22.07.2020
22.07.2020

Панкрат і Кірыл: агуркі ядзім. А чарніцамі… заядаем! :)

logo
Думкі ўслых
340 042
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Калісьці менавіта да гэтага свята, 22 ліпеня, вырасталі на зямельных участках нашых продкаў першыя агуркі. І лічылася добрай прыкметай пакаштаваць іх менавіта ў гэты дзень. А ў нас звычайна першыя з’яўляліся яшчэ на 3 ліпеня, акурат да дня народзінаў майго брата. Наша мілая мамачка ўмела іх вырошчваць…
Панкрат і Кірыл. Першыя агуркі.

Сёлета з-за таго, што дачны ўчастак пасля 32 гадоў існавання раптоўна схаваўся пад вадой, а градкі каля дома ў рамках добраўпарадкавання да абласных «Дажынак» пасля 38 гадоў «эксплуатацыі» заараў камунгас… Мы засталіся без усяго. І без агуркоў у тым ліку.

Таму ўсё спадзяванне – на крамныя ды фермерскія. Але ці ж могуць яны параўнацца па смаку са сваімі – свежымі, салодкімі, крамянымі, вырашчанымі з мамачкінымі ўмельствам і любоўю?! Ды ніколі ў жыцці… Так што ў каго ёсць такая магчымасць сёння – з’есці ўласнаручна вырашчаны агурок, карыстайцеся, сябры!

Прычым калі ў вас гэта сапраўды першыя агуркі, зрабіце так, як рабілі нашыя продкі. Гаспадыня ўставала раней за ўсіх, зрывала агурок і… закопвала ў тым месцы агарода, адкуль яго не маглі нават выпадкова выкапаць жывёлы ці птушкі. Лічылася, што тады і наступны год будзе ўраджайным. Ну, а далей… Гатуйма розныя стравы з агуркамі ды спажываем з задавальненнем! І – прыгадваем, што заўважалі нашыя продкі на Панкрата ды Кірыла.

Панкрат і Кірыл. Стравы з агуркоў.

«Калі чарніцаў шмат у лесе – да марознай зімы». Была ўжо і раней такая прыкмета. Ну, як мне падалося пасля суботняга візіту ў лес… Іх сапраўды шмат. Так што чакайма… зімы! «А калі чарніцы да гэтага часу не паспелі, дык восень будзе халоднай». Паспелі-паспелі! Так што гэта, мяркуючы па народных прыкметах, нам не пагражае… Толькі сёлета якіясьці кіславатыя чарніцы…

«Калі на небе месяц цёмны, дык да заканчэння каляндарнага месяца будуць ісці дажджы». Не ведаю, у каго як, а ў нас ужо тых дажджоў… І зусім не трэба… Лепей давайце прыслухаемся да жабак у вадаёме. 🙂

«Калі жабкі квакаюць гучна, дык бліжэйшыя дні будуць цёплымі і яснымі. Калі ціха, дык дажджлівымі. Калі маўчаць – да пахаладання».

Дарэчы, на Кірыла і Панкрата раілі есці не толькі агуркі, але і чарніцы. А гэтыя ягады, як вядома, паляпшаюць зрок, зніжаюць ціск, папярэджваюць атэрасклероз, зніжаюць узровень цукру ў крыві, што асабліва актуальна для хворых на цукровы дыябет 2-га тыпу, умацоўваюць імунітэт…

Панкрат і Кірыл. Агуркі.

У нашай сям’і здаўна збіралі практычна ўсе лясныя ягады. І мы з братам з маленства прывучаныя нашымі бацькамі. Прывычка захавалася і дагэтуль.

Выбіраючы паміж жаданнем сабраць-з’есці свежыя ягады і лянотай ісці-ехаць у лес, варта прыгадаць, што чарніцы багатыя на вітаміны А, В, Е, К, РР, якія дапамагюць нам супрацьстаяць працэсам старэння. У іх шмат клятчаткі і мала калорый. А яшчэ чарніцы ўплываюць як на разумовую, так і на фізічную актыўнасць, бо ў іх ёсць магній, калій, кальцый, натрый, хром, цынк, фосфар… Вось як цікава! У такіх маленькіх ягадках – і столькі ўсяго!

Але мне, як і ўсім, мабыць, падабаецца збіраць ягады, большыя па памерах. Хаця я і прывучаная мамачкай збіраць літаральна па ягадцы, але люблю, калі трапляюцца пабольш, і буйныя. Прычым незалежна ад месца, дзе яны растуць: на балоце альбо ў бары.

Дарэчы, спецыялісты сцвярджаюць, што калі перабіраць норму спажывання чарніцаў у сезон, дык можна не толькі не палепшыць уласнае самаадчуванне, але і нашкодзіць яму. Але ж нормы спажывання называюцца розныя. У адных – 100-150 грамаў у дзень, у іншых – 150-300… У нас жа заўсёды меркай была талерачка ягад. Прычым не адных чарніц.

Панкрат і Кірыл. Чарніцы. Ягаднае асарці.

Асарці – наша ўсё! 🙂 Гэтак жа, як і кампот, які бацькі яшчэ ў маім дзяцінстве стараліся нарыхтаваць на зіму. У нас ён так і называўся – «Асарці». І было ў ім зазвычай не меней за 7 відаў ягад!

Калі чарніцаў атрымлівалася назбіраць шмат, з імі мы, апрача кампота, рабілі «пяціхвілінкі» (перакручаныя з дапамогай мясарубкі ягады з цукрам даводзіліся на невялікім агні толькі да першых бурбалак), сушылі, пазней –замарожвалі ў лядоўні… Што ні зрабі, а карысць ягад абавязкова захаваецца, хаця і ў рознай ступені.

Так што ямо сёння адны суцэльныя вітаміны, якія ў агурках ды чарніцах аж пішчаць! 🙂 І – працягваем збіраць лекавыя травы! Яны па-ранейшаму валодаюць сілай, асабліва спрыяльнай для магіі кахання…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

340 0 42

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.