21.06.2019
21.06.2019

Паспяховы мужчына vs няўдачнік. Знайдзі 5 адрозненняў (+відэа)

logo
Здароўе дарослых
0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У сеціве гуляе шмат жартаў падобнага зместу. Маўляў, сустрэў у краме аднакласніка. Ён другі бізнес займеў, а мае навіны – роўна хаджу па плітачках на асфальце, не наступаючы на швы. У стагоддзе нарцысізму і сацыяльных сетак, дзе кожны навыперадкі выхваляецца сваімі дасягненнямі, тэма мужчынскай канкурэнцыі і ўдачлівасці робіцца асабліва вострай.

Ці не становіцца абавязковае жаданне поспеху яшчэ адным цяжарам і міфам на шляху да шчасця для мужчыны?

Пра гэта мы пагаварылі з пастаяннымі экспертамі рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны». У выніку вывучэння тэмы і гутаркі вымаляваліся прыкметы мужчыны-няўдачніка і яго больш паспяховага сатаварыша. А якія пункты здаюцца абавязковымі вам?

5 прыкметаў няўдачніка

5 прыкметаў няўдачніка

  • Адчувае, што жыццё не атрымалася. У першую чаргу важная ацэнка свайго жыцця самім мужчынам і тое, што ён адчувае, думаючы пра яго. Не заўсёды яго ўяўленні могуць супадаць з тым, як чалавек выглядае для іншых і наколькі паспяховым лічыцца ў грамадстве.

 

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Няшчасныя людзі не выконваюць простага правіла: не рызыкуюць жыць сваім жыццём, ісці за сваімі поглядамі, быць сумленнымі ў адносінах да сябе. Бывае, што людзі, у якіх ёсць мільёны і пасады, зайздросцяць простаму дворніку. Добра, калі ты не раб стану. Але шмат хто ім з'яўляецца.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
У кожнага сваё паняцце ўдачы. Для аднаго – пабудаваць кар'еру. Для іншага – мець шмат дзяцей і любячую жонку. Камусьці важныя стаўкі на спорт, казіно. Калі казаць пра агульнапрынятыя нормы ў грамадстве, дык паспяховы мужчына павінен адназначна адбыцца ў прафесіі, мець увесь набор: машыну, кватэру, матацыкл. У яго абавязкова павінна быць жонка, дзеці, а ў кагосьці і палюбоўніца яшчэ. Гэта такая мара беларускага мужчыны. Але насамрэч можна вельмі моцна гэтага ўсяго хацець, а потым, атрымаўшы, зразумець, што не ў гэтым радасць жыцця. Не хачу крывадушнічаць і казаць, што гэта ўсё не важна. Насамрэч наяўнасць статусу, фінансаў закрывае шмат пытанняў і дае свабоду выбару. Аднак у той жа час да мяне нярэдка прыходзяць фінансава паспяховыя людзі, якія адчуваюць у сабе раскрытую дзірку. Чамусьці часта яны не задаволеныя сваім жыццём і не могуць атрымліваць асалоду ад тых радасцяў, якія нібыта ў стане сабе дазволіць. Чаму алкагалізм – загана нашага часу? Гэта пра тое, каб хаця б дзесьці атрымаць задавальненне. Што тычыцца таго, каго мы называем няўдачнікам, тут пытанне. Мы ацэньваем яго так са свайго пункту гледжання, а чалавек гэтак можа і не лічыць. Калі сам залічвае сябе ў такую катэгорыю, тады тут гаворка, хутчэй, пра немагчымасць увасаблення ў жыццё сваіх жаданняў. У прычынах гэтага можна разбірацца.
  • Ные, але нічога не робіць. Зразумела, што ўмовы жыцця і для старту той жа кар'еры ва ўсіх розныя. Але псіхалогія няўдачніка – скардзіцца на жыццё, знаходзячы новыя і новыя прычыны нічога ў ім не мяняць. А яшчэ лепей – наогул адмовіцца ад рэальнасці, збегшы ад праблем у віртуальны свет, алкаголь ці наркотыкі.

 

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Ёсць выдатны дапаможны сродак – псіхатэрапія. 75% людзей, якія прыйшлі да спецыяліста і якія ведаюць, як ім жыць трэба, каб было добра, не робяць гэтага. Бо бабуля жыла так, мама, тата, грамадскі лад такі. Таму дапаміраю я сваё жыццё да канца. Як усе. Удача – гэта заўсёды няёмка. Гэта насустрач ветру ў твар, салёнай вадзе і пырскам. Тут можа быць шмат цяжкасцяў і адзіноты. Зараз вельмі модныя трэнінгі: удача за 3 дні, нагавор на грошы і г.д. Такія сітуацыі, калі не трэба нічога рабіць, а поспех прыйдзе да цябе з дастаўкай на дом. Так не бывае.
  • Крытыкуе іншых. Каб неяк узвысіць сябе на фоне іншых, няўдачнік лічыць за лепшае не здзяйсняць памылку самому. Лепей вышукваць хібы ў іншых.
 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Няўдачнік часцяком – не той, хто не можа чагосьці зрабіць. Гэта той, хто не хоча. Бо тады ўзнікае адказнасць за свае дзеянні, трэба прыкладаць намаганні. Прасцей ляжаць на канапе. Нашмат складаней пайсці вучыцца, сустракацца з цяжкасцямі, пражываць няўдачы і рухацца далей. У гэтым і ёсць рост мужчынскі, асобасны. Няшмат у каго ў сям'і бацькі былі алігархамі. Але чалавек так уладкаваны. У яго ёсць унутраны пазыў развівацца.
  • Не ўмее планаваць бюджэт. Як кажа наш эксперт Аляксандр Тыманюк, нельга лічыць сябе белым воблачкам, калі ты ўнітаз. Можна чытаць сабе афірмацыі пра тое, што ты паспяховы чалавек, але без канкрэтных дзеянняў, заснаваных на цвярозым разліку сваіх сіл і магчымасцяў, далёка не паедзеш. Апошні айфон не азначае паспяховасць, калі мужчына жыве ў інтэрнаце і есць вермішэль хуткага прыгатавання.
  • Не мае свайго меркавання. Ёсць шмат цудоўных парадаў пра тое, што трэба прыслухацца да сваіх жаданняў, адстойваць свае перакананні. Але справа ў тым, што некаторыя мужчыны лічаць за лепшае не мець іх зусім. Пра прычыны можна казаць шмат. Напрыклад, такая сітуацыя, верагодна, брала свой пачатак яшчэ ў дзяцінстве, калі хлопчык выхоўваўся толькі мамамі-бабулямі-выхавальніцамі і ў іх асяроддзі заахвочваліся пэўныя паводзіны. За нязгоду дзіця, напрыклад, каралі.
 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
90% выпускнікоў ВНУ – сярэднія людзі, няўдачнікі. Яны добра выконвалі тое, што ім казалі, і ператварыліся ў, так бы мовіць, механізмы. Выжываюць тыя, якія захавалі здольнасць да творчага прыстасавання. Пакуль вучыўся, сябе страціў. Удача-то заўсёды на мяжы рызыкі. Усе паспяховыя ўдачлівыя праекты – справа, якая на мяжы.

5 прыкметаў паспяховага мужчыны

5 прыкметаў паспяховага мужчыны

  • Імкнецца да росту, у тым ліку асобаснага.

 

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Чалавек, які мае поспех, валодае некалькімі якасцямі: сумленнасць, гасціннасць, дабрыня, розум. Пачаў красці, схлусіў, страціў гонар і годнасць – удача сышла. Хто самы ўдачлівы чалавек у рускіх народных казках? Не цар, а Іван-дурань. За што гэта яму давалася? Ён жа на шляху сваім зайца не забіў, мядзведзю дапамог, качку выпусціў, з яблынькай паразмаўляў. Просты добры чалавек, які любіць прыроду. А рускія волаты Ілля Мурамец, Дабрыня Нікіціч, Алёша Паповіч заўсёды рабілі добрыя справы, і ўдача была на іх баку. Удача – гэта пра тое, наколькі адказна ты нясеш сваю дадзенасць, распараджаешся сваімі дарамі, талентамі. Гэта праца.
  • Гатовы да цяжкасцяў і рызыкі. Няўдалыя перыяды, памылкі і падзенні здараюцца ў кожнага. Цалкам натуральна адчуваць з гэтай нагоды роспач. Часам нават карысна даць сабе час пасумаваць і набрацца сіл. Але паспяховага мужчыну адрознівае здольнасць падымацца пасля кожнай няўдачы. І працягваць дзейнічаць.

У няўдачах вінаваціць сябе. Калі няўдачніку ўсё і заўсёды не так, і не атрымалася ўсё ў яго менавіта таму, што цётка Глафіра разліла на лесвіцы малако, ён паслізнуўся і не паспеў на сустрэчу, дык паспяховы чалавек пытаецца перш за ўсё з сябе: «Што мне трэба дапрацаваць у сабе, каб выправіць сітуацыю?». Дарэчы, псіхолагі адзначаюць, што паспяховыя мужчыны, якія прывыклі дасягаць сваіх мэтаў самі, часцей адрозніваюцца і эмацыянальнай сталасцю.

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Мерка ўдачлівасці нашага часу прадыктаваная перавагай матэрыялістычнага гледжання. Да 90-х гадоў слоў «няўдачнік, лузер» не гучала. Вельмі сумна, што цяпер менавіта такі пасыл да мужчыны. Мадэль жыцця – не заўсёды роўна жыццё. Усе расчараванні адбываюцца тады, калі чалавек сустракаецца з рэальнасцю. І няма там тых, хто ў тэлевізары. Не будзеш думаць – будзеш аслом. Навучыўся думаць – задавай сабе пытанне: што я адчуваю? Што кажа мне мая інтуіцыя.
  • Умее планаваць бюджэт. А яшчэ: вучыцца не крытыкаваць, а павышаць свой узровень, маючы стасункі з яшчэ больш паспяховымі, на яго думку, людзьмі.
  • Задаволены сваім жыццём.

 

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» Брэста
Удача – адчуванне ўласнага дабрабыту. Калі я ўстаю і мне хочацца сустракаць новы дзень, ісці на працу, калі я люблю тое месца, дзе жыву, сваё жыццё – гэта вялікая ўдача. У кожнага гэта сваё светаадчуванне. Калі я маю светаадчуванне радаснасці ад таго, што раблю, што ў мяне атрымліваецца, у гэтым і ёсць удача.

Удачлівы па агульнапрынятых мерках мужчына можа адчуваць сябе поўным лузерам. У той час як той, хто жыве значна больш простым жыццём, здольны атрымліваць ад яго задавальненне. Мерка ўдачлівасці ў кожнага свая. Важна ж іншае – не проста слепа прытрымлівацца стандартаў, а навучыцца прыслухоўвацца да ўласнай інтуіцыі.

Працяг гутаркі – на відэа.

Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 36

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.