1 Мая
01.05.2020

Першамай + Кузьма Агароднік. У чаканні добрага надвор’я…

logo
Думкі ўслых
314 0 59
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
У якім бы стане чалавек ні быў – з-за хваробы, уласнай бяды, сітуацыі з каранавірусам, але працу на зямлі ніхто не адмяняў. Наадварот, усе спадзяванні зараз – толькі на яе, карміцельку. Для тых, хто мае прысядзібныя ўчасткі, дачы-сядзібы, градкі ля шматпавярховак і займаецца вырошчваннем экалагічна чыстай гародніны ды садавіны… Абы надвор’е выдалася б на чарговыя выхадныя не дажджлівым. У Першамай.
Першамай. Праца на дачы.Зрэшты, дождж, вядома ж, таксама быў трэба. Ой, як трэба! Нашу ўласную дачу часцей за ўсё па вясне залівала. Моцна. Так, што доўга было не ўлезці. Суседзі звычайна даўно ўжо адсадзіліся, а мы толькі пачынаем. Але на колькасць, якасць і своечасовасць ураджаю гэта ніяк, на здзіўленне, не ўплывала.

Мелі ўсяго і шмат. Дзяліліся-абменьваліся з сям’ёй брата і раздавалі лішкі добрым людзям. А сёлета… Сёлета першы год мы з татам будзем гаспадарыць без нашай мамачкі. А абсалютная большасць вырашчанага была на ёй… Я больш па кветках ды праполцы градак… І тое ў выхадныя – праца ж…

А вось зямелька наша сёлета бедная. Ад той засухі патрэскалася ўся. Каб прапалоць мамачкіны трускалкі, трэба было спачатку добра праліць зямлю вадой, інакш усе б рукі паабдзіралі б…

Спадзяюся, калі сёння, 1-га мая, будзе добрае надвор’е (а пакуль па Чэрвені такое і абяцалі, толькі б у нябеснай канцылярыі не перадумалі!), дык мы ўбачым ужо іншы малюнак. Бо 29-30-га красавіка ў нас прайшлі дажджы. Добра так. Спадзяюся, і на дачы зямля лепей сябе будзе адчуваць.

Першамай. Праца на дачы. Зямля пасля дажджу.

Што ж датычыцца правілаў паводзінаў пры каранавірусе… На дачу і з дачы нас возіць брат на сваёй машыне. Там у нас толькі з двух бакоў суседзі, бываюць нячаста, стасуемся на ладнай адлегласці. Блізка нікога не падпускаю цяпер. Так што… Толькі свежае паветра вакол. І працыы-ы-ы-ы-ы-ы-ы…

Але ж 1-га мая і ёсць свята Працы. І заўсёды было. Каму – маёўкі, а каму – рыдлёўкі. У нас традыцыйна апошняе. А ў вас?!

Да таго ж, каляндар сведчыць: сёння яшчэ і адмысловае народнае свята – Кузьма Агароднік. У народзе кажуць: «Агароднік у дзверы пастукаў, капаць грады паклікаў», «Кузьма – сей моркву і бурак» (а не ранавата па гэтым надвор’і?!), «Прыйшоў Кузьма – зазірнуў у паграба, лапату ўзяў – у хаты зямлю ўскапаў».

Што тычыцца народных прыкметаў на Кузьму, дык нашы продкі заўважалі: калі на яго цёпла, дык другая палова мая (траўня) будзе халоднай. І наадварот.

Першамай. Праца на дачы. Народныя прыкметы.

Раілі таксама штосьці садзіць-сеяць 1-га мая, каб не згледзелі людзі з зайздросным вокам. Інакш добрага ўраджаю не будзе. Зрэшты, пра зайздроснае вока праверана на практыцы. Так і бывае зазвычай. Таму – сеем-садзім таемна!

І яшчэ раілі рабіць гэта менавіта жанчынам. І высаджваць-высейваць, і ў далейшым праводзіць праполку. Бо лічылася: калі ў гэты дзень, 1-га мая, штосьці з гародніны пасее мужчына, у далейшым гэта пойдзе ў квецень, а не ў плады. Так што… Робім высновы!

Лічыцца, што менавіта на Кузьму Агародніка ўпершыню пасля зімы зязюля пачынае куваць. Ну, а ў нас такая прыкмета распаўсюджаная: як пачуеш першы раз у годзе зязюлю, трасі ў руках ці кішэнях капейкі, каб грошы вадзіліся.

Ужо не памятаю, адкуль гэта ўзялося, але стараемся выконваць. Таму толькі данясецца з блізкага лесу «ку-ку», бягу па кашалёк! Галоўнае – не забыцца ўзяць яго з сабой на сядзібу.

Першамай. Праца на дачы. Калі кувае зязюля...

Ну, а галоўная задача на сёлетні Першамай – гэта не перапрацавацца. Бо назіраецца такое ў нашай сям’і, назіраецца. Асабліва, калі ведаеш, што з трох выхадных з добрым надвор’ем можа выпасці толькі адзін. І стараешся-забіваешся…

Але трэба, трэба дбаць пра адпачынак. Будзем старацца. Галоўнае – выпрацаваць патрэбны рытм. Напрыклад, 30 хвілін працуем, 10 – адпачываем. Хаця, вядома ж, часу і шкада. Але ўласных спіны ды рук шкада яшчэ болей, праўда?!

Таму тым, хто сёння таксама хоча пашчыраваць на зямлі, – удачы, аматарам канапы – прыемнага адпачынку. Па-ранейшаму засцерагаемся ад наведвання месцаў, дзе можа быць шмат людзей. Бо каранавірус, на жаль, не спіць. І – з Першамаем усіх! Веснавога настрою і добрага самаадчування!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

314 0 59

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.