
А ў вас усе пяць дзён былі… адпачывальнымі? Вам пашанцавала. У мяне, на жаль, не. Але не будзем пра сумнае. І што карысці ныць?! Вядома ж, калі калегі і каляжанкі, сябры і сяброўкі, родныя і блізкія (ой, ну хаця б адзін чалавек!!!) паспачуваюць, яно быццам бы лягчэй… Але паколькі вялікіх выхадных, рэальных ці ўяўных, у бліжэйшай будучыні не назіраецца, прапаную паспрабаваць актывізавацца. Каб не так самотна было штораніцы прачынацца па будзільніку і з заплюшчанымі вачыма цягнуцца ў ванны пакой.
А ў вас атрымліваецца прачынацца па ўнутранаму будзільніку? Крыху раней за рэальны альбо разам з ім? Калі не, патрэніруйцеся. Карыснае ўменне, між іншым. А то калі гук будзільніка, нават самая прыемная мелодыя, але ж знянацку выхоплівае з глыбокага сну… Бр-р-р-р! Не адразу можна ўцяміць, дзе ты, хто ты і сёння выхадны ці дзень працоўны.
Раней шмат чытала парадаў пра тое, як карысна ўзнімацца на некалькі хвілін ці нават на гадзіну раней. Каб выдаткаваць час на ранішнюю зарадку, а можа, нават на прагулку ці прабежку, нетаропкі сняданак і зборы на працу. Ужо амаль месяц я ўзнімаюся на 20 хвілін раней ( і гэта – а шостай!). І ведаеце, вельмі задаволена! Бо за тыя 20 хвілін усё роўна не выспішся. А актыўныя практыкаванні – яны рэальна бадзёраць. І гэта не проста прапісная ісціна, а ісціна, правераная на практыцы!
Вядома ж, калі вы – аматар паваляцца ў ложку хвіліну, пяць-дзесяць… Па першым часе цяжкавата будзе. Але прывыкнеце. Прачнуцца раней – місія сапраўды выканальная. Цяпер я гэта ведаю дакладна! Між іншым, хто заклапочаным тым, каб пахудзець… грамаў на 500 ці кілаграмчыкаў так на 5-10… Раннія пад’ёмы і хаця б элементарныя практыкаванні вам у гэтым рэальна дапамогуць.
Плюс шклянка вады, якую трэба выпіць адразу, альбо, што яшчэ лепей, шклянка натуральнага напою. Напрыклад, не проста вада, а цёплая вада з лімонам. Альбо настой ці гарбата з імбіру. А імбір – гэта ж не толькі пахудзенне і вывядзенне таксінаў з арганізма. Ён яшчэ можа дапамагчы зняць галаўны боль, калі раніцай у вас ёсць бывае такая праблема.
Калі не баіцеся эксперыментаваць, дык даследчыкі раяць выпіць раніцай… А, не!!! Не тое, пра што некаторыя маглі падумаць! Не спіртное! Настой з каенскага перцу, зялёнай гарбаты і мёду… Ну-у-у-у-у… Асабіста я не ведаю. Толькі калі з чыстай цікавасці. Раптам спадабаецца?! І яшчэ адзін напой выдатны – ананасавы сок з алое. Ці адзін толькі сок. Не нектар! Сок натуральны…
Значыць, прачнуліся, пацягнуліся, напой падрыхтаваны выпілі. І… На зарадку – станавіся! Каму што бліжэй. Практыкаванні індыйскіх ёгаў для ўсіх, планка, выпады, махі, адцісканні… Сабачку выгулялі, коціка паганялі, прабегліся, прайшліся… Каму што бліжэй! А далей – душ, карысны сняданак (кожны сам выбірае, што яму даспадобы), збіраемся на працу. І…
Бадзёрым крокам, з радаснай усмешкай на твары, дорачы свой цудоўны ранішні настрой навакольным – пайшлі! Глядзіш, і сонейка з’явіцца з-за дажджлівай хмары. Хаця б для таго, каб на нас падзівіцца!
Прыемнай пятніцы вам, сябры! Выдатнага першага і перадапошняга (а ў кагосьці і адзінага) дня працоўнага на гэтым тыдні! Бадзёрасці, аптымізму… І каб любая місія сёння зрабілася для вас выканальнай!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.