14.08.2019
14.08.2019

Першы Спас: мёдам ды макам частуем вас!

logo
Беларускі код
0 90
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Цэлая чарада адмысловых народных святаў, якія распачынаюцца акурат з 14 жніўня, маюць агульную назву: Спас. Каб іх адрозніваць, дадаюць нумарацыю – Першы, Другі, Трэці. А яшчэ мае кожны з іх і асабістыя прыкметы: назву, ды не адну!

Так, Першы Спас, які святкуем сёння, – Мядовы. Ён жа – Макавей (Макава, Макаўе, Спас Мядовік, Медзяны Спас). Свята мёду, маку і пачаляроў. Больш падрабязна пра яго крыху пазней.

Другі, самы вядомы з усіх, – Яблычны (Вялікі Спас, Сярэдні Спас). Яго адзначаем 19 жніўня. А Трэці – Арэхавы, альбо Малы Спас, Хлебны Спас, 29 жніўня.

Гляджу на апісанне Першага Спаса – і думаю вось пра што. Даўней нашы продкі і мак ужывалі, шмат у якія стравы дадавалі, і каноплі вырошчвалі, алей з іх ціснулі… І ніхто пра наркаманаў і не чуў нават!

Памятаю з уласнага маленства, якой асалодай было зрываць сухія каробачкі маку на агародзе! Спачатку пагуляешся, пашамаціш імі (паднясеш да вуха ды трасеш). Тады акуратна ўскрыеш, высыпеш на далонь горку чорных кропачак – і злізваеш іх языком ды жуеш. Той адмысловы смак памятаю і зараз…

Гэта ўжо значна пазней, набываючы булачкі з макам, жартавалі: «Наркаманскія». І глядзелі, каб, барані Божа, якое макавае насенне, прынесенае ветрам, не пайшло ў рост, не расквітнелася на градках… Вось як усё памянялася за дзесяцігоддзі.

Але паколькі мак для кулінарных мэтаў зараз вольна можна набыць, дык ёсць, ёсць нагода паласавацца ім менавіта сёння, на Макавея! Нашы продкі лічылі, што маку трэба было наесціся ўволю!

З ім пяклі пірагі, дадавалі ў іншыя стравы. Не забываліся і пра мёд. Апрача каштавання яго, свежанькага, рабілі з ім варэнікі. А калі ўжо назва «Макавей» сугучная не толькі з макам, але і з «макаць», дык елі сяляне і такія стравы.

Дзяўчаты традыцыйна варажылі: «Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы, Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапельку брала».

Пчаляры, бортнікі правяралі вуллі ды борці. Лічылася, што ў гэты дзень трэба было асвяціць мёд у царкве. А яшчэ – пачаставаць ім дзяцей. Інакш маглі спраўдзіцца благія прыкметы. У некаторых мясцовасцях выраблялі свечкі з воску і таксама асвячалі ў храме.

Цікава, што пчаляры Беларусі адрадзілі ўнікальны абрад стварэння брацкай свечкі. Ладзяць яго ў музейным комплексе «Дудуткі», што на Пухавіччыне. Праўда, узімку, дзесьці падчас Калядаў.

Але да таго часу трэба было добра назапасіць воску, каб зрабіць свой унёсак у свечку вышынёй… паўтара метра! Таму сапраўдныя пчаляры ведаюць, што глядзець у вуллі на Спаса і што браць там, апрача сотаў з мёдам.

Ну, а ўсім аматарам гэтага салодкага і карыснага варта памятаць… Нават не столькі пра ўмеранасць, колькі пра тое, як не набыць падробку. Бо дужа шмат распавядаюць пра нядобрасумленных гандляроў, асабліва падчас шматлікіх мядовых кірмашоў, дзе яшчэ і цэны зніжаныя.

Таму, калі ёсць магчымасць, лепей набываць мёд у пчаляроў знаёмых. Ці ў тых, каго вам могуць парэкамендаваць. Бо не заўсёды можна прама на базары ці тым жа кірмашы праверыць, як мёд сцякае з лыжкі, ці пакідае след хімічны аловак ды іншае.

Асабіста я не бачу сэнсу і ў веданні тых прыкметаў, якія павінны праявіцца праз пэўны час пасля набыцця. Бо што ўжо зробіш?! А нічога! Назад не аднясеш… І ўсё ж рызыкну нагадаць пра пэўнае з агульнавядомага. Раптам і спатрэбіцца.

Натуральны кветкавы мёд павінен выглядаць аднастайна, але з невялікімі белымі прожылкамі. Водар прыемны, не кіслы. Кансістэнцыя – цалкам вадкая, вадкая напалову альбо (прыдумаў жа нехта!) «салападобная». Слаёў павінна быць не больш за два. Верхні – тоненькі, гэта фруктоза. Калі слаёў больш, значыць, маюцца староннія прымешкі.

Правяраць прадукт на смак вы ўжо, верагодна, будзеце толькі дома. Дык вось калі адчуеце прысмак карамелі, асабліва не засмучайцеся. Проста гэта… мінулагодні мёд, які разагрэлі, каб ён зрабіўся вадкім.

А вяртаючыся да нашага Першага Спаса… Даўней людзі заўважалі: «Першы Спас – провады лета»,  «Ад Першага Спаса халодныя росы», «Святы Макавей з поля сабіраіць». І нават: «Калі на Макаўе не бывае дажджу, дык будзе шмат пажараў».

Зазірнула ў прагноз надвор’я. Удзень 14-га жніўня ў Мінску дождж магчымы, а ўвечары… моцны! Ну, паглядзім, ці спраўдзіцца. І прагноз, і прыкмета (лепей – не!).

Усім вам, сябры, сёння – смачнага частавання, добрага здароўя і выдатнага настрою!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 90

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама