12.06.2017
12.06.2017

«Паспяховыя» алкаголікі. Час прызнацца хаця б сабе

logo
Хваробы ад А да Я
0 245
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вы часта сустракалі людзей, якія задаюць сабе пытанне «Ці алкаголік я?», людзей, гатовых разабрацца і пачуць адказ на такое хвалюючае і ў нечым ганебнае пытанне. Нядаўна такі чалавек прыйшоў па рэкамендацыі да мяне на індывідуальную кансультацыю.

Яшчэ з парога я заўважыў досыць супярэчлівыя дэталі яго знешняй атрыбутыкі, паводзінаў і стасункаў. Апрануты больш чым прыстойна. Дарагі гадзіннік Breguet, туфлі Brioni (дакладна не з Ali Express). Свой тэлефон апошняй мадэлі ён, дарэчы, не выпускаў з рук усю сесію, нібыта ахоўны амулет супраць грознага спецыяліста, які збіраецца вынесці яму вердыкт. Ключы ад мерседэса, нядбайна кінутыя на стол разам з партманеткай — яшчэ адзін тыповы жэст дэманстрацыі сацыяльнага статусу і выключнай паспяховасці.

Пра які алкагалізм можа ісці гаворка, скажуць 99% людзей, сутыкнуўшыся з такім мужчынам у нейкім шыкоўным рэстаране. Алкаголікі каля піўніц і крамаў сноўдаюцца, а гэты, бач, які халёны.

Тым не менш, мне спатрэбілася 45 хвілін тэрапеўтычнай сесіі, каб зразумець, што гэты паспяховы і ўпэўнены з выгляду мужчына мае хранічнае, прагрэсіруючае і невылечнае захворванне —алкагалізм.

Крыху пра першасныя рысы аблічча кліента.

  • Даволі высокі рост (180–185), пры гэтым дужа сутулы і згорблены.
  • Позірк адкрыты і ўпэўнены, але пры прамым кантакце больш за 4–5 секунд вочы пачыналі бегаць і парываць любую “інтымную” сувязь.
  • Апрануты дорага, але безгустоўна і неяк неахайна.
  • Пачуццяў бракуе, відавочная алексітымія.
  • Нервовы цік у выглядзе перасмыквання верхняй часткі твару і броваў. Цікі асабліва ўзмацняліся, калі мы пачыналі абмяркоўваць “важнасць” алкаголю ў яго жыцці.
  • Павышаная трывожнасць, якая выяўлялася ў пастаянным зазіранні ў смартфон і жаданні штосьці там прачытаць.
  • Зрыў кантакту адбываўся не менш як 20 разоў за ўсю кансультацыю.

Унутраныя адметнасці кліента.

Усю сесію кліент даводзіў яго неалкогольную натуру. Прыводзіў стандартныя прыклады ўжывання асабліва дарагіх і якасных алкагольных напояў. І адсутнасць сістэматычнасці ўжывання моцнага алкаголю. І адсутнасць запояў з бойкамі, гвалтам. Ды шмат чаго іншага, што відавочна сведчыць што ніякі ён не алкаголік, а цалкам нармальны звычайны чалавек. Кліент не адмаўляў: ёсць шмат іншых праблем, звязаных з працай, сям'ёй, здароўем, але да ўжывання алкаголю гэтыя чыннікі не маюць аніякага дачынення. На пытанне, чаго ж ён тады да мяне прыйшоў, адказваў: «Мяне накіравала N., яна мой сямейны псіхатэрапеўт, я б сам ніколі не пайшоў».

Калі я рабіў закіды — ці не адмовіцца яму цалкам ад алкаголю, калі ён не лічыць сябе залежным чалавекам, дык знаходзілася мноства прычын, чаму рабіць гэтага ніяк нельга. І зноў заводзілася старая катрынка пра неалкагольнасць з прывядзеннем вышэйзгаданых высноў.

На жаль, мне не ўдалося за 45 хвілін працоўнага часу хоць неяк павярнуць суразмоўцу тварам да яго праблемы, але я пацвердзіў для сябе відавочны факт: алкагалізм, як і любая іншая хімічная ды нехімічная залежнасць, мае шэраг адметных рысаў.

  • Ахоўны механізм адмаўлення, уласцівы ўсім алкаголікам на ранніх і сярэдніх стадыях фарміравання залежнасці.
  • Немагчымасць усвядоміць свае адчуванні і выказаць іх.
  • Няздольнасць падтрымліваць кантакт з-за высокага ўзроўню трывогі. А таксама шэраг апраўдальных шаблонаў, якія не даюць магчымасці не тое што дакрануцца, а нават пабачыць сваю праблему.

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь заўважана тэндэнцыя развіцця “сацыяльнага п'янства”. Я не разглядаю сегмент, у якім знаходзяцца алкаголікі з 2 і 3-й стадыяй захворвання. Я кажу менавіта пра тую катэгорыю асоб у 1-й стадыі развіцця алкагалізму або на мяжы пераходу да яе. Відавочных праблем пакуль няма, але алкаголь з'яўляецца сувязным звяном у многіх сферах жыцця чалавека.

Сустрэча з сябрамі суправаджаецца прысутнасцю алкаголю. Няхай нават лёгкае віно ці слабаалкагольнае піва, але алкаголь нязменны складнік любой такой сустрэчы. Пагутарыць пад келіх віна, паглядзець футбольны матч пад пару куфляў піва, абмыць кватэру або машыну, праставіцца за новую пасаду і ўсё такога ж кшталту — сумная традыцыя.

Сістэматычнае ўжыванне алкагольных напояў па выходных — таксама пэўны атрыбут сучаснага жыцця. Чалавек працуе ўвесь тыдзень, а напрыканцы дазваляе сабе расслабіцца і скінуць будзённы цяжар. Часцяком назіраецца схема штодзённага ўжывання слабых алкагольных напояў у канцы кожнага працоўнага дня. Прыйшоў дадому пасля працы — выпіў пляшку піва, гэта ж нармальна...

Усе святы аздобленыя алкагольнымі напоямі. Нават калі гэта дзень нараджэння трохгадовага дзіцяці, сваякі праз гадзіну забываюць, з якой нагоды сабраліся, і ўсё ператвараецца ў сямейную п'янку з песнямі, скокамі і мядзведзямі.

Ва ўсеагульным успрыняцці алкаголік — гэта брудны, няголены, смярдзючы бомж, які штодзень стаіць каля віна-гарэлачнай крамы і ўласным выглядам адпужвае мінакоў. Гэта той сусед з 6-га паверха, што ізноў заснуў пад лаўкай ля пад'езда. Гэта п'яніца, які штодня праходзіць праз заводскую прахадную ў 6:00, а ў 6:15 ужо крыху “пад шафэ”, у 13:00 ён ходзіць хiстаючыся, а ў 17:00, ледзь трымаючыся на нагах, едзе дамоў на тралейбусе .

Гэта той неўраўнаважаны тыран, які кожны вечар за сценкай у стане алкагольнага ап'янення абражае і б’е жонку ды дзяцей.

Гэта той ціхі і замкнёны алкаш Вася, які ўжо на працягу 20 гадоў пакорліва смокча гарэліцу ў сваёй аднапакаёвай хрушчоўцы на самоце і ў поўнай адчужанасці.

Мы звыклі, што алкаголік — гэта нешта жахлівае, смярдзючае, пасіўнае або агрэсіўнае. Але ўсе гэтыя людзі калісьці пачыналі прыгожа. Яны калісьці таксама выпівалі ў кампаніях толькі добрыя і дарагія (як любяць казаць "сацыяльныя алкаголікі") спіртныя напоі. Яны гэтаксама мыліся штораніцы, чысцілі зубы, снедалі і пілі каву. Ішлі на працу, стваралі сем'і, гадавалі дзяцей. Гэтак жа імкнуліся жыць шчасліва і самадастаткова. І гэтак жа лічылі алкаголь добрым памочнікам у стасунках і сродкам задавальнення ды расслаблення. І ніхто з іх не планаваў у будучым стаць алкаголікам.

Паверце, ніхто.

Калі тэарэтычна раскласці асобу чалавека на пэўныя элементы, то можна ўбачыць, што ёсць чатыры асноўныя сферы, цесна звязаныя адна з адной, якія пастаянна пранікаюць і ўплываюць адна на адну. І змяненне адной прыводзіць да змен ва ўсіх астатніх, бо чалавек — істота цэласная.

Бія-псіха-сацыя-духоўная мадэль, што дапамагае зразумець захворванне, якраз і раскрывае гэтыя чатыры сферы, на якія разбуральна ўздзейнічае алкагалізм.

У аднаго працэс адбываецца дзесяцігоддзямі, а іншаму досыць і некалькіх гадоў, каб цалкам разбурыць сябе, уласнае жыццё і лёсы навакольных людзей.

  • Бія — гэта калі пакутуе фізічнае здароўе чалавека, які ўжывае празмерную колькасць алкаголю. Як правіла, гэта хваробы сардэчна-сасудзістай, стрававальнай, нервовай сістэм. Няма фізічна здаровых алкаголікаў. Інфаркты, інсульты, рак страўніка і печані — самыя распаўсюджаныя захворванні чалавека, якія злоўжывае алкагольнымі напоямі. Няшчасныя выпадкі, якія скрозь надараюцца ў жыцці алкаголіка, я таксама смела аднёс бы да біялагічных аспектаў хваробы.
  • Псіха — гэта псіха-эмацыйная залежнасць чалавека, які пакутуе на алкагалізм. Гэта і змены настрою, і ўспышкі гневу і лютасці, і празмерная замкнёнасць. Чалавек не здольны адчуваць радасць і лёгкасць без алкаголю ў крыві. Гэта прага, пра якую кажуць шматлікія алкаголікі. “Трубы гараць”, імкненне пахмяліцца, быць “пад шафэ” — гэта ўсё псіхалагічныя аспекты алкагалізму.
  • Сацыя — месца ў соцыуме і ў сям'і алкаголіка. Стасункі з навакольным светам і акаляючым асяроддзем. Тут спынімся больш падрабязна. Апісваючы ў пачатку сітуацыю з адным з маіх кліентаў, я зрабіў акцэнт на знешняй сацыяльнай паспяховасці чалавека. Ёсць сям'я. Жонка, дачка і сын. Уласны бізнес, дастаткова вялікая камерцыйная кампанія. Машыны, айфоны, паездкі на адпачынак 2 разы на год. Мабыць, сацыяльная сфера не пацярпела. Але прыгадаем, як гэты чалавек апынуўся ў мяне ў кабінеце. Праблемы ў сям'і і ў стасунках з жонкай, пагроза разводу — вось чаму ён апынуўся ў сямейнага псіхолага. А затым па рэкамендацыі гэтага спецыяліста ён прыйшоў да мяне на кансультацыю. І калі ён паказаў усе бакі свайго жыцця, мне стала відавочна, што алкагалізм, хай і на ранніх стадыях, мае месца ў яго жыцці і, як вынік, ва ўсёй яго сямейнай сістэме. Я не буду зараз распавядаць пра залежнасць як сімптом сямейнай сістэмы, гэта зусім іншая гісторыя, але відавочна, што сацыяльныя праявы алкагалізму могуць мець досыць прыгожыя ілюзіі. Пры гэтым бачны бок сацыяльнай паспяховасці алкаголіка — толькі апраўданне яго ўжывання.
  • Духоўная — гэта сфера каштоўнасцей і духоўных прынцыпаў. Як правіла, алкагалізм моцна разбурае і гэтую сферу чалавека. Узнікае менавіта тая сітуацыя, калі алкаголік аддае перавагу алкаголю і выбірае віды баўлення часу, якія прадугледжваюць яго прысутнасць. Яшчэ гэта хлусня, замкнёнасць, злосць і эгацэнтрызм. Усе алкаголікі — паталагічныя манюкі. І самы галоўны падман —падман самога сябе. Гэта адсутнасць духоўных ідэалаў і жыццёвых каштоўнасцеў. Пад уздзеяннем алкаголю мужы здраджваюць жонкам, жонкі — мужам. Часта адбываюцца бойкі, гвалт і шкода сабе і іншым.

Алкагалізм — хранічнае, прагрэсуючае і невылечнае захворванне. Яго немагчыма перамагчы канчаткова, прыпыніць або пазбавіцца гэтай хваробы. Немагчыма змяніць больш познюю стадыю алкагалізму на больш раннюю, купіраваць захворванне лекавымі сродкамі і медыцынскімі прэпаратамі. Алкагалізм невылечны.

Пры дапамозе псіхатэрапіі і 12-крокавай праграмы можна ўвайсці ў стадыю рэмісіі і прыпыніць актыўны ўжытак. Можна навучыцца жыць шчасліва без алкаголю, але алкаголік ужо ніколі не навучыцца кантраляваць ужыванне і ніколі не зможа піць умерана, па святах ці раз на месяц.

Сацыяльныя алкаголікі — далёка не выключэнне. Нягледзячы на ??знешнюю сацыяльную паспяховасць і значнасць, у душы іх — сапраўднае пекла, якое яны таксама да часу схільныя не заўважаць, ігнараваць і заліваць дурманлівым зеллем.

Але канец заўжды адзін і той.

Боль, адзінота, роспач і адчуванне пустэчы недзе ў грудзях.

Чалавеку, які пакутуе на алкагалізм, неабходна дапамога прафесіянала. У адзіночку з алкагалізмам справіцца немагчыма. Можна не ўжываць алкаголь, выкарыстоўваць падшыўкі, кадзіроўкі, сілу волі, але так і не навучыцца жыць цвярозым жыццём. Можна існаваць у цянётах страху і да дрыжыкаў баяцца пачаць ізноў, матываваць сябе і не піць дзеля кагосьці або чагосьці, але дзірка ўнутры ніколі не запоўніцца нечым светлым, добрым і сапраўдным.

Вы ўсё яшчэ разважаеце, ці не алкаголік вы? Падумайце добра... Каб, калі вы ўбачыце відавочнае, не было позна.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 245

Псіхолаг, адзін з заснавальнікаў рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Глядзіце таксама