16.08.2019
16.08.2019

Пень з сюрпрызам, дзве рыжухі, маленькія будаўнікі і верталёцік

logo
Думкі ўслых
0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Задумаліся, як гэта ўсё можна аб’яднаць?!:) А назіраннямі ды знаходкамі аднаго нядзельнага дня! Зрэшты, сама дзіўлюся, як шмат усяго цікавага можна пабачыць падчас шараговага паходу ў лес ды дачных клопатаў. Але аб усім – па парадку.:)

Ужо некалькі год запар лясныя мясціны за дачнай сядзібай радуюць нас грыбамі. Тут пракідаюцца лісічкі, у грыбны год вылазяць крамяныя баравічкі, у сезон можна знайсці цэлыя паляны апенек… Але самая-самая адметнасць гэтага лесу – чырвонагаловікі.

у сезон можна знайсці цэлыя паляны апенек…

Колькі гадоў таму пайшлі мы збіраць грыбы з двума вядзерцамі, а прынеслі… чатыры! Так, давялося складваць чырвонагаловікі (падасінавікі) ў пакеты. Такой іх колькасці я не бачыла ў сваім жыцці ніколі – ні да гэтай знаходкі, ні пасля!

Людзі там фактычна не хадзілі тады. А пабачыўшы паўсюль прыгажуноў на высокіх ножках… Я літаральна ашалела!:) Насілася, як параненая рысь!:) І літаральна за пару-тройку хвілін перада мной ужо высілася цэлая гара зрэзаных грыбоў! Шмат знайшоў і тата. У выніку, угінаючыся, прынеслі на сядзібу па вядру і пакету.

Дык вось з таго часу, здаецца, больш мяне гэты лес не меў чым здзівіць. Але ж не! Не колькасцю, дык… неспадзяванкай. Прыемнай, вядома ж.

На гэты раз у прыгожых мясцінах, дзе хапае сёлета вады, не знаходзілася нічога. Ідучы насустрач тату, раптам заўважаю незвычайны пень. А што гэта ў ім такое… рыжаваценькае? Падыходжу бліжэй… Грыб??? Чырвонагаловік??? Ці ў мяне галюцынацыі?!

Асцярожна спрабую падкалупнуць нажом кару. Яна вельмі лёгка паддаецца – пень, аказваецца, струхлеў усярэдзіне, толькі верхняя абалонка з мохам неяк трымалася. А там… Паказваецца ножка… Дык сапраўды чырвонагаловік!

Ніжэй, ніжэй, яшчэ ніжэй яе вызваляю… На колькі атрымліваецца. А вось ужо і грыбніца. І зусім мале-е-е-енечкі грыбочак ля ножкі, толькі мяккі. Ну што ж, неблагая знаходка, праўда?! Галоўнае – нечаканая. Вы калі-небудзь знаходзілі чырвонагаловік унутры пня?! Я дык не… Дома памерала ножку сваёй знаходкі. 26 сантыметраў! Якая сіла росту, якая прага да жыцця!

Нават уявіла сабе, як ён, маленькі, стараўся, цягнуўся да светлай адтуліны, якая змяшчалася высо-о-о-ка над ім, да блакітнага неба. А пасля, калі капялюшык апынуўся на паверхні, мусіць, азіраўся той грыб з цікаўнасцю вакол сябе.:) А тут і я раптоўна яго заўважыла. Вось гэта і сталася для мяне прыемнай неспадзяванкай. Дужа здзіўляльнай, але яшчэ не апошняй у тым лесе ў той дзень.

…Чую нейкае шаргаценне справа. Паварочваюся ў той бок і… не веру сваім вачам! Вавёрачка! Маленькая, рудая, з вострай цікаўнай пыскай, пушыстым, але досыць рэдзенькім хвастом. Скача па зямлі.

Выразна цокаючы, накіроўваюся за ёй у надзеі сфатаграфаваць. Але пачуўшы за сабой чужога, яна спрытна караскаецца па ствалу дуба. А затым… Бачу, што вавёрачак ужо дзве!

Як бы я ні хадзіла вакол дуба, як бы ні цокала, ні ўгаворвала папазіраваць… Ніяк рыжухі не згаджаліся. Ды хітрыя якія! Я з аднаго боку зайду, а яны спрытненька вакол ствала – на другі. Я за імі з фотаапаратам – яны далей. Атрымалася толькі вось што… Вавёрак бачыце?! А яны там ёсць!:) Шукайце дзве маленькія рыжанькія плямкі з лапкамі…

Ну, мурашнікам у лесе, здаецца, нікога не здзівіш. Хіба толькі яго памерам. І тым спрытам ды імпэтам, з якімі маленькія будаўнікі ўзводзяць такія гмахі. Ды і самі яны – памеру незвычайнага. Вялікія мурашы сёлета ўсюды шпацыруюць, і не толькі ў лесе.

Дзесьці іх хаты пабудаваныя нават па дзве побач, дзесьці па адной. Прычым на тых месцах, дзе нядаўна была толькі пустка. Вось гэта спрыт! Сапраўды, павучыцца варта…

Ну, і на заканчэнне яшчэ паганялася з фотаапаратам за страказой. Тата гукнуў паглядзець на прыгажуню, якая лётала туды-сюды над вадаёмчыкам на нашай дачнай сядзібе.

Так, прыгожая вельмі, вялікая, яркая… Сапраўдны верталёцік! Але таксама катэгарычна адмовілася ад фотасесіі. Толькі дражнілася. Паляціць у адзін бок, завісне, як сапраўдны верталёт, над пэўнай кропкай. Толькі туды фотаапарат, як яна – жух! – у іншае месца. Бягу туды. Жух! – і зноў знікае з аб’ектыву. Вось, толькі фактычна абрысы… Як доказ, што яна там сапраўды была.

…Той чырвонагаловік і зараз часцяком усплывае перад вачыма. Асабліва – працэс адкрыцця яго ножкі. Эмоцый станоўчых – мора! А што яшчэ патрэбна чалавеку ў нядзелю?!:

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 28

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".