29.02.2020
29.02.2020

Першы хворы. Міністр распавёў пра меры па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруса

logo
Навiны
0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У пятніцу, 28 лютага, у Беларусі быў зафіксаваны першы завазны выпадак каранавіруса. У студэнта з Ірана, у якога было выяўленае захворванне, няма клінічных сімптомаў, яго нічога не турбуе.

Лячэнне на дадзеным этапе яму не патрабуецца, паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі ўвечары ў пятніцу міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каранік.

 
Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Захворванне мае на ўвазе наяўнасць клінічных сімптомаў і пацвярджэнне іх вынікамі лабараторнай дыягностыкі. У дадзеным выпадку ў пацыента няма клінічных сімптомаў. А дадзеныя лабараторных даследаванняў паказваюць наяўнасць фрагментаў РНК віруса. Гэта можа сведчыць альбо пра стадыю носьбіцтва, альбо пра перанесеную інфекцыю ў лёгкай форме. У любым выпадку гэты чалавек знаходзіцца пад медыцынскім наглядам.

Выяўленыя ўсе асобы, якія кантактавалі з хворым. Пад медыцынскім наглядам знаходзяцца 26 аднагрупнікаў студэнта і 7 выкладчыкаў, а таксама іншыя асобы, якія кантактавалі з ім. Прыкметаў інфекцыі ні ў каго няма. Шпіталізацыя абумоўленая неабходнасцю правядзення даследаванняў і мінімізацыяй наступных кантактаў.

Эпідэміялагічныя мерапрыемствы

Міністр адзначыў, што ў краіне праводзяцца ўсе неабходныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Няма нагоды для панікі. Праводзіцца лабараторнае тыпаванне ўсіх людзей, якія прыбылі з эпідэміялагічна небяспечных краінаў.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Эпідэміялагічнае расследаванне прадугледжвае пабудову поўнага графіка руху і высвятлення ўсіх кантактаў з захварэлым. Натуральна, што пры падазрэнні на каранавірусную інфекцыю гэтая работа і праводзіцца. Гэта нармальна. Якойсьці надзвычайшчыны тут няма, як няма і падставы для панікі.

Міністр дадаў, што памежная служба рэгулярна атрымлівае інфармацыю пра сітуацыю ў эпідэміялагічна небяспечных краінах па каранавірусу. Кантрольна-прапускныя пункты даабсталёўваюцца неабходным, цеплавізарамі і бескантактавымі тэрмометрамі. Дадаткова ўзятыя пад кантроль дальнабойнікі і грузавыя тэрміналы. «Белавія» паведамляе пра ўсе стыковачныя рэйсы, на якіх ляцяць людзі з эпідэміялагічна нябяспечных краінаў.

Вядуцца перамовы, каб астатнія авіякампаніі, чые самалёты лётаюць у Нацыянальны аэрапорт Мінск, таксама інфармавалі беларускі бок. Штодня санітарна-каранцінны кантроль на мяжы Беларусі праходзяць каля 20 тысяч чалавек. Калі раней увага акцэнтавалася на тых, хто вяртаўся з КНР, сёння пералік краінаў пашыраны. У яго ўвайшлі таксама Італія, Паўднёвая Карэя і Іран.

Лабараторныя даследаванні

У краіне выбудаваная дакладная сістэма лабараторнага кантролю. Праводзіцца лабараторнае тыпаванне і тэставанне ўсіх людзей, якія прыбылі з эпідэміялагічна небяспечных краінаў. Пункты забору матэрыялу функцыянуюць у Мінску, ва ўсіх абласных цэнтрах і 11 гарадах з насельніцтвам больш за 80 тысяч чалавек. Колькасць гэтых пунктаў плануецца павялічыць.

Сама методыка выяўлення ў арганізме каранавіруса займае каля 5 гадзін. Сумнеўныя вынікі правяраюцца з дапамогай іншых тэстаў і з выкарыстаннем іншых рэактываў.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Таму мы ўсіх арыентуем, што адказ будзе на працягу сутак. Калі на працягу сутак вас не знайшлі і не патэлефанавалі, значыць, вынік адмоўны.

Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская адзначыла, што санітарны кантроль праводзіцца ў адносінах да асобаў, якія прыбываюць з-за межаў нашай краіны. Асаблівая ўвага тым, хто вяртаецца з эпідэміялагічна небяспечных краінаў. Яны запаўняюць адмысловыя анкеты, каб за імі можна было затым арганізаваць медыцынскае назіранне.

 
Ірына Глінская
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Літаральна пры перасячэнні мяжы яны праходзяць лабараторны кантроль. Калі атрымалася, што чалавек не прайшоў лабараторнае даследаванне, але ў яго ёсць прыкметы віруснага захворвання і ён вярнуўся з эпідэміялагічна небяспечнай краіны, такая магчымасць застаецца на базе інфекцыйных аддзяленняў бальніц.

Міністр дадаў, што ўсе брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, якія выязджаюць на выклік да чалавека з тэмпературай, экіпіраваныя ўсім неабходным абсталяваннем.

Ажыятаж з маскамі

Па словах міністра, літаральна на працягу аднаго дня ў пятніцу былі раскупленыя 70 тысяч масак. Але гэты ажыятаж – эмацыянальны, упэўнены Уладзімір Каранік.

Уладзімір Каранік
Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Ва ўсіх медыцынскіх установах сфармаваны запас масак. Наша прамысловасць выпускае каля 40 тысяч аднаразовых масак у дзень. Пастаўку яшчэ 1 млн 600 тысяч мы чакаем у панядзелак. Улічваючы, што ў насельніцтва ёсць пэўная патрэба, дадаткова абвясцілі закупку масак – для таго, каб зняць ажыятаж.

Уладзімір Каранік удакладніў, што сфармаваны запас масак і ахоўных сродкаў па рэгіёнах вагаецца ад 1 млн да 1,5 млн.

Прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў нагадаў, што маскі як сродак абароны ад віруса неабходныя толькі медыцынскім работнікам і тым людзям, якія даглядаюць хворых. Нашэнне маскі непасрэдна самім захварэлым трэба, каб абараніць ад інфекцыі навакольных. Іншых рэкамендацый з нагоды нашэння масак няма, адзначыў эксперт.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
У дачыненні да прафілактыкі ў нас ёсць шэраг дакладных рэкамендацый. Гэта захаванне базавых мераў, у прыватнасці – гігіены. Вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад інфіцыраваных людзей. Таму неабходна трымаць дыстанцыю ў адзін-два метры ў месцах збору людзей, асабліва, калі вы бачыце кагосьці з прыкметамі віруснай інфекцыі.

Прадстаўнік СААЗ распавёў таксама, што ў 81% тых, хто захварэў на каранавірус, інфекцыя працякае ў лёгкай і сярэдняй формах, без якіх-небудзь ускладненняў. Шпіталізацыя неабходная ў 14% выпадкаў. У 5% выпадкаў рэгіструюцца цяжкія станы, калі паражаюцца ўнутраныя органы і магчымыя смяротныя зыходы. У цэлым узровень смяротнасці з-за каранавіруса складае 2-4%.

Ці ёсць лячэнне

Як распавёў галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па інфекцыйных хваробах, загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, д.м.н., прафесар Ігар Карпаў, дадзеныя, якія паступаюць ад замежных калегаў, сведчаць пра магчымасць выкарыстання ў тэрапіі захворвання цэлага шэрагу супрацьвірусных прэпаратаў. Асноўная частка даступная і ў Беларусі. На пытанне журналістаў, ці мэтазгодна ў прафілактычных мэтах прымаць імунамадулятары, спецыяліст адказаў, што доказнай базы ў дачыненні да ўздзеяння на каранавірус дадзеных лекавых сродкаў няма.

Сітуацыя ў свеце

Па словах Батыра Бердыклычава, пачынаючы з другога лютага, дзякуючы прынятым мерам колькасць новых выпадкаў у Кітаі ўстойліва зніжаецца. Разам з тым, па стане на раніцу 28 лютага 52 краіны зафіксавалі ў сябе пацверджаныя выпадкі каранавіруса. Найбольшую заклапочанасць выклікае распаўсюджванне інфекцыі з даволі вялікай хуткасцю ў Італіі, Паўднёвай Карэі і Іране.

 
Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі
Тое, што вірус абвясцілі ў Беларусі, не з'яўляецца сюрпрызам. Ні адна краіна не гарантуе адсутнасці завазных выпадкаў інфекцыі. Пытанне ў тым, наколькі яна гатовая своечасова выявіць і прыняць усе неабходныя меры. Па тым, як спрацавалі ўсе службы сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, можна казаць, што яны паказалі сваю поўную гатоўнасць своечасова рэагаваць на каранавірус.

Закрываць межы паміж краінамі СААЗ не рэкамендуе. Такія меры не з'яўляюцца эфектыўнымі і не зніжаюць рызыку распаўсюджвання інфекцыі.

Фота – Вольга Стружынская і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 60

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».