13.08.2020
13.08.2020

Першая дапамога пры расцяжэнні звязак. Парады траўматолага

logo
Неадкладная дапамога
0 42
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прычынай расцяжэння звязак, як правіла, з'яўляюцца траўмы: пры падзеннях альбо падчас заняткаў спортам ці актыўнымі фізічнымі практыкаваннямі. Няўдала падвярнуць нагу можна і з-за нязручнага абутку. У групе рызыкі – людзі з залішняй масай цела, якая павышае нагрузку на суставы і звязкі.

Расцяжэнне звязак. Прычыны.

Звязкі суставаў – трывалыя, шчыльныя ўтварэнні. Яны ўмацоўваюць злучэнні паміж касцямі і абмяжоўваюць амплітуду руху ў суставах. Калі робіцца рэзкі рух, які перавышае звычайную для сустава амплітуду, адбываецца мікратраўмаванне альбо частковы ці поўны разрыў звязкі.

Траўматолаг-артапед кансультацыйна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леанід Глазкін распавёў журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі, як аказаць першую дапамогу пры такой траўме і якія могуць быць ускладненні, калі не далячыць расцяжэнне звязак.

Прыкметы расцяжэння звязак

Расцяжэнне звязак бывае трох ступеняў: лёгкае пашкоджанне (яно бачнае толькі пад мікраскопам), сярэдняй ступені цяжкасці (частковы надрыў валокнаў звязкі) і цяжкае (поўны разрыў звязкі). Апошняе патрабуе хірургічнага лячэння і працяглага перыяду аднаўлення.

Расцяжэнне звязак. Прыкметы.

Пры першай ступені боль узмацняецца падчас руху пацярпелай канечнасці, але можа зменшыцца ў стане спакою. У месцы пашкоджання ўтвараецца ацёк, рухі крыху абмежаваныя, боль умераны.

Другая ступень характарызуецца больш моцным ацёкам, можа з'явіцца гематома з-за разрыву дробных крывяносных сасудаў, якія пранізваюць звязку, рухі абмежаваныя і прыносяць моцны боль.

Разрыў звязак праяўляецца значным ацёкам, множнымі гематомамі, немагчымасцю рухаць пашкоджаным суставам (напрыклад, пры парыве звязак галёнкаступнёвага сустава чалавек не можа абаперціся на нагу).

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультацыйна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Пры расцяжэнні звязак галоўны сімптом – рэзкі боль, з'яўленне ацёку. На другія-трэція суткі можа з'явіцца ссіненне скурнага покрыва. Часам пры траўме можна пачуць характэрны гук, які падобны да плескача, – ён можа сведчыць пра разрыў большай часткі валокнаў звязачнага апарата.

Расцяжэнне звязак. Тры ступені пашкоджання.

Першая дапамога

Калі пашкоджаны галёнкаступнёвы сустаў, трэба зняць абутак. Пасля з'яўлення ацёку гэта зрабіць будзе цяжэй.

На пашкоджанае месца неабходна прыкласці халодны кампрэс (не больш чым на 15 хвілін), каб паменшыць гематому і папярэдзіць далейшае распаўсюджванне ацёку.

Пацярпелую канечнасць неабходна імабілізаваць. Напрыклад, накласці павязку з эластычнага бінта або лангету (яе можна зрабіць з падручных сродкаў). Галоўнае – пашкоджаная канечнасць павінна быць максімальна абязрушаная.

Якіх-небудзь характэрных толькі для расцяжэння звязак сімптомаў няма, таму абавязкова трэба звярнуцца да ўрача. Гэта неабходна для таго, каб выключыць больш грозныя наступствы траўмы – разрыў звязак альбо пералом. Для гэтага спецыяліст накіруе на рэнтгеналагічнае даследаванне.

Расцяжэнне звязак. Рэнтген.

Лячэнне расцяжэння звязак

Пацярпеламу як правіла рэкамендуюць захоўваць поўны спакой пашкоджанай канечнасці на працягу 1-2 тыдняў. Калі траўмаваная рука, яна павінна знаходзіцца ў становішчы, вышэйшым за ўзровень сэрца, нага – вышэй за ўзровень сцягна.

На працягу першых трох сутак неабходна прыкладваць халодныя кампрэсы. Калі турбуе боль, можна змазаць пашкоджаную вобласць маззю з супрацьзапаленчым эфектам альбо выпіць лекавы прэпарат з аналагічным дзеяннем.

 
Леанід Глазкін
Траўматолаг-артапед кансультацыйна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Як правіла, звязка цалкам аднаўляецца на працягу 3-4 тыдняў (пры першай і другой ступенях пашкоджання). Калі не прытрымлівацца зберагальнага рэжыму і пачаць нагружаць траўмаваную звязку раней поўнага выздараўлення, можа развіцца працяглы болевы сіндром, лячэнне якога праходзіць вельмі цяжка.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 42

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».