26 Мая
26.05.2019

Паслязаўтра – Пахом! Сеем агуркі, каб цягаць мяхом! :)

logo
Думкі ўслых
148 0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Хаця ўсё часцей народныя прыкметы, занатаваныя нашымі продкамі, не супадаюць з рэчаіснасцю, усё ж вось гэтай мы як заўзятыя дачнікі стараемся прытрымлівацца. На Пахома, 28 мая, трэба абавязкова пасеяць агуркі. Няхай сабе гэта ўжо будзе ў другі ці нават трэці тэрмін, калі папярэдне пасеяныя пайшлі ў рост, але хаця б адну градку.

«Сей агуркі на Пахом – будзеш цягаць мяхом!» – сцвярджалася ў народзе. А што тычыцца першага тэрміну высявання гэтай карыснай агародніны, дык на Смаленшчыне (колішняй яе беларускай частцы, адкуль родам мая мама) ён прыпадаў на той час, калі «курапы пачыналі турчаць».

Ведаеце, пра што размова?! 🙂 Перакладаю. Калі жабкі пачыналі квакаць!:) Ды не проста так, а адмыслова. І сапраўды, атрымліваецца ў іх штосьці накшталт «тр-р-р-р-р-р-р-р». Чулі калі-небудзь?! Як не, дык тэрмінова за горад, да сажалкі, спеў жабчын слухаць! 🙂 Акрамя жартаў – прыгожа!

Звычайна на дачы, пачуўшы характэрны гук з бліжэйшай сажалкі, я казала пра тое маме. Маўляў, час ужо, можна агуркі сеяць! І наколькі гэтую агародніну любяць у нашай сям’і, настолькі яна выдатна расце, штогод здзіўляючы чымсьці.

І ніякай «хіміі» пры вырошчванні! Толькі натуральныя падкормкі. Дапамагае ж звычайна цёплая градка, зробленая па тэхналогіі. Калі пад слоем зямлі перагніваюць рэшткі раслін, мінулагодняе лісце ды іншае, падаграваючы зямлю, бы грэлка.

Як жа мы чакаем свайго першага агурка! Часцяком атрымліваецца яго займець акурат да дня народзінаў майго брата – трэцяга ліпеня. Як жа той агурочак пахне! А які смачны! Ну не параўнаць з пакупным! І блізка яны не ляжалі…

Але пакуль… Пакуль той свой першы, агуркі даводзіцца ўсё ж набываць. Бо дужа ўвесну хочацца зеляніны. І калі набываеш агародніну ў прыватнікаў ці фермераў, дык яшчэ нічога на выгляд і смак. Хаця не скажу пра якасць, бо не ведаю… Да нас у Чэрвень апошнім часам свежую агародніну прывозяць ажно са Століншчыны! І па вясне, і па восені… Але давер – толькі свайму. Што ж датычыцца крамаў ці рынку… Якраз у гэтыя выхадныя падзівіліся на раннюю бульбу свежага ўраджаю. Маленькая, несамавітая, такая ўжо абдзёртая… Затое кошт – ого-го! А з якой ужо замежнай (!!!) краіны прыбыла да нас, дык нават і пытацца не захацелася.

Але ж на пачатку чэрвеня хочацца і свежай бульбы, якой бы смачнай уласна вырашчаная мінулагодняя ні была… Толькі вопыт з яе набыццём у гандлёвых кропках усё больш сумны. То вадзяністая, то зусім нясмачная… Усё ж усяму свой час, як кажуць. Чакайма мясцовага беларускага прадукту! І… вяртаемся да агуркоў!

Летась мой аднакласнік, які сярод іншага ў сваёй краме прадае насенне, параіў узяць агуркі гатунку «Цешча». Маўляў, хіт сезону. І вось меў жа рацыю! Атрымаліся яны не толькі ўраджайнымі, але яшчэ і «доўгаіграючымі». Пасох ужо ва ўсіх агурочнік, а ў нас што ў цяпліцы «Цешча», што на адкрытай градцы… Мяхом!:)

А яшчэ мы некалькі гадоў запар высяваем агуркі гатунку «Артыст». Ну, сапраўды, штукар, а не агурок! Пляцёнкамі плады вісяць. І яшчэ аддаём даніну павагі традыцыйным гатункам «Раднічок» і «Лібела», якія даўным-даўно асвоены і вельмі добра сябе зарэкамендавалі.

Свежыя агуркі з дачы ямо проста так, у разнастайных салатах, кефірным супе, з тварагом… Кансервуем, бо для «Гарошку» – самае тое! Улічваючы, што гарох для любімай салаты таксама вырошчваем на дачы.

А калі няма супрацьпаказанняў да іх ужывання, дык гэта ўвогуле цуд, а не прадукт! Нізкі ўзровень калорый, вітаміны В, А, С, РР, магній, калій, медзь, ёд, фоліевая кіслата ды іншае. Агуркі рэгулююць абмен рэчываў, паляпшаюць работу шчытападобнай залозы, нармалізуюць кіслотна-шчолачны баланс… І гэта далёка не ўсе перавагі!

Нядаўна са здзіўленнем даведалася, што агуркі з горкім смакам, якія звычайна есці непрыемна, па словах вучоных, з’яўляюцца добрай прафілактыкай анкалагічных захворванняў!

Таму ўсім дачнікам-агароднікам, у каго надарыцца магчымасць у аўторак высеяць агуркі, шчыра жадаем вялі-і-і-і-і-ізнага ўраджаю! Удачы ў вырошчванні вам, шаноўныя сябры, і… Рыхтуйце мяхі! 🙂 На агуркі!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

148 0 41

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.