Дата публікацыі: 15.08.2019

Абноўлена: 15.08.2019

15.08.2019

Перамагчы рак – значыць жыць, а не існаваць

logo
Жыццё з анкалогіяй
10 030
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Ці ёсць жыццё пасля раку? На фоне пераважнага дагэтуль пераканання, што анкадыягназ амаль сінонім асуджанасці, само па сабе гэтае пытанне ўспрымаецца, як недарэчная ўтопія. Між тым, рак даўно перастаў быць прысудам! Жыццё працягваецца падчас хваробы і, на шчасце, у многіх выпадках – пасля яе. І вельмі важна, каб доўгае і складанае лячэнне было не на шкоду якасці жыцця, а перыяд рэабілітацыі і аднаўлення прынёс максімальны эфект. Асноўная роля ў гэтым адведзеная не сістэме аховы здароўя, а самому чалавеку і яго блізкаму асяроддзю.
24 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі па ініцыятыве сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» пройдзе беспрэцэдэнтная акцыя для людзей з анкалагічнымі захворваннямі і іх блізкіх.

Вопытныя эксперты распавядуць:

  • як наладзіць бытавую і сацыяльную адаптацыю;
  • як правільна арганізаваць сістэму харчавання і фізічнай актыўнасці;
  • як навучыцца чуць, разумець свае эмоцыі і кіраваць імі;
  • як даглядаць сябе і сваё цела;
  • адкуль браць сілы, натхненне, карысную і дакладную інфармацыю пра жыццё ў перыяд актыўнага лячэння і падчас рэмісіі;
  • і многае іншае.

Інфармацыйны партал Здаровыя людзі падрыхтаваў серыю інтэрв’ю-знаёмстваў з экспертамі, якія возьмуць удзел у эстафеце «У імя жыцця». Наш першы госць – тэрапеўт кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Таццяна Заўялава.

Вялікая маленькая перамога

Раскажыце, чаму Вы выбралі прафесію ўрача?

Можна сказаць, я працягваю медыцынскую дынастыю: дзядуля быў хірургам, бабуля – гінеколагам, мама – фармацэўт, старэйшая сястра таксама працуе тэрапеўтам. Плюс родам я з Бараўлянаў, дзе вакол мноства бальніц. У 2012 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, па размеркаванні працавала ў паліклініцы №30 г.Мінска, а потым лёс прывёў мяне ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі.

У чым заключаецца спецыфіка Вашай працы? Чым яна адрозніваецца ад працы ўчастковага тэрапеўта ў паліклініцы?

У адрозненне ад звычайнай паліклінікі, тут на прыём да тэрапеўта накіроўваюць вузкія спецыялісты – анколагі. Калі для пацыента запланаванае спецыяльнае супрацьпухліннае лячэнне (аперацыя, курсы хімія- ці прамянёвай тэрапіі), але ў яго ёсць спадарожныя саматычныя захворванні, іх, па-першае, трэба дакладна пацвердзіць тут, на месцы.

Па-другое, вызначыць, ці можа чалавек без пэўных сур’ёзных наступстваў перанесці даволі агрэсіўнае лячэнне, якая верагоднасць ускладненняў з боку сэрца, лёгкіх, нырак і г.д. Гэтым і займаецца тэрапеўт у кансультатыўна-паліклінічным аддзяленні РНПЦ АМР.

Умоўна кажучы, устанаўліваем дакладны спадарожны дыягназ, пры неабходнасці – карэктуем тэрапію, вызначаем рызыку магчымых ускладненняў пры правядзенні спецлячэння. Бо бываюць сітуацыі, калі верагоднасць гібелі пацыента ад сардэчнай або, напрыклад, пячоначна-нырачнай недастатковасці настолькі высокая, што лячыць анкалогію немагчыма і немэтазгодна.

Якімі дасягненнямі і поспехамі ў працы Вы ганарыцеся?

Не ведаю, ці можна лічыць гэта дасягненнем, але частка пацыентаў хочуць вярнуцца менавіта да мяне на прыём. Гэта пры тым, што ў адрозненне ад звычайнай паліклінікі, у нас не прадугледжаны прынцып участковасці і пастаяннага назірання пацыента адным і тым жа тэрапеўтам. Дакладна ведаю, што некалькі чалавек кінулі паліць пасля маёй прафілактычнай гутаркі. Наогул любы рух чалавека ў бок клопату і захавання свайго здароўя, да якога так ці інакш датычны ўрач, – гэта ўжо сама па сабе няхай маленькая, але перамога.

Якія ў Вас планы на бліжэйшае будучае?

Хачу больш глыбока вывучыць анкалогію. Тэрапія – так, гэта важны момант. Але анкалагічныя захворванні маюць сваю спецыфіку, і лячэнне саматычнай паталогіі ў такім кантэксце патрабуе больш уважлівых адносінаў, больш дбайных, прадуманых і ўзважаных рашэнняў.

Раку не трэба баяцца, пра яго трэба ведаць

Якім прынцыпам у жыцці Вы кіруецеся?

Стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе.

Ці знаёмы Вам сіндром эмацыянальнага выгарання? Калі так, дык як спраўляецеся?

Часам здараюцца цяжкія дні. Але адчуць сябе лепей мне дапамагае сям’я: 5-гадовы сын, муж, бацькі. Яшчэ часам вельмі дапамагае размова з сястрой. Па-першае, яна таксама ўрач, прафесіянал, можа і парадай дапамагчы. Па-другое, проста выказацца – ужо лягчэй. У выхадныя пры добрым надвор’і люблю сесці на ровар і адна з’ехаць «ад усяго». Кіламетраў 20 – і я як новенькая.

Якую Вы любіце музыку, кнігі?

У апошні час падабаецца класічная музыка. Творы Чайкоўскага часта гучаць фонам. Папулярную музыку таксама люблю. Але тут справа такая – пад яе хочацца танчыць. Падчас вучобы мы з сяброўкамі папросту маглі ноч танчыць у клубе, а потым адразу ісці на лекцыі. Так, у медуніверсітэце вельмі цяжка вучыцца, але менавіта таму часам патрэбна была эмацыянальная разрадка.

Што тычыцца кніг, не магу сказаць, што любімыя, але самыя неабходныя – медыцынская літаратура. Стараюся чытаць штосьці перад сном. А яшчэ перачытваю цяпер «Вайну і мір», удумліва, смакуючы кожны эпізод.

А што б Вы рэкамендавалі пачытаць чалавеку, які знаходзіцца ў крызісе?

«Антырак. Новы лад жыцця» Давіда Серван-Шрэйбера. Вельмі карысная кніга. Аўтар сам урач і сам стаў анкапацыентам. Ён распавядае, як дапамагчы сабе або блізкаму, у якога анкалагічнае захворванне, як пераадолець стрэс, як арганізаваць сваё жыццё ў самых маленькіх дробязях, не падладзіцца пад хваробу, а навучыцца жыць з ёй.

Вельмі выразная, лаканічная і праўдзівая крыніца інфармацыі пра жыццё з ракам. Кніга будзе карысная самаму шырокаму колу чытачоў. На першым занятку па анкалогіі на 5 курсе мой выкладчык сказаў тое, што я запомню назаўсёды: «У кожнага з нас будзе рак, але не кожны да яго дажыве». У Шрэйбера яна з’яўляецца асноўнай: «У кожным з нас ёсць ракавыя клеткі. Але не кожны захварэе на рак». Гэта праўда. Таму ведаць пра жыццё да, падчас і пасля хваробы важна ўсім.

Ці ёсць героі ў рэальным жыцці, якія Вас натхняюць?

Доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчыца кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб БДМУ Аксана Мікалаеўна Раманава. Яна праводзіла ў нас літаральна 2 заняткі на 5 курсе ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзе займала пасаду намесніка дырэктара.

Вельмі граматны, ураўнаважаны, тактоўны спецыяліст, пазбаўлены снабізму і задавацтва. Прафесіянал з вялікай літары. Менавіта яе праца з маленькімі анкапацыентамі мяне прыемна ўразіла і натхніла.

У імя жыцця

Для большасці рак – гэта як мяжа. Сама думка, што пасля яго таксама можа быць жыццё, яркае і паўнавартаснае, не ўспрымаецца ўсур’ёз.

Насамрэч шматлікія формы раку паспяхова лечацца, і чалавек можа жыць дзесяцігоддзямі, не ўспамінаючы пра такі эпізод свайго жыцця. Так што, атрымаўшы дыягназ, ні ў якім разе нельга ўпадаць у роспач. Трэба знайсці адэкватную крыніцу інфармацыі (доктар, супольнасць анкапацыентаў, кампетэнтныя і экспертныя рэсурсы ў інтэрнэце), зразумець, што ўсё можна вылечыць, і прыкласці тыя намаганні да акрыяння, якія ад яго спатрэбяцца.

Анкапацыент хто для Вас?

Па сутнасці, такі ж пацыент, як любы іншы, але з крыху больш складаным дыягназам, які прадугледжвае поўную зацікаўленасць чалавека не толькі ў лячэнні, але і ў рэабілітацыі.

Раскажыце, як Вы трапілі ў эстафету?

Год таму адбылося маё знаёмства з Ірынай Жыхар, якая ўзначальвае сацыяльна-асветніцкую ўстанову «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця». На базе анкагінекалагічнага аддзялення РНПЦ дзейнічае школа пацыента, Ірына прымае ў яе працы самы актыўны ўдзел.

Гэта не лекцыі, а нефармальныя стасункі ўрачоў і людзей з анказахворваннямі. Сюды прыходзяць тыя, хто адчувае цікаўнасць, патрэбу або нават проста сілы ўстаць і прыйсці пасля аперацыі. Задаюць пытанні, якія іх хвалююць, дзеляцца сваімі перажываннямі. Тут іх могуць выслухаць, даць адказ, падказаць, што рабіць. Бясцэнны вопыт Ірыны як чалавека, які прайшоў усе этапы хваробы: ад пастаноўкі дыягназу і лячэння да аднаўлення і ўстойлівай рэмісіі.

Радуе, што многія маладыя перспектыўныя ўрачы зацікаўленыя не толькі ў тым, каб якасна правесці аперацыю, але і палепшыць якасць жыцця пацыента пасля яе, пасля курсаў хімія- і прамянёвай тэрапіі.

Сёлета Ірына запрасіла мяне ўзяць удзел у эстафеце «У імя жыцця».

Чаму Вам важна ўдзельнічаць у эстафеце? Што асноўнае ў Вашым пасланні?

У нас у сістэме аховы здароўя яшчэ такая практыка: калі ў чалавека анкалагічны дыягназ, яго трошкі ізалююць, адхіляюць, баяцца. У вас анкалогія – едзьце да анколагаў. Нават калі чалавек у рэмісіі, а яго пытанні, умоўна кажучы, пра пэўныя бытавыя моманты. Каб людзі не заставаліся кінутымі, хочацца ім данесці, як можна дапамагчы самім сабе.

У маім пасланні простыя парады па змене ладу жыцця, адмаўленні ад шкодных звычак, харчаванні, фізічнай актыўнасці. Гэта тое, што чалавек рэальна можа зрабіць сам для сябе або для свайго блізкага.

А ёсць рэкамендацыі для блізкіх?

Рэкамендацыі для ўсіх амаль аднолькавыя. Калі гэта члены адной сям’і і чалавек з-за хваробы спрабуе памяняць рэжым харчавання, знайсці час на фізічную актыўнасць, блізкім трэба дапамагаць яму ў гэтым. Скажам, чалавек усё жыццё любіў смажанае, вострае, тлустае. А цяпер, з-за хваробы, акцэнт трэба зрабіць на паравых стравах.

За адзін дзень яму вельмі цяжка перабудавацца. Задача блізкіх – як мінімум не ладзіць баль з тымі стравамі, якія чалавеку проціпаказаныя. Яшчэ лепей – максімальна падбудаваць свой рацыён пад яго патрабаванні, разам здзяйсняць прагулкі, рабіць па раніцах зарадку… То бок, падтрымка павінна быць не толькі на словах, але і ў дзеянні.

Што для Вас значыць перамагчы рак?

Працягваць паўнавартасна жыць. Не існаваць, а менавіта жыць, атрымліваць ад жыцця задавальненне, прыносіць радасць сабе і людзям, якія побач.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

10 0 30

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».