17.09.2021
17.09.2021

Паражае нават цнатлівых. Што трэба ведаць пра малочніцу ў мужчын?

logo
Хваробы ад А да Я
0 106
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З чым звязаная частая праява кандыдозу ў мужчын? Ці ўплывае ён на сэксуальную функцыю? Як правільна лячыць малочніцу ў мужчын, каб яна больш не вярталася? Што рабіць для прафілактыкі?

Пра малочніцу ў жанчын нам раз-пораз нагадвае рэклама, заклікаючы вылечыцца, усяго толькі прыняўшы адну таблетку. Насамрэч «кандыдоз вонкавых палавых органаў», альбо «кандыдозны баланапастыт» (так афіцыйна называецца малочніца ў хлопцаў), дакучае і прадстаўнікам моцнага полу. Прычым для таго, каб падхапіць такую праблем, зусім не абавязкова весці актыўнае палавое жыццё, захварэць можа нават дзіця. А вось чароўнай таблеткі для лячэння не існуе.

Малочніца ў мужчын.

Нягледзячы на тое, што прадстаўнікі моцнага полу хварэюць на кандыдоз прыкладна ў 6 разоў радзей за жанчын, праблема гэтая досыць распаўсюджаная. На пытанні журналіста Слушна адказаў Раман Еўсцігнееў, уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра № 2 Маскоўскага раёна г.Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка).

Сімптомы малочніцы ў мужчын

 

 
Раман Еўсцігнееў
Уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра № 2 Маскоўскага раёна г.Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка)
Кандыдоз праяўляецца часцей за ўсё ў форме кандыдознага баланапастыту (запаленне галоўкі і крайняй плоці палавога члена). Пацыента турбуюць сверб, смыленне ў вобласці геніталій, з'яўленне непрыемнага паху, пачырваненне галоўкі і крайняй плоці са з'яўленнем характэрнага бялявага налёту ў выглядзе плёнкі, якая лёгка аддзяляецца, альбо белых масаў тварожыстага характару. У выпадку, калі ўзбуджальнік пашкоджвае мочаспускальны канал, далучаецца смыленне ва ўрэтры на пачатку (альбо на ўсім працягу) акта мочаспускання, вылучэнні з урэтры тварожыстага характару.

Фактары, якія правакуюць развіццё кандыдозу ў мужчын:

Малочніца ў мужчын.

  1. Механічныя: палавы кантакт, сінтэтычная бялізна, іншае траўматычнае пашкоджанне скурнага покрыва палавога члена.
  2. Фізіялагічныя: узроставы андрагенадэфіцыт.
  3. Эндакрынныя: цукровы дыябет, гіпатэрыёз.
  4. Імунадэфіцытныя станы (першасны і другасны імунадэфіцыт).
  5. Ятрагенныя (якія ўзнікаюць з прычыны медыцынскіх уздзеянняў): антыбіётыкі, кортыкастэроіды, імунасупрэсіўная хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія.
  6. Іншыя фактары: хранічныя захворванні палавых органаў, хранічныя захворванні СКТ, гіпавітамінозы, алергічныя захворванні.

 

 
Раман Еўсцігнееў
Уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра № 2 Маскоўскага раёна г.Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка)
Захварэць на кандыдоз можа мужчына, які наогул не вядзе палавое жыццё, а таксама і дзіця. Частае ўзнікненне кандыдозу ў мужчын можа казаць пра тое, што прычына не выяўленая і не ліквідаваная. Гэтымі прычынамі могуць быць: цукровы дыябет, гіпатэрыёз, дэфіцыт палавых гармонаў, хранічныя захворванні СКТ, зніжаная актыўнасць імуннай сістэмы.

— Для таго, каб выключыць гэтыя фактары, патрабуецца паралельнае абследаванне органаў і сістэмаў, у тым ліку і аналізы крыві на ВІЧ, парэнтэральныя гепатыты. Магчыма, спатрэбіцца кансультацыя імунолага. У выпадку, калі працэс абмежаваны палавымі органамі, агульны стан пацыента не пакутуе. Аднак пры выяўленым зніжэнні імуннай абароны можа ўзнікнуць паражэнне ўнутраных органаў і сістэмаў. Калі кандыдоз узнікае часта (4 і больш эпізодаў на працягу года), ёсць верагоднасць пэўных спадарожных праблемаў са здароўем, неабходна праводзіць дадатковую дыягностыку.

Малочніца ў мужчын.

Малочніца ў мужчыны негатыўна ўплывае і на яго палавую функцыю. Адбываецца гэта па некалькіх прычынах:

  • Балючыя адчуванні падчас палавога акту (дыспарэунія).
  • Зніжэнне лібіда, выкліканае сімптомамі захворвання.
  • Пашкоджанне ўнутраных органаў мочапалавой сістэмы (прастатыт, запаленне насенных пузыркоў, урэтры, мачавога пузыра) прыводзіць да парушэння эрэктыльнай функцыі.

Як лячыць малочніцу ў мужчын?

 

 
Раман Еўсцігнееў
Уролаг, загадчык раённага ўралагічнага цэнтра № 2 Маскоўскага раёна г.Мінска (39-я гарадская клінічная паліклініка)
У выпадку, калі кандыдоз абмежаваны палавымі органамі, лячэнне захворвання пераважна праводзіцца мясцова. Гэта могуць быць крэмы, якія змяшчаюць фунгіцыдныя прэпараты, кортыкастэроіды для мясцовага прымянення, антыбіётыкі. Гэтак жа дакладна неабходна выконваць патрабаванні асабістай гігіены, даглядаць вонкавыя палавыя органы штодня, з ужываннем мыйных сродкаў для інтымнай гігіены, якія мінімальна агрэсіўныя для скуры. Варта адзначыць, што празмерна частае (3 і больш разоў на дзень) мыццё палавых органаў здольнае само па сабе пашкоджваць скурнае покрыва, а значыць, не нясе карысці.

— Магчымае таксама прымяненне сістэмных прэпаратаў для прыёму ўнутр у спалучэнні з мясцовай тэрапіяй. На час лячэння варта выкарыстоўваць прэзерватыў альбо цалкам выключыць палавыя кантакты. Адной таблеткай кандыдозны баланапастыт не вылечыцца, на жаль. Пазбавіцца ад кандыдозу раз і назаўжды, з гарантыяй не захварэць больш ніколі, немагчыма. Грыбы роду Кандыда з'яўляюцца прадстаўнікамі нармальнай флоры кішэчніка, палавых шляхоў у жанчын, такім чынам, у кожнага маецца ў арганізме рэзервуар гэтых грыбкоў. Пры ўзнікненні правакацыйных фактараў можа развіцца захворванне.

Як прадухіліць кандыдоз у мужчын?

Малочніца ў мужчын.

Для прафілактыкі кандыдозу ў мужчын наш эксперт Раман Еўсцігнееў вылучае некалькі асноўных момантаў:

  • Насіць баваўняную бялізну (яна здольная прапускаць вільгаць і паветра).
  • Выкарыстоўваць прэзерватыў пры палавых кантактах (асабліва калі гаворка ідзе пра некалькі палавых партнёраў), пры неабходнасці ўжываць лубрыканты.
  • Збалансавана і паўнавартасна харчавацца: есці шмат гародніны, садавіны, зеляніны, скараціць спажыванне «хуткіх» вугляводаў (цукар, цукеркі, шакалад і г.д.). Займацца фізічнай актыўнасцю, захоўваць рэжым працы і адпачынку, нормы і правілы асабістай і інтымнай гігіены.
  • Заняцца пошукам і ўхіленнем магчымых прычынаў кандыдозу пры частых рэцыдывах: кантроль узроўню глюкозы крыві, узроўню гармонаў шчытападобнай залозы, кантроль за функцыяй кішэчніка.

Малочніца ў мужчын можа выяўляцца толькі на палавых органах альбо быць сігналам іншых непаладак у арганізме. Пры ўзнікненні праблемы 4 разы на год і часцей патрабуецца абследаванне. А вось меры прафілактыкі хаця і здаюцца вельмі знаёмымі і простымі, усё ж такі рэальна працуюць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 106

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама