03.10.2018
03.10.2018

Паралельная рэальнасць. Шызафрэнія. Выбар прафесіі

logo
Хваробы ад А да Я
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

На думку спецыялістаў, працоўная дзейнасць вельмі важная для хворых на шызафрэнію. Захворванне часта суправаджаецца млявасцю, абыякавасцю, нежаданнем што-небудзь рабіць. Але гэта не лянота, а праявы захворвання. Праца, сацыяльная ўцягнутасць для пацыентаў з шызафрэніяй – яшчэ адзін крок на шляху да барацьбы з хваробай.   

Якога-небудзь універсальнага спісу прафесій, што можна прапанаваць людзям, якія пакутуюць ад шызафрэніі, няма. Бо людзі, хворыя на шызафрэнію, маюць свае індывідуальныя асаблівасці, перавагі, якія ўплываюць на выбар будучай прафесіі, і шэраг абмежаванняў, абумоўленых захворваннем.

Што неабходна ўлічыць пры выбары прафесіі карэспандэнт Слушна разбіралася з загадчыцай 27-ага псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктарам медыцынскіх навук Марынай Скугарэўскай.

 

 
Марына Скугарэўская
Загадчыца 27-га псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук
Бываюць такія формы хваробы, напрыклад, простая шызафрэнія, калі няма трызнення і галюцынацый, а чалавек знясільвае. Ён перастае сачыць за сабой, цікавіцца чымсьці, можа суткамі ляжаць і калі яго не пакарміць – не есці, губляе цікавасць да жыцця. У падобных выпадках чалавек рана становіцца інвалідам. Разам з тым, у кожнага чалавека хвароба працякае па-рознаму. Пры спрыяльным знешнім атачэнні, адэкватным эфектыўным лячэнні, нават з шызафрэніяй чалавек можа паспяхова працаваць.

Абмежаванні

Безумоўна, для хворых на шызафрэнію ёсць пэўныя абмежаванні пры выбары прафесіі. Спецыфіка некаторых спецыяльнасцей можа не толькі негатыўна адбіцца на стане хворага, але і мець непажаданыя наступствы для ягонага акружэння. Таму, людзям, якія пакутуюць ад шызафрэніі, варта пазбягаць:

  • спецыяльнасцей, звязаных з інтэнсіўнай міжасобаснай камунікацыяй;
  • месцаў працы, дзе вельмі шмат стрэсагенных для пацыента фактараў;
  • працоўных месцаў, дзе высокая верагоднасць частых канфліктных сітуацый.
 
Марына Скугарэўская
Загадчыца 27-га псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук
Хворым на шызафрэнію не рэкамендуецца выбіраць працу, што звязана з нервовым альбо эмацыйным перанапружаннем, яўным стрэсам, псіхалагічнымі перагрузкамі. На тячэнне захворвання адмоўна ўплываюць канфліктныя сітуацыі на працы, завышаныя патрабаванні, высокая адказнасць. Усё тое, што можа стаць прычынай прагрэсавання захворвання або справакаваць новы эпізод.

Акрамя гэтага, хворым на шызафрэнію не варта выбіраць віды дзейнасці, звязаныя з працай ноччу. Начныя змены і, як вынік, парушэнне рэжыму сну і бадзёрасці, могуць негатыўна адбіцца на стане хворага на шызафрэнію і нават справакаваць новыя прыступы хваробы.

Людзям з дыягназам «шызафрэнія» таксама не варта выбіраць спецыяльнасці, якія звязаны з павышанай рызыкай для жыцця (праца з электрычным і газавым абсталяваннем, працоўная дзейнасць, звязаная з працай на вышыні і інш.).

Захворванне з'яўляецца адной з падстаў для адмовы пры працаўладкаванні, калі дзейнасць прадугледжвае нашэнне зброі. Напрыклад, спецыяльнасці, звязаныя з аховай або ў праваахоўных органах.

У выпадку, калі праца ці яе характэрныя асаблівасці могуць стаць прычынай абвастрэння вар'яцкіх ідэй, ад яе таксама лепш адмовіцца. Гэтая рэкамендацыя дзейнічае і ў дачыненні да прафесій, што звязаны з адказнасцю за іншых людзей. У гэтых сітуацыях, у выпадку абвастрэння захворвання, пацыент можа прадстаўляць небяспеку як для сябе, так і для тых, хто побач.

 
Марына Скугарэўская
Загадчыца 27-га псіхіятрычнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, доктар медыцынскіх навук
Мы праводзім індывідуальнае кансультаванне для кожнага пацыента. Па законе, чалавека могуць не дапусціць да пэўных відаў дзейнасці з-за псіхічнага стану на тэрмін да 5 гадоў з магчымасцю наступнага пераагляду. Разам з тым, дыягназ «шызафрэнія» зусім не абазначае, што выйсця няма. Усё індывідуальна і рашэнне аб тым, ці можа чалавек з шызафрэніяй займацца тым ці іншым відам дзейнасці прымае ўрачэбна-кансультацыйная камісія (УКК) на базе псіхіятрычнага дыспансера.

Прыкладны пералік прафесій, якімі можа займацца чалавек з шызафрэніяй:

  • Віды дзейнасці, якія прадугледжваюць перапынкі ў працы і магчымасць пераключыць увагу. Напрыклад: занятак фатаграфіяй, шыццё, праца аграномам, лабарантам, статыстам, бібліятэкарам.
  • Людзям з шызафрэніяй пры выбары прафесіі варта звярнуць увагу на тыя, якія патрабуюць выканання невялікага аб'ёму працы і аднастайных дзеянняў: працоўныя на вытворчасці, швачка, роспіс і аздабленне, садоўніцтва.
  • Сфера дзейнасці, не звязаная з матэрыяльнай адказнасцю, якая не патрабуе цяжкіх фізічных намаганняў.
  • Занятасць, што не патрабуе пастаянных міжасобасных зносін або праца ў невялікім калектыве. Напрыклад, праца інжынерам, бухгалтарам, ветэрынарным урачом.
  • Перавагу варта аддаваць таксама працы, выкананне якой не будзе выклікаць у хворага на шызафрэнію моцнага нервова-псіхічнага напружання.

https://bel.24health.by/zhyccyo-z-f20-film-pra-toe-yak-zhyvuc-lyudzi-z-shyzafreniyaj-u-minsku/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».