя пашкоджанні, акажа некаторы эфект абязбольвання.

Катэгарычна нельга праколваць пухіры. Тым самым вы ўласнаручна забяспечваеце інфікаванне раны, доўгае гаенне ў наступным з гарантаванымі шнарамі і рубцамі.

Аб правілах першай дапамогі пры хімічных апёках можна прачытаць у гэтым матэрыяле.

Пры хімічным апёку слізістай вачэй (які можа ўзнікнуць, напрыклад, з прычыны ўздзеяння слезацечнага газу) церці вочы рукамі і няправільна, і палягчэння не прынясе. Самай аптымальнай першай дапамогай будзе тут жа добра прамыць вочы пад чыстай праточнай вадой.

Першая дапамога пры чэрапна-мазгавой траўме

Такая траўма, атрыманая з-за ўдару ў вобласць галавы ці пры падзенні, на жаль, не рэдкасць.

Пры закрытай ЧМТ чалавек можа адчуваць галавакружэнне, млоснасць, парушэнне выразнасці ўспрымання адлюстравання. Ваніты, страта прытомнасці і страта памяці сведчаць пра больш цяжкую ступень ЧМТ.

Аказанне першай дапамогі пры ЧМТ зводзіцца да двух базавых правілаў: забеспячэнне поўнага спакою пацярпеламу і зварот па медыцынскую дапамогу. Апошняе – прынцыпова важна. Нават калі здаецца, што траўма неістотная, каварнасць ЧМТ заключаецца ў тым, што наступствы яе могуць быць адтэрмінаванымі і выявіцца на наступны дзень ці нават пазней.

Першая дапамога. Чэрапна-мазгавая траўма.

Пры відавочных ранах у вобласці галавы трэба спыніць крывацёк (калі ёсць) і накласці стэрыльную павязку. У астатнім дзейнічаць гэтак жа, як апісана вышэй.

Галоўная памылка пры любых траўмах галавы – свядома не звяртацца па кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.

Падрабязна пра сімптомы і наступствы ЧМТ – у наступным матэрыяле. Беражыце сябе і блізкіх!

https://bel.24health.by/drymotnasc-svetly-pramezhak-i-koma-da-chago-pryvodzic-cherapna-mazgavaya-trauma/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 25

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама