28.12.2018
28.12.2018

«Пансіён Belvedere». Спектакль для ўсіх, хто баіцца старасці

logo
Здароўе дарослых
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ён сядзеў перада мной, відавочна саромеючыся. Гутарка не складвалася. І я не магла зразумець, што прымусіла 76-гадовага чалавека проста так, без папярэджання, прыехаць у рэдакцыю. Бо здавалася, што сказаць яму асабліва няма чаго. Дзяжурныя фразы, якія можна агучыць па тэлефоне ці напісаць у лісце.

– На самай справе я, калі шчыра, чакаў убачыць не вас, – нарэшце патлумачыў суразмоўца. – Вас клічуць гэтак жа, як адну дзяўчыну... Ёй было 15-16 гадоў, калі я яе ведаў. Цяпер, вядома, ёй за 70. Убачыў ваша імя ў газеце і падумаў: раптам... яна.

Аднаго пільнага позірку ў яго вочы хапіла, каб зразумець: ён кінуў усе свае справы і рызыкнуў. Не баючыся здацца смешным, разумеючы, як мала шанцаў, прыехаў у надзеі ўбачыць тую самую. Для ўсіх, хто лічыць, што цела, якое старэе, абараняе нас ад жаданняў і пачуццяў, ад кахання і надзеі, – не верце ў гэта. Доказ быў проста перада мной – у вачах гэтага сталага мужчыны.

Знялі табу на старасць

Пра закінутасць, сум, страх смерці і ў той жа час пра каханне і надзею распавядае гледачам спектакль «Пансіён Belvedere». Рэжысёр – італьянец Матэа Сп'яці. Іграюць пастаноўку ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек ужо другі год, а цікавасць гледачоў да яе ўсё павялічваецца. Чаму? Мы не хочам думаць пра старасць (ні сваю, ні родных), хаця і разумеем, што яна непазбежна дагоніць нас. Нягледзячы на тое, што персанажы ў спектаклi не прамаўляюць ніводнага слова, у іх атрымліваецца настолькі пагрузіць гледача ў атмасферу, што ўцячы ад уласных перажыванняў становіцца амаль немагчыма. Нездарма на выхадзе з залы пасля заканчэння імпрэзы многія не маглі стрымаць слёз.

Дзеянне адбываецца ў пансіёне для сталых людзей. Па волі лёсу там апынуліся 6 старых, за якімі наглядаюць галоўны ўрач і медсястра. На тварах акцёраў – маскі, перадаць эмоцыі сваіх герояў яны могуць толькі пластыкай. Вось старыя з дзіцячым азартам цікавяцца, чым сёння іх пакормяць у сталовай, вось да нямоглай маці прыходзіць сын з адзінай мэтай – каб яна падпісала патрэбныя дакументы. Вось тэлефонны званок, які абвяшчае прыход самой смерці.

Самая вялікая інтрыга, пра якую гледачы спектакля даведаюцца толькі напрыканцы, – пад маскамі старых хаваюцца маладыя людзі (сярэдні ўзрост акцёраў каля 30 гадоў).

У чым пасыл спектакля? Як гэта – адчуваць сябе старым? Як змяняецца стаўленне да старасці, калі атрымліваецца адчуць сябе ў гэтым стане, яшчэ калі быў маладым?

Здымачная група інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сустрэлася з акцёрамі спектакля і атрымала адказы на гэтыя пытанні з першых вуснаў.

Натхненнем сталі родныя людзі

 
Валерый Зяленскі
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Кожны наш персанаж падгледжаны, характар і манеры скампіляваны з некалькіх людзей. Я іграю жанчыну. Ёй 85 гадоў. У яе было два мужы, абодва памерлі. І вось зараз яна тут. Нашы персанажы не плоскія, у кожнага з іх свая гісторыя. Аб'ядноўваюць усіх гэтых людзей агульная драма і крыху надзеі нават у самой бязвыхаднай сітуацыі. Ужывацца ў вобраз старога чалавека, яшчэ і жанчыны, нялёгка. Давялося падглядаць пластыку, якая характэрна для старых, вывучаць хваробы суставаў, каб зразумець, на якія групы мышцаў ідзе напружанне. Мы хочам паказаць: знаходзячыся ў гэтым узросце, у гэтым становішчы і ў гэтых незлічоных балячках, чалавек можа адчуваць сябе маладым. А часам малады па факце – вельмі стары. Ні ў якім разе не хочам высмеяць старасць. Нас усіх чакае гэты шлях. І мы выдатна тое разумеем.
 
Любоў Галушка
Актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Мой персанаж – галоўны ўрач. Трохі дэспатычная жанчына, якая ставіцца да старых непаважліва, з пагардай. Яе раздражняе праца. Магчыма, яна бачыць сябе на іншым месцы, але з прычыны жыццёвых абставінаў вымушана знаходзіцца ў пансіёне са сталымі людзьмі. Пасля работы ў спектаклі я пачала звяртаць увагу на старых. І мне становіцца вельмі сумна. Быў такі выпадак у метро: са мной побач павінна была прысесці інтэлігентная дама, але цягнік крануўся – і яна ўпала на мяне. Яна сказала: «Выбачайце, калі ласка, гэта не я. Гэта старасць». Наш рэжысёр вельмі правільна вызначыў паняцце старасці ў гэтым спектаклі: гэта адсутнасць энергіі. Калі ты хочаш нешта зрабіць, у цябе ёсць жаданне, душэўныя сілы, але фізічна не можаш.
 
Дзмітрый Рачкоўскі
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Мой персанаж – дзядуля. Яму гады 72-73. Яго хада, стаўленне да свету – ад майго роднага дзядулі. Яго ўжо няма ў жывых, але ён стаў маім натхненнем для ролі. На сцэне я сталы чалавек. І гэта пачуццё непрыемнае. Незвароту. Калі хочацца зрабіць нешта, а ўжо позна. І калі прыходзіш у свой звыклы стан пасля спектакля, тады і ў жыцці спрабуеш паскорыцца і зрабіць штодня хоць крышачку больш. Каб паспець.
 
Ілля Соцікаў
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Мой герой спісаны з майго дзеда. Гэта адзіны персанаж, у якога ёсць імя і ўзрост. Яго клічуць Ігар, яму 98 гадоў. Ён заўзяты аматар кніг. Чалавек ён скрытны, негаваркі, але ў яго ёсць адзін сябар. Потым ён разумее, што на самай справе не адзін. Мне 28, а майму персанажу на 70 гадоў больш. Пад маскай мы маладыя і спрабуем зрабіць маладымі і старых. Яны таксама ўмеюць весяліцца, перажываць эмоцыі па-свойму. Так, у іх вялікі вопыт. Але можна з гумарам ставіцца да жыцця ў любым узросце.

Пяць гадоў пасля пенсіі – і людзі за бортам?

 
Валерый Зяленскі
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Хочацца гаварыць з публікай пра тое, што не трэба спяшацца спісваць сябе з рахункаў. А такое часта ў нас адбываецца. Пяць гадоў пасля пенсіі – і чалавек за бортам. У еўрапейскіх краінах не рэдкасць бабулі і дзядулі 80 гадоў, якія ездзяць на курорты, у іх гараць вочы. А ў нас бывае і ў 50, і ў 60 гадоў чалавек купляе сабе пахавальны касцюм і задумваецца пра вечнае. Гэтага рабіць не варта. Старасць непазбежная. Яе не трэба баяцца, да яе трэба рыхтавацца. І ўвесь час імкнуцца адчуваць сябе маладым. Нават калі цябе спрабуюць выкінуць за борт, ты павінен упірацца, супраціўляцца і заставацца на плаву.
 
Любоў Галушка
Актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
У мяне, на жаль, няма ў жывых бабуль-дзядуляў. Але маё стаўленне да ўзросту пасля спектакля змянілася. Зрабілася больш усвядомленым. Сапраўды разумееш, чаму саступаюць месца сталаму чалавеку. Не таму, што павінен, а таму, што яму цяжка стаяць, балюча. Узрост – гэта страшна. Разумею, што гэта непазбежна і ўсіх нас чакае. Але страх ёсць.
 
Ілля Соцікаў
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Сучасныя тэндэнцыі – старасць не перашкода. Я назіраю ў трэнажорнай зале людзей пад 70 гадоў, якія ціснуць жалеза больш, чым я, і мне становіцца сорамна. Гэта вельмі крута. І я таксама так хачу.
 
Дзмітрый Рачкоўскі
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
І мы некалі можам стаць такімі ж старымі. І на нас могуць забыцца. Спектакль вучыць пражыць сваё жыццё правільна. Надаваць увагу тым, каму мы павінны. Не мімалётным сябрам, а родным людзям. Я не баюся смерці. Вось яна цяпер можа быць проста перада мной. І што? Гэта тая ж самая старасць. Яе баяцца не варта. Да яе трэба быць гатовым. І зрабіць усё, каб яна прайшла добра. Што мы можам зрабіць для старых цяпер? Любіць іх. Вось тое, да чаго заклікае наш спектакль. Падтрымліваць, дарыць падарункі і імкнуцца вывозіць часцей, каб яны не сядзелі ў маленькай шкарлупіне, а бачылі свет.

Каханню скараюцца ўсе ўзросты?

Заканчваецца спектакль нечаканым хэпі-эндам, калі ўсе старыя знайшлі сваё каханне і стварылі пары. Ці магчыма такое ў рэальным жыцці, ці гэта прыгожая задумка?

 
Дзмітрый Рачкоўскі
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Вядома, магчыма. Мой дзядзька, вядомы фізік, зачаў сваю дачку ў 62 гады. Розніца з жонкай у іх была 28 гадоў. А дажыў ён да 83. Дачка ў іх выдатная і разумная.
 
Любоў Галушка
Актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Ці ёсць надзея? Вядома. У кожным узросце свая прывабнасць. Час становіцца аб'ёмным, цячэ па-іншаму. Старыя заўважаюць абсалютна іншыя рэчы. І, магчыма, як у нашым спектаклі, у іх ёсць час для кахання. Я ў гэта веру.
 
Ілля Соцікаў
Акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек
Ці рэальна любіць ў 98? Вядома. Каханню падуладны ўсе ўзросты – пра гэта пісалі класікі. Калі гэтага няма, то тады і жыць навошта? А калі жывеш, спадзяешся, любіш, верыш, дык і жыццё працягваецца. Шмат старых ёсць і ў 28. А калі я застануся такім, як мой персанаж, дык буду задаволены.

Яшчэ больш пра спектакль, меркаванні і пераўвасабленні герояў, рэакцыю гледачоў глядзіце ў нашым відэа.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама